AUDIATUR ET ALTERA PARS

Калье Магдалены Радзівіл

Шаноўная Рэдакцыя і дарагі чытачу, у №49—50 “НН” за 2000 г. быў надрукаваны артыкул айца мітрата Аляксандра Надсана “Таямніца брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл”, у якім аўтар вінаваціць айцоў Фабіяна Абрантовіча, Андрэя Цікоту і біскупа Ф.Бучыса ў злоўжываньні чужым дабром, адкрытай хлусьні і мэркантыльнай маніпуляцыі ахвярнымі намерамі іншых асобаў.

У сувязі з гэтым, Ордэн айцоў марыянаў адчувае абавязак і бясспрэчнае права ўнесьці гістарычную яснасьць у падзеі, апісаныя а.Надсанам. Як казалі ў старажытным Рыме — audiatur et altera pars (няхай будзе пачуты і іншы бок).

 

* * *

Княгіня Магдалена Радзівіл у 1916 г. ахвяруе на заснаваньне ў Рыме духоўнай сэмінарыі для беларусаў грэка-каталікоў брыльянтавае калье. За гэтую справу ўзяліся айцы Францішак Будзька, Лукіян Хвецька і прафэсар духоўнай сэмінарыі ў Санкт-Пецярбургу Фабіян Абрантовіч, у якога да лепшых часоў і схавалі калье. У лютым 1920 г. памірае а.Будзька. У 1923 г. Хвецька трапляе пад арышт1.

А.Абрантовіч пасьля Пецярбургу працуе ў Менску рэктарам духоўнай сэмінарыі, а потым, разам зь біскупам Лазінскім, — у Наваградку. У 1925 г. Лазінскі быў прызначаны ардынарыем Пінскай япархіі, а Абрантовіч, маючы немалы досьвед, дапамагаў уладыку. Новая япархія знаходзілася ў цяжкім эканамічным становішчы, і а.Фабіян вырашыў прадаць калье і частку грошай пазычыць Лазінскаму на стварэньне духоўнай сэмінарыі ў Пінску2. Але, памятаючы, што адказнасьць за каштоўны дар ляжыць не на ім адным, Абрантовіч узгадняе свае дзеяньні з а.Хвецькам, які ў лютым 1925 г. быў вызвалены з бальшавіцкай няволі. Падчас сустрэчы ў Шыманове пад Варшавай а.Лукіян падтрымаў ідэю а.Фабіяна, але да справы з калье паставіўся даволі абыякава3, усьведамляючы, што пры тагачаснай польскай палітыцы займацца гэткай справай небясьпечна. Абрантовіч прадае калье ў Наваградку за 15 000 даляраў. Частку грошай ён укладае ў нерухомасьць, якую набывае ў Наваградку, а 10 000 пазычае біскупу Лазінскаму4.

А.Фабіян разумеў, што справу, за якую калісьці ўзяліся тры сьвятары, ён павінен рэалізаваць адзін. Праца ў Пінскай духоўнай сэмінарыі мела мала супольнага зь беларушчынай, таму ў 1927 г. Абрантовіч уступае ў кляштар айцоў марыянаў у Друі, вядомы сваёй беларускай скіраванасьцю, і прывозіць туды частку грошай, якія меў за прададзенае калье.

Тым часам а.Хвецька, які ў 1926 г. стаўся рэктарам Усходняга Інстытуту ў Любліне, нечакана патрабуе выдаць яму частку грошай на патрэбы гэтай навучальнай установы. Ліст да Абрантовіча Хвецька напісаў па-польску, і гэта ўзрушыла а.Фабіяна больш, чым ягоныя патрабаваньні й несправядлівыя абвінавачаньні ў прысваеньні калье: «Чаму… беларусы, якія даўней ліставаліся і размаўлялі паміж сабой па-беларуску, сёньня пра беларускую справу паміж сабою жадаюць спрачацца па-польску?» 5.

У лісьце ад 8 сакавіка 1927 г. ксёндз Хвецька далікатна пытаецца ў Абрантовіча, якое «мудрае, растаропнае і пакаёвае вырашэньне гэтай справы» прапануе сам а.Фабіян6.

Кс.Абрантовіч адказаў свайму сябру вельмі “непакаёвым” тонам: «Вярні назад кола гісторыі, у якой хіба і Божая прадбачнасьць мае свой удзел, прынамсі на 12 год, а абяцаю табе, што ня буду з вамі дзяліць таямніцаў і ў Менск не паеду.

Вярні прынамсі маю прысутнасьць у Цябе ў Шыманове і тры гады таму і скажы, каб аддаў табе калье — аддам.

Нават і сёньня, адмоўся ад фальшывых закідаў супроць мяне — прысваеньня рэчы — над якой я нават ня меў права да апекі, успомні сабе мэту ўсёй справы і тое, што ёсьць для спаўненьня гэтай справы ў Б. Лазінскага ў рэзэрве — хоць усё ўжывай» 7.

Вельмі цікавую пазыцыю тут займае а.Надсан. З аднаго боку, ён прызнае няшчырасьць Хвецькі, які, каб завалодаць грашыма, гатовы абвясьціць Абрантовіча злодзеем. А.Надсан не бярэ пад увагу ні факту сустрэчы сьвятароў у Шыманове, ні нават гатоўнасьці а.Фабіяна ў любы момант аддаць калье, калі гэтую справу пажадае давесьці да канца сам кс.Хвецька. Аўтар некалькі разоў цытуе ягоныя лісты з нападамі на Абрантовіча, але ніводнага разу — лісты а.Фабіяна, дзе той адкрыта бароніць сваё імя і беларускую справу. Вось, да прыкладу, ліст а.Абрантовіча ад 20 сакавіка 1927 г.:

«Ставячы мне такі цяжкі папрок, ты зьневажаеш сябе самога, бо мае справы яўныя і я заўсёды гатовы перад Богам і людзьмі reddere rationem vilicationis meae (здаць cправы з майго гаспадараньня).

Калі цябе турбуе тое, што я, а ня ты, якому больш было тайнаў даверана, давёў справу да канца, то дзе ты быў дагэтуль? Les absents ont tort (адсутныя ня маюць рацыі) тым больш, што я да цябе ў гэтай справе прыяжджаў і цябе яна зусім не цікавіла»8.

Ужо ў першым лісце да кс.Хвецькі а.Абрантовіч прапануе яму зьвярнуцца да княгіні ў справе ейнай ахвяры, што сам адразу ж і чыніць. Вядома, ксяндзу Хвецьку гэта не прыйшло ў голаў. Ён спрабуе намовіць Лазінскага, каб той не плаціў Абрантовічу доўгу, зьвяртаецца да біскупа Эдуарда Ропа, львоўскага мітрапаліта Шаптыцкага, даводзячы, што справа Любліна важнейшая за Друю і што Фабіян жахлівы чалавек.

У лісьце да княгіні Радзівіл а.Абрантовіч шчыра распавядае пра лёс калье, пра доўгую абыякавасьць кс.Хвецькі да гэтай справы і пра раптоўную “вайну” за грошы. А.Надсан, цытуючы ад пачатку да канца “ўвесь” ліст Абрантовіча, дазваляе сабе забыцца на адзін-адзіны сказ пра тое, што да свайго ліста а.Фабіян далучае таксама копію расьпіскі Лазінскага аб выплаце доўгу за калье9. Згаданы сказ замінаў бы аўтару вінаваціць Абрантовіча ў тым, што ён схаваў ад княгіні гэты доўг.

Пасьля высьвятленьня справы з княгіняй ні ў каго не засталося сумневаў у справядлівасьці а.Абрантовіча. У красавіку 1928 г. Хвецька напісаў да кс.Фабіяна ліст, у якім адрокся ўсіх сваіх закідаў. Хаця праз год а.Хвецька яшчэ спрабаваў нагаворваць на а.Фабіяна і ў друйскім кляштары, і ў колах касьцельнай гіерархіі. Гэта вывела а.Фабіяна зь цярпеньня, і ён паабяцаў падаць на Хвецьку ў кананічны суд, а ў якасьці сьведкаў запрасіць біскупа Лазінскага, мітрапаліта Андрэя і княгіню10.

У сваім артыкуле а.Надсан вельмі дзіўна прадставіў справу законнага запавету а.Фабіяна. Напісаць запавет, паводле аўтара, а.Абрантовіча прымусіў неспакой, выкліканы кс.Хвецькам, і ўчыніў ён гэта дзеля таго, каб хутка забясьпечыць грошы марыянам. Падобныя запаветы (Testamentum) пісалі і пішуць усе манахі перад сваімі законнымі шлюбамі. Гэта фармальнасьць, якая выконваецца згодна з канстытуцыямі ва ўсіх каталіцкіх ордэнах. Аднак, пакуль жывы аўтар запавету, ня можа быць і мовы пра наступствы, у ім прадбачаныя. Цьвердзіць, што сваім запаветам а.Абрантовіч перадаў скарб Магдалены Радзівіл марыянам і пазбыўся прэтэнзіяў кс.Хвецькі, проста сьмешна.

Дарэчы, да княгіні Радзівіл зьвярталіся і іншыя ахвотнікі скарыстацца ейнай фундацыяй, у тым ліку і сьвятар Окала-Кулак, аднак Магдалена адказвала адмоўна, спадзеючыся, што грошы знайшлі варты ўжытак у Друі11.

Пасля “інцыдэнту з калье” княгіня ня толькі надалей захавала добрыя адносіны з а.Абрантовічам і а.Цікотам (тагачасным ігуменам Друйскага кляштару), але і грашова падтрымлівала дзейнасьць марыянаў у Друі. Неаднойчы ў сваіх лістах да Цікоты Магдалена Радзівіл пісала, што адчувае дакоры сумленьня, бо ў такі крытычны момант для Бацькаўшчыны жыве на чужыне і вельмі мала ёй дапамагае12.

У 1928 г. а.Абрантовіч быў прызначаны адміністратарам для грэка-каталікоў Расеі. Незадоўга да ягонага ад’езду ў Харбін адносіны княгіні да марыянаў у Друі пачалі зьмяняцца. Усё часьцей і часьцей у сваіх лістах яна стала выказваць незадавальненьне. Ня дужа падабалася княгіні, што ў часопісе, які выходзіў у Друі, друкаваліся габрэі, без асаблівага аптымізму яна ставілася да выкладчыцкага кантынгенту гімназіі, але больш за ўсё Магдалена чамусьці не залюбіла Друйскага кляштару сёстраў эўхарыстак, якім апекаваліся марыяне.

Калі а.Надсан, спасылаючыся на ліст Цікоты ад 27 красавіка 1928 г., піша: «...забраўшы ад княгіні ўсё, айцы Абрантовіч і Цікота хацелі выцягнуць ад яе яшчэ больш», ён мае на ўвазе просьбы а.Андрэя. Першая тычылася выданьня «Гісторыі Беларусі» а.Гадлеўскага. Княгіня адмовіла: «Гісторыя — гэта прадмет, які залежыць ад погляду аўтара… я ўпэўнена, што а.Гадлеўскі і я не глядзім на яе з аднаго пункту гледжаньня». Яшчэ а.Андрэй прасіў княгіню дапамагчы сёстрам эўхарысткам. Магдалена выказала сваё меркаваньне на гэты конт вельмі карэктна: «Што датычыць жаночага кляштару, то магчыма ён і стане калісьці ўпрыгожаньнем Царквы, але ўсё гэта музыка будучыні. Я ж жадаю дапамагаць кангрэгацыям, якія ўжо існуюць па 80 год і выдаюць багатыя плёны» 13.

Княгіня, дапускаючы магчымасьць, што айцы марыяне выкарыстоўваюць ейныя грошы і на гэтыя справы, у наступных лістах стала больш выразна выказваць незадаволенасьць. Гэтак, да а.Фабіяна яна пісала: «Як жа ня страціць галавы вясковай дзеўцы (wiejska dziwka), ня толькі перамененай у “Хрыстовую Нявесту”, але да таго ж яшчэ пакліканай, каб іншых вучыць і фармаваць, а гэта ўсё без збавеннага навіцыяту пад кіраўніцтвам дасьведчанай асобы, у асяродзьдзі іншых, з тым жа прывілеем, што і яна (дзевак) ...А. Цікота, сам будучы толькі некалькі дзён законьнікам у новаўваскрослым Ордэне, адкуль можа мець досьвед на самавольнае стварэньне кляштару, без устаноўленых рэгулаў, у краіне, дзе ад соцень год ніхто законьніц і ня бачыў» 14.

Натуральна, што княгіня Радзівіл ведала пра Друю ня толькі ад айцоў марыянаў. Вакольная польская шляхта не магла прабачыць марыянам дзейнасьць спаміж «хлопаў». Аб тым, што марыяне цягнуць у кляштар “цемень”, яны крычалі ў віленскай прэсе і паведамлялі ў належныя органы ўлады.

Свае меркаваньні аб “сьвятарскім паходжаньні” княгіня выказала генэралу Ордэну айцоў марыянаў біскупу Ф.Бучысу: «На чале духоўных сэмінарыяў (у значэньні — супольнасьцяў) ужо шмат год знаходзяцца сьвятары халопскага паходжаньня, а ва ўсім былым Расійскім Царстве халопы паказалі, якое іхнае паняцьце аб пачцівасьці» 15.

У студзені 1931 г. у сувязі з эканамічным банкруцтвам княгіня адмаўляецца матэрыяльна падтрымліваць Друю грашыма:

«Большасьць усяго, што я мела, знаходзіцца ў бальшавікоў... Тую драбніцу, што маю ў Польшчы, яшчэ зьменшылі праз падаткі, дары для Бацькаўшчыны, рэквізыцыі, і, што яшчэ горш, празь несумленную адміністрацыю… А тое, што маю з даходаў, пасьля адлічэньня працэнтаў за даўгі, выплаты пэнсій старым працаўнікам альбо іхным удовам хапае мне толькі на вельмі сьціплае жыцьцё ў кляштары на вёсцы. Таму больш прашу ад мяне нічога не спадзявацца, бо нічога больш даць не магу». Ліставаньне паміж княгіняй і а.Цікотам доўжылася далей. А.Андрэй аж да 1932 г. ня ведаў, што з пачатку 1930-га паміж княгіняй і марыянамі ў Польшчы ішла зацятая вайна. Надсан бачыць асноўнай прычынай канфлікту толькі “таямніцу калье”, якая была толькі няўдалым фіналам прыкрай і добра вядомай марыянам гісторыі.

На пачатку мінулага стагодзьдзя княгіня Магдалена фундавала ў Варшаве на вуліцы Манюшкі касьцёл Дзіцяткі Езуса і адпаведныя будынкі для душпастырства каталікоў «літоўскага паходжаньня». У 1915 г. арцыбіскуп Какоўскі паведаміў княгіні Радзівіл, што забараняе ў сваёй япархіі асобнае душпастырства нацыянальных меншасьцяў. Працу ў гэтым касьцёле ярарх прапанаваў айцам марыянам. А паколькі тады пераважная большасьць марыянскіх святароў мела літоўскае паходжаньне, сытуацыя мала зьмянілася. Аднак пасьля радыкальных зьменаў ва ўнутранай палітыцы Польшчы на пачатку 30-х і зьяўленьнем у варшаўскай парафіі сьвятароў-палякаў захаваць літоўскі характар душпастырства было немагчыма16.

Княгіня Радзівіл, ведаючы, што ня можа паўплываць у гэтай справе на варшаўскага біскупа, пачала высьвятляць адносіны з тагачасным генэралам Ордэну айцоў марыянаў біскупам Язэпам Сіповічам, раз-пораз нагадваючы яму, што ягоныя духовыя сыны жывуць у ейных памяшканьнях (прыкасьцельныя збудаваньні былі ўласнасьцю Магдалены).

Генэрал Бучыс у шматлікіх і доўгіх лістах тлумачыў, што ейныя прэтэнзіі да марыянаў ня маюць падставаў, што ў Польскай дзяржаве існуе Канстытуцыя і Канкардат з Рымам, які рэгулюе справу мовы ў сьвятынях, але ўсё было дарэмна. Бучыс афіцыйна зьвяртаўся да варшаўскага біскупа ў справе душпастырства літоўцаў пры касьцёле Дзіцяткі Езуса, але атрымаў адмову.

Княгіня ня думала адступацца і, каб крануць зацьвярдзелыя сэрцы марыянаў, згадала пра даўнюю крыўду ад кс.Абрантовіча. Біскуп Бучыс ня ведаў раней гэтай справы і акрэсьліў паводзіны а.Фабіяна адным сказам: «Учынак кс.Абрантовіча, які пані мне апісала ў лісьце з дня 15 б.м., сапраўды годны наганы». Княгіня зразумела, што генэрал хоча высьвятляць справу, і хуткім лістом пасьпяшалася яго ўлагодзіць: «Прашу ні аб чым не пісаць а.Абрантовічу пра тое, што ў апошнім лісьце я данесла. Ніколі я да яго слова папроку не прамовіла і жалю да яго ніякага ня маю» 17.

Расчараваная ў марыянах, княгіня абяцае айцу Бучысу прымусіць ягоны Ордэн пакінуць парафію Дзіцяткі Езуса праз пасярэдніцтва Лігі Нацыяў, дзе ў сакратарыяце працавала братавая княгіні Габрыела Радзівіл. Гэтая міжнародная арганізацыя атрымала ад Магдалены яшчэ цяжэйшае заданьне, чым марыяне. Мела яна знайсьці манаскі ордэн, паводле законаў якога пасаду генэрала ня можа займаць паляк18.

Пасьля доўгіх безвыніковых спрэчак з марыянамі, расчараваная гіерархіяй Касьцёлу і Лігай Нацыяў, пасьля кансультацыі (паводле яе словаў) з “мудрымі айцамі зь іншых шляхетных ордэнаў”, Магдалена Радзівіл кідае на шалі апошняе сваё патрабаваньне: вярнуць укладзеныя ў Друю грошы, галоўным чынам, выручаныя за калье.

Тое, што княгіня нічога ня ведала аб звароце доўгу а.Цікоту Пінскай курыяй, — чарговая няпраўда з артыкулу а.Надсана. Пра тое, што Цікота нічога не казаў княгіні аб прынятым доўгу, яна напісала толькі аднойчы біскупу Лазінскаму, адказваючы на падзяку за дапамогу ў адбудове сэмінарыі. Лазінскі адначасова выслаў апошнюю суму доўгу а.Цікоту ў Друю і падзяку княгіні ў Нямеччыну, якую Магдалена атрымала хутчэй за паведамленьне ад а.Цікоты аб сплачаным доўгу. Пра гэта яна даведалася ў часе сустрэчы з а.Цікотам у Нямеччыне, пра што апошні паведамляе ў лісьце, паўтараючы, паводле тагачасных этыкетных нормаў, вядомыя княгіні рэчы: «…курыя ў Пінску ў першым месяцы 1931 году была ласкавай выплаціць доўг, … атрыманы за дар Найшаноўнейшай. Хаця, калі я асабіста быў у Годэсбэргу, інфармаваў Княгіню Пані, як гэтымі грашыма распараджаюся, сёньня яшчэ раз хачу цьвердзіць, што аб ейнай волі памятаю» 19.

У гэтым лісьце, як у папярэдніх, а.Цікота падрабязна расказвае княгіні пра Друю, рамонты, пра тое, што ў Рыме вучацца пяць беларускіх сэмінарыстаў.

У 1932 г. княгіня даслала а.Андрэю ліст, дзе назвала яго ашуканцам. А.Надсан цытуе яго ў сваім матэрыяле і называе “апошнім дакумэнтам сумнай гісторыі”. Пытаньняў паўстае вельмі шмат. Чаму княгіня, якая ў шматлікіх лістах даказвала а.Бучысу, што Ордэн павінен вярнуць ёй грошы, ніколі не напісала пра гэта ні а.Цікоту, ні а.Абрантовічу? Ці ня дзіўна, што марыяне ў Рыме на генэральнай капітуле разглядаюць справу даўгоў Ордэну Магдалене Радзівіл, а Цікота ў той час піша поўныя падзякі лісты Княгіні Пані? Чаму Магдалена Радзівіл піша а.Цікоту ліст з абвінавачаньнямі ў апошнюю чаргу, калі той зьяўляецца “першым злодзеем”? Урэшце, чаму княгіня ставіць Цікоту перад фактам толькі пасьля таго, як афіцыйны ўрад Ордэну ў Рыме адмовіўся вяртаць фундацыю на падставе кананічнага права і дарчага акту, пра які шмат разоў безвынікова спрабуе нагадаць княгіні Бучыс.

На той момант, калі княгіня пісала ліст да а.Цікоты, ёй, вядома, ужо не прыходзілі на думку ўласныя словы, якімі яна ў свой час ацаніла дапамогу а.Фабіяна Пінску: «…праца ці дабрачыннасьць для веры… зьяўляецца добрым учынкам і можа выпрасіць блаславеньне на край, нашаму сэрцу больш блізкі. Калі сэмінарыя ў Пінску… спрычыніцца да ўздыму лацінскага духавенства на Беларусі, то тым самым можа праваслаўных ва ўлоньне Сапраўднага Касьцёлу прывесьці, але прыходзяць такія хвіліны, калі за лацінскім ксяндзом я бачу фанатыка-паляка, прашу мне гэта выбачыць» 20.

Няпраўда і тое, што ліст княгіні да а.Цікоты быў апошнім. У сакавіку таго ж 1932 г., а.Цікота піша да княгіні: «Надмер працы не дазволіў мне дагэтуль адказаць на ліст Княгіні Пані і пераслаць ёй адпісы ейных даўніх лістоў, зь якіх яўна вынікае, што ані кс.Абрантовіч, ані я, не заслужылі на пастаўленыя нам закіды. Але адчуваю, што зраблю гэта лепш, калі сам стану парад Княгіняй Пані, як толькі надарыцца на гэта момант» 21. Далей а.Цікота расьпісвае самыя розныя магчымасьці сустрэчы, зь якіх, на жаль, княгіня не пажадала скарыстаць.

 

* * *

А.Надсан назваў гэтую гісторыю сумнай. Сумнай яна была і для мяне, калі чытаў пра “амаральнасьць” нашых айцоў, пра іхную хлусьлівасьць, а зусім сумнай яна сталася тады, калі заўважыў, як зь іхных лістоў зьнікаюць радкі, як замоўчваюцца некаторыя лісты, як коштам “кананізацыі” адных у нягоднасьць зрынутая высакароднасьць іншых.

Магчыма, уся гэтая сумная гісторыя выглядала б зусім інакш, каб 80-гадовая княгіня жыла ў той час не за мяжой, а на радзіме, ня маючы апекі “мудрых дарадцаў зь іншых пачэсных ордэнаў”.

Ня ведаю, ці можна гісторыю марыянаў у Друі скончыць сказам: «А марыянаў у Друі і сьлед прастыў, як быццам нічога там беларускага ніколі і не бывала», як гэта чыніць а.Аляксандар.

Ці праца айцоў марыянаў у Харбіне — гэта не працяг яе? А сьмерць а.Абрантовіча ад катаваньняў у Бутырскай вязьніцы, гібель а.Цікоты ў Тайшэцкім лягэры, блуканьні шматлікіх марыянаў-беларусаў па бараках Сыбіры, Казахстану, Чукоткі — ці ўсё гэта не балючы працяг нашай беларускай Друі? Ці з гісторыі Друйскага кляштару магчыма выкрасьліць лютую сьмерць айцоў Кашыры і Ляшчэвіча — сёньня сьвятых нашай зямлі? Ды ці магчымай была б сёньняшняя місія ў Лёндане, каб у свой час Друя не ўзгадавала айцоў Часлава Сіповіча, Язэпа Германовіча, Тамаша Падзяву, Францішка Апячонка?

Ня споўніліся прароцтвы княгіні Радзівіл і адносна сёстраў эўхарыстак. Гэтыя “вясковыя дзеўкі” сапраўды страцілі галаву, але не ад пыхі, а ад гора, калі, застаўшыся на вялікіх прасторах Беларусі адзіным жаночым Ордэнам, узялі на свае плечы надмерны цяжар, несьлі ў нялюдзкі час праўду Хрыста ў спусьцелыя безь сьвятароў і касьцёлаў прыходы.

Пра гісторыю хрысьціянства ў Беларусі вельмі цяжка пісаць — сумная яна і балючая. Яшчэ больш сумнаю робіцца тады, калі на яе няшчыра пасягаюць. Тым ня менш, даказвае гэта сумная і даволі заблытаная гісторыя непахісны і моцны для беларусаў пастулят: жыць для нашай Радзімы заўсёды было лягчэй за мяжой, бо тыя, што там жылі і жывуць, лепей ад нас бачаць, як тут трэба працаваць, маліцца і змагацца.

Вячаслаў Пялінак,
марыянін (МІС)


Спасылкі і заўвагі:

1 Абрантовіч Фабіян да Радзівіл Магдалены 1927.3.12 Даст. Полон. Ф.1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

2 Тамсама.

3 Абрантовіч Фабіян да Хвецькі Лукіяна 1927.3.14 Дакт. эт Мс. Полон 1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

4 Абрантовіч Фабіян да Радзівіл Магдалены 1927.3.12 Даст. Полон. Ф.1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

5 Абрантовіч Фабіян да Хвецькі Лукіяна 1927.3.26 Дакт. Полон 1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

6 Абрантовіч Фабіян да Хвецькі Лукіяна 1927.3.14 Дакт. эт Мс. Полон 1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

7 Тамсама.

8 Абрантовіч Фабіян да Хвецькі Лукіяна 1927.3.20 Дакт. Полон Ф.1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

9 Абрантовіч Фабіян да Радзівіл Магдалены 1927.3.12 Даст. Полон. Ф.1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым

10 Абрантовіч Фабіян да Хвецькі Лукіяна 1927.5.12 Дакт. эт Мс. Полон 1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

11 Радзівіл Магдалена да Абрантовіча Фабіяна 1928.4.25 Мс.Пол. Ф.2, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

12 Радзівіл Магдалена да Цікоты Андрэя 1928?7.21. Мс. Пол. Ф.4, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

13 Радзівіл Магдалена да Цікоты Андрэя ?8.13. Мс. Пол. Ф.2, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

14 Радзівіл Магдалена да Абрантовіча Фабіяна 1928.4.25 Мс.Пол. Ф.2, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

15 Радзівіл Магдалена да Францішка Бучыса 1930.04.22 Мс. Полон. Ф.1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

16 Радзівіл Магдалена да Францішка Бучыса 1930.03.21 Мс. Полон. Ф.4, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

17 Тамсама.

18 Тамсама.

19 Цікота Андрэй да Радзівіл Магдалены 1932.1.5 Мс. Пол. Ф.3, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

20 Радзівіл Магдалена да Абрантовіча Фабіяна 1928.5.18 Мс.Пол. Ф.2, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.

21 Цікота Андрэй да Радзівіл Магдалены 1932.3 28 Мс. Пол. Ф.1, у: Генэральны Архіў а.Марыянаў, Рым.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0