Расея зь Літвой, а Чэхія з Кубай

Агляд падзеяў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе за тыдзень

Пуцін працягвае асучасьніваць Расею: упершыню прызначыў цывільных кіраваць сілавымі міністэрствамі. А Лукашэнка зноў даказаў, што ён геній масавай сьвядомасьці: скмеціўся прызначыць міністрам абароны Мальцава замест Чумакова ў той самы дзень, калі й Пуцін зрабіў свае перастаноўкі. Цяпер кожны Вася думае, што Пуцін з Лукашэнкам узгадняюць свае дзеяньні.

Пуцін прызнаў права краінаў Балтыі самім выбіраць сабе шлях умацаваньня сваёй бясьпекі і ўступаць на гэтым шляху ў NATO. Гэта было ўскосна дэкляравана падчас надзвычай цёплага прыёму прэзыдэнта Літвы ў Маскве. Пуцін упершыню не крытыкаваў плянаў Літвы ўступіць у Паўночнаатлянтычны зьвяз, а толькі перасьцерагаў, што, маўляў, уступленьне ў NATO не прывядзе да павелічэньня бясьпекі, пра што, са словаў Пуціна, сьведчыць прыклад Югаславіі.

Ён таксама абвесьціў, што імкненьне Літвы ў Эўразьвяз адпавядае інтарэсам Расеі і заявіў пра сваю падтрымку крокаў Вільні ў гэтым кірунку. Зь візытам Адамкуса ў Маскву закончыцца, відаць, пэрыяд холаду ў стасунках Літвы з Расеяй, што пачаўся пасьля таго, як папярэдні “правы” парлямэнт запатрабаваў ад Расеі адплатаў за акупацыю.

Новая парлямэнцкая большасьць ня можа скасаваць гэтай пастановы зусім, бо літоўскае грамадзтва яшчэ на рэфэрэндуме 1991 г. прагаласавала за неабходнасьць патрабаваць кампэнсацыяў. У Вільні спадзяваліся, што пацяпленьне стасункаў падштурхне расейскую Думу да ратыфікацыі падпісанага ў 1997 г. памежнага пагадненьня, але расейцы нечакана высунулі ўмовамі для таго гарантыі з боку Літвы і ЭЗ у дачыненьні да Каралявецкае (Калінінградзкае) вобласьці. Ідзецца аб праве бязьвізавага руху жыхароў вобласьці ў Літву, а таксама правох на транзыт, найперш вайсковы. У Масковіі баяцца, што анкляў апынецца ў ізаляцыі па прыняцьці Літвы ў NATO i ЭЗ.

Украіна ж вырашыла ў 2—3 разы павялічыць колькасьць памежнікаў на расейскай мяжы. Да цяперашняга часу на кожныя 180 км тае мяжы прыходзілася 25 памежнікаў, цяпер іх будзе 50. Адначасова будзе прыбраны калючы дрот на мяжы з Польшчай.

Вашынгтон на гэтым тыдні быццам бы прыгразіў Празе, што заплянаваная на гэты год сустрэча NATO на найвышэйшым узроўні ў Празе можа быць перанесеная ў іншае месца праз падтрымку прадстаўнікамі Чэхіі ў ААН рэзалюцыі з асуджэньнем амэрыканскіх санкцый супраць Кубы. Калі гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці, дык гэта найбольшы канфлікт Прагі й Вашынгтону ад 1989 г. Амэрыканцаў, відаць, раздражнілі намаганьні чэскага МЗС, каб Жэнэўская Камісія па Правах Чалавека ААН адначасова асудзіла як парушэньні правоў чалавека на Кубе, так і амэрыканскія эканамічныя санкцыі супраць краіны. Перанос месца сустрэчы быў бы дзіўным крокам з боку NATO, несувымерным з вагой кубінскае рэзалюцыі. Сама пагроза пераносу выклікала ў Чэхіі буру. Крыніца гэткае любові Чэхіі да Атокі Волі — у амбіцыі міністра замежных справаў краіны Яна Кавана ўзначаліць левае крыло кіраўнічай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі.

Гэта ўжо ня першы чэска-амэрыканскі скандал. Упершыню стасункі папсаваліся ў 1992 г., калі апанаваная антыкамуністамі чэская контравыведка нібыта хацела перадаць рэспубліканцам матэрыялы, што кампрамэтавалі кандыдата дэмакратаў Клінтана. Той студэнтам пры канцы 60-ых прыяжджаў у Прагу і, як падазравалі яго праціўнікі, сустракаўся з прадстаўнікамі камуністычных сакрэтных службаў. Другая гучная справа — продаж у 1999 г. Беларусі пшаніцы, што ратавала рэжым Лукашэнкі ў харчовай сфэры. У 2000 г. толькі беспасярэдняе ўмяшаньне дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт прымусіла чэскі ўрад у апошнюю хвіліну спыніць продаж Ірану абсталяваньня, якое магло быць скарыстанае для вытворчасьці атамнае зброі. А самай гучнай была “косаўская” палеміка, калі чэхі, не пасьпеўшы ўвайсьці ў NATO, пачалі ўсяляк падкрэсьліваць сваё непрыняцьце ўмяшаньня ў Косаве. Налёты ўхваліла тады толькі правая апазыцыя ды прэзыдэнт Гавэл. А Ян Каван нават быў падрыхтаваў разам з сваім грэцкім калегам адмысловую мірную ініцыятыву, што фактычна азначала стварэньне апазыцыі ў рамках NATO. Дакумэнт той, дарэчы, быў падпісаны ў Пэкіне.

Нечаканае сяброўства Прагі з Гаванай нагадвае такое ж нечаканае сяброўства Македоніі з Тайванем недзе трохгадовае даўніны. Тое таксама ўзьнікла з амбіцыяў аднаго палітыка, які надта хацеў вылучыцца дый абвесьціў плян, што, маўляў, маленькую Македонію засыпле тайваньскі залаты дождж, варта толькі прызнаць мяцежны востраў дый не баяцца КНР. Скоп’е ўсталявала стасункі з Тайбэем, але дождж насіў, так бы мовіць, абмежаваны характар, затое гнеў Пэкіну быў бясконцым. Пабачым зараз, як будзе галасаваць КНР, сталы чалец Рады Бясьпекі ААН, па македонскім пытаньні, калі такое трапіць у ААН. Нечаканае сяброўства прыводзіць да нечаканых вынікаў...

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0