Пасьля мяккага прысуду пецярым «маладафронтаўцам», адкрытымі застаюцца яшчэ дзьве справы па 193‑ім артыкуле КК «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі». Яны распачатыя супраць непаўналетняга Івана Шылы з Салігорску і 18‑гадовага Яраслава Грышчэні з Баранавічаў.

Абодва хлопцы — вулічныя байцы. У моладзевы супраціў прыйшлі адносна нядаўна, але пасьпелі стаць сапраўднымі лідэрамі. Менавіта яны вядуць наперад калёны дэманстрантаў на розных акцыях апазыцыі. У іхных гарадах пра хлопцаў чулі, напэўна, усе міліцыянты, бо лік затрыманьняў ужо даўно пайшоў на дзясяткі.

Ні Іван, ні Яраслаў расслабіцца праваахоўнікам не даюць. Чаго толькі вартыя акцыі з вывешваньнем бел‑чырвона‑белага сьцягу на будынак баранавіцкага гарвыканкаму ці салігорская галадоўка пратэсту, пасьля якой старшыня салігорскага гарвыканкаму абяцаў пасадзіць Івана Шылу ў клетку.

Яраслаў да нядаўняга часу працаваў арт‑дырэктарам менскага клюбу «Сымпл», але пільныя сталічныя ідэолягі празь некаторы час пазбавілі клюб ліцэнзіі. Іван вучыцца ў школе, у дзясятай клясе.

Зь пералічанага вышэй становіцца абсалютна зразумела, чаму менавіта на гэтых хлопцаў завялі крымінальныя справы.

Карэспандэнт «НН» пабываў у Салігорску і Баранавічах разам з групай палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў.

Салігорск — адзін з наймаладзейшых гарадоў Беларусі. Налета яму споўніцца толькі 50 гадоў. Горад вельмі кампактны, з самай вялікай шчыльнасьцю насельніцтва ў краіне, бо практычна няма прыватнага сэктару. Увесь горад у налепках і графіці. Нейкі пэнсіянэр, убачыўшы Івана Шылу, пачынае лаяцца: «Калі яшчэ раз намалюеш на сьцяне такое, то буду выклікаць міліцыю». Сталы чалавек паказвае на вялікую Пагоню, што намаляваная на гаражы недалёка ад дому Шылаў.

У салігорскай пракуратуры паразмаўляць па справе Івана Шылы згадзіўся намесьнік пракурора Віктар Палхоўскі. Ён увесь час нешта запісваў і абяцаў разабрацца. Сказаў, што ня ведае пра выпадкі, калі непаўналетніх актывістаў у горадзе забіраюць на допыты проста са школьных партаў. На спробы нешта распытаць у пракурора, ён шматзначна паказваў асадкай некуды ўверх. Ці то намякаў, што яго праслухоўваюць, ці то паказваў, што Бог усё бачыць.

За пару крокаў ад пракуратуры Салігорску знаходзіцца і мясцовы КДБ. Звонім у дзьверы, якія адчыняе нейкая запалоханая дзяўчынка. Пытаемся, ці можна паразмаўляць з начальнікам. Дзяўчына адказвае, што не, бо нікога няма на месцы. Пасьля зачыняе дзьверы. Працягваем званіць далей. На гэты раз з‑за дзьвярэй паказваецца малады прыемны з выгляду мужчына. Прадстаўляецца кіроўцам. Іван Шыла адразу пазнае, што гэты чалавек некалькі дзён таму рабіў ператрус у яго на кватэры. Пытаемся: у КДБ ператрусы ладзяць ужо кіроўцы? Станоўча махае галавой. Увогуле, гэбіст абраў як сродак зносінаў з намі іронію. На ўсе пытаньні проста станоўча ківаў галавой і ўсьміхаўся, нібыта кажучы: «чаго вы ад мяне хочаце?». У будынак ён нас і не пусьціў. Пратрымаў на ганку. Пасьля таго як стаміўся ад нашай кампаніі, проста бразнуў дзьвярыма і сышоў.

На прыкладзе Баранавічаў яшчэ раз пераконваемся ў культуры людзей з Заходняй Беларусі. У адрозьненьне ад Салігорску нават у КДБ з намі ахвотна згаджаюцца паразмаўляць. Адказны дзяжурны Сяргей Фісюк паведаміў, што нікога з начальства няма, але ён згодны прыняць гасьцей замест іх. Праходзім ў «Пакой для наведвальнікаў». Інтэр’ер тыповы для падобнай установы — стол, два крэслы, голыя сьцены. Дзівімся аскетызму нашчадкаў жалезнага Фэлікса.

Фісюк адразу кажа, што КДБ да справы Грышчэні ня мае ніякага дачыненьня. Таму мы прыйшлі не па адрасе. Напрыканцы размовы гэбіст прызнаецца, што ўвогуле ня ведае, хто такі Грышчэня. Штопраўда, вяртаючыся ў Менск дазнаёмся, што ў гэты самы час у будынку КДБ праходзіў допыт Яраслава. Цікавіліся, што ён рабіў на судзе над «Маладым фронтам». Хлопец кажа, што нават бачыў нас праз вакно, але ня мог ніяк клікнуць.

Пракурор Баранавічаў Аляксандар Смаль таксама не адмовіўся ад кантакту з намі. Ён пацьвердзіў, што справа на Грышчэню сапраўды заведзеная, але сказаць што‑небудзь новае адмовіўся з прычыны тайны сьледзтва. Смаль паведаміў, што матэрыялы справы будуць разглядацца два месяцы, пасьля чаго яе альбо перададуць у суд, альбо спыняць, альбо працягнуць на пэўны тэрмін.

Калі сілавыя структуры спрабуюць гэтымі крымінальнымі справамі запалохаць хлопцаў, каб яны адмовіліся ад актыўнай апазыцыйнай дзейнасьці, то ў іх гэта слаба атрымліваецца. На мінулым тыдні ў Салігорску зьявіліся новыя расьцяжкі. Грышчэня ж правёў дзесяць дзён у Горадні, абараняючы яе гістарычныя помнікі.

Зьміцер Панкавец, Салігорск—Баранавічы—Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0