З усёй краіны

 

 У пралёце

23 сакавіка маладафронтаўцы на чале з Паўлам Севярынцам правялі акцыю пад файным слоганам «Лукашэнка ў пралёце». Яны зьявіліся ля будынку прэзыдэнцкай адміністрацыі з рознакаляровымі балёнікамі. На самым вялікім былі намаляваныя пазнавальныя вусы й чуб.

Да Дня мэтэароляга Малады Фронт падрыхтаваў гумарыстычны прагноз палітычнага надвор’я на вясну–восень 2001 году. Так, на 25 сакавіка ён абяцаў дэманстрацыі, месцамі АМОН, сабакі й бранетэхніку; уранку — замаразкі, удзень — адмарозкі. Увесну на ўсёй тэрыторыі рэспублікі — магутны Малады Фронт са шквальнымі маніфэстацыямі. Да пачатку восені стан палітычнага надвор’я будзе вызначаць моцны Вецер Пераменаў. У дзень выбараў чакаюцца масавыя фальсыфікацыі й парушэньні заканадаўства. Рэзкія парывы тэлефонных лініяў у офісах апазыцыйных партыяў будуць спалучацца з праліўной хлусьнёй афіцыйнага тэлеканалу. Завершыцца восень, на думку маладафронтаўцаў, 100-тысячнымі маніфэстацыямі, а бліжэй да зімы ўсе «Дразды» палятуць у вырай — у Афрыку ці ў Паўночную Карэю.

«Паводле нашых прагнозаў, Лукашэнка на сёлетніх выбарах «у пралёце», — сказаў Севярынец. — Каб спраўдзіць, наколькі моцна, зь якім адрывам ад дэмакратычнага кандыдата, мы й запускаем гэты зонд». З гэтым балёнік і падняўся ў паветра. Набеглі супрацоўнікі службы аховы прэзыдэнта й міліцыянты, але затрымаць ім удалося толькі Севярынца. Яго завезьлі ў пастарунак і праз паўтары гадзіны адпусьцілі.

Б.Т.

 

Памятаюць Каліноўскіх

У Сьвіслачы тутэйшыя актывісты ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага — брата Кастуся. Наведалі яны і Якушоўку, дзе была сядзіба Каліноўскіх.

Сяргей Краўцоў, Горадня

 

Беспрацоўныя правінцыялы

Першыя веснавыя дні не прынесьлі асаблівай радасьці на Астравеччыне. У бліжэйшыя дні ў арганізацыях пройдуць скарачэньні. Так, у аўтапарку №4 скароцяць 10 кіроўцаў, бо большасьць “МАЗаў”, якім з паўгоду няма працы, будзе разабраная. Яшчэ каля 40 чалавек скароцяць у аб’яднаньні грамадзкага харчаваньня і на гуртовай базе. Пераважна жанчын.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

 

А мог бы і стрэліць...

Жыхар Лунінца добраахвотна здаў у міліцыю зараджаны ручны супрацьтанкавы гранатамёт, паведаміўшы, што знайшоў яго ў канаве.

 

Закрылі “Лямбду”

Часопіс «Форум Лямбда» — адзінае ў Беларусі друкаванае гей-выданьне — пазбаўлены пасьведчаньня аб рэгістрацыі. Часопіс быў зарэгістраваны як навукова-папулярны, культуралягічны, але больш за год выдаваўся як эратычны, палічылі ў Дзяржкамдруку.

Мікола

навіны за тыдзень

Вітаўту – кветкі, Леніну – вянок

Сьвяточная дэманстрацыя (каля 2000 чалавек) прайшла вуліцамі Горадні. Каля Каложы адбыўся мітынг. Былі ўскладзеныя кветкі да помніка князю Вітаўту і мэмарыяльнай дошкі паўстанцам Касьцюшкі ў Новым замку. Адмыслова да Дня Волі быў падрыхтаваны вянок з калючага дроту, зь сярпом і молатам усярэдзіне, які прызначаўся помніку Леніну. Але 25 сакавіка пляц Леніна ахоўвалі 300 міліцыянтаў. Удзельнікі акцыі кінулі вянок проста ім пад ногі. Нікога не затрымалі.

Сяргей Краўцоў, Горадня

 

У Баранавічах

У Баранавічах у мітынгу ўзялі ўдзел каля 200 чалавек. Выступалі паэт Міхась Скобла і бард Зьміцер Сідаровіч. Адбыўся толькі адзін невялікі інцыдэнт – маладафронтаўца Алега Фалея падчас выступу адцягнулі ад мікрафона маёр міліцыі ў адстаўцы і пэнсіянэрка. Акцыю здымаў на відэакамеру чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам газэты «Советская Белоруссия».

 

Генэральскі зварот

Былы камандуючы Віцебскай дывізіі паветрана-дэсантавых войскаў генэрал-лейтэнант Бачароў і генэрал-маёры Вашчыла, Лук’янаў, Стрэмавус склалі зварот у абарону Васіля Быкава ды генэрала Казлоўскага, у якім заклікаюць жыхароў Беларусі ня верыць хлусьні дзяржаўных СМІ й патрабуюць ад Генэральнага пракурора распачаць справу паводле фактаў паклёпу з боку дзяржаўнага тэлебачаньня. Штуршком да зьяўленьня звароту сталіся перадачы БТ, у якіх Васіль Быкаў быў названы «літаратурным паліцаем», а Павал Казлоўскі абвінавачаны ў зьніжэньні баяздольнасьці беларускага войска.

 

Ашмянскі бунт

Кіраўнікі амаль усіх прадпрыемстваў Ашмяншчыны зьвярнуліся ў адміністрацыю Лукашэнкі з просьбай звольніць кіраўніка раёну Вітольда Кудырку. Ашмянцы незадаволеныя Кудыркам, які прыехаў у Ашмяну зь Ліды.

 

Тут будзе горад-сад!

Менгарвыканкам вырашыў забраць участак зямлі на Прывакзальнай плошчы, арэндаваны прадпрыемствам «Рэстараны «Макдональдз» тэрмінам на 39 гадоў, і перадаць яго Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту. Улады заплянавалі пабудаваць тут новы корпус БДУ і разьмясьціць у ім факультэт міжнародных зносінаў. З дня свайго адкрыцьця ў кастрычніку 1997 году рэстаран абслужыў больш за 3,5 мільёны наведнікаў. Там працуе 140 чалавек. У гэтым жа будынку кампанія здае офіс Беларускай службе Радыё Свабода.

Б.Т.

Рэпрэсіі супраць актывістаў

3 сакавіка ў Берасьці за расклейку налепак “Зубр” затрымалі няпоўнагадовых Аляксандра Стракача і Сяргея Журбілу. 6 сакавіка Крычаўскі райсуд прысудзіў штрафы рэдактару газэты “Наш Вольны Горад” Мікалаю Маторанку і газэты “Вольны горад” Сяргею Няроўнаму (50 мін. заробкаў кожнаму). 12 сакавіка на вакзале затрымалі Яўгена Лабановіча (АГП), які вёз у Маскву матэрыялы пра зьніклых беларускіх палітыкаў для паказу ў праграме НТВ. 15 сакавіка два маладафронтаўцы Руслан Харкевіч з калегам N былі затрыманыя за раздачу ўлётак-віншаваньняў з Днём канстытуцыі. 16 сакавіка ў Барысаве за арганізацыю пікету салідарнасьці з арыштаванымі “зуброўцамі” былі затрыманыя два Зьмітры — Бародка ды Фядорчанка. 19 сакавіка Валер’я Шчукіна засудзілі на 3 месяцы арышту за “незаконную спробу” патрапіць на прэс-канфэрэнцыю міністра ўнутраных справаў У.Навумава. У той жа дзень у Менску затрымалі Андрэя Сінякова за тое, што ён гаварыў зь міліцыянтам па-беларуску. 21 сакавіка быў зьбіты кіраўнік Баранавіцкай арганізацыі БНФ Алесь Пікула. 23 сакавіка ў Менску за раздачу ўлётак быў затрыманы Павал Патапаў (Малады Фронт). 25 сакавіка ў Менску затрымалі Алеся Бяляцкага, Юрася Беленькага, Вінцука Вячорку, сп.Бурка, Людмілу Гразнову, Ціну Клыкоўскую, сп.Альхоўскага, Ксеню Пігуль. У Берасьці былі затрыманыя Яўген Бяласін з дачкой, Валянцін Лазаронкаў і яшчэ чатыры актывісты.

Перанесьлі «Дзяды»

23 сакавіка ў выстаўнай залі гарадзенскага аддзяленьня Саюзу мастакоў не адкрылася выстава кавальства Юрася Мацка пад назвай «Дзяды». Яе перанесьлі на красавік з прычыны “неадпаведнасьці інтарэсам абласной арганізацыі БСМ”. Гарадзенскаму кавалю інкрымінуецца таксама «выкарыстаньне выстаўных плошчаў для рэклямы і прапаганды палітычных ідэй. Пагроза грамадзкаму правапарадку і маёмасьці залі».

Рэальная прычына адна: ня даць кавалю правесьці адкрыцьцё напярэдадні ўгодкаў БНР, бо ён шчыра сказаў дырэктарцы залі, што запросіць увесь мясцовы незалежніцкі бамонд.

С.К.

навіны гаспадарскія

Грошы наперад. Інакш – рэфэрэндум?

У сфэру цікавасьці расейскага капіталу трапілі Менскі аўтамабільны і Менскі маторны заводы. На іх прэтэндуе голдынг “Горкаўскі аўтазавод”, уласьнікам якога зьяўляецца “Сыбірскі алюміні”. Канкрэтныя ўмовы невядомыя, але справа можа скончыцца нават продажам заводаў, бо надзеі на альтэрнатыўныя крыніцы фінансаваньня сёлетніх выбараў робяцца ўсё больш прывіднымі.

Так, разрэклямаванае ўвядзеньне ў Беларусі расейскага рубля да 2005 г. застанецца толькі на паперы. Са словаў Пятра Пракаповіча, Расея хоча мець манапольнае права на друк грошай, тады як Беларусь плянуе стварыць эмісійны цэнтар абодвух цэнтральных банкаў. Спробы дамовіцца вынікаў не далі, таму сёньня ўсё часьцей гучыць думка “параіцца з народам” што да будучыні нацыянальнай валюты.

Акрамя таго, Расея зьбіраецца накіраваць абяцаны крэдыт у 100 мільёнаў даляраў на сплачваньне ранейшых запазычанасьцяў Беларусі. А Лукашэнку зараз трэба жывыя грошы, бо за ўсе папярэднія гады “эканамічнага ўздыму” Нацбанк стварыў валютныя рэзэрвы ў памеры… 17 даляраў ЗША на кожнага беларуса. А трэба ж выконваць галоўны пункт перадвыбарчай праграмы ППРБ – падвышаць заробкі.

За студзень-люты іх сярэдні паказчык застаўся нязьменным, а так званы рэальны (з улікам росту цэнаў) заробак зьменшыўся на 8,5 %. Выправіць гэтае становішча можна ў сакавіку – з ростам “мінімалкі”.

Аднак ня варта забывацца на адваротны бок мэдаля. Несвоечасовая выплата заробкаў сталася рэаліяй ня толькі для калгасьнікаў і прамыслоўцаў, але й для настаўнікаў і мэдыкаў. Дзе-нідзе не пасьпелі налічыць “новыя” заробкі, як папаўзлі ўгору цэны. Нядаўна на чвэрць павялічыўся кошт тэлефонных размоваў, падаражэў праезд у цягніках “унутраных” маршрутаў і электрычках. Пасьля ацяпляльнага сэзону ўздымуцца камунальныя тарыфы… Працяг будзе?

Сяржук Іваноўскі

спартовы тыдзень

Бульба з салам

Беларускія ды ўкраінскія футбольныя заўзятары варагавалі шчэ з савецкіх часоў, і, напярэдадні матчу зборных, вастрылі адзін на аднаго зуб у Інтэрнэце. Аднак хуліганскія разборкі ў Кіеве сваёй жорсткасьцю пераўзышлі самыя жудасныя прадказаньні.

Першая сутычка адбылася на Хрышчаціку перад гульнёй моладзевых зборных. Блізу 20 чалавек з кожнага боку з арматурай, бутэлькамі ды камянямі ўчынілі крывавую бойку. Зь дзясятак забрала “хуткая дапамога”. Адзін украінец, відаць, застанецца інвалідам – пералом тазавых костак.

На стадыёне змаганьне набыло інфармацыйны характар: украінцы раўлі апанэнтам “бульба”, а ў адказ чулі “сала” ды “шкваркі”. Беларусы так разышліся, што кінулі на поле дымавую шашку. Міліцыя ня здолела “абсадзіць” гасьцей да канца матчу, пасьля якога апошніх, дзеля іхнай бясьпекі, развозілі на аўтобусах. І баяцца было чаго – так, групку беларусаў, канваяваную дзясяткам міліцыянтаў, на Хрышчаціку атакавалі ўкраінцы зь дзягамі ды арматурай. Міліцыя адбіла напад і схавала беларусаў у мэтро.

Зранку бойкі пачаліся ў розных месцах Кіева. Найбольш агрэсіўныя беларускія заўзятары ўвесь матч праседзелі ў пастарунку. Усяго ў “Алімпійскім”, разьлічаным на 80 тысячаў, было блізу 1,5 тысячы беларусаў. А матч скончыўся нічыёй 0:0. Што значыць — посьпех беларусаў.

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0