Як Вітаўт прадаў ВКЛ

Апытаньне на праспэкце Скарыны

Цікавы занятак — у вечаровым лютаўскім тумане на праспэкце Скарыны чапляцца да людзей з адным вельмі простым пытаньнем. «Якая падзея мінулага тысячагодзьдзя найбольш паўплывала на лёс Беларусі?» У бальшыні сваёй народ, што сьпяшаўся з працы дахаты, мяне далёка не пасылаў. Мужчыны моўчкі абміналі, а жанчыны хіхікалі й хуталіся ў каўнерыкі. Але за гадзіну ў гэтым месцы можна атрымаць адказ на любое пытаньне. Карціна атрымалася наступная:

 

— У беларускай гісторыі? Мне здаецца, Дзяды, калі першы раз выйшлі людзі... На Курапаты... столькі шмат народу сабралася. Першы раз я панюхаў газы гэтай...

— Я думаю, прышпіленьне да нашай краіны з боку Масквы самой назвы Беларусь. Замена нашай гістарычнай назвы Літва на назву Беларусь. Я думаю, што гэта сабыціе, якое паўплывала вельмі нэгатыўна на далейшы ход падзей...

— То, что победили в Великой Отечественной войне. Все-таки каждый четвертый белорус погиб...

— А яшчэ раней?

— Образование Великого Княжества Литовского. Такое славное прошлое белорусского народа, когда о такой стране знали не только ближайшие соседи, а и очень далекие. Конечно, хотелось бы относиться к Европе не только географически, но и по всем остальным критериям...

— Спачатку гэта палітыка беларусізацыі, а потым... Выбары першага прэзыдэнта. На лёс Беларусі паўплываў яшчэ мабыць вось гэты камуністычны строй...

— Ну, революция. Перевернула все к чертовой матери...

— Безумоўна, другая сусьветная. Раз. Таксама другі Ватыканскі сабор паўдзельнічаў. Ну й таксама незалежнасьць...

— Якая падзея ў мінулым тысячагодзьдзі, на Вашую думку, найбольш паўплывала на лёс Беларусі?

— 18 год. Утварэньне БНР...

— Я, напрыклад, выбары Лукашэнкі не магу адзначаць як падзею тысячагодзьдзя, але за апошняе стагодзьдзе гэта вельмі адмоўна паўплывала на лёс Беларусі...

— Можна й Еўфрасіньню Полацкую ўзгадаць, Вітаўта ўзгадаць. Я вельмі шкадую, што Вялікае Княства не ўтварылася як каралеўства. Кроку не хапіла, шчасьця ў лёсе не хапіла, удачы нейкай. І вось, можа, з-за гэтага многія праблемы потым пайшлі. Але, можа, навярстаем. Можа, выправім становішча...

— Наверное, Великая Отечественная война. Может быть, деления Речи Посполитой. Не знаю точно...

— Я думаю, што развитие христианства на Беларуси, без сомнения. И именно развитие протестантской ветви. Именно живого христианства...

— Я думаю, рэвалюцыя...

— А калі ўзяць усё тысячагодзьдзе?

— Калі князь Вітаўт фактычна прадаў Вялікае Княства Літоўскае...

— Гэта як ён яго прадаў?

— Ажаніўшыся з гэтаю Ядвігаю...

— Ягайла!

— Даруйце, пасьля рабочага дня дымяцца вушы...

— Утварэньне БНР і рэвалюцыя, усё гэта разам. Зьвязка падзей таго часу...

— Я думаю, что деятельность коммунистической партии за годы советской власти. Это наибольший промежуток, и наибольшее влияние на судьбы нашего народа. А вы знаете, есть и позитивные, и негативные стороны в этом. И то, и другое...

— Наверно, то, что Чернобыль шахнул. Это да... Это повлияло здорово...

— Формирование СССР.

— Гэта станоўчая штука, ці...

— Не, адмоўная.

— Утварэньне Полацкага княства вельмі паўплывала на лёс Беларусі. Дзякуючы гэтаму Беларусь прадвінулася ўпярод.

— Перамога Лукашэнкі на выбарах. Самавызначэньне праваслаўя, аддзяленьне яго ад каталіцтва. На адным з усяленскіх сабораў. Вы гэтага ніколі ня ўключыце ў сваю перадачу. Але я так лічу. Я лічу, што за дзесяць вякоў, якія прайшлі, самае значнае — гэта аддзяленьне праваслаўя ад каталіцтва. А самая моцная падзея ў Беларусі ў навейшай гісторыі, гэта безумоўна перамога Лукашэнкі. І справа ня ў ім асабіста. А ў тых сілах, якія стаяць за ім. Нягледзячы на ўсе яго памылкі і ўсе яго адмоўныя моманты. Гэта адраджэньне Беларусі мабыць нават. Калі пры гэтым мы ня страцім самастойнасьці, безумоўна. А будзем ісьці побач з Расеяй, як гэта было іспакон вякоў...

— Калі ўласна для мяне, дык гэта маё нараджэньне. Вось і ўсё...

— На мой погляд, галоўная падзея — утварэньне БНР. 18-ты год, 25 сакавіка.

Як бачым, дзесяць гадоў незалежнасьці не прамінулі для беларусаў дарэмна. І хоць у большасьці сваёй людзі атаясамліваюць мінулае тысячагодзьдзе з учорашнім днём (таму вельмі часта ў адказах фігуруе Лукашэнка), але наўрад ці я б дзясятак гадоў таму на гэтым самым месцы пачуў што-небудзь пра Полацкае княства й Літву, пра БНР і Другі Ватыканскі сабор, пра падзелы Рэчы Паспалітай і наша няспраўджанае каралеўства.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0