Прэзыдэнт — 2001

 

Як Вы ацэньваеце ход перадвыбарнае кампаніі на мінулым тыдні?

Алег Манаеў, кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльных, палітычных і эканамічных дасьледаваньняў:

Важнымі падзеямі мінулага тыдня былі сьвяткаваньне гадавіны саюзу Беларусі й Расеі, жорсткая рэакцыя на Дзень Волі, аб’яўленьне кіраўніцтвам КРДС пра выпрацоўку адзінай праграмы і заява Лукашэнкі, што Захад выдзеліў 500 млн. даляраў на падтрымку апазыцыйнага кандыдата. Сьвяткаваньне юбілею — спроба выкарыстаць у выбарчай кампаніі настрой людзей, якія станоўча ставяцца да Расеі.

На гэтым тыдні былі вынесеныя прысуды Вячорку ды Бяляцкаму. Улада карыстаецца самым брутальным сцэнарам падрыхтоўкі да выбараў, і надзеі на кампрамісныя варыянты кшталту мінулагодняга круглага стала зьмяншаюцца.

Заява Лукашэнкі проста сьмешная: югаслаўскай апазыцыі ЗША за два гады выдзелілі толькі 41 млн. даляраў. Але яна сьведчыць, што ўлады ня толькі выкарыстоўваюць сцэнар зачысткі тэрыторыі ў адносінах да дэмакратычных сілаў унутры Беларусі, але й максымальна блякуюць падтрымку з боку сусьветнай супольнасьці. Заяву старшыні КРДС я лічу добрым крокам. Варта засяродзіць усе намаганьні на выпрацоўцы праграмы, якая б найбольш падыходзіла прадстаўнікам розных дэмакратычных сілаў. Гэта падвысіць шанцы дэмакратычных сілаў на больш эфэктыўную падрыхтоўку да выбарчай кампаніі.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0