Як перазімавалі?

Першая зіма тысячагодзьдзя – трохі лагаднейшая на Захадзе, трохі суравейшая на Ўсходзе. Сонная беларуская зіма. Як перазімавалі? На гэтае пытаньне адказваюць Алесь Асіпцоў з Магілёва і Сяргей Максімовіч з Горадні.

Усё першае зазвычай ахутанае покрывам таямнічасьці, прароцкасьці ды знакавасьці. Першае задае рытм наступнаму й вызначае ягоны ўзровень. Першая зіма першага году ХХІ ст. выдалася зьменлівая. Былі пабітыя шмат якія тэмпэратурныя рэкорды мінулага стагодзьдзя. У прыхільнікаў тэорыі глябальнага пацяпленьня зьявіўся яшчэ адзін аргумэнт. Гэтай зімой ня мерзлі, аднак шалёныя перапады тэмпэратураў сталіся прычынай масавага грыпу — школы пару тыдняў былі зачыненыя на карантыну.

Беларускім актывістам першая зіма прынесла разуменьне неабходнасьці займацца тым, чым трэба, але ня тым, чым хочацца. Зьмена прыярытэтаў вымагае нутраное ломкі, пераадоленьне якой дазваляе ўбачыць уласныя пэрспэктывы. І тутака без ахвяраў не абысьціся.

Першая зіма прынесла з сабою першыя расчараваньні стагодзьдзя. Прыкра, што расчароўвацца найчасьцей выпадае ў людзёх, блізкіх ня толькі па духу. Гоніш ад сябе думкі, што знаёмства зь імі адбылося толькі дзеля таго, каб праз пэўны час расчаравацца й зьнікнуць адно для аднаго. На падсьвядом’і адчуваеш, што цябе стала менш і што першыя страты далёка не апошнія.

Пачатак першае зімы быў адзначаны ў Магілеве акцыяй грамадзкага непадпарадкаваньня. Абураны натоўп людзей, якім ня выплацілі ў час заробку, загаціў надвячоркам Пушкінскі праспэкт. Стыхійны мітынг не на жарт перапужаў гарадзкія ўлады спакойнага Магілёва. Шмат хто ўбачыў у гэтай акцыі прадвесьне нечага вялікага й пераломнага. І ня дзіва. Колькасьць мітынгоўцаў у шмат разоў перавышала агульную колькасьць удзельнікаў арганізаваных магілёўскай апазыцыяй мітынгаў пратэсту за папярэднія 5–6 гадоў.

Гэтай зімой у Магілёве нарэшце скончылі пятнаццацігадовы рамонт драмтэатру. Навіна, без сумневу, радасная. Цяперача ў шэрагу зь лядовым палацам, новым мастом цераз Дняпро сваё ганаровае ды пачэснае месца займеў і будынак тэатру. Толькі чамусьці акторы ня дужа каб імкнуліся даваць свае прадстаўленьні ў новым будынку тэатру – не дарабілі.

Намагаешся ў прамігнулым угледзець нешта вартае — не атрымліваецца. Якую падзею зімы ні бярэш, усё разглядаецца праз прызму падзелу грамадзтва. Благое абрыдла, абрыдла тое, што робіцца вакол нас. Альтэрнатывы абрыдласьці відавочна няма... пакуль.

Алесь Асіпцоў, Магілёў

 

Нёман так і не замерз

Першы дзень вясны, па Нёмане імкліва плывуць сьнежна-лёдныя сподкі. Усю зіму Нёман жыў, не хаваючыся. Ледзьве не да Калядаў трымалася каля 6-9 градусаў цяпла. Калі надышоў Новы год — паводле варшаўскага часу — на Горадню пасыпаў сьнег.

Хвалісты чарапічны дах у маім вакне быў асьнежаны таксама і 1 сакавіка. Гэта спрыяе працы. Глядзіш на яго, на галубоў, на крукоў, і пішаш сабе.

Нёман. Бязь Нёмана было б ніякавата. Калі сядзіш у бібліятэцы, якая ў Новым замку, выйсьці пастаяць на высокім беразе, паглядзець на плынь, на стары мост, на былы Фарштадт — заўсёдная патрэба. Нават калі ўжо цёмна, рака адчуваецца ўнізе, цьмяна паблісквае.

Узімку два гады таму я ўпершыню засьпеў, як лёднае покрыва апаноўвае раку, рухаючыся з поўдня. Паміж Старым замкам і Каложай была ягоная мяжа. Тут белы лёд, бліжэй да царквы — цёмная вада.

Пяць гадоў таму мы спакойна каля сваіх Крэйдавых гораў шпацыравалі па Нёмане. Нёман тае зімы быў моцна скаваны. Каля берагу ў празрыстым лёдзе здранцьвела хвалістая сакаўная папросту смарагдавая трава.

Такія ўжо мы — штозіму бярэмся разважаць, ці хопіць рэжыму мазуты? І кожная наступная зіма робіцца цяплейшай за папярэднюю. Міжволі рыхтуюцца таяць ледавікі ў далёкіх гарах, полюсныя панцыры. І рэжым эканоміць на цэнтральным ацяпленьні, а тэлегледачоў корміць усякімі сібірска-якуцка-далёкаўсходнімі жахамі з разарванымі батарэямі. А мэта? Пашкадаваць іх, жахнуцца, парадавацца, што ў нас лепей? Не, усё гэта — пад інтэгратарскую дудку. Каб прымусіць нас жыць іхнімі праблемамі, як раней мы мусілі жыць праблемамі амэрыканскіх ды іншых мурынаў. Бо пры сацыялізьме няма праблемаў, як ня можа іх быць пры Шуру. Перазімавалі, вывезьлі ўгнаеньні на палеткі, пасеялі, зжалі і — праз дажынкі — да выбарчых скрынак. Якія гэтыя дажынкі будуць — уяўляю сабе! Кшталту сталінскіх «Кубанскіх казакаў».

Ацяпляльны сэзон у нас распачаўся таксама вельмі ідылічна. Зацяплілі досыць рана, яшчэ не пасьпелі амонаўцы з салдатамі зімовыя шапкі паапранаць. Гарадзкі галава 12 кастрычніка паведаміў, што ўлады гэтак любяць гараджанаў, што з задавальненьнем дадуць ім кватэрнае цяпло. Але не таму, маўляў, каб падштурхнуць усіх на выбары ў «палату», а таму, што вулічная тэмпэратура менавіта тры апошнія дні запар была ніжэйшай ад нормы. Але тэмпэратура якраз трымалася тады больш-менш у норме. А вось пасьля выбараў, у панядзелак, цяпло адключылі на некалькі дзён. Хаця наадварот — пахаладала, а салдатам усіх войскаў выдалі аблавухі.

На пачатку зімы наш Сямён Домаш пачаў разглядацца ў якасьці магчымага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду. Потым у нашым «Слуцка-Варшаўскім» пантонным палку радасна адзначылі «300-годзьдзе нашых інжынэрных войскаў», створаных Пётрам Першым. Адна тутэйшая газэта паведаміла, што тады — у 1701 г. — быццам бы «Горадня знаходзілася на ўскраіне Расейскай імпэрыі...» І што расейскі цар рыхтаваўся ў тым самым годзе абараняць ад Карла ХІІ наш горад. А дзякуючы гэтаму, «нага швэдзкага жаўнера» ступіла на нашую зямлю толькі празь пяць гадоў. Вось такая ў нас «інцярэсная» гісторыя, дарагія землякі.

Ага, зусім забыўся. Яшчэ перад самымі пантанэрскімі ўрачыстасьцямі ўлады сталі рыхтавацца да юбілею заснаваньня на акупаваных Расеяй землях 200 гадоў таму Гарадзенскай губэрні. Тая ж газэта паведаміла з гэтай нагоды, што «ў губэрнскім горадзе Г.» будзе «закладзена юбілейная алея». Вось такімі часам загадкамі ў нас пішуць. І яшчэ. Камандзіру пантоннага, як ужо гаварылася — «Варшаўскага» — палка маскоўскі міністар абароны даслаў адмысловы мэдаль «За ўмацаваньне баявой садружнасьці». Нейкі мэдаль з падтэкстам атрымаўся.

А потым выйшаў 500-ты нумар «Пагоні». А неўзабаве памёр ваявода, якому вельмі хацелася быць губэрнатарам. І прыехаў Шура, і сказаў нейкай загадкай: дарма, маўляў, гавораць, што ты мог бы яшчэ жыць, мы ж з табой ведаем, што гэта няпраўда... Неўзабаве і зіма скончылася, а Нёман так і ня стаў. Апошнім разам, калі рака замярзала, на яе роўнядзі каля заходняга берагу я па-шкалярску вытаптаў шыльду газэты СВАБОDА, якую неўзабаве закрылі.

Сяргей Максімовіч, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0