Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2000 г. – Менск: ГА “Праваабарончы цэнтар “Вясна”, 2001. – 180 с.

Гэта ўжо трэці выпуск штогадовага “Агляду-хронікі”. У ёй трыма мовамі – беларускаю, ангельскаю й расейскаю –пералічваюцца ўсе парушэньні правоў чалавека ў нашай краіне за 2000 год. У параўнаньні зь мінулымі выпускамі “Агляду”, сёлетні нашмат таўсьцейшы.

Р.Барадулін. Босая зорка / Мастак Г.Грак; фота С.Шапрана. – Менск: ГА “Беларускае таварыства “Кніга”, 2000. – 177 с.: іл. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6605-04-0

Новая кніга лірыкі народнага песьняра надрукаваная мініятурным выданьнем. Каштуе 2,5 т.р.

А.Кулагін. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкляпэдычны даведнік / Мастак І.Бокі. – Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2001. – 328 с.: іл. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-11-0140-7

Выйшла сьледам за “Каталіцкімі храмамі на Беларусі”, што зьявіліся напрыканцы мінулага году. Каштуе 3 т.р.

Хрысьціянскія храмы Беларусі на фатаздымках Яна Балзункевіча: Пачатак ХХ ст. / Уклад. А.Кулагін, У.Гарасімовіч. – 2-е выд. – Менск: Ураджай, 2001. – Наклад 2100 ас. ISBN 985-04-0399-3

Гэтая кніга, вельмі папулярная сярод замежных турыстаў і аматараў беларускае даўніны, выдадзеная паўторна й каштуе пад 5 т.р.

М.Улашчык. Выбранае / Уклад. А.Каўка й А.Улашчык; Навук. рэд. Г.Кісялёў і В.Скалабан; Прадм. і камэнт. А.Каўкі; Паказ. імён Н.Мазоўкі. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 608 с. (8) с.: іл. – (“Беларускі кнігазбор”; гістарычна-літаратурныя помнікі). – Наклад 3200 ас. ISBN 985-6638-08-9

Мікалай Улашчык (1906–1986) – гісторык, быў рэпрэсаваны як “нацдэм” і зьведаў усе кругі гулагаўскага пекла. Па вайне жыў і працаваў у Маскве. У кнізе зьмешчаны гістарычна-краязнаўчы нарыс пра родную Ўлашчыкаву вёску Віцкаўшчыну, уводзіны да манаграфіі “Нарысы з археаграфіі й крыніцазнаўства гісторыі Беларусі фэўдальнага пэрыяду”, рэцэнзіі на вызначальныя навуковыя працы з гісторыі Беларусі, выдадзеныя ў сярэдзіне ХХ ст., “Нататкі пра бадзяньні ў 1924–1929 гадох”, аўтабіяграфічныя запісы М.Улашчыка. Каштуе кніга пад 3 т.р.

Калектыў аўт. Друвінгаў сьветацям. – Менск: 2000.

Невядомыя аўтары робяць спробу адшукаць вытокі нашага народу ў ягонай дахрысьціянскай мінуўшчыне. Пра набыцьцё кнігі можна даведацца праз адрасы: 220050, Менск, а/с 342 або: [email protected]

В.Дадзіёмава. Нарысы гісторыі музычнае культуры Беларусі: Навучальны дапаможнік. – Менск: Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, 2000. – 256 с. – Наклад 500 ас. ISBN 5-7815-0299-8

Кніга, прысьвечаная музычнай культуры Беларусі ад Х да ХІХ ст., сталася вынікам шматгадовае працы аўтаркі ў архівах Беларусі, Украіны, Расеі, Польшчы, Нямеччыны й Бэльгіі. Дзякуючы рупнасьці Вольгі Дадзіёмавай, Беларусі вернутыя імёны славутых кампазытараў Міхала Казімера Агінскага, Міхала Клеафаса Агінскага, Мацея Радзівіла, Лявона Сітанскага, Восіпа Казлоўскага, Станіслава Манюшкі, выяўлена мноства дагэтуль невядомых помнікаў музычнае культуры. Кнігу можна набыць у менскай сядзібе БНФ “Адраджэньне”.

В.Пануцэвіч. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі / Апрац. і ўклад. М.Баўтовіч. – Полацак: Сафія, 2000. – 274 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6448-11-5

У кнізе, напісанай беларускім эміграцыйным гісторыкам Вацлавам Пануцэвічам, распавядаецца пра жыцьцё, дзейнасьць і кананізацыю арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча (1580–1623).У дадатку – колькі цікавых дакумэнтаў. Кнігу можна набыць у менскай сядзібе БНФ “Адраджэньне”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0