Аляксандар Краўцэвіч

Падарожжа па каралеўскіх месцах

Горадня—Кракаў

 

Не жадаю вяртаньня БССРаўскай стабільнасьці. Памятаю тое пачуцьцё крыўды і злосьці, якое бывае пасьля выкрыцьця доўгага і бессаромнага падману, перажытае, калі ўпершыню трапіў у Польшчу ў 1992 г. У Любліне зь вялікім зьдзіўленьнем пабачыў, што людзі там тварамі, строямі і захаваньнем вельмі падобныя да гарадзенцаў і зусім не падобныя да масквічоў, сярод якіх я пражыў цэлыя тры гады. А мяне, як і ўсіх беларусаў, ад першай клясы вучылі якраз наадварот, што маскавіты нашыя браты, і менавіта яны вызвалілі нас ад чужынцаў-палякаў! Чаму ж у Любліне, Торуні ці Кракаве пачуваешся вольна і камфортна, амаль як у Горадні, а ў Маскве — быццам адзінокі човен сярод неспакойнага мора? Пасьля першага кантакту з атмасфэрай гарадоў за заходняй мяжой я канчаткова і беззваротна паверыў у пяцьсот год супольнай з палякамі гісторыі, пра якія дагэтуль ведаў толькі з разумных навуковых кніжак.

Зьняцьцё заслоны на заходняй мяжы дапамагло многім беларусам пазбыцца комплексу нацыянальнай непаўнавартасьці. У кантактах з жыхарамі вольнага сьвету выразьней выяўляецца наша гістарычная да яго прыналежнасьць. Са мной гэта адбылося ў Кракаве.

Мой сусед па тамтэйшым інтэрнаце, нарвэжац Айрыён, увасабляе эўрапейскую годнасьць і самапавагу (нават бывалую нашую камэндантку ён пераканаў у неабходнасьці займаць асобны пакой адным сказам — “у нас у Нарвэгіі ўсе маюць асобнае жытло”) і адначасова поўніцца да болю знаёмай беларускай унутранай стрыманасьцю. Мне здаецца, што такое спалучэньне годнасьці ды стрыманасьці і ёсьць праўдзівай эўрапейскай мэнтальнасьцю. Але ж не, побач на занятках польскай мовай сядзяць італійцы, на іх і сьледу няма нарвэска-беларускай стрыманасьці, але нікому не прыходзіць у галаву аспрэчваць іх эўрапейскасьць. Працавітыя, як мурашкі, і гасьцінныя, як беларусы, увесь час у руху, яны бяз бачнай напругі могуць гаварыць на чатырох мовах адначасова. Любяць расейскую культуру, але ад расейцаў іх розьніць усё тое ж выразнае пачуцьцё годнасьці, якое выяўляецца ў адказнасьці за свае дзеі і словы, колькі б іх ні вымаўлялася за рэкордна малую адзінку часу. Ангелец Эрык два тыдні як прыехаў у Польшчу, ведае па-польску сорак словаў, але без усякіх комплексаў гаворыць на гэтай мове і дасягае сваёй мэты — мы яго разумеем. З ірляндкай Сарай, якая па-польску ні бэ ні мя, можна паразумецца празь беларускі фальклёр. Паслухаўшы з паўгадзіны нашыя песьні, дзяўчына расчырванелася і пачала сьпяваць у адказ сваё на старажытнай кельцкай мове.

Кракаўскія палякі не падобныя да гарадзенскіх. Зь імі нашмат лягчэй паразумецца, з той простай прычыны, што кракаўскія цябе ставяць за роўнага сабе чалавека. Прыемна хадзіць вуліцамі Кракава, не баючыся, што цябе піхнуць ці аблаюць. Люблю шум Галоўнага рынку вечарам, калі даходзіш туды пехатой, і кожны вечар шум гэты не падобны да папярэдняга. Асаблівая раскоша тут летам, калі амаль штодня перад старымі крамамі “Сукеньніцамі” адбываюцца розныя фэсты ды канцэрты. Неяк мы з дачкой ішлі ў кавярню падсілкавацца, але натрапілі на эўрапейскі фэстываль дзіцячых танцавальных суполак. Абышлі пляц, стракаты ад рознакаляровых строяў усіх народаў Эўропы, затрымаліся каля македонцаў. Толькі праз чатыры гадзіны згадалі, што былі галодныя.

А беларусаў на гэтым фэстывалі не было. Хоць шлях Кракаў—Горадня, Горадня—Кракаў, шлях ад аднаго каралеўскага места да другога, быў рэгулярным маршрутам паштовай службы, пачынаючы з 60-х гадоў ХVI ст., а напамінкі пра Беларусь у Кракаве сустракаюцца на кожным кроку. Выява “Пагоні” на музэі Чартарыйскіх, “Працы Археолёгічнай камісыі” з 20-х гадоў у акадэмічнай бібліятэцы. А ў бібліятэцы Ягелёнскага ўнівэрсытэту ўласнаручны надпіс Мікалая Ўлашчыка на выдадзеных ім тамах беларуска-літоўскіх летапісаў: “Ягелёнцы ад удзячнага чытача”. Можа і я сядзеў на тым самым месцы, на якім дваццаць гадоў таму працаваў наш вялікі гісторык.

Зь немкай Верай выбраліся на Ракавіцкія могілкі шукаць магілу Алеся Гаруна. Пасьля дзьвюх гадзінаў блуканьня па самым знакамітым польскім нэкропалі адракліся далейшых пошукаў, вырашыўшы наступным разам пачаць з адміністрацыі. Немка, раздражнёная адсутнасьцю выніку і змарнаваным, на яе думку, часам, больш са мной туды не хадзіла. Праз колькі месяцаў на Дзяды, калі адміністрацыя ад раніцы да вечару выдае інфармацыю ўсім наведнікам, вярнуўся сюды з гарадзенскім сябрам Валодзем Хільмановічам. Кампутар адмовіўся даваць зьвесткі пра Аляксандра Прушынскага, але нашае расчараваньне ніяк не перадалося супрацоўніцы адміністрацыі. Кабета спыталася год сьмерці Гаруна, палезла ў шафу і выцягнула агромністую кнігу за 1920 г. Пасля 15 хвілінаў прагляданьня натрапілі на запіс выцьвілым ад часу атрамантам: “Аляксандэр Прушыньскі, бялорускі ужэнднік войсковы”. Узброеныя дакладным плянам могілак з пазначаным крыжыкам месцам пахаваньня паэты, знайшлі дагледжаную магілу з каменем-помнікам (беластоцкія беларусы пастараліся) і дзьвюма запаленымі сьвечкамі. Гэта ўжо тутэйшыя людзі ўшанавалі адзінокую магілу побач з кладамі сваіх блізкіх.

На ўроку польскай мовы на пытаньне выкладчыка, як адчуваю сябе ў Кракаве, адказваю, што амаль як дома, бо тут усюды на відных месцах мае землякі. На Рынку стаіць бронзавы Адась Міцкевіч (ля якога ня раз прызначаў спатканьні), перад уваходам у Вавэльскі замак сядзіць на кані Тадзік Касьцюшка, у Катэдры сьпіць Ягайла недалёка ад свайго сына Казімера. Адным словам, куды ні павернешся — адны свае. Выкладчык трохі сумеўся, а суседзі па партах — немцы, амэрыканцы ды італійцы — доўга высьвятлялі пра Міцкевіча з Касьцюшкам: беларусы яны ці палякі.

Вельмі хутка ў гэтым горадзе адчуваеш сябе праўдзівым эўрапейцам і ўжо эўрапейскімі вачыма глядзіш на двух расейскіх падпалкоўнікаў, якія нетаропка перасякаюць галоўны пляц. Таўставатыя, зь нетутэйшымі нават ня тварамі, а выразамі твараў, у агромністых кашкетах з задранымі да неба вярхамі, яны выглядаюць сярод Кракава дзівоснымі істотамі зь іншага экзатычнага сьвету. Нават выхаваныя кракавякі ня могуць адразу схаваць сваё зьдзіўленьне гэткім відовішчам, што яшчэ больш бянтэжыць бедных расейцаў. Што й казаць пра нас, якія ведаюць... Ведаюць, што значыць для беларусаў, калі шлях Горадня-Кракаў перарваны расейска-бальшавіцкай “жалезнай заслонай”. І ведаюць, што заслона цяпер прыўзьнятая, але ня ведаюць, ці надоўга?

Эсэ напісанае для перадачы “Дазвол на выезд” Беларускай службы Радыё Свабода


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0