З усёй краіны

 

навіны за тыдзень

Жукавец галадае

Палітычныя ўцекачы зь Беларусі аб’ядналіся ў «Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы». Тымчасам затрыманы прадпрымальнік Андрэй Жукавец у Беластоку абвесьціў галадоўку пратэсту супраць таго, што польскі бок не бярэ пад увагу палітычных прычынаў у справе ягонай экстрадыцыі.

 

Ярмошын у Рызе

У.Ярмошын прыватна сустрэўся з латвійскім прэм’ерам Андрысам Бэрзыньшам. Падчас сустрэчы Ярмошын выказаў гатоўнасьць за 2–3 гады павялічыць таваразварот між краінамі з 500 да 700 млн. даляраў, а таксама запэўніў, што Беларусь і надалей будзе карыстацца латыскімі портамі. На прэс-канфэрэнцыі прэм’ер прызнаўся, што Беларусі яшчэ трэба шмат зрабіць, каб стацца дэмакратычнай, і дадаў: “Вы, Латвія, у той краіне, дзе мы былі разам, былі невялікі пэрыяд, а мы – усё жыцьцё”.

 

Зьніч

У Скарынаўскім цэнтры адбылася прэзэнтацыя багаслоўскага літаратурна-мастацкага пэрыёдыка «Жыровіцкі лісток», які з 1998 г. выдае Алег Бембель, вядомы ў паэзіі пад псэўданімам Зьніч. Ён ужо пяць гадоў зьяўляецца паслушнікам Жыровіцкага манастыру.

 

Падарункі Зімоўскаму

Малады Фронт правёў акцыю «аплата за рэкляму» ля будынку тэлебачаньня на вул.Камуністычнай. Хлопцы ў чорных акулярах прынесьлі скрыню падарункаў для супрацоўнікаў адыёзных праграмаў БТ — «Рэзананс» і «Тайныя спружыны палітыкі», у якіх за апошні тыдзень тры разы быў згаданы Малады Фронт, які “на пару з апазыцыяй і амэрыканскімі спэцслужбамі зьбіраецца скінуць рэжым Лукашэнкі ў 2001 г.” Падарункі – дробныя грошы розных краінаў і туалетную ваду “Даляр” — перадалі паставому.

 С.М.

 

Пацярпелыя за Беларусь

18 лютага ў Віцебску адбыўся несанкцыянаваны пікет супраць пабудовы заводу па вырабе высокаактанавага бэнзыну. Пікетчыкаў Ірыну Байдак, Сяргея Аксімовіча і Эдуарда Бохана затрымалі. 19 лютага за арганізацыю “несанкцыянаванага шэсьця” на Дзень сьв.Валянціна Паўлу Севярынцу далі штраф – 450 даляраў. Уначы 25 лютага ля будынку Заводзкага райвыканкаму ў Менску міліцыянты затрымалі маладафронтаўца Антона Бойку ды ягонага сябра Віталя, якія рабілі графіці й вешалі сьцяг. 2 сакавіка ля ст.м. “Інстытут Культуры” арыштавалі Паўла Юхневіча, Юр’я Емяльянчыка ды Андрэя Н. Яны раздавалі мінакам нумары “Нашае Свабоды”. 8 сакавіка ў раёне менскай Камароўкі міліцэйскі патруль затрымаў Зьмітра Касьпяровіча, Аляксея Таўстова й Алега Крулякоўскага, якія раздавалі людзям улёткі.

 

Моцная экалягічная арганізацыя
“Зубры” выйшлі на волю

“Зубр”, пра якога ўсе чулі, але ніхто ня бачыў, выйшаў, нарэшце, з глыбокага падпольля. 6 сакавіка за 15 хвілінаў да 14-й каля Купалаўскага сабралася процьма журналістаў, якім “зубраняты” напярэдадні прызначылі там сустрэчу. Навакольле нагадвала тэатар у вайсковым сэнсе слова: было багата міліцыі ды аховы ў цывільным. Памерзнуўшы на вятрыску хвілінаў пятнаццаць, журналісты заўважылі, як трое хлапцоў спрабуюць разгарнуць каля рэзыдэнцыі лёзунг-“расьцяжку”, на якой, як высьветлілася ў судзе, было напісана: “Выкрадальнікаў людзей – да адказу!” Усіх удзельнікаў акцыі – менчука Андрэя Пятрова і барысаўцаў Антося Цялежнікава ды Зьмітра Абрамовіча – схапілі. Ля кінатэатру “Піянэр” засталіся яшчэ два хлопцы і дзяўчына з партрэтамі Захаранкі, Ганчара й Завадзкага. Журналісты пыталіся ў дзяўчыны Дар’і, ці не баіцца яна арышту. “Не, тады я буду змагацца за сваю свабоду!” – ненатуральна радасна адказвала тая. Калі ж Дар’я заявіла, што непажадана называць імёны ўдзельнікаў, бо яны студэнты і іх павыганяюць з вучобы, я трохі пашкадавала і Зуброў, і ўсю апазыцыю, і саму сябе як грамадзянку Беларусі. Але ня думаю, каб “Зубр” быў дзіцячым садком без уяўленьня, з кім і за што змагаецца. Калі гэта сапраўды моцная, разумная, арганізаваная структура, яна наўрад ці проста так выставіць свае лепшыя сілы ў першы дзень. Яна прыберажэ іх для “гадзіны Х”.

Назаўтра двум затрыманым далі па 20 мін. заробкаў штрафу, а Цялежнікаву чамусьці 15 сутак. На судзе быў усяго адзін сьведка – ахоўнік са службы бясьпекі “Чырвонага дому” Віктар Мартановіч. Ён казаў, што не запомніў твараў затрыманых, не прачытаў словаў на лёзунгу, але мусіў затрымаць адзін усіх трох – што зробіш, службовыя абавязкі... Пры нашых рэаліях нікога ўжо ня ўразіла, што пратакол аб затрыманьні міліцыянты папрасілі затрыманых падпісаць на наступны дзень. Ці то склалі ўчора з памылкамі, ці ня склалі, ці згубілі – дакладна “ня ведалі”.

Другая акцыя, што адбылася на наступны дзень, выглядала цікавей – у ёй бралі ўдзел каля 150 чалавек. Ад Нацбанку да самага паштамту расьцягнуўся ланцуг людзей з партрэтамі Карпенкі, Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага. На грудзях у кожнага ўдзельніка красавалася эмблема руху “Зубр”. Гэта нельга было назваць ні мітынгам, ні шэсьцем, ні пікетам - ні выступу, ні руху, ніводнага сьцяга ці лёзунгу... Мае калегі бачылі, як да ўдзельнікаў падышлі супрацоўнікі КДБ і выказалі неафіцыйную згоду з акцыяй. А на “браневіку” шчыраваў зь відэакамэрай знаёмы ўсім міліцэйскі аматар-экспэрт Дубавіцкі, старанна фіксуючы падзеі для гісторыі. “Зубры” прастаялі ўздоўж праспэкту хвілінаў 20–30, пасьля чаго ўсе разам згарнулі партрэты, зьнялі эмблемы й разышліся. Міліцыянты не чапалі нікога, акрамя аднаго маладога чалавека, які быццам бы “быў падобным да аднаго злачынцы ў вышуку”. У пастарунку начальства праверыла дакумэнты – ім аказаўся юнацкі лідэр Цімох Дранчук, — паўшчувала за тое, што “пашпарт абшарпаны”, параілася з паўгадзінкі ды ўрэшце склала пратакол за “захоўваньне дакумэнтаў у неналежным стане”. Гэтым усё і скончылася.

Кажуць, што “зубры” зьбіраюцца праводзіць новыя акцыі. Больш за палову руху складае моладзь 15–25 гадоў, а сам рух ствараўся на ўзор югаслаўскага “Адпору”. Мэтай “Зубра” ёсьць негвалтоўная зьмена ўлады ў краіне на дэмакратычную.

Тацяна Сьнітко

 

Выбары і жанчыны

Перамагчы ці патрэніравацца?

8 жаночых арганізацыяў Беларусі — “Жаночы незалежны дэмакратычны рух”, “Арганізацыя працоўных жанчынаў”, Беларускі жаночы рух “Адраджэньне Айчыны”, “Прававая ініцыятыва”, “Клюб сацыяльных інавацыяў”, “Беларуская жаночая ліга”, “Клюб дзелавых жанчынаў” (Берасьце) і “Next Stop-New Life” — аб’ядналіся ў Кааліцыю, з мэтай “узмацненьня рэальнага ўзьдзеяньня на палітычныя працэсы ў краіне і ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах”.

 

Аднак падчас круглага стала высьветлілася, што жанчыны ня маюць адзінства ў падставовых пытаньнях: якім чынам удзельнічаць у палітыцы, якую канкрэтна мэту перасьледаваць, якога кандыдата падтрымліваць.

Адны прапануюць выпрацаваць пакет патрабаваньняў да кандыдатаў у прэзыдэнты, правесьці зь імі перамовы. Другія сьцьвярджаюць, што трэба падтрымліваць адзінага кандыдата дзеля большых шанцаў на перамогу. А трэція ўвогуле лічаць, што галоўнае – не абраць нармальнага прэзыдэнта, а... прывесьці ў парлямэнт на наступных выбарах 30–40% кабетаў. Прапанову адной з удзельніц выставіць кандыдатам у прэзыдэнты жанчыну, “каб патрэніравалася”, ніхто не падхапіў.

Стварэньню Кааліцыі папярэднічаў канфлікт: у выніку непаразуменьня ў пытаньні сяброўства ў будучым утварэньні лідэры некаторых жаночых арганізацыяў пачалі ствараць сваё асобнае аб’яднаньне “Жанчыны Беларусі”. Яднаньне беларускіх кабетаў адбываецца з тымі ж цяжкасьцямі, што й яднаньне партыйных апазыцыйных структураў.

Т.С.

спартовы тыдзень

Час біць грандаў

Бадай, гэта першая вясна беларускага футболу, якую мы чакалі з надзеяй.

Ніколі раней нашая зборная не “зімавала” на недасяжным дагэтуль другім месцы ў сваёй адборачнай групе. Але ўстрымаемся ад дытырамбаў, бо пры канцы сакавіка нас чакаюць сустрэчы з украінцамі ды нарвэжцамі, якія прагнуць пакараць няўрымсьлівых беларусаў за нахабнае ўварваньне на іх грандаўскую дзядзіну. Але чаго тут перажываць, калі ў нас і легіянэры някепскія, і такая моладзь ёсьць! У Малафеева даўно рукі сьвярбяць таго ж Глеба з моладзевай зборнай у нацыянальную забраць, але шкадуе, відаць, разбураць супэркаманду Юр’я Пунтуса, якая можа павучыць гуляць любую каманду свайго рангу.

Але што той Глеб, калі форварда няма. Васілюк ды Стрыпейкіс для прарыву абарончых бастыёнаў імя Шаўкоўскага пакуль “зеленаватыя”, а Рындзюк не залячыў дарэшты сваёй траўмы. Вядома, Бялькевіч з Хацкевічам таксама ўмеюць галы забіваць, але яны перш за ўсё дырыжоры, а не галеадоры. Камандзе патрэбны чалавек, які будзе вартаваць сваю “халяву”, дабіваць, карацей — штых атакі. Украінцы маюць адразу двух такіх – Раброва ды Шаўчэнку. У гэтым іх перавага.

Нарвэжцы, у сваю чаргу, прагнуць узьняцца з 5-га месца, а для гэтага ім трэба зьвезьці зь Беларусі тры балы. Яны ўжо ведаюць смак буйной перамогі ў Менску (0:4 – 1994 г.). Зь іншага боку, чым не падстава для помсты?

Але, зрэшты, усіх на свае месцы расставіць сам футбол. Мы ж можам толькі прагназаваць, спадзявацца ды “хварэць” за нашых. Дарэчы, апошняе можна рабіць дома, а можна і на беларускім сэктары кіеўскага стадыёну “Алімпійскі”, разам з 2000 беларускіх заўзятараў, якія спадзяюцца на тое, што прыйшоў час. Час біць грандаў.

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0