Пагаварылі й разышліся

17 лютага ў БДПУ імя Максіма Танка адбылося пасяджэньне дырэктараў беларускамоўных сярэдніх навучальных установаў Менску

 

Шмат часу было аддадзена заўсёднаму ў такіх выпадках афіцыёзу, справаздачна-ілюстрацыйным дакладам. Па старой завядзёнцы, ім нават спрабавалі надаць бадзёры тон. Так, Алесь Лозка, старшыня ТБШ, аптымістычна запэўніў сход, што колькасьць беларускамоўных школаў перастала зьмяншацца і стабілізавалася... на лічбе, якая складае 4% (або пяць школаў ва ўсім Менску) ад агульнай колькасьці сярэдніх навучальных установаў. Выказаў ён таксама надзею на зьмяненьне курсу адміністрацыі ды ўраду і зварот іх да нацыянальных каранёў — маўляў, Стражаў некалі некаму нібыта сказаў, што варта было б ва ўсіх школах выкладаць па-беларуску ня толькі мову й літаратуру, але й гісторыю Беларусі, геаграфію Беларусі, сьпевы, крэсьленьне і працоўнае навучаньне...

Увогуле, склалася ўражаньне, што ўсе прысутныя падзяліліся на два лягеры: прыхільнікаў беларусізацыі “зьверху” і аматараў партызанскіх дзеяньняў, якія заклікалі не чакаць ласкі ад дзяржавы і ратаваць нацыянальную школу ўласнымі намаганьнямі: саматугам шукаць настаўнікаў, дамаўляцца з выхавацелькамі дзіцячых садкоў. Дарэчы, выклікала спрэчкі й пазыцыя дзяржавы. Старшыня Рады дырэктараў беларускіх школаў Менску Алесь Сядзяка лічыць, што дзяржава ня ставіла палак у колы нацыянальнай адукацыі — яна проста адышла ад яе, перастала апякаць. І асноўная віна за катастрафічную сытуацыю ўскладаецца менавіта на дырэктараў школаў, якія не адстаялі беларускай школы, дазволілі адбыцца тым лякальным бацькоўскім “рэфэрэндумам”, пасьля якіх, уласна, і была пахаваная бальшыня беларускіх школаў. Не пасьпела, аднак, дыскусія набраць абароты, захапіць усіх удзельнікаў круглага стала, як арганізатары пачалі настойліва акцэнтаваць увагу на тым, што “час ужо й гарбаты папіць”. Пасьля гэтага неяк сьпехам, скамечана адбылося ганараваньне 13-ці лепшых беларускіх школаў Менску (грамату за нумарам 1 атрымаў Гуманітарны ліцэй), і дырэктары пайшлі на фуршэт, падчас якога меліся яшчэ падпісаць зварот да ўсіх дырэктараў школаў Беларусі.

С.М.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0