Справа Жукаўца

Ці быў багатыр маладафронтаўцам?

8 лютага ў Беластоку затрымалі 30-гадовага Андрэя Жукаўца. Як борзда паведаміла расейскае агенцтва ІТАР-ТАСС, ён “зьяўляецца сябром Маладога Фронту”, а арыштавалі яго “за невяртаньне крэдыту памерам 700 тыс. даляраў”. Во табе, маеш: няўжо паміж нас жывуць ужо патрыёты-мільянэры, з кашальком дастаткова тоўстым, каб, як марыў Максім Гарэцкі, “купіць усю Вільню для беларусаў”?

 

Менскі бізнэсовец Жукавец зьехаў у 1998 г. у Польшчу, каб атрымаць палітычны прытулак. Неўзабаве беларускія “органы” накіравалі запыт у Інтэрпол з патрабаваньнем затрымаць Жукаўца. Падстава – невяртаньне крэдыту. Тады ж магілёўскі палітуцякач Ясь Абадоўскі, які атабарыўся ў Беластоку раней, стаў прасіць розныя арганізацыі, каб тыя засьведчылі, што на бацькаўшчыне Жукавец змагаўся за дэмакратыю, праўду і незалежнасьць Беларусі. Жаданыя рэкамэндацыі Жукаўцу на атрыманьне палітычнага прытулку далі ў 1999 г. Малады Фронт і Магілёўскі Праваабарончы Цэнтар, якім кіруе бацька Я.Абадоўскага — Сяргей. Разам з МФ Жукавец падбаў пра зарукі Народнага Руху Ўкраіны.

У Беларусі фірма Жукаўца вырабляла дарожныя знакі і рэклямную прадукцыю – гэта ягонай вытворчасьці сьветлавыя рэклямы “Беларусбанку” і “Белпрамбудбанку” віталі гасьцёў сталіцы на будынках Прывакзальнай плошчы ў Менску. Паводле іншых зьвестак, ягоная фірма выконвала 70% дарожных знакаў сталіцы. Працавала ў ёй у момант найбольшага росквіту да 100 чалавек.

Ці зьяўляўся Жукавец маладафронтаўцам? Не, сябром МФ ён ня быў, але ў палітыку ангажаваўся досыць актыўна. Менавіта гэтым кіраваліся лідэры МФ, даючы яму рэкамэндацыю. Жукавец удзельнічаў у вулічных акцыях у 1997—98 г. Дапамагаў ён незалежнікам і па эміграцыі ў Польшчу: менавіта на ягоныя грошы ўдалося выпусьціць улёткі да леташняга Дня Волі.

Дзейнасьць Жукаўца ў Польшчы была зьвязаная з рэклямай і кампутарамі. Разам зь ім у Беластоку жывуць ягоная жонка і 5-гадовы сын Андрэй. На гэты момант Жукавец знаходзіцца пад вартаю, і ў бліжэйшыя некалькі тыдняў вырашыцца пытаньне пра ягоную выдачу. Беларускаму боку далі час, каб даслаць усе адпаведныя паперы. Паводле беларускага заканадаўства, Жукаўцу пагражае зьняволеньне на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Статус Жукаўца на момант затрыманьня заставаўся нявытлумачаны — пытаньне пра наданьне яму палітычнага прытулку вырашалася менавіта ў гэты час.

Павал Севярынец прызнаецца, што ня ведае ўсяго аб прадпрымальніцкай дзейнасьці Жукаўца, ня мае поўнае інфармацыі, але, кажа, што яму відавочна, што сёньняшняя беларуская праваахоўчая сыстэма ня здольная аб’ектыўна й справядліва разьбірацца ў эканамічных злачынствах. Малады Фронт мяркуе, што ў гэтай справе лепш разьбірацца ў Польшчы, але не ў Беларусі, таму і даслаў адпаведны ліст у польскія кампэтэнтныя органы. Бо з тым крэдытам цёмная гісторыя. Як кажуць знаёмыя Жукаўца, 700 тысячаў даляраў — гэта толькі агульная сума нейкай зьдзелкі, а сам атрыманы крэдыт быў роўны прыкладна 50 тыс. даляраў. Паводле вэрсіі самога Жукаўца, яго ды ягоную фірму перасьледавалі менавіта з-за ягонае палітычнае дзейнасьці. Усё было падстроена, кажа ён, — зь яго патрабавалі хабар, потым не давалі перавесьці грошы на рахунак, каб сплаціць крэдыт, спэцыяльна, каб пасадзіць. Павал Севярынец сьцьвярджае, што ёсьць крыніцы, якія пацьвярджаюць гэтую вэрсію Жукаўца.

Відавочна, кіраўнікі Маладога Фронту бачаць у падтрымцы Жукаўца немалую пэдагагічную карысьць – Жукавец, якога, найхутчэй, ня выдадуць, будзе добрым прыкладам іншым беларускім багатырам.

У замежжы ўсё часьцей ставяць знак роўнасьці паміж словамі “Belarus” i “Lukashenka”. Менавіта таму атрымаць палітычны прытулак беларусам ня дужа складана, вось і зьяўляюцца псэўдапалітпацярпелыя, якія, патрабуючы статусу палітуцекача, спрабуюць атабарыцца ў заможных краёх. Іх цяжка адрозьніць ад тых, хто папраўдзе пацярпеў за Беларусь і мусіў хавацца ад рэпрэсіяў.

Што да струменю “палітычных уцекачоў”, якія напраўдзе ніколі не займаліся палітычнай дзейнасьцю, дык Павал Севярынец кажа, што такіх сапраўды нямала. МФ змагаецца з гэтай навалаю з дапамогай строгай сыстэмы атрыманьня просьбаў на палітычны прытулак. Усяго на сёньня, кажа ён, 25 маладафронтаўцаў атрымалі палітычны прытулак у замежжы. Збольшага яны вучацца ў Празе ды Варшаве, ёсьць людзі ў Капэнгагене, Гельсынках, у Ангельшчыне, Украіне.

Вячаслаў Сіўчык адмовіўся камэнтаваць праблему пацярпелых і псэўдапалітпацярпелых. “Фронт — ня дзярждэпартамэнт, магчымасьцяў для дакладнага ўліку няма”. Разам з тым, ён сказаў што кожны эмігрант — у той ці іншай меры пацярпелы ад лукашэнкаўскага рэжыму: ад дабра не бягуць.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0