Маральная манаполія

Ад рэдакцыі “НН”

У 1994 г. кандыдаты ў прэзыдэнты баяліся, каб іх, крый Божа, не палічылі дэмакратамі і незалежнікамі. Цяпер усё зьмянілася.

Толькі лянівы не падае сябе кандыдатам ад дэмакратычнае і апазыцыйнае паловы выбарцаў і не друкуецца ў “Народнай Волі”. Блазан Крыжаноўскі сярод такіх прэтэндэнтаў, далібог, ня самы непрадказальны. Вецер павярнуўся!.. Модна быць лібэралам і цэнтрыстам. І таму нават генэрал Казлоўскі, які шэсьць гадоў таму ў страшным сьне не прысьніў бы, што яго лаюць дэмакратам, цяпер узьлюбіў старонкі незалежнае прэсы.

Усю восень і зіму палітыкі, інтэлектуалы, культурнікі – мозг і сэрца беларускае апазыцыі – аналізавалі, хто з грамадзкіх лідэраў-цэнтрыстаў мае найбольшыя шанцы стаць беларускім Каштуніцам. Праводзілі спэцыяльныя сацыялягічныя апытаньні, прамацвалі глебу ў рэгіёнах, кансультаваліся ў Маскве, Бэрліне і Вашынгтоне. Абмяркоўвалі біяграфіі, здольнасьць да калектыўнае працы, уменьне кантактаваць зь людзьмі, выгляд, нават гучаньне прозьвішчаў. Прычым наперад пагадзіліся, што гэта мусіць быць кампрамісная фігура, а не запісны апазыцыянэр. Калі перафразаваць словы, што прагучалі тыдзень таму на круглым стале дзеячоў культуры ў рэдакцыі “НН”, шукалі такога асілка, які мог бы перамагчы Цмока, але пасьля сам не перакінуўся б у Цмока.

На ролю асілка вызваліся Сямён Домаш, былы кіраўнік Гарадзеншчыны, Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер, Уладзімер Ганчарык, лідэр афіцыйных прафсаюзаў. Пасьля да іх далучыўся Павал Казлоўскі, былы міністар абароны. “Чарты з табакеркі” ў разьлік ня браліся.

Першае галасаваньне на Каардынацыйнай Радзе Дэмакратычных Сілаў яскрава выявіла сымпатыі незалежнага беларускага грамадзтва. Домаш набраў 9 галасоў, Ганчарык – 3, Чыгір – 1. У такой сытуацыі Ганчарык і Чыгір мелі б, па-нармальнаму, самі заявіць аб падтрымцы Домаша і далучыцца да ягонай выбарчай кампаніі. Гэтага не адбылося. Хоць, калі нехта мерыцца ўдзельнічаць у патрыятычна-дэмакратычным блёку, дык мусіць падпарадкоўвацца пэўнай дысцыпліне і спавядаць пэўныя каштоўнасьці.

У такой сытуацыі мусіў бы дзейнічаць прынцып дэмакратычнага цэнтралізму. Прынцып кансэнсусу немагчымы, пакуль меншасьць кіруецца вузкапартыйнымі інтарэсамі. Неабходнасьць шукаць кансэнсус літаральна паралізуе Каардынацыйную Раду Дэмакратычных Сілаў. КРДС аказалася грувасткім мэханізмам нізкай прадукцыйнасьці, залежным ад пазыцыі палітычных пігмэяў. Мусім гэта прызнаць.

Годзе цацкацца з прэтэндэнтамі, за якімі няма рэальнай грамадзкай падтрымкі, адно эфэмэрныя “сувязі” і аморфныя “структуры”. Годзе ўзгадненьняў, годзе нарадаў і перамоваў. Хто хоча – хай далучаецца да супольнай кампаніі, хто ня хоча – хай вядзе сваю. Толькі пры гэтым хай не спэкулюе выгодным іміджам “дэмакратычнага кандыдата”, не разьлічвае на падтрымку незалежнага беларускага грамадзтва. Адзіны фронт антылукашэнкаўскіх сілаў падтрымае толькі аднаго кандыдата. Манапольнае права назваць такога кандыдата маюць толькі тыя партыі, якія шэсьць гадоў змагаліся з рэжымам і тысячы сяброў якіх прайшлі праз турмы і прыёмнікі-разьмеркавальнікі. Пра гэтую маральную манаполію нельга забываць ні палітычным пігмэям, ні нэафітам апазыцыі.

Незалежнае беларускае грамадзтва мусіць як найхутчэй адкрыта назваць свайго кандыдата. Толькі маючы адзінага кандыдата, яно зможа спакойна і пасьлядоўна дабівацца ягонай рэгістрацыі і перамогі на выбарах. Двух правадыроў не бывае. У Лукашэнкі мае быць адзін антыпод. Незалежніцкі кандыдат мусіць быць адзін. І сакрэт Полішынэля – што абсалютная большасьць беларускіх актывістаў хацела б бачыць такім кандыдатам Сямёна Домаша.

Раз так, прозьвішча адзінага незалежніцкага кандыдата маглі б назваць правераныя дэмакратычныя сілы – БНФ і АГП, а таксама інтэлігенцыя і дысыдэнты, якім давярае грамадзтва. Насьпела пара кожнаму шараговаму партыйцу, кожнаму беларускаму актывісту цьвёрда сказаць лідэрам апазыцыі: калі паверылі Домашу, мусім ісьці за ім. У адзінстве і дысцыпліне – сіла. А спрэчкі і сумненьні пакінем на наступны год.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0