ПОШТА РЭДАКЦЫІ

 

Дземакрація ўпырхлікаў

A што, калі “НН” дыстанцыявацца ад расейскамоўнай менскай дземакраціі, усіх гэтых зуброў, Жукоў ды Марцавых?

 

Чытаў у “Нашай Свабодзе” гутарку з аўтарам белмоўнай кніжкі “Нараджэньне беларускага музэю” па-расейску. Маразм поўны — у зьмесьце і мове. Як наўмысна. A гэтыя “зубры”... Где Гончар?.. В п...дзе! — шэпча сам сабе нейкі рабацяга, згледзеўшы, што нехта ўначы размаляваў ягоны завод. Каб было па-беларуску напісана, такія казармавыя асацыяцыі не ўзьнікалі б. Мазгі набакір. 37% людзей сьцьвярджаюць, што дома размаўляюць па-беларуску, значыць іхная расейская мова — насамрэч мовазамяняльнік. Наколькі ахвотна людзі атаясамліваюць беларушчыну з дэмакратыяй!.. А гэтыя — “Отдыхай”, “Где Гончар...” Нашаніўцы, называйце рэчы сваімі імёнамі: гэта сьвядомая ці несьвядомая дэзарыентацыя грамадзтва, каша ў галовах і абсалютна непрыхаваная русіфікацыя. Бо ў ідэолягаў “Зубра” ж ня мовазамяняльнік, а мова «Пушкіна-Кукушкіна», з маскоўскімі пранонсамі.

Чаму Вы павінны зь імі гуртавацца? Базавая задача газэты — не падмануць свайго чытача ні ў чым, нават калі самі падманваецеся. Інакш усё страчвае сэнс. Найвялікшы скарб “НН” — давер чытачоў. Ніякай іншай газэце чытачы гэтак не давяраюць.

Сябры “Зубра” — гэта, відаць па імёнах, расчараваныя ў БНФ бээнэфаўцы. У хлопцаў энэргія і ахвярнасьць, а чігірікаючыя кіраўнікi пускаюць яе на нішто, на «где Гончар». A хлопцаў за гэта садзяць. Энэргія ідзе на пшык, на ўмацаваньне страху і комплексу ахвяры ў беларусаў. Так гэта ўяўляецца адсюль, зь Нью-Ёрку. Дык чым у такім разе “Зубр” лепшы за РНЕ?

Мовазамяняльнік нацыі і расейшчына зуброў — розныя рэчы. Нацыя чакае эвалюцыі ў беларушчыну, а гэтыя ёй падсоўваюць расейшчыну. Гэта што, дземакрація?

 

* * *

Не дае спакою й іншае пытаньне — навошта Лукашэнку зноў быць прэзыдэнтам? Толькі дзеля асабістага камфорту — гучыць абразьліва для ўсіх нас. Вы надрукавалі «Народ супраць Лукашэнкі» — чыстую прапаганду і найперш для сябе, для сваіх. Яна й лукашэнкаўская прапаганда — падобныя (ці ўзаемазьвязаныя) дыскурсы. А вось каб даць «Беларусь — 7 гадоў за Лукашэнкам», каб і сабе, і іншым усьвядоміць, што за эпоха, што набылася, што страцілася... Ня столькі мітынгі й Ганчар, а болей — пра непасрэдна датычнае людзей. Вазьміце, што Лукашэнка хацеў зрабіць і што зрабіў. Мой прагноз — яго выберуць зноў, але адразу пасьля гэтага ягоны “рэйтынг” упадзе ніжэй дзясяткі.

Вось бы Вы зрабілі такое вулічнае апытаньне: “Навошта Лукашэнку зноў быць прэзыдэнтам?” Цікава.

 

* * *

У “НН” была такая рубрыка “Пазытывы”. Яе памылка — рабіліся яна насуперак паганай рэчаіснасьці. Як са злосьці. А гэта тое самае, што лажаць. Як лажаюць Беларусь на сваіх сходках новаэмігранты ў Варшаве, Празе, Брусэлі, Нью-Ёрку. Ніхто ж, сабакі, не вярнуўся, ніхто капейчыны ня даў на справу, ніхто “НН” не выпісвае, а іх жа тысячы. Адно лажаюць — якія ў Менску засцаныя пад’езды, які калхозьнік Лу...ка, якая паліцэйшчына! І тут нехта зь іх, чыста дзеля інтрыгі размовы — не скажыце, ёсьць і пазытывы. Вось гэтак атрымлівалася і ў “НН”.

Уся дзейнасьць “НН” — пазытыўная паводле вызначэньня. Чаму мяне каробяць гэтыя «арыштаваныя ў Менску»? Бо ладная частка зь іх — заўтрашнія ўпырхлікі (палітуцекачы, па-чэску), якія будуць там абкладаць Беларусь. Бо “за што” яны арыштаваныя? “Где Гончар” на гэтае пытаньне і адказаў. У краіне няма ніводнага выданьня з пазытыўным зьместам. Такога, каб, пачытаўшы яго, дзеду з Аўстраліі захацелася легчы ў сваю зямлю, каб захацелася інвэставаць у беларушчыну, а не ў “дыктатуру” й барацьбу зь ёй. Ды ведаюць яны ўсе цану гэтай дыктатуры — і ў Нью-Ёрку, і ў Парыжах. A не вяртаюцца, нават ня езьдзяць, бо ні халеры цяпер яны ў Беларусь ня вераць. І тая дыктатура для іх — пэрыфраз іхнае няверы. Зь іншага боку, як паверыш, чытаючы наскрозь хлусьлівы афіцыёз, або клікушную “НарВолю”, або губэрнскую “БДГ”, або “НН” зь яе «Народ супраць Лукашэнкі». Дзе тое, што мацавала б веру?

Дзе выданьне, што ў патоку жыцьця разглядала б сьцьвярджальныя рэчы або трактавала б сьцьвярджальна тое, што быццам ніякае?

 

* * *

Найбольшая праблема беларускіх праектаў, як я разумею, — распаўсюд. Нібыта існуе 500 недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй Беларусі. Цікава, чым яны займаюцца? Разумею, што гранты ссуць, але ня толькі ж гэта. Што, кожная такая не магла б купляць 3 кніжкі выдавецтва “НН” па даляры ці 3 часопісы “Arche”? Ня можа арганізаваць рэалізацыю 10 кніжак i “Arche”? Ня можа падпісаць на “НН” 10 чалавек ці хоць бы саміх сябе? Калі ня могуць, дык на халеру яны існуюць? Каб назьбіраць выразак «арыштаваныя ў Менску» (і тут жа адпушчаныя) для асабістага дасье і ўпырхнуць на прытулак? Каб там сядзець і лажаць Беларусь? Трэба ставіць гэтае пытаньне, бо гэта ўсё ўжо ператвараецца ў пошасьць — ніякі Лукашэнка не дакажа. А вы надалі б сэнс іхнаму існаваньню, яны сталі б кніганошамі, падымалі б узровень нацыі. Хіба гэта не высакародна? Арганізуйце такі круглы стол, калі ласка.

Невядомы Жаўнер, Нью-Ёрк

 

Дуброўскі настрой

Учора спытаў адну маму, чаму ейнага дзіцяці не было на ўроках. Мама сьпярша сумелася, а потым кажа: не пасьпела зашыць хлопчыку штаны, а іншых няма. Бацька трактарыст, маці гаруе ў дзіцячым садку. Ня п’яніцы абое. Горка.

Тым часам начальніца сельрады з Кадаша — таго, што трос Сілівончык год таму са зграяй сыбірскіх ваўкоў, — на сэсіі Вярхоўнага савету Сьветлагорскага раёну лямантавала: “Што гэта вы ня можаце разабрацца зь нейкім настаўнікам?!”

Са мною, значыцца.

Тым часам Вінцук у халоднай.

Акупанты...

Етыя апоўзлыя жабы не палінялі і нават жаргону не памянялі.

Загадзя віншую са сьвятам Вялікадня. Хай з Вамі будзе ласка Божая.

Мікола Бусел, Дуброва


 

водгукі

Апраўданьне нікчэмнасьці

Лухту піша сп.Чобат (№14) пра беларускі народ. Няхай ён прыедзе ў вёску Блізьніца, што пад Полацкам, і паглядзіць, як у беларускай “дзярэўні” аўстрыйскі безнасовец Франц Ёган Райнль пабудаваў клясычны капіталізм. З выключным парадкам. З культурай і беламі халатамі. На гэта яму спатрэбілася паўмільёна даляраў, за якія ён пабудаваў у вёсцы заводзік па перапрацоўцы мяса, і год часу. Калі я спытаўся ў сп.Райнля, дзе ён узяў адказных працаўнікоў, аўстрыец патлумачыў: “Калі я пачаў ствараць працоўны калектыў, прыйшло сто ахвотных. Я выбраў 20 чалавек. У нас вельмі жорсткія правілы. Праца пачынаецца а сёмай раніцы. Вароты зачыняюцца на ключ. Тры спазьненьні — і ты звольнены. Пра п’янку няма й размовы. Людзям прыйшлося пазбаўляцца сваіх шкодных звычак”.

Я на свае вочы бачыў тых людзей. Працуюць, як колцы ў гадзіньніку, затое й грошы зарабляюць добрыя. Дый вёскі зараз не пазнаць, паўстае птушкай Фэнікс з калгаснага папялішча. Упарты аўстрыяк стаў косткай у горле тутэйшым чыноўнікам. Амаль штотыдзень пачалі наведваць Блізьніцу розныя правяральшчыкі. У спадара Райнля хапае нэрваў сустракаць кожнага.

Ад аўстрыйскага бізнэсоўца пачуў наступнае: “У Беларусі можна стварыць рай, але толькі трэба прыбраць дзьве рэчы — тутэйшых палітыкаў і гарэлку”. Вось і ўвесь сакрэт. А вы хочаце і гарэлку жэрці беспрабудна, і жыць як у Швэцыі, дзе п’яных падбіраюць на вуліцы, вязуць у рэабілітацыйныя цэнтры, кормяць з лыжачкі і казкі перад сном баюць. Такія тэксты выглядаюць на пошукі апраўданьня сваёй нікчэмнасьці. Маўляў, уся справа ў народзе. Адзін патрабуе ад яго чачэнскай адвагі, другі — чэскай салідарнасьці, трэці — літоўскай еднасьці. А беларус усё адно застанецца беларусам.

І ня трэба гэтак шкадаваць ППРБ. Гэта не “народ яму на галаву сеў”, а ён разлёгся на народзе. Гэта яму патрэбны знужджаны, сьпіты, запужаны, бязвольны беларускі народ. Іншы б трываць яго ня стаў.

Народ — гэта гурт дзяцей. За лёс краіны адказвае ня ён, а эліты. На пачатку 90-х Беларусі неверагодна пашанцавала. Бывае, граеш у “дурня” і пры раздачы атрымліваеш адныя козыры. У гэтым выпадку нельга на пачатку гульні прымаць сур’ёзны бой. А мы захацелі ўсё адразу — і сьцяг, і герб, і Пазьняка, і дабрабыт, і мову, і свабоду. І засталіся ў дурнях.

Алесь Аркуш, Полацак

 

Спазьненьне на эпоху

Шаноўны Алесю Чобат,

Сапраўдная рэвалюцыя пачынаецца толькі зараз. Рэвалюцыя сьвядомасьці, бо, як правільна вы адзначылі, “ня так гэта проста — сябе памяняць”.

Праз 15 год тым, каму сёньня 20, будзе 35, а каму 30 — стукне 45 год. Іх не прымусіш працаваць за так. Яны захочуць смачна есьці, прыемна кахаць, мець камфортны легкавік, жыць у сучасным двухпавярховым доме, выяжджаць за межы краіны да цывілізаваных людзей.

Іх не задаволіш бутэлькай піва ці чарніла або шпрыцам з прывазным дурманам. Яны захочуць якасьці жыцьця.

У бліжэйшыя 15 год адбудзецца шмат чаго. П’яніцы і алькашы з большасьці насельніцтва паступова пяройдуць у меншасьць.

Хочаш жыць — круціся, ня хочаш — памірай. Прыкладна такой будзе калектыўная думка. Як толькі калектыўная сьвядомасьць разьвітаецца з вобразам “добрага бацькі”, узьнікне патрэба ў існаваньні Закону, якому падпарадкоўваюцца ўсе — ад прэзыдэнта да звычайнага грамадзяніна.

У чым слабасьць рэжыму? У тым, што ён не дазваляе людзям зарабляць шмат грошай! Гэта значыць, не дазваляе шмат працаваць!

Ува ўсім сьвеце, каб аб’яднаць людзей бедных і багатых, карыстаюцца Нацыянальнай Ідэяй. Ты бедны, ён багаты, але вы — браты па крыві. Таму бедны паважае багатага, заможны дапамагае беднаму, дапамагае разьвіцьцю нацыянальнай культуры як асяродку, дзе высьпявае нацыянальная ідэя.

Там, дзе гэтага ня робіцца, ствараецца грымучая сумесь — бедныя ненавідзяць багатых, тутэйшыя ня любяць прыхадняў, а калі тыя яшчэ і багатыя ці займаюць уладныя крэслы — ненавідзяць удвая.

Праз 15 год адбудзецца поўная зьмена савецкага пакаленьня, зьмена актыўнага слою ад 20 да 45 год. Новы слой прагматычны, на байкі пра райскае жыцьцё на тым сьвеце ня торкне, у сьветлую будучыню не паверыць таксама. Яму давай магчымасьць сёньня жыць, зарабляць, радавацца, пакуль ён малады.

Неразумныя паедуць зарабляць на лякальныя расейскія войны. Але разумныя хочуць удзень зарабляць, а ўвечары з прыгажуняй сядзець у кавярні. Герой нашага часу — прадпрымальнік на шыкоўным “Мэрсе”, а не калека з алюміневым мэдалём “За храбрость”.

Сёньня селянін у асноўным зьнішчаны, ператвораны ў сельскагаспадарчага работніка. Селяніна ня створыш у школе, акадэміі, унівэрсытэце, гэта стан сьвядомасьці, стан душы. Сялян засталося вельмі мала, усю зямлю яны ня ў стане забраць. Дзяржава, улада спазьнілася на 35–40 год са сваімі рэформамі. Існуе меркаваньне, што, калі аддаць зямлю сельскагаспадарчым работнікам, рынак самастойна адрэгулюе ўсе эканамічныя стасункі. Гэта інфантыльны ідэалізм!..

...Такім чынам, на пытаньні сельскагаспадарчага комплексу так проста ня знойдзеш пераканаўчага адказу. Патрэбна ўдумлівая прафэсійная праца, вялікія фінансавыя ўкладаньні. Інакш нам ня будзе чаго есьці ўжо заўтра.

Сучаснае пакаленьне інтэлектуалаў сёньня ставіць пытаньне аб стварэньні нацыянальна сьвядомага грамадзтва. Улада клеіць ім ярлыкі нацыянал-фашыстаў. Праз 15–35 год жыцьцё само ткне ўладу пысай аб цьвёрды асфальт “нечаканай” праблемы, сутыкнуўшы з грамадзтвам, не аб’яднаным аніякай стваральнай ідэяй. Намаганьнямі палітычных “стратэгаў” кшталту Посахава і Замяталіна мы атрымаем другое Косава, Карабах, Босьнію. Вось тады ўлада пачне рэформы па стварэньні нацыянальна сьвядомага беларускага грамадзтва, але расклад сілаў будзе зусім іншы.

Як заўсёды, улада ізноў спазьняецца на цэлую гістарычную эпоху.

Кастусь Травень, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0