МіГі і мафія
Cкандалы вакол былых беларускіх узбраеньняў, прададзеных у краіны Афрыкі ды Лацінскае Амэрыкі, сталі звычайнай справай.
Пэруанскі кангрэс дасьледуе факты карупцыі ў атачэньні былога прэзыдэнта, ці не найбуйнейшым зь якіх лічыцца набыцьцё МіГаў у Беларусі, на якой карумпаваныя структуры “наварылі” пад сотню мільёнаў даляраў. Адзін зь МіГаў разьбіўся на мінулым тыдні ў Пэру.
Паводле словаў падпалкоўніка ўгандыйскае арміі Фінэаса Катырымы, праверка самалётаў МіГ-21 ладзіцца з дапамогаю замежных інструктараў, чыё грамадзянства трымаюць у таямніцы. Іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што зробленыя ў Расеі ды прададзеныя Беларусяй у 1998 г. чатыры МіГі былі нядаўна мадыфікаваныя ў Ізраілі. Летась групу ўгандыйскіх пілётаў накіравалі ў Ізраіль, каб яны навучыліся лётаць на МіГах.
Пэруанцам жа МіГі прадавалі праз грамадзяніна Ізраілю Мошэ Ротшыльда, што стала жыве ў Пэру ды працуе прадстаўніком фірмы «Мабэтэк Рэпрэсэнтасьёнэс», якая займаецца перапродажам узбраеньняў і, паводле зьвестак італійскае газэты La Repubblica, зьвязаная зь «Лімскім картэлем» ды іншымі структурамі пэруанскае наркамафіі.
Паводле Радыё Свабода