ПАШТОВАЯ СКРЫНКА АПАЗЫЦЫІ


Бюлетэні і сэмінары

Шчыра кажучы, цяпер неяк шкада 10-ці гадоў, што аддаў на незалежніцкія справы. I шкада ня ў тым сэнсе, што высілкі былі марныя ці ідэя ня вартая – не. За гэтыя гады спрабаваў рабіць сваю справу як найлепш, дамогся сяго-таго, дый урэшце сыну будзе ня сорамна ў вочы глядзець, калі дарослым запытаецца, што я рабіў пры дыктатуры. А шкада таму, што цяпер, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, сустракаючы сяброў, суседзяў і знаёмых, зь якімі быў страчваў голас у спрэчках пра тое, што змагацца – варта і што мы, апазыцыянэры, вартыя даверу й павагі людзі, ня маю чаго ім сказаць. Бо любая ідэя ўспрымаецца перш за ўсё празь ейных носьбітаў. Цяпер людзі ўвесь час кажуць, што мы самі паміж сабой “разабрацца” ня можам. Сапраўды, пра які прыход да ўлады можна казаць, калі мы ня можам дамовіцца ды вылучыць адзінага кандыдата? Як патлумачыць людзям тое, што КРДС, ведаючы, што іхнага кандыдата, паводле статыстыкі, падтрымае ня больш за 10—12% беларусаў, усё адно зьбіраецца праводзіць Кангрэс Дэмакратычных Сілаў ды вылучаць кандыдатам чалавека, асуджанага на паразу, менавіта на ім? Як патлумачыць і тое, што ў такі лёсавырашальны момант добрая частка інтэлектуальных рэсурсаў апазыцыі накіраваная на паліваньне брудам адзін аднаго?

Ува мне яшчэ жыве слабая надзея, што ўсё, што цяпер адбываецца ў апазыцыйным лягеры вакол прэзыдэнцкіх выбараў, — гэта папросту добрая тактычная гульня. Няхай, маўляў, цяперашнія ўлады добра нацешацца, усяляк дыскрэдытуючы ўжо заяўленых кандыдатаў, а мы, уключаючы і КРДС, і “Выбар-2001”, і яшчэ хто там ёсьць, пакуль употай падрыхтуем іншага, незасьвечанага незалежнага кандыдата, ды, дамовіўшыся разам яго падтрымліваць, па-сапраўднаму “раскруцім” ды пакажам электарату напярэдадні выбараў.

Яшчэ колькі словаў пра агітацыю. Давялося днямі наведаць глухую палескую вёсачку. У размове адна паважнага веку кабета сказала, што яна будзе галасаваць за Лукашэнку, бо “ён за саюз”. А пры саюзе ў яе хаце заўсёды працавала радыёкропка, а цяпер – не працуе, бо няма за што замяніць стары гнілы дрот. Дык вось, замест выданьня соцень нікому не патрэбных бюлетэняў ды правядзеньня “тусовачных” сэмінараў ці ня лепш купіць сто разоў па сто мэтраў дроту для радыёкропкі ды празь яго падключыць той вясковай кабеце, ды тузіну іншых, радыёбрахалаўку. Тады вёска, нягледзячы на тое, што на гэтым радыё гавораць, напэўна прагаласуе за “добрых людзей, якія хоць нешта нам зрабілі”.

Цягам апошніх 7—8 гадоў, напэўна, найбольш папулярны сярод беларускіх дэмакратаў занятак – гэта правядзеньне розных адукацыйных сэмінараў. Плянавалася, што ўдзельнікі сэмінараў будуць усяляк разносіць свае веды і такім чынам дэмакратычны асяродак значна пашырыцца. (Дарэчы, лацінскае слова “seminarium” у беларускай мове мае файны адпаведнік — “гадавальнік”). І што цяпер? Каго шматлікія “школы лідэрства” выгадавалі і што слухачы курсаў па “дэмакратычным будаваньні” пабудавалі? Вельмі дэмакратычны асяродак пашырыўся? Аднак “сэмінарны бум” працягваецца. Асабіста я ўжо гады 3-4 як перастаў езьдзіць на ўсялякія неакрэсьленага зьместу “тусоўкі” і калі, часам, па журналісцкіх справах іх наведваю, дык бачу на 90% тыя ж твары, што і 5 гадоў таму. Як нейкая асобная каста наведнікаў сэмінараў! Ужо пару разоў чуў, як нейкі маладзён-арганізатар сэмінару запрашаў туды дзеля колькасьці свайго знаёмага ды, маючы праблему з тлумачэньнем мэтаў ды тэматыкі мерапрыемства, казаў: “Ну прыходзь, хоць паабедаеш на халяву”... А якія гатэлі…

Дзеля справядлівасьці хачу адразу папрасіць прабачэньня ў тых людзей, што ладзяць сапраўды карысныя мерапрыемствы – вучаць карыстацца кампутарам, дапамагаюць рэгіянальным журналістам - гэта не пра вас!

Бюлетэні, ці, як іх яшчэ называюць, “лісткі” - таксама вельмі распаўсюджаны мэтад апазыцыйнай дзейнасьці. Ізноў жа, яшчэ гадоў 5-6 таму, хай сабе і непрафэсыйна зьвярстанае незалежнае выданьне на аркушы памеру А3 магло зьдзівіць ды выклікаць цікавасьць, асабліва ў правінцыі. А цяпер? З уласнага досьведу магу казаць, што распаўсюджаньне раздрукаванага ў якім-небудзь рэсурсавым цэнтры на файнай фінскай паперы бюлетэню выклікае сярод людзей усё больш нянавісьці. Гэта яшчэ калі распаўсюджваць... Але ж большасьць гэтых выданьняў увогуле прызначаная “для ўнутранага карыстаньня” – гэта значыць, каб пераконваць адзін аднаго. Паміж сэмінарамі.

А добра абсталяваныя офісы з “эўрарамонтам”, супэровымі кампутарамі, выхадам да Інтэрнэту... І што ад усяго гэтага? Я не вялікі палітык, і можа быць шмат чаго “ў сталічных маштабах” не разумею, але калі нашаю мэтаю ёсьць перадусім вольная, незалежная ды дэмакратычная Беларусь, дык што ж мы робім, каб дамагчыся сваёй мэты?

За грошы, што ідуць на самы маленькі сэмінар, можна набыць пару тысячаў лямпачак ды паўгоду ўкручваць іх ва ўсе пад’езды гораду, пакідаючы цыдулачкі на дзьвярох, што гэта “бээнэфаўцы” зрабілі. А на запісачкі можна бюлетэні скарыстаць.

Паводле маіх падлікаў, калі скласьці грашовыя ды інтэлектуальныя рэсурсы шматлікіх выдаўцоў разнастайных бюлетэняў, весьнікаў ды аглядаў, можна раз на тыдзень выдаваць мільённым накладам, хай сабе й на шэрай паперы, бясплатную газэту для ўсіх і для кожнага. З “праграмай ТВ”. Такую газэту беларус наўрад ці выкіне ў сьметнік – праграмы будзе шкада – а матар’ялы так ці іначай прачытае.

Ды што тут новая газэта, калі мы нават бібліятэкі на ўжо існыя дэмакратычныя выданьні падпісаць ня можам!

А дзе тысячы простых, зразумелых звычайнаму чалавеку брашураў па гісторыі Бацькаўшчыны? Бясплатныя касэты зь беларускімі сучаснымі ды традыцыйнымі песьнямі? Дарэчы, у часе дэмакратычных зьездаў ды ў офісах некаторых незалежніцкіх арганізацыяў беларускія касэты ды літаратуру “свае” гандляры прадаюць “сваім” аднадумцам значна даражэй, чым у звычайным несьвядома-расейскамоўным кіёску.

Дык хіба гэтага ніхто не разумее?

Напэўна што разумеюць. Тады, можа, “неспрыяльныя ўмовы”, дыктатура, перасьлед? Маўляў, за бюлетэні і сэмінары пакуль асабліва не караюць. Тут варта ўзгадаць файны анэкдот пра аднаго маладафронтаўца, які сабраўся паміраць ды падаў у выканкам заяўку на правядзеньне апазыцыйнага мітынгу каля ягонай магілы. Дык вось, дазволу ўлады не далі, дый у пазначаны дзень надвор’е было жахлівае – дождж, холад. Ну, як тут, у такіх “неспрыяльных для Бацькаўшчыны ўмовах”, памрэш? Хаўтуры былі адмененыя.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Апазыцыя

Зь вядомых прычынаў апошнім часам гэты тэрмін выкарыстоўваецца вельмі шырака, дык хацелася б паразважаць, а што, уласна, пазначае само слова “апазыцыя”.

Вось як трактуецца гэты тэрмін у самым раньнім з даступных мне выданьняў. Гэта “Словарь иностранных слов под ред. И.В.Лёхина и проф. Ф.Н.Петрова” (Масква, 1954).

“Апазыцыя – (лац. оppositio – супрацьлеглае становішча) – 1). Процідзеяньне, супрацьстаўленьне сваіх поглядаў, сваёй палітыкі якой-небудзь інакшай палітыцы, інакшым поглядам. –2). Буржуазна-парлямэнцкая апазыцыя – у капіталістычных краінах – процідзеяньне або адмова ў падтрымцы ўраду з боку партыі або групы буржуазіі, якія ня ўдзельнічаюць ва ўрадзе; адна з формаў барацьбы ў лягеры буржуазіі, якая не закранае ейнага панаваньня як клясы, а, наадварот, мкнецца ўмацаваць гэтае панаваньне. –3). Былая апазыцыя ў ВКП(б) – антыпартыйная, апартуністычная групоўкі... Апазыцыянэры (трацкісты, зіноўеўцы, бухарынцы, нацыянал-укланісты ды інш.) у барацьбе супраць Камуністычнае партыі, дыктатуры пралетарыяту ды савецкага народу даўно ператварыліся ў страшэнных ворагаў народу, яны – беспрынцыпная й безыдэйная банда шкоднікаў, дывэрсантаў, разьведчыкаў, шпегаў, забойцаў, банда заклятых ворагаў рабочае клясы, якая дзее на заказ разьведвальных органаў замежных дзяржаваў...”.

Перапрашаю за такое працяглае цытаваньне. Яно мне спатрэбілася не дзеля таго каб адчуць асалоду ад самога чытаньня гэтага тэксту – ад усьведамленьня, што хвароба камунізму нашым грамадзтвам хоць не бяз страт, але збольшага ўжо адужаная. І нават не затым, каб паказаць, адкуль “растуць ногі” ў цяперашняй антызаходняй афіцыйнай рыторыкі. Поўнае цытаваньне артыкулу са старога слоўніка мне спатрэбілася дзеля таго, каб паказаць: тут нідзе не гаворыцца пра большасьць або меншасьць, хаця камуністы пры нагодзе апэляцыі да большасьці ніколі б не прамінулі – яны ж у самім назове сваёй партыі мелі слова “бальшавікі”. Але ж тут няма дзеля гэтага нагоды. Слова “апазыцыя” адлюстроўвае наяўнасьць дзьвюх адрозных пазыцыяў, і больш нічога. Адна з пазыцыяў, калі вядзецца аб палітыцы, належыць дзейнай уладзе, а супрацьлеглая ёй пазыцыя – “а”-пазыцыя – апанэнтам гэтае ўлады. У час хуткіх зьменаў у грамадзтве і чалавечым мысьленьні цалкам магчыма такое, што тыя погляды, выразьнікам каторых працягвае зьяўляцца дзейная ўлада, больш не зьяўляюцца поглядамі бальшыні людзтва той або іншай краіны. Тады пад час наступных выбараў ідэя, носьбітам якой была апазыцыя, перамагае, былая апазыцыя становіцца ўладай, былая ўлада – апазыцыяй, у грамадзтве адбываецца прагрэс.

Але мы працягваем чытаць слоўнікі. Вось у расейскім тлумачальным слоўніку пад рэдакцыяй Ожэгава “бальшыня” ўжо зьяўляецца. Першае значэньне слова “апазыцыя” практычна супадае з працытаваным вышай, а другое значэньне – гэта ўжо “група асобаў унутры таго або іншага грамадзтва, арганізацыі, партыі, якая праводзіць палітыку процідзеяньня, супраціву бальшыні”.

Ожэгаў, мабыць, для нашых аўтараў большы аўтарытэт, чым лаціняне. І вось абсалютна такая самая трактоўка другога значэньня гэтага слова даецца ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы пад рэдакцыяй М.Судніка і М. Крыўка (Менск, “Беларуская энцыкляпэдыя”, 1999). Толькі замест “група асобаў” яны ўжылі “група людзей”, а пасьля слова “партыі” паставілі “і пад.”. Як кажуць, прыехалі. Калі пагадзіцца з такім вось “навуковым тлумачэньнем”, якое зусім беспадстаўна давешваецца да слова з абсалютна празрыстай этымалёгіяй, то ўжо ня будзе здавацца поўным нонсэнсам выказваньне адной вядомай асобы, што “апазыцыя ніколі ня прыйдзе да ўлады”. Апазыцыя ў такім вось навукова-пашыраным значэньні слова — ясна, што ніколі, бо да ўлады “дземакрацічаскім пуцём” прыходзяць тыя, хто мае большасьць – у дадзеным выпадку большасьць на выбарах. А апазыцыя ў першапачатковым, лацінскім значэньні – прыйдзе, абавязана прыйсьці, бо толькі такім шляхам можа адбывацца грамадзкі прагрэс. Трэба проста сфармуляваць сваю пазыцыю такім чынам, каб яна была зразумелай і прымальнай для бальшыні тых, хто возьме ўдзел у выбарах. Некалі той чалавек, які першы вынайшаў кола, таксама быў у апазыцыі да астатніх людзей. Тыя прызвычаіліся былі абыходзіцца й бяз гэтага вынаходзтва. Аднак ідэя была настолькі прадуктыўнай, што праз пэўны час авалодала сьветам.

У цяперашняй апазыцыі ёсьць ідэя. І гэта самая вялікая, самая велічная ідэя, якая толькі можа быць, — ідэя абароны дзяржаўнасьці. На жаль, улада пойдзе на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў толькі адзін раз. У выпадку перамогі “кандыдата ад улады” ў Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў больш ня будзе ніколі, бо нельга аднаму й таму самаму чалавеку балятавацца на трэці тэрмін. Выхад будзе знойдзены, гэты выхад рыхтуецца ўжо цяпер. У 2005 г. Беларусь станецца генэрал-губэрнатарствам, і генэрал-губэрнатар будзе прызначацца Масквой – хоць пажыцьцёва. Застаецца толькі спытаць, дзе тут інтарэс бальшыні грамадзтва – ці хаця б інтарэс групы асобаў. Такая сытуацыя выгадная толькі аднаму чалавеку. І ня выгадная нават найбліжэйшым ягоным хаўрусьнікам.

Такім чынам, прыклад нашай краіны пацьвярджае, што надаваньне слову “апазыцыя” нейкага дадатковага, не ўласьцівага яму сэнсу — дастасаваньне да яго колькаснага крытэру большасьці або меншасьці — няслушнае. Яно было зробленае за параўнальна недалёкім часам і, відаць, наўмысна – каб збэсьціць самую ідэю апазыцыі як неабходнага чыньніка грамадзкага прагрэсу. Дык будзьма пільнымі, калі чытаем або ўжываем гэтае слова.

Аляксандар Урбановіч, Гомель


Мо Вячорка з Саньнікавым прачытаюць...

Чытаў нумар “НН” пра галоўныя падзеі стагодзьдзя, глядзеў здымкі, і вось якія думкі прыйшлі мне ў галаву. У тым годзе БНФаўцы ўсе Баранавічы заляпілі ўлёткамі, заклікаючы на мітынг, прысьвечаны Дню Волі. Улёткі былі вельмі “звычайныя” і ніякага ўражаньня на людзей не рабілі, проста нагадвалі пра сьвята.

Мне здаецца, што сёлета да гэтага трэба падысьці больш грунтоўна. Файна было б зрабіць улёткі зь нейкім фота ўраду БНР. З тэкстам простым і сьцьвярджальным, бязь сьлёзаў і поклічаў. З абавязковым пазначэньнем імя і прозьвішча кожнага ўрадоўца і ягонай пасады. І лепей хай будзе менш тэксту, але фота павінна быць як мага большым. Прынамсі, твар і вочы павінны глядзецца выразна. Высакароднасьць твараў міністраў БНР скажа болей за тэкст. Хай бы тая кампанія ахапіла ўсю Беларусь, не выключаючы вёскі.

P.S. Зараз паменела антыбеларускага настрою ў грамадзтве. Можа, гэта і адыграе ролю ў другой палове гэтага году. А можа, гэта толькі жаданьні, мае жаданьні...

Адам Браніцкі, Баранавічы


водгук

Шаноўны спадар рэдактар,

пішу Вам як мовазнаўца. У апошнім нумары Вашае газэты, у артыкуле Барыса Тумара, пасьлядоўна ўжываецца слова «бэнэфісты». Гэта — відавочна аўтарскі наватвор, на абгрунтаванасьці й сэнсавых канатацыях якога я хацеў бы спыніцца.

Для беларускае мовы суфікс -іст ёсьць іншамоўным. Як правіла, ён запазычваўся ў складзе «гатовае», узьніклае ў іншай мове лексэмы: цымбаліст(ы), журналіст, камуніст. Калі ж суфікс -іст, ужо як словаўтваральны рэсурс беларускае мовы, служыць для ўтварэньня новых словаў у нашай мове, ён дадаецца да іншамоўнае ж утваральнае асновы: харыст, скандаліст. Да спрадвечнабеларускіх утваральных асноваў дадаюцца іншыя, спрадвечнабеларускія ж, суфіксы nomina agentis: бляхар, бягун, паромнік і інш. (Зрэшты, падобна і ў расейскай, украінскай, польскай.) А калі суфікс -іст дадаецца да незапазычанае асновы (у тым ліку скароту), у выніку паўстае слова з паніжальным адценьнем: хвасьціст, адзавіст, кагэбіст (і гэбіст), энкавэдзіст (хтосьці захоча спрачацца, ці мае такое ж адценьне слова чэкіст; мне здаецца, мае), урэшце, пафігіст, дафяніст і лукашыст.

У беларускай мове вытворныя ад скаротаў наагул непажаданыя і почасту, незалежна ад суфіксацыі, маюць пэяратыўнае (паніжальнае) адценьне. Так, словам бээнэфавец (дзеля Бога, не бэнээфавец) камуністычная, а потым лукашэнкаўская прапаганда нас сьвядома ярлыкавала, ня хочучы называць фронтаўцамі (як самі сябе мы пасьлядоўна завем). Але гэтае слова прынамсі ўтворана паводле нейкіх правілаў: і скарот правільна чытаецца, і суфікс прылеплены ўласнабеларускі. Згадаю яшчэ Ваську Капээсэсаўцава — героя апавяданьняў Міколы Бусла. Дарэчы, вас, шаноўныя нашаніўцы, ніхто энэністамі пакуль не называе.

Такім чынам, слоўца «бэнэфіст» — двойчы абразьлівае. Нехта, схаваны пад псэўданімам Барыс Тумар, хочучы пахаваць Фронт, разам з тым дэкляруе вернасьць нацыянальным каштоўнасьцям. Дык жа шануйма сваё, паважайма прынамсі лепшую частку фронтаўскае гісторыі, не абражайма тысячы ахвярных людзей, што ідэнтыфікуюць сябе з Фронтам і ніколі так брыдка сябе не называлі, не падказвайма казіяткам новых ярлыкоў.

Сп.Тумару, калі ён не адчуў абразьлівага адценьня выдуманага слоўка, раю ўзгадаць Лява Талстоя: ану, як той патрабаваў абыходзіцца зь пісьменьнікамі, што не разумеюць ужытага імі ж слова? (Іншая рэч, калі гэта сьвядома; тады no comments.) А рэдакцыя мусіць зважаць: нягледзячы на ўсё, засталіся яшчэ ў Беларусі людзі, якія вераць, што мова «НН» ёсьць узорнаю.

Зь нязьменнаю павагаю,
Вінцук Вячорка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0