Яны ня любяць Мікі-Маўса

Зразумець талібаў

Талібы разбурылі ўсе скульптурныя выявы жывых істотаў, якія, на іх думку, ёсьць стодамі, у тым ліку баміянскія статуі Буды. Гэтых Будаў пачалі бурыць яшчэ арабскія заваёўнікі ў VII ст., іх працу працягваў Тамэрлан. Засталіся на статуях і “аўтографы” савецкіх жаўнераў. І вось — ажыцьцявілася. Паводле фэтвы эміра Амара зьнішчэньню падлягаюць таксама старажытнагрэцкія, будысцкія і індуісцкія статуі з музэяў.

 

Абшар, на якім сёньня месьцяцца паўночныя штаты Індыі, усходнія правінцыі Ірану, Аўганістан і некаторыя іншыя тэрыторыі, мае фантастычна багатае мінулае. Гэтыя землі зьяўляюцца, напрыклад, магчымай прарадзімай нашых далекіх продкаў — арыйскіх плямёнаў (“Іран”, дарэчы, перакладаецца, як “краіна арыяў”). Аўганістан колькі вякоў быў культурным цэнтрам сьвету. Тамтэйшыя дзяржавы (найбольшая зь іх — Кушанскае царства) мелі стасункі з Рымскай імпэрыяй, Кітаем, Індыяй, Грэцыяй. Менавіта ў Аўганістане арыйцы заснавалі свой першы горад — Бахдзі (сяньняшні Балх), што ў сваёй велічыні супернічаў з Нінэвіяй і Бабілёнам і які арабскія гісторыкі назвалі “умул-балад” — “маці гарадоў”.

Будызм прыйшоў у гэты край у ІІІ ст. да н. э. на загад імпэратара Ашокі. Недзе тут побач зь некаторымі дактрынамі індуізму ўзьнік славуты тантрызм. Менавіта зь земляў сяньняшняга Аўганістану і Сярэдняй Азіі будызм пайшоў у Кітай, Карэю, Японію. Славуты Баміян у І—ІІ ст. н.э. быў значным будысцкім духоўным цэнтрам. Чынгізхан зруйнаваў яго, пасьля таго як пры ўзяцьці яго загінуў блізкі сваяк Чынгіза.

Аўганцаў з 652 г. ісламізавалі арабы, і хаця з канца І-га тысячагодзьдзя іслам запанаваў на гэтых землях, адна з правінцыяў краіны, Кафірыстан, была ісламізавана толькі ў другой палове ХІХ ст.

Зьнішчэньні статуяў узрушылі сьвет больш, чым што. А між тым гэта досыць натуральны крок для руху накшталт Талібану. Талібы прыйшлі, каб перарабляць. Існуе паданьне пра тое, як заснавальніку руху, малну Амару быў сон, у якім прарок Магамет абвесьціў Кабул асуджаным, патанулым у грахох местам ды заклікаў сабраць студэнтаў мэдрэсэ, каб змагацца супраць грэшнікаў. Так Амар і зрабіў. Ён назьбіраў студэнтаў, найперш сіротаў-ахвяраў вайны з саветамі, якіх партызаны аддалі некалі на выхаваньне малнам у памежныя пакістанскія вёскі, дый пачаў дзейнічаць, як гэткі абаронца абяздоленых.

Змораныя вайной аўганцы ахвотна далучаліся да талібаў. Існавала легенда, што аднавокі галава руху — гэта цудам ацалелы колішні прэзыдэнт Амін, забойства якога стала пачаткам аўганскае трагедыі. Урэшце талібы ўзялі Кабул і пачалі па ўласным разуменьні “ісламізаваць” краіну. Літаральна тлумачачы Кур’ан, яны вешаюць тэлевізары і караюць жанчынаў, што зьяўляюцца на вуліцах без суправаджэньня родных. Трэба сказаць, што дзеяньні талібаў не зьяўляліся для іх саміх нечым незвычайным, бо такія парадкі — абыдзёншчына для пуштунскай часткі краіны (бальшыня талібаў — пуштуны). Але на таджыцкай поўначы ўсё інакш, і суворыя талібскія парадкі, заснаваныя на літаральным тлумачэньні Сьвятой Кнігі і пуштунскім маральным кодэксе Паштунвалі, не знаходзілі разуменьня.

Непаразуменьні паміж пуштунскай (60—65%) і таджыцкай (20—25%) часткамі насельніцтва Аўганістану працінаюць усю гісторыю краіны. Таджыкаў менш, але ўзровень разьвіцьця іхнай часткі краіны вышэйшы, чым у пуштунаў. Яны зьяўляюцца прарасейскай і праіранскай сілай ды доўгі час дамінавалі ў кіраўніцтве краінай. Так, пушту стаў дзяржаўнай мовай нароўні з таджыцкай мовай дары толькі ў 1936 г., але так і заставаўся другаснай, неабавязковай гаворкай. Пуштуны не адчувалі, што аўганская дзяржава — іхная. Да таго ж праз каляніяльныя падзелы 490 тыс. кв. км тэрыторыі Пуштуністану (як дзьве з паловай Беларусі) і трэць пуштунаў апынуліся па-за межамі Аўганістану — у Пакістане і, крыху, Іране. Аўганцы гістарычна прэтэндавалі на пуштунскія землі суседняга Пакістану, а таксама на Балуджыстан і выхад да мора, адабраны ў Аўганістану Брытанскай імпэрыяй у 1876 г. З гэтых прычынаў Кабул нават спрабаваў перашкодзіць уступленьню Пакістану ў ААН. У адказ Пакістан тэарэтычна мог паспрыяць пуштунам Аўганістану стварыць пуштунскую дзяржаву, але практычна гэта пагражала яму самому аддзяленьнем паўночных правінцыяў. Можна лічыць гэта яшчэ адной прычынай падтрымкі Пакістанам пуштунскага Талібану.

Ці можна зразумець талібаў? Ці можна зразумець іншых мусульманаў, што ціснуцца на хадж у Мэкку, хоць у гэтай цісканіне штогод гінуць дзясяткі, а то й тысячы людзей? З пункту гледжаньня сьвецкае лёгікі сучаснага эўрапейца — не. Для нас паняцьце культурнае вартасьці — статуі — абсалютнае. Тады як рэлігійны запал — ужо адносны. Але калі згадаем, як эўрапейскія пратэстанты ўсяго чатыры стагодзьдзі таму палілі абразы?.. З таго фанатызму паўстала цэлая пратэстанцкая цывілізацыя, без дэмакратызму і этыкі працы якой было б немагчымае сучаснае грамадзтва. Мо і з талібскага фундамэнталізму народзіцца нешта новае і важнае для чалавецтва?

Мы з талібамі жывем па розных календарох, таму й не разумеем падзеяў у Кабуле ды Баміяне. У аўторак аўганцы, як і іншыя мусульмане, сустрэлі новы 1380 год...

Сяргей Радштэйн

* Артаграфія некаторых словаў зьменена мною ў адпаведнасьці з пісьмовай традыцыяй беларускіх мусульманаў, зручнай для трансьлітарацыі словаў з моваў, што карыстаюцца арабска-пэрсыдзкай графікай і якая патрабуе чытаньня літары “гайя-гаваз” арабска-пэрсідзкае абэцэды як “г”. Адпаведна не “маджахеды”, а “маджагеды” і г.д.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0