БІБЛІЯТЭКА

 

Працяг археалёгіі

Археалёгія Беларусі. У 4 т. Т. 3. Сярэднявечны пэрыяд (ІХ–ХІІІ стст.) / Я.Зьвяруга, Т.Каробушкіна, П.Лысенка, Г.Штыхаў; Навук. рэд. П.Лысенка. — Мн.: «Беларуская Навука», 2000, 554 с.: іл. ISBN 985-08-00321-5

 

Праект выданьня энцыкляпэдыі “Археалёгія Беларусі” пасьпяхова перасёк экватар, і вось маем ужо трэці том, нават таміну – каля 550 старонак.

Ёсьць пэўныя адрозьненьні ад папярэдніх выпускаў: шмат новага археалягічнага матэрыялу, зьявіліся гістарычныя нарысы пра гарады (паводле летапісаў), даведкавы апарат дасягнуў эўрапейскага ўзроўню: ёсьць рэзюмэ па-ангельску і па-расейску, сьпіс літаратуры, паказьнікі імёнаў і геаграфічных назваў. Акрамя таго, колькасьць аўтараў скарацілася з 7 да 4, а чым менш аўтараў, тым кніга лепшая.

У новым выпуску праглядаецца пасьляваенная беларуская традыцыя, згодна зь якой археоляг можа публікаваць толькі той матэрыял, які “накапаў” сам. Праца папярэднікаў і калегаў звычайна ня ўлічваецца, каб не сказаць — замоўчваецца.

Дык што засталося за бортам кнігі? Ня ўлічаныя матэрыялы папросту нацыянальнага значэньня. Калі да вайны раскопвалі Давыд-Гарадок, былі знойдзеныя рэшткі драўлянай царквы з пахаваньнямі ў дубовых саркафагах. Сярод іх былі княскія: нябожчыкі мелі пры сабе драўляныя булавы – сымбалі княскай улады. На жаль, цяпер яны вядомыя толькі па фатаздымках (якім таксама не знайшлося месца ў гэтай кнізе). Полацкія княскія пахаваньні былі адкрытыя ў 1970-х у мураванай прыбудове да Сафійскага сабору. Што там было менавіта, куды дзеліся тыя матэрыялы – невядома. Ніякіх падрабязнасьцяў пра гэтыя знаходкі “Археалёгія Беларусі” не падае.

Археалёгія – гэта перш за ўсё рэчазнаўства, крыніца сыравіны для гісторыі. Але часта археолягі намагаюцца выйсьці за межы сваёй навукі і выступіць у якасьці гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў. Ці патрэбна было гэта рабіць у “Археалёгіі Беларусі” – спрэчнае пытаньне. “Як асабісты від дробнай плястыкі можна разглядаць вісячыя пячаткі-булы”, — сьцьвярджэньне бясспрэчнае, але ў гістарычнай кнізе пячаткі лепш вызначаць як знакі пры пісьмовых дакумэнтах і крыніцу гістарычнай інфармацыі. Або зьвесткі пра надпісы на мурах наяўных на сёньня цэркваў? Гэта – не археалёгія, бо яны не ў зямлі. Як і прыгаданыя тры полацкія рукапісы ХІІ-XIV ст. І славуты крыж Эўфрасіньні Полацкай аўтары не адважыліся праігнараваць, хоць і адвялі яму менш месца, чым у папярэдніх “Очерках”.

У кнізе не стае сапраўднай археалягічнай “кухні”, выкладу мэтодыкі, некуды зьнікла дэндрахраналёгія, хімічныя аналізы і г.д. Відаць, не хапіла “друкарскіх плошчаў”.

Што ў кнізе ўпершыню, дык гэта пляны важных помнікаў (Менск на Менцы, Менск на Сьвіслачы), апісаньне і малюнкі важных комплексаў (Ізьбішча). Матэрыял у асноўным стары, але сабраны зручна – пад адной вокладкай і з падрабязнымі адсыламі да іншых працаў (акрамя найноўшых, хоць у тэксьце яны прыгадваюцца). Няма агульных картаў па археалёгіі Беларусі – гэта традыцыйная хіба нашых выданьняў. Але й тое, што ёсьць, ня толькі прафэсіянала, але й аматара археалёгіі прымусіць набыць кнігу. А вось гісторыка — наўрад ці.

Валеры Пазьнякоў

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Мітрафан Доўнар-Запольскі: Бібліяграфічны паказальнік / Укл. В.Скалабан ды інш. – Менск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2001. – 120 с. – Наклад 150 ас. ISBN 985-6557-18-6

У кнігу ўвайшлі храналягічны паказьнік друкаваных працаў М.Доўнар-Запольскага, сьпіс літаратуры пра жыцьцё, дзейнасьць і творчую спадчыну гісторыка. У дадатку зьмешчаны пералік архіўных фондаў, у якіх захоўваюцца дакумэнты пра М.Доўнар-Запольскага й успаміны М.Улашчыка пра свайго настаўніка. Кніга выдадзеная з дапамогаю Рэчыцкага гарвыканкаму.

Працы катэдры гісторыі беларускае літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту: Навуковы зборнік: Вып. 1 / Укл. М.Хаўстовіч. – Менск, 2001. – 100 с. – Наклад 100 ас. ISBN 985-6299-79-9

Беларуская лінгвістыка: Выпуск 50 / Нац. акадэмія навук Беларусі: Ін-т мовазнаўства; Рэд. калегія: А.Падлужны (адк. рэд.) ды інш. – Менск: Беларуская навука, 2001. – 96 с. – Наклад 300 ас. ISBN 985-08-0422-Х

У 50 выпуску “Беларускае лінгвістыкі” варта вылучыць артыкулы: В.Курцовай пра кнігу П.Бузука “Спроба лінгвістычнае геаграфіі Беларусі” (Менск, 1928) і дасьледзіны Г.Арашонкавай пра норму й варыянтнасьць формаў роднага склону назоўнікаў. Каштуе 2,5 т.р.

В.Бірукова, У.Крук, А.Міхальчанка. Што, дзе, калі на Беларусі ў 2001 г.: Каляндар знамянальных і памятных дат. – Менск: ЗАТ “Бонэм”, 2001. – 16 с. – Наклад 3000 ас.

Гарады Беларусі на старых паштоўках: Альбом / Аўт. тэксту й укл. В.Целеш / Бел. і анг. мовамі. – 2-е выд. – Менск: Беларусь, 2001. – 256 с. – Наклад 3000 ас. ISBN 985-01-0353-1

Сабраны выявы беларускіх местаў і мястэчак на паштоўках к. ХІХ – пач. ХХ ст. Кніга цудоўна аздобленая і вельмі хутка раскупляецца. Каштуе 3,2 т.р.

П.Місько. Ружовыя ліўні: Вершы. – Менск: Мастацкая літаратура, 2001. – 142 с. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-02-0089-0

Павал Місько, больш вядомы як дзіцячы пісьменьнік, у новай кнізе паэзіі разважае пра месца й ролю беларуса-інтэлігента ў сваёй краіне. Каштуе 600 р.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0