Фронт папалам

20 лютага ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачнецца разгляд скаргі, якую падалі сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ. Адказчыкам па справе выступае Міністэрства юстыцыі нашай краіны. Але разьбіральніцтва датычыць ня партыі БНФ, а грамадзкага аб’яднаньня на фронтаўскай плятформе.

 

У пазове за подпісам выконваючага абавязкі старшыні грамадзкай арганізацыі “пазьнякоўскай” часткі Фронту Юрася Беленькага выкладзены наступныя факты зь перадгісторыі справы. Яшчэ 18 чэрвеня 1991 г. Мінюстам было афіцыйна зарэгістраванае грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” (скарочаная назва – БНФ “Адраджэньне”). У адпаведнасьцю са зьменамі ў айчынным заканадаўстве апошні раз яно было перарэгістраванае 13 верасьня 1999 г. – разам з сымболікай. Але праз паўгоду, 18 лютага 2000 г., Міністэрства юстыцыі зарэгістравала яшчэ адну грамадзкую арганізацыю пад тою ж, але скарочанай назваю — “БНФ “Адраджэньне”. Прычым – з сымболікай, ідэнтычнаю сымбалям першай арганізацыі з поўным “імем”.

“Рашэньне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусі ад 18.02.2000 г. аб рэгістрацыі БНФ “Адраджэньне” і яго сымболікі не адпавядае заканадаўству і парушае права ўласнасьці, грамадзянскія правы і інтарэсы падаўцаў скаргі”, — рэзюмуюць пазьнякоўцы. На іх думку, Міністэрства юстыцыі парушыла арт.12 Закону ад 4.10.94 г. “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. Рэгістрацыя БНФ “Адраджэньне”, лічаць яны, не адпавядае таксама пункту 15 Палажэньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі (перарэгістрацыі) палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, якое зацьверджана дэкрэтам прэзыдэнта Беларусі ад 26.01.99 г. №2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”. У пазове адзначана, што, згодна з гэтымі актамі, “назвы грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку скарочаныя, і іх сымболіка павінны адрозьнівацца ад назваў і сымболікі іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусі, і не парушаць правоў на інтэлектуальную ўласнасьць”.

Падаўцы скаргі просяць Мінюст прызнаць пасьведчаньне аб рэгістрацыі БНФ “Адраджэньне” ад 18.02.2000 г. несапраўдным, матывуючы гэта сваім зваротам па рэгістрацыю ў Міністэрства раней за “вячоркаўцаў”, што дае права на старое імя менавіта ім. Апанэнты, якія яднаюцца пад тым жа сьцягам, маюць намер выступіць у залі гаспадарчага суду й давесьці рацыю адказчыка-Мінюсту...

Вось што думаюць пра будучы суд з удзелам прадстаўнікоў Мінюсту прадстаўнікі абедзьвюх частак некалі адзінага Фронту.

 

Уладзімер Лабковіч, сябар юрыдычнай камісіі БНФ “Адраджэньне”, магчымы прадстаўнік у гаспадарчым судзе “вячоркаўцаў”, мяркуе, што пытаньне пра назву невыпадкова паўстала гэтак радыкальна менавіта цяпер. “Баюся, што нашыя калегі з Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі зараз міжволі граюць на баку рэжыму. Рэжым зацікаўлены ў зьнішчэньні моцнай апазыцыйнай сілы, тым больш – напярэдадні выбараў. Тым больш, што Фронт возьме на сябе вялікую частку арганізацыйнай працы ў правядзеньні перадвыбарчай кампаніі. Я мяркую, што ёсьць удзел спэцслужбаў ва ўсім гэтым, але сябры КХП, думаю, міжволі паспрыялі ім гэтым рашэньнем. Спадзяюся, што гэта сапраўды толькі супадзеньне, а не сьвядомы выбар”. Уладзімер кажа, што праблема зь пераемнасьцю назвы паўставала ўвесь час. Але “ў нашых сяброў, якія адышлі ў КХП, ёсьць сваё бачаньне праблемы, якое, на нашую думку, не зусім лягічнае”. БНФ “Адраджэньне”, са словаў У.Лабковіча, зыходзіць з таго, што 30 кастрычніка 1999 г. на 2-й сэсіі зьезду БНФ “Адраджэньне” яго старшынём быў абраны Вінцук Вячорка, сфармаваныя кіраўнічыя структуры арганізацыі. Але прыблізна ў той жа час у Закон аб грамадзкіх арганізацыях былі ўнесеныя зьмены, якія патрабавалі не выкарыстоўваць у назвах грамадзкіх арганізацыяў словаў “народны” і “нацыянальны”. З-за гэтага “вячоркаўцы” вымушана перайменаваліся ў сьнежні, і тады ж перайменавалася КХП-БНФ.

“З пазову бачна, што падаўцы скаргі абапіраюцца на закон, зацьверджаны дэкрэтам прэзыдэнта. Як я ведаю, гэтыя людзі ў сваіх заявах ад імя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі дэкляравалі, што не прызнаюць ніводнага дэкрэту прэзыдэнта й лічаць іх падзаконнымі актамі. Калі яны хочуць давесьці сваю рацыю такім чынам, дык мы таксама ня можам прызнаць законнасьць гэтага акту”, — кажа Ўладзімер Лабковіч.

 

Старшыня БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка тлумачыць зьяўленьне скаргі былых паплечнікаў на Мінюст вельмі простымі прычынамі. “Менавіта цяпер пачынаецца вялікая праца ў справе падрыхтоўкі прэзыдэнцкіх выбараў, праца, якая складаецца зь некалькіх вялікіх самастойных кірункаў. Гэта і падрыхтоўка назіральнікаў, і падрыхтоўка зборшчыкаў подпісаў, і агітатараў, і ўдзельнікаў мабілізацыйнае кампаніі... Натуральна, што ў гэтай працы заангажаваны БНФ. Ягоную ўвагу трэба адцягнуць на іншыя клопаты – яго трэба прымусіць займацца судамі і ўвогуле (чаго, відаць, і дамагаюцца тыя, хто заварыў гэтую юрыдычную кашу) зьнішчыць ягоную афіцыйную рэгістрацыю. Усё гэта заканамерна, усё гэта было прадбачана – мне самому летась даводзілася рабіць такія прагнозы...

На пытаньне, ці маюць вячоркаўцы нейкую сваю стратэгію давядзеньня ўласнай рацыі, іхны лідэр адказаў, што ня стаў бы ўжываць дзеля гэткіх дробязяў высокіх словаў кшталту “стратэгія” ці “перамога”. “Мы выпрацоўваем стратэгію абароны незалежнасьці Беларусі. Альбо стратэгію перамогі над рэжымам. Гэта тыя, хто за паўтара году ніяк сябе не праявіў на беларускім палітычным полі, выпрацоўваюць стратэгію перамогі над тымі, хто змагаецца супраць Лукашэнкі і за незалежнасьць”. Сп.Вячорка ўпэўнены, што ягоная арганізацыя мае бездакорную юрыдычную базу, а таму “існуе толькі пытаньне пра тое, у якой ступені рэжым зьбіраецца зьнішчыць сваіх апанэнтаў”. Ён выказаў спадзяваньне, што ў падаўцаў скаргі “хопіць розуму самім спыніць разбуральную справу”.

“Грамадзкая арганізацыя “Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” перавыбрала кіраўніцтва на сваім VI зьезьдзе, — кажа В.Вячорка. Групоўка, ня згодная са зьменай кіраўніцтва, стварыла новую партыю (а не грамадзкую арганізацыю!) – КХП-БНФ. Таму ніякіх дзьвюх арганізацыяў БНФ – няма. Грамадзкае аб’яднаньне БНФ мусіла зьмяніць назву ў сьнежні 1999 г. у адпаведнасьці з новым заканадаўствам і атрымала новае, пераемнае пасьведчаньне са спасылкамі на ўсе ранейшыя, у тым ліку і на пасьведчаньне ад 13.09.1999, якое, такім чынам, страціла сілу. Зь лета 2000 г. КХП падае ў выканкам заяўкі на акцыі не ад імя сваіх сяброў (як робяць усе, каб не дапусьціць рэпрэсіяў супраць арганізацыяў, і як заўжды рабіў Народны Фронт), а ад імя юрыдычна няіснага Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, а тады БНФ “Адраджэньне” атрымлівае ад Мінюсту папярэджаньні “за няслушна ўжытую назву”. Гэтыя заяўкі — сьвядомая правакацыя КХП.

Грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Народны Фронт на чале з Пазьняком і Беленькім не існуе. Гэта быў сьвядомы выбар людзей КХП, зроблены ў 1999 г. Пасьля дэкрэту аб забароне ў назовах тэрмінаў “народны” і “нацыянальны” яны перайменавалі партыю (у Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю БНФ), але не зрабілі ніякіх крокаў дзеля перайменаваньня грамадзкага аб’яднаньня (хай сабе і фіктыўна існага). Чаму яны раптам вырашылі “ўзнавіць” статус грамадзкага аб’яднаньня для сваёй групоўкі шляхам нашага зьнішчэньня рукамі рэжыму – хай Ваш чытач думае сам”, — кажа Вячорка.

 

Анатоль Крыварот, адказны сакратар Управы Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, падкрэсьліў у гутарцы, што справа аб пераемнасьці назвы арганізацыі – не палітычная, а выключна гаспадарчая. “Гэтая справа знаходзіцца ня проста ў судзе, а ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, у кампэтэнцыі якога знаходзяцца гаспадарчыя спрэчкі. Мы судзімся зь Мінюстам. Справа гаспадарчага суду, каго яшчэ далучаць да разгляду нашай скаргі. Мінюст парушыў заканадаўства: ня можа існаваць дзьве арганізацыі з адной назваю”. Сп.Крыварот зьвяртае ўвагу, што “спрэчка йдзе фактычна пра інтэлектуальную ўласнасьць паміж дзьвюма грамадзкімі арганізацыямі, партыяў КХП і БНФ яна не датычыцца”. Тое, што да суду, няхай сабе й гаспадарчага, спрэчка дайшла менавіта зараз, а не раней, тлумачыцца зацягваньнем справы самім судом. Як распавядае А.Крыварот, “мы падавалі дакумэнты ў суд і раней, спрабавалі зрабіць гэта пару разоў за апошнія больш чым паўгоду, але іх кожны раз вярталі. Матывацыя вяртаньня заявы была розная: то няправільна аформленая, то нечага з дакумэнтаў не стае... Толькі цяпер яны былі прынятыя да справы”. Што да супадзеньня ў часе судовага разгляду скаргі і падрыхтоўкі апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў, то Анатоль Крыварот лічыць самай вялікай шкодай менавіта “блытаніну ў назвах”. “Нам, у прынцыпе, усё адно, што вырашыць суд. Думаю, што ўсё будзе добра – назва каму-небудзь застанецца”.

 

Найбольш коратка пра маючы адбыцца суд за назву выказаўся Юрась Беленькі, намесьнік старшыні КХП-БНФ, імем якога падпісаны пазоў “пазьнякоўцаў”. “Чаму Вашая газэта напісала, нібыта “Пазьняк судзіцца зь Вячоркам”? Пазьняк дакладна ня мае нічога супраць Вячоркі. У нас ёсьць прэтэнзіі да рэжыму, які штурхае нас да сутыкненьня. Мы хочам змагацца з рэжымам, а не з другой часткай Фронту”.

Увогуле, пасьля размоваў з фронтаўцамі застаецца адчуваньне, што ня ўсё ў справе пра назвы гэтак проста, як падаецца. Я б таксама адзначыла стрыманасьць у выказваньнях прадстаўнікоў КХП (прабачце, сама блытаюся ў назвах, таму буду ўжываць партыйныя, а не “грамадзкія”), ня дужа вялікую кантактнасьць часткі “пазьнякоўцаў” у стасунках з прэсай. Перакананьне прыхільнікаў Пазьняка, што шкода ад “аднайменнасьці” перавышае зараз шкоду ад унутрыапазыцыйных “разборак”, можна патлумачыць розным стаўленьнем партыяў БНФ і КХП да будучых выбараў: вячоркаўцы яўна будуць дамінаваць у кампаніі адзінага кандыдата ад КРДС, пазьнякоўцы, падобна, увогуле ня вераць у сэнс правядзеньня ў Беларусі выбараў у існых умовах. Але пакуль не прадставілі й рэальнай альтэрнатывы (калі хтосьці ня лічыць гэткай стварэньне Ўраду народнага даверу і г.д.).

Судовая спрэчка, у якую відавочна будуць уцягнутыя абедзьве часткі руху, з аднаго боку, дасьць лукашэнкаўскай прапагандзе падставу для перадвыбарчых спэкуляцыяў. Іхні ляйтматыў – маўляў, які такі адзіны кандыдат, калі – зірніце толькі! — гэтыя бээнэфаўцы перасварыліся й судзяцца. Гэта наўрад ці дадасьць аўтарытэту і арганізацыі з назвай “Фронт” ці “БНФ”, і тым больш падтрыманаму ім кандыдату ў прэзыдэнты. Незалежна ад таго, што вырашыць гаспадарчы суд.

З другога боку, калі існуюць супярэчнасьці, яны рана ці позна выплывуць на паверхню, і яшчэ невядома, што будзе ў параўнаньні лепей – сёньняшняе “рана” альбо заўтрашняе “позна”. Зрэшты, хто тут мае рацыю і ці сапраўды “грае на полі рэжыму”, хутчэй за ўсё, будзе больш ці менш бачна па выніках суду і іхных наступствах.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0