Сяргей Дубавец

Зьнявага і прызнаньне

 

Лукашэнка пасадзіў Вячорку ня так, як дыктатар садзіць палітычнага апанэнта. Вучоны-мовазнаўца, лідэр партыі, бацька траіх дзяцей патрапіў на шабашныя 15 сутак у гарадзкі бамжатнік — да дробных крымінальнікаў і блатнаты. Амаль што змаўчалі апазыцыйныя СМІ, амаль не азваўся сьвет. Непавага да палітычнага апанэнта — не нагода для інфармацыйных паведамленьняў і тэлевізійных карцінак. А менавіта яна, непавага, захіліла сабою сам факт рэпрэсіі. Усе гэта калі й не зразумелі, дык адчулі.

Амаль не заўважылі, бо даўно перасталі разглядаць Лукашэнку ў катэгорыях палітычнае этыкі. Дырэктару саўгасу вечна сьвярбіць кулак на інтэлігента, на адукаванага чалавека, на шырокі погляд. Гэта яшчэ тая камбедаўская гардыня — «Мы ўніверсіцетаў не канчалі!» Калі камбедавец апынаецца на вяршыні ўлады, ягоная прыроджаная нецярпімасьць да інтэлекту нарэшце знаходзіць выхад. Што там — разьбіць настаўніку акуляры! Калі можна ўсю прафэсуру — на лесапавал, паэта — на парашу, лідэра партыі — у бамжатнік. І, каб ужо зусім у гразь: «А што? Няма ў нас сваіх Рэпіных...»

Але трыюмф камбедаўца — гэта толькі адзін матыў згаданага арышту. Другі матыў — крызыс улады.

Сем гадоў таму Лукашэнка пачаў нацягваць на вялікае цела Беларусі дзяружку саўгаснае вэртыкалі — зь яе абсалютнай над усім і ўсімі дырэктарскай уладай. Многія ў народзе прынялі гэткую сыстэму за так жаданую цьвёрдую руку, якая навядзе парадак, а самога Лукашэнку — за суворага, але справядлівага кіраўніка. Гэта была памылка. Сапраўды, у кожным саўгасе і калгасе дырэктар і старшыня нагадваюць абсалютных манархаў. Так закладзена ў самой саўгасна-калгаснай прыродзе. Лукашэнка ж толькі паспрабаваў гэтую прыроду ўжыць да цэлае краіны — зь яе складанаю гаспадаркай, культурай, палітычнымі структурамі... — ды цэлым сваім сьветам. Натуральна, зь першых крокаў у гэтым накірунку што-нішто пачало вылазіць з-пад тае ў павуціну расьцягнутае дзяружкі-дзяржавы. Першымі «ня ўлезьлі» Сьцяг і Пагоня, беларуская мова. Пасьля — гістарычны гонар беларусаў: Бітва пад Воршай і Слуцкае паўстаньне. Пасьля — з культурнае спадчыны: Натальля Арсеньнева і Ларыса Геніюш. Давялося выгнаць з-пад дзяружкі Васіля Быкава — зусім не саўгаснага маштабу пісьменьніка. Па-за дзяружкай апынуўся Зянон Пазьняк. Пасьля яшчэ прападалі людзі...

Арышт Вінцука Вячоркі сьведчыць пра тое, што тая шчыгрынавая дзяружка працягвае зьмяншацца. Прычым цяпер яна зьмяншаецца сутаргава, рыўкамі, нібы імкнецца хутчэй вызваліць усё, што не адпавядае саўгасным меркам. У саўгасе сілаю ўлады — толькі адзін прафэсіянал. Усе астатнія мусяць быць самадзейнасьцю. Адстаўныя палкоўнікі ў нас — «палітыкі», «жэншчына» Ліда — «выбаркам» і г.д. Мастакі, пісьменьнікі, драматургі таксама могуць быць толькі самадзейныя – сельсаветаўскага маштабу. Нездарма сярод беларускай інтэлігенцыі даўно і трывала ўсталявалася правіла: атрыманае ад Лукашэнкі прызнаньне ўспрымаецца як зьнявага, а атрыманая зьнявага — як лішняе прызнаньне.

Шмат яшчэ ў Беларусі пад той шчыгрынавай дзяружкай сядзіць кіраўнікоў, вайскоўцаў, дзеячоў культуры, бізнэсмэнаў, апазыцыйных палітыкаў. Але дзяружка ўсё скарачаецца. Прычым, як правіла, вызваляецца яна ад найлепшага, што ёсьць у беларусаў, на чым будуць вучыцца і чым будуць ганарыцца нашы наступныя пакаленьні. Пад дзяружкай жа застанецца нявартаснае, а то й шкоднае. Канцэнтрат пустога і хворага з усяе Беларусі. Мы гэта добра ўбачым, калі дзяружка ўрэшце зьменшыцца да свайго прыроднага маштабу — будынку на вуліцы Карла Маркса, 38, у Менску. А як набудзе яна свой маштаб, дык усім стане ясна, што тая саўгасная дзяружка пасярод сталіцы — не на сваім месцы.

Зрэшты, усё гэта зробіцца аб’ектыўна, «само». І думаць трэба пра тое, каб Вячорку ня надта паелі акрэсьцінскія вошы.

Дбайма пра інтэлектуальны патэнцыял нацыі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0