Прэзыдэнт — 2001

Уласныя вочы пільней за ўсім сочаць

Грамадзкія арганізацыі стварылі сетку назіральнікаў за выбарамі

 

У Асамблеі няўрадавых арганізацыяў 14 сакавіка была прэзэнтаваная новая грамадзянская ініцыятыва — “Незалежны погляд”. Ейная галоўная задача — стварэньне “незалежнай непартыйнай сыстэмы назіраньня за выбарамі”. Недзяржаўныя арганізацыі зьбіраюцца падрыхтаваць 10 тысячаў назіральнікаў. Яшчэ 4 тысячы рыхтуе Каардынацыйная Рада па назіраньні за выбарамі, якую ўзначальвае Мечыслаў Грыб.

На мінулым тыдні “Незалежны погляд” распачаў маніторынг сытуацыі вакол правядзеньня выбараў. Ягоны Цэнтральны “штаб” месьціцца ў сядзібе ТБМ. Ахвотныя стаць назіральнікамі могуць зьвяртацца па тэлефонах у Менску:

213-43-52, 231-08-44 (“Незалежны погляд” Асамблеі НДА),

252-03-72 (Каардынацыйная Рада па назіраньні за выбарамі М.Грыба).

Т.С.

 

меркаваньне экспэрта

Як вы ацэньваеце ход перадвыбарнае кампаніі на мінулым тыдні?

Вацлаў Арэшка, гісторык культуры:

Рэальна могуць быць толькі два кандыдаты — ад “залежніцкае” й “незалежніцкае” партыі.

З аднаго боку гэта Лукашэнка, зь іншага — як бы там ні абмяркоўвалі — усё адно будзе Домаш. Усе астатнія кандыдаты — “ад лукавага”. Што датычыць Домаша, ён вельмі стрымана й паступова вядзе кампанію інфармаваньня грамадзтва пра сваю асобу. Гэта правільна, бо найбольшая небясьпека для Домаша сёньня — адсутнасьць інфармацыі пра яго. Нават лукашэнкаўская прапаганда асабліва да Домаша не чапляецца, бо антыкампанія — тая самая кампанія. Таму Лукашэнка раскручвае сваіх умоўных апанэнтаў — Ганчара, Ганчарыка, Казлоўскага, зараз вось выскачыў Сініцын. Усё гэта кандыдаты Лукашэнкі, як бы яны ні называліся, як бы ні думалі самі пра сябе. Іх раскручваюць толькі для таго, каб размазаць электаральнае поле. За апошні тыдзень самаю цікаваю падзеяй было выскокваньне Сініцына. Ён адразу выставіў кучу прапановаў, якія, на першы погляд, выглядаюць вельмі прыстойна й дэмакратычна, але, калі іх пачытаеш уважліва, робіцца зразумела, што гэта чыстая правакацыя — за сініцынскімі заявамі не стаіць нічога канкрэтнага, акрамя прапановы правесьці выбары 15 ліпеня, у разгар дачна-вакацыйнага сэзону. Калі казаць пра будучыню, цікаваю й важнаю падзеяй можа стацца аб’ява пра ўдзел Пазьняка ў выбарах. Гэта было б слушнае рашэньне. Кампанія Зянона будзе, ясная рэч, беспасьпяховаю, але зможа задаць маральную планку выбарам. Будзе добра, калі нехта будзе спрабаваць казаць праўду, а ня толькі абяцаць. КРДС павінна таксама зрабіць моцны крок, бо калі да канца сакавіка яна ня вызначыцца з адзіным кандыдатам, дык канчаткова ператворыцца ў анэкдатычную арганізацыю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0