Паўлюк Канавальчык, рэдактар зачыненай газэты «Навінкі»:

«РАССЛАБЛЕНАСЬЦЬ»

На мой погляд, у гэты час вялікіх праблем не назіраецца. Бо сьвеціць сонейка, усе расслабленыя. А калі нават праблемы й ёсьць, то іх намагаюцца не заўважаць. Бо шмат у каго на носе адпачынкі, і людзям не да нейкіх праблем. Усе хочуць думаць адно толькі пра прыемнае. Магчыма, гэтая расслабленасьць і ёсьць нашай праблемай.

Вераніка, настаўніца:

«НЯМА МАГЧЫМАСЬЦІ НАРМАЛЬНА АДПАЧЫЦЬ»

У нас няма ніякай магчымасьці нармальна адпачыць. У Беларусі шмат прыгожых мясьцін, але каштуе гэта, па‑першае, дорага, а па‑другое — невялікі выбар турыстычных аб’ектаў, дзе ёсьць нармальныя ўмовы. Чаму Браслаўскія азёры каштуюць столькі ж, колькі Прыбалтыка? Адпачынак у нас даступны толькі адзінкам.

Артур Клінаў, мастак:

«МЫ НАЦЫЯ НЯЎДАЧНІКАЎ»

Галоўная праблема — гэта наша лузэрства. Мы, у пэўным сэнсе, нацыя лузэраў, то бок — няўдачнікаў. Мы нават не заўважаем, што мы лузэры. Унутры, можа быць, кожны гэта адчувае, але само пытаньне не пастаўлена. Але трэба яго ставіць. Як з гэтым лузэрствам далей жыць і што зь ім рабіць? Бо ад гэтага пачынаецца п’янства, інфантыльнасьць і ўсё астатняе.

Сяргей, калгасьнік:

«ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА — П’ЯНСТВА»

П’янства наша галоўная праблема. Сьпіваюцца і старыя, і маладыя. Прычым п’юць ўсялякую атруту. Знайсьці ў вёсцы добрую гарэлку — праблема. Лепш бы самагон пілі. А які раней быў самагон! Смачнейшы за ліманад. І ня ведаю, хто ці што выратуе Беларусь ад гэтай бяды — п’янства. Ад царквы карысьці мала. Ад дзяржавы таксама.

Алесь Марачкін, мастак:

«СТАНОВІШЧА ЗЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ»

У Беларусі сёньня галоўнай праблемай ёсьць становішча зь беларускай мовай. Мы жывем у рэжыме акупацыі суседняй мовы. Расейскай. Яна топча нашу беларускую, падмінае пад сябе. І такім чынам пашырае тэрыторыю Расейскай імпэрыі.

Тацяна, хатняя гаспадыня:

«БЯСКОНЦЫ БАЛАГАН НА РАСЕЙСКІХ КАНАЛАХ»

Праблема ў тым, што ўзровень разьвіцьця асобы ў нас настолькі нізкі… Што інтэлектуальны ўзровень, што духоўны. Прычым, гэтая праблема назіраецца ва ўсіх сфэрах. Асноўная маса нашых людзей — гэта, прабачце, лохі. Каснаязыкія, без палітычнай пазыцыі й адметнага погляду на жыцьцё. Пра культурны ўзровень лепш увогуле памаўчаць. Бясконцы балаган на расейскіх тэлеканалах — вось і ўвесь культурны спажытак.

Марына Коктыш, журналістка:

«ПРАБЛЕМА НЕЗАЛЕЖНЫХ СМІ ЦЯГНЕ ЗА САБОЙ АСТАТНІЯ»

Мне падаецца, што адна з самых найвялікшых праблем сучаснага беларускага грамадзтва — гэта закрытасьць інфармацыйнай прасторы й адсутнасьць свабоды слова. Бо з‑за адсутнасьці доступу да свабоднай і празрыстай інфармацыі ў нас узьнікае шмат астатніх праблем. Праблема незалежных СМІ цягне за сабою ўсе астатнія. І інтэрнэт гэтую праблему не вырашае — з‑за абмежаванай колькасьці карыстальнікаў.

Ганна, пэнсіянэрка:

«ПРАБЛЕМА — ПЭНСІЯ Ў СТО СЕМДЗЕСЯТ ТЫСЯЧ РУБЛЁЎ»

Мая галоўная праблема ў тым, што за сваю працу за «палачкі» ў калгасе я зараз атрымліваю пэнсію ажно сто семдзесят тысяч рублёў. Ці гэта тое, што я заслужыла за ўсё жыцьцё? За што ж нас так Бог карае?

Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік Беларусі:

«УСЕ ПРЫНІЖАНЫЯ, ЗЬ ВЕРХУ ДА НІЗУ»

У Беларусі многа праблем. Найгалаўнейшая зь іх — гэта тое, што чалавек не адчувае сябе чалавекам. Таму што ён прыніжаны і зьняважаны. Ён ня мае тых правоў, якія маюць людзі ў нармальных дэмакратычных краінах. І гэта ўсё зь верху да нізу. Усе прыніжаныя — і чыноўнікі, і калгасьнікі. І супрацьстаяць гэтаму прыніжэньню мы пакуль не навучыліся. Нашы суседзі ва Ўкраіне паўсталі пад лёзунгам «Мы ня быдла». А мы пакуль што не перамаглі. Але пераможам.

Алена, мэдработніца:

«НЕАБАРОНЕНАСЬЦЬ ПЕРАД ЧЫНОЎНІКАМІ»

Наша неабароненасьць перад чыноўнікамі. А яшчэ забітасьць нашая і баязьлівасьць. Маёй дачцэ на экзамэнах замест «дзявяткі» паставілі «васьмёрку», хоць яна выдатна напісала працу. Але мы не здалі грошы на нейкі рамонт, чарговы школьны пабор. А экзамэны ў ВНУ? А ўладкаваньне на працу? Паўсюль усё вырашаюць «свае людзі» са «сваімі людзьмі». А мы маўчым і моўчкі ўціраемся.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:

«БЯЗЬ ЛІДЭРА НЕМАГЧЫМА ЗЬМЯНІЦЬ СЫТУАЦЫЮ»

Галоўная праблема сёньняшняй Беларусі — гэта адсутнасьць адзінага лідэра дэмакратычных сілаў. Таму што бязь лідэра немагчыма зьмяніць сытуацыю ў краіне ў цэлым.

Канстанцін, мэнэджэр:

«ПРАБЛЕМА ЎВА МНЕ»

Галоўнай беларускай праблемай на сёньня ёсьць я сам. «Я сам» — для кожнага беларуса. І праблема гэтая ў самаадчуваньні і самавызначэньні. Чалавек павінен адчуваць, што ён стварае навакольле, стварае сваё жыцьцё, ён за яго адказны. Ён вольны ў гэтым стварэньні. І калі ён гэта адчуе, дык адразу зьявіцца і грамадзкая пазыцыя, і адказны выбар на выбарах, і нават мова. А калі ён гэтага не адчуе, ён ніколі сябе паважаць ня будзе. А будзе ўсё жыцьцё хадзіць вакол спрадвечна беларускага комплексу: «Мы ня горш за людзей″. Не галаднейшыя.

Барыс Пятровіч, пісьменьнік:

«ПРАБЛЕМА Ў ТЫМ, ШТО БЕЛАРУСЬ НЕ БЕЛАРУСКАЯ»

Галоўная праблема ў тым, што Беларусь не беларуская. Калі б яна была беларуская, дык многія сёньняшнія праблемы нават і ня ўзьніклі б.

***

Калі б наша пытаньне пра галоўную праблему краіны мы задалі ў суседняй Літве, там, напэўна, найчасьцей называлі б карупцыю. Маючы свабоду слова, тамтэйшыя СМІ проста перапоўненыя карупцыйнымі скандаламі і выконваюць тым самым санітарную функцыю ў грамадзтве. Калі хабарніка «засьвяцілі» на ўсю краіну, яму больш ня тое, што на пасаду, але й на людзі паказвацца не выпадае. У Польшчы або Расеі або Ўкраіне нам назвалі б цэлыя букеты праблем, у кожнай краіне — сваіх. Але чаго б у нашых суседзяў не было дакладна, дык гэта праблем «расслабленасьці», «лузэрства» й прыніжанасьці, а найперш — праблемы з роднай мовай. У гэтым Беларусь адзіная і самая адметная ў Эўропе. Бо свайго чалавека і сваю мову ня лічаць магчымым прыніжаць ані на Ўсходзе, ані на Захадзе.

Часьцяком гаворачы пра дыктатуру, мы насамрэч вялікай рэальнай праблемы ў гэтым ня бачым.

Ніхто з нашых апытаных не сказаў пра ўзурпацыю ўлады або наяўнасьць палітычных зьняволеных. Гэта значыць, што, часьцяком гаворачы пра дыктатуру, мы насамрэч вялікай рэальнай праблемы ў гэтым ня бачым. Мы ніяк ня можам паўплываць на яе вырашэньне — гэта праўда, але ад таго, што ты не назавеш праблему, яна існаваць не перастане. Аднак у Беларусі, паводле нашага апытаньня, няма пэрсанальнай праблемы, хоць ёсьць аднаасобны і пажыцьцёвы кіраўнік — «апошні дыктатар Эўропы». Скінуць яго і неяк па‑іншаму зладзіць сваё жыцьцё мы не гатовыя, таму галоўную праблему краіны бачым у сабе.

Калі б наша пытаньне пра галоўную праблему Беларусі мы задалі сто гадоў таму, у 1907‑м, адказ быў бы — пра народную цемнату. У тыя часы Беларусь ужо сто гадоў не была самастойнай дзяржавай, але мела даволі шырокую адукаваную клясу, мела арыстакратыю, буйных прадпрымальнікаў і ня ведала, што такое ўласная неасьвечаная дыктатура. Пасьля быў камунізм і панаваньне плебса, які вынішчыў інтэлігенцыю, арыстакратаў і прадпрымальнікаў. Пасьля ўжо наша ўласная цемната запанавала.

Сёньня мы ў прынцыпе вярнуліся да той самай праблемы цемнаты, забітасьці, расслабленых лузэраў. Але ў параўнаньні з часамі стогадовае даўніны наш віток гісторыі выглядае нашмат горшым. Бо ў часы Мікалая ІІ цемната не панавала так непадзельна й бестэрмінова. Гэта значыць, што выйсьці з лузэраў, адрадзіць родную мову і ўвогуле ачалавечыцца сёньня мы можам толькі шляхам прыватнай ініцыятывы, якая абсалютна супярэчыць афіцыйнаму курсу, што бярэ ў разьлік толькі першасныя чалавечыя інстынкты. Мы ня можам, як маглі сто гадоў таму, легальна ствараць асьветныя таварыствы, выдаваць свае ўласныя газэты і кнігі або, да прыкладу, мець перадачу на тэлевізіі. Цёмнай уладзе ня трэба, каб мы былі асьвечанымі й ініцыятыўнымі, бо толькі на нашай цемнаце яна й трымаецца.

Мы прывыклі да несвабоды і бяспраўнасьці — яны сталі нормай нашага жыцьця.

Мы прывыклі да несвабоды і бяспраўнасьці — яны сталі нормай нашага жыцьця. «Свабоду нельга наблізіць, — сказаў сучасны беларускі філёзаф, — яе можна толькі дачакацца, калі быць да яе гатовым». Ці суцешаць нас гэтыя словы?

Пачаўшы з адрозьненьня Беларусі зь яе праблемай ад суседніх краін, гэтым адрозьненьнем і скончу. Каб даведацца пра праблему Літвы або Ўкраіны, дастаткова пагартаць літоўскую і ўкраінскую прэсу, паглядзець іх тэлеканалы. У Беларусі так зрабіць немагчыма. Ані газэты, ані тэлеканалы ня высьветляць вам самую галоўную беларускую праблему. Цемната не зьяўляецца для іх нацыянальным бедзтвам нумар адзін. Бо яны самі — арганічная частка нашай расслабленай няўдачніцкай цемнаты.

Ян Бібіян, Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0