БІБЛІЯТЭКА

 

Народ меў права

Т.Доўнар. Разьвіцьцё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV–XVI cт. Менск: “Пропилеи”, 2000. – 224 с., ISBN985-6329-30-2.

 

У Маскве год з 40 таму зьявілася ідэя выдаць зборы помнікаў права народаў СССР. Выдалі 87 тамоў старажытнарускага і расейскага дарэвалюцыйнага права. Але працягу не было. Атрымалася, што іншыя “братнія народы” ня мелі гісторыі дзяржаўнасьці і права – украінцы, беларусы, літоўцы, узбэкі... Нас абакралі, затое цяпер мы бярэм рэванш.

Гэтае навуковае выданьне прызначаецца, відавочна, і для студэнтаў. Кніга ўздымае дзьве тэмы: грамадзянскае (чаму, дарэчы, не цывільнае?) і крымінальнае права XV—XVI ст. Дарма яно, дарэчы, падаецца як “сярэднявечнае” беларускае права. XVI ст. – ужо Рэнэсанс. Шмат пішацца ў выданьні і пра адрозьненьні дастатутнага і статутнага права. Дастатутныя прывілеі, па сутнасьці, — ласка манарха, яго хаценьне. Статуты – гэта ўжо прадукт рады станаў, усяго грамадзтва ў асобе прывілеяваных яго пластоў. Хто б напісаў кнігу “Права сярэднявечнай Беларусі IX—XV ст.”? І калі зьявіцца праца “Права Беларусі новага часу XVI—XVIII ст.”? Пэўна, няхутка, бо для гэтага трэба перавярнуць гару ненадрукаванага судовага матэрыялу.

А зрэшты, кніга Т.Доўнар досыць традыцыйная: прывілеі, Статуты, законы, як яны “маюць быць”. Законы, як яны “былі ва ўжытку”, зноў засталіся ў цені.

Слушна, што кніга пачынаецца з разьдзелу “Крыніцы права фэўдальнай Беларусі”. Калі ў гістарычнай кнізе заходзіць гаворка пра крыніцы дасьледаваньня, дык чакаеш апісаньня дакумэнтаў, гісторыі іх адкрыцьця і г.д. Аднак тутака расчароўваешся: маюцца на ўвазе крыніцы права беларускага — права рымскае, нямецкае, польскае. Але ж праблема крыніц у сэнсе канкрэтных помнікаў права Беларусі застаецца. У сваёй кнізе Т.Доўнар так і не знайшла месца, каб хаця б пералічыць усе наяўныя абласныя і агульназемскія прывілеі, так што яны ўсплываюць дзе-нідзе на старонках кнігі даволі нечакана і без асаблівых тлумачэньняў. Не згаданыя нават славутыя “Полацкія граматы” ў выданьні Г.Харашкевіч, апошнія апублікаваныя кнігі Мэтрыкі ВКЛ (ня кажучы ўжо пра неапублікаваныя), апошнія публікацыі Судзебніка Казімера 1468 г.

Ёсьць таксама ў кнізе параграф “Гістарыяграфія праблемы прававых крыніц”. Толькі ў чым праблема? Тлумачэньня няма. Гістарыяграфія пачынаецца з ХІХ ст., з Тадэвуша Чацкага. (Прычым аўтарка згадвае, што ён крытыкаваў сваіх папярэднікаў, але хто яны былі й калі жылі – не ўдакладняе.)

Уражаньні ад кнігі псуюць шматлікія русізмы і неахайнасьць у перадачы прозьвішчаў. Польскі юрыст Граіцкі ператварыўся ў Гроіцкага. Мікалай Улашчык пададзены як Н.Н.Улашчык, Уладзімер Спасовіч – як В.Д.Спасовіч, Уладзімер Пашута – як В.Т.Пашута і г.д. Нават у першыя тытульныя радкі – зьвесткі пра рэдакцыйную раду, выдавецтва і рэцэнзэнтаў – трапілі прыкрыя памылкі. А так кніга карысная і цікавая для тых, хто шануе сухія радкі юрыдычных тэкстаў і абыякавы да жывых галасоў удзельнікаў колішніх судовых працэсаў.

Валеры Пазьнякоў

 

Энцыкляпэдыя з памылкамі

Анатоль Кулагін. Каталіцкія храмы ў Беларусі. – Менск. Беларуская энцыкляпэдыя, 2000.

 

У выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя» выйшла кніга Анатоля Кулагіна «Каталіцкія храмы ў Беларусі». Імя аўтара добра вядомае. Мастацтвазнаўца, дасьледчык архітэктуры, аўтар непераўзыдзеных манаграфіяў пра палацавае будаўніцтва, стыль ракако, беларускую нэаготыку.

Дэфіцыт на гэткія выданьні адчуваецца. Сабраўшы разам усе кнігі, што ў ХХ ст. былі прысьвечаныя беларускаму дойлідзтву, мы ледзьве набярэм пяць дзясяткаў. Прыкладна па адной на 2 гады. Што да культавай архітэктуры, дык літаратуры пра яе зусім мізэр.

Што да кнігі Кулагіна, спрэчнаю падаецца сама канцэпцыя выданьня. Сп.Кулагін абмежаваўся адно рымска-каталіцкімі сьвятынямі, пакінуўшы ўбаку спадчыну грэка-каталікоў. Хоць у духоўным і арганізацыйным сэнсе абедзьве гэтыя плыні каталіцызму ў Беларусі непадзельныя... Аўтар, які ў свой час напісаў адну з найлепшых кніг з гісторыі беларускае культуры «Архитектура и искусство рококо в Белоруссии», ня можа гэтага ня ведаць.

У першай частцы кнігі падаюцца зьвесткі пра тыя сьвятыні, што стаяць і сёньня, у другой – пра тыя, якіх ужо няма. Праўда, сярод тых, што захаваліся, я, як ні шукаў, не знайшоў нэагатычнага старога касьцёлу ў Бабруйску, канструктывісцкага магутнага касьцёлу ў Давыд-Гарадку, адноўленых бажніцаў у Докшыцах, Порплішчы, што даўна дзейнічаюць і пра якія пісалася нават у пэрыёдыцы... Яны ў кнізе адсутнічаюць. Затое багата нечаканае фактуры. Напрыклад, паведамляецца, што Крычаўскі касьцёл быў пабудаваны ў 20-я гады XVII ст., «за часамі каралевы Боны». Але каралева Бона памерла яшчэ ў XVI ст.

Недакладнасьць у энцыкляпэдычнай абалонцы часам мяжуе зь бестактоўнасьцю. Напэўна аўтар разьлічваў на тое, што пакупнікамі ягонае кнігі будуць вернікі-каталікі. І вось жа паведамляе нам гэткую дэталь зь біяграфіі кардынала Казімера Сьвёнтка, маўляў, той быў пробашчам драўлянага касьцёлу Сьвятога Міхаіла Архангела ў Пружане, збудаванага на пачатку ХХ ст. Па-першае, дазволю сабе ўдакладніць, што касьцёл у Пружане вядомы пад назваю Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшае Панны Марыі. Па-другое, гэта не драўляны, а вялікі капітальны мураваны гмах. Дый дата ягонага заснаваньня вядомая дакладна: 21 сьнежня 1878 г. быў зацьверджаны праект, а праз 2 гады касьцёл быў высьвячаны. Дакладна вядомая й іншая дата: 17 сьнежня 1944 г. НКВД арыштавала пружанскага ксяндза, будучага кардынала... Касьцёл быў зачынены праз 6 год і 19 красавіка 1951 (а не 1950-га, як у даведніку) перададзены пад дом культуры. У 98-м яго адрэстаўравалі й высьвяцілі нанава. Вось і думай сабе, што хочаш... Адно пэўна, што гэткім выданьнем айцец кардынал Сьвёнтак будзе ня надта ўсьцешаны.

З дрэва насамрэч быў пабудаваны касьцёл Найсьвяцейшае Маці Божае Анёльскае, паводле праекту выбітнага дойліда Юлія Клоса. Касьцёл згарэў дзесяць гадоў таму і быў нанова пабудаваны з цэглы, а ня з дрэва, пра што ў даведніку не сказана. Замест таго зьмешчаны стары здымак, на якім касьцёл яшчэ драўляны...

Ёсьць у кнізе і іншыя недакладнасьці. Напрыклад, аўтар паведамляе, што касьцёлы ў Сар’і й Плябані, дамініканскія ў Княжыцах і Клецку, езуіцкі ў Мсьціславе адрэстаўраваныя й вернутыя каталікам. Але гэтыя бажніцы па-ранейшаму знаходзяцца ў распараджэньні Расейскае праваслаўнае царквы. Як і касьцёл з кляштарам езуітаў у Юравічах, дзе дзейнічае Сьвята-Марфін жаночы праваслаўны манастыр. Чаму ж тады не далучыць да гэтага сьпісу і былы касьцёл бэрнардынак у Менску, дзе цяпер месьціцца праваслаўны Катэдральны сабор Сьвятога Духу?

Не зусім ясна, паводле якога прынцыпу быў складзены й другі разьдзел — «Страчаная спадчына»... Чаму туды трапіў напаўзруйнаваны касьцёл у Вуле, тады як гэткія ж занядбаныя касьцёлы ў Смалянах ці ў Гарадной страчанымі ня лічацца? Патрапіў у сьпіс страчаных і Фарны касьцёл у Магілёве, хоць у любым іншым даведніку ён ёсьць, стаіць, на шчасьце... Выгляд, праўда, мае зьнявечаны, але сьцены пад дахам. Зь іншага боку, сьпіс страчаных бажніцаў мусіў быць ці не ўдвая даўжэйшым.

Сп.Кулагін у прадмове абачліва папярэдзіў, што не прэтэндуе на паўнату выкладу. Але ці варта наагул давяраць інфармацыі з гэтага даведніка, калі там гэтулькі памылак? Бо і ў энцыкляпэдыі «Архітэктура Беларусі» і ў «ЭЛіМБеле» зьвесткі пададзеныя нашмат больш дакладна, хоць можа і ў меншым аб’ёме...Чаму ж было не скарыстацца з гэтай грунтоўнай інфармацыі, пагатоў, што яна перахоўваецца ў тым самым выдавецтве?

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0