Адам Глёбус

Нашы тутэйшыя

 

1984. Янкоўскі й прыпынак

Актор Расьціслаў Янкоўскі чытае Зыгмунда Фройда. Ён у захапленьні ад тэкстаў аўстрыйскага псыхоляга. Я ем вінаград і слухаю ягоныя развагі пра лібіда. Вінаград мне падабаецца больш за тэорыі ў пераказе народнага артыста СССР. Нечакана Янкоўскі кажа: “Галоўнае, гэта спыніцца й азірнуцца. Разумееш... Спыніцца й азірнуцца”. І зноў вяртаецца да вялікага Зыгмунда. Шаснаццаць гадоў я ня згадваю гэтых “спыніцца й азірнуцца”, пакуль аднойчы ня чую за сьпінаю звону пабітага шкла. Спыняюся, азіраюся й згадваю Янкоўскага. І мяне пачынае мучыць пытаньне... Які звон прымусіў артыста спыніцца ў развагах пра лібіда? А мяне прыпыніў звон шкла, якое прыбіральшчыца высыпала зь вядра ў кантэйнэр са сьмецьцем.

 

1989. Коўтун і парада

Аўтарка романаў пра Цётку Валянцінка Коўтун падыходзіць да мяне й ціхенька так, па-сваяцку, кажа: “У выдавецкіх плянах стаіць зборнік “Паркан”. Я пагартала. Ты можаш усіх выкінуць і выдаць сваю кнігу пад гэтай назвай”. — “А як жа сяброўства, братэрства, дамоўленасьці, урэшце?” — “Якое сяброўства? Я табе разумную параду даю”. А я чужых парадаў ня браў і не бяру.

 

2000. Адамовіч і геі

У Стакгольме на парадзе геяў журналістка Ядзьвіга Адамовіч (Ціна Клыкоўская) у запале пачуцьцяў кажа фатографу Алене Адамчык: “Мы з табою галоўныя гейшы Беларусі”. Зразумела, Ядзя мае на ўвазе, што яны дзейсна спрыяюць гей-руху, а атрымліваецца тое, што атрымліваецца. І цяперака слоўца “гейша” можа пазначаць у нашай мове жанчыну, якая дапамагае геям адстойваць свае правы.

 

2000. Адамчык і Гальпяровіч

Радыёжурналіст Навум Гальпяровіч пераймае мяне на сустрэчы з замежнымі літаратарамі й кажа: “Не разумею я твайго бацькі Вячаслава, ён паводзіць сябе як клясык, надае значэньне кожнаму слову, кожнаму выступленьню, кожнай публікацыі... А жыцьцё значна прасьцейшае, яго трэба ўспрымаць лягчэй...” Гальпяровічу не пярэчу. Не разумее ён майго бацькі, і хай сабе. Галоўнае, я разумею.

 

2000. Абламейка
й прастытуткі

Радыёжурналіст Сяргей Абламейка любіць пагаварыць у этэры на тэалягічную тэму, а тут раптам пачынае разважаць на газэтных палосах пра… пра… прастытутак. Досыць цікава, што ў Каталёніі, пры жонцы, ён знаходзіць магчымасьць зайсьці ў прастытуткадайную ўстанову, а потым запісвае: “У барах прыморскіх мястэчак Каталёніі прастытуткі прыгажэйшыя, чым, напрыклад, у Празе. Зрэшты, яны могуць быць пражанкамі, якія выехалі на лета да мора на заробкі — чэшкі ў Чэхіі амаль не працуюць”. Збольшага дакладна. На мой густ, і ў Каталёніі б… не прыгожыя. Пра праскі славяна-цыганскі кантынгент казаць ня буду. Скажу пра памылку Абламейкі, які думае: “У Беларусь путаны на заробкі ня едуць”. А вось і едуць: з Арла і Тамбова, з абмерзлага Ўладзівастоку й татарскай Казані. Прастытуткі належаць да своеасаблівай вандроўнай нацыянальнасьці, яны жывуць і працуюць ня там, дзе нарадзіліся. Разбэшчанасьць і грошы на сэкс у Беларусі пакуль што ёсьць. Трэба дома бываць часьцей, спадару Абламейка, можа й нешта нейкае абломіцца.

 

2001. Галубовіч і пакінутае

Паэт Леанід Галубовіч кінуў піць, курыць і пісаць вершы. Па-сялянску шчыра й мудра ён яшчэ абвясьціў пра тое на ўвесь беларускі сьвет. Вядома, усе мы раней ці пазьней кідаем і піць, і курыць, і пісаць, але баімося ў тым прызнацца, бо бачым у кіданьні й старасьць сваю, і нямогласьць, і творчае бясплодзьдзе. Галубовіч усё зрабіў слушна, акрамя таго, што кніга “апошнія вершы леаніда галубовіча” выйшла ў мінулым стагодзьдзі.

 

2001. Дудараў і сьцяжкі

У тэатральнага дзеяча Аляксея Дударава на стале стаіць беларускі сьцяжок. Адзін бок таго сьцяжка бел-чырвона-белы, а другі — чырвона-зялёны з арнамэнтам. У залежнасьці ад перакананьняў наведніка сьцяжок паварочваецца тым ці іншым бокам. Напэўна, у Дударава тры душы. З адной ён ходзіць атрымліваць прэміі з рук Лукашэнкі, з другой бароніць тэатар “Вольная сцэна” ад лукашыстаў, а з трэцяй выгульвае сабачку ў сквэрыку на беразе Сьвіслачы. Нехта запярэчыць, маўляў, нямашака ў Аляксея такога эклектычнага сьцяжка. Скажу, такі сьцяжок варта было б выдумаць, бо патрэбны ён ня толькі Дудараву, а татальнай большасьці белчыноўнікаў.

 

2001. Скарынкін і прэмія

Артадаксальны рыфмаплёт Андрэй Скарынкін кажа, што, калі б яму прапанавалі прэмію імя Янкі Купалы, гэта было б тое самае, што Байрану прапанаваць прэмію імя Вазьнясенскага. Ён кажа, а “Свободные Новості” друкуюць. Тое, што хворых на манію велічы ў Менску хапае, — не навіна. Але пра менскага Байрана я чую ўпершыню, таму й пазначаю падзею.

 

2001. Вячорка й палітыка

Я прыйшоў да высновы, што апагеем палітычнае кар’еры Вінцука Вячоркі было месца карэктара пры прэсавым сакратару Зянона Пазьняка.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0