Бардак, Кучмагейт і вясна

У Кіеў варта паехаць не на футбол і не на рэвалюцыю, а проста рытуальна папіць “Оболонь” на Хрышчаціку. Проста таму, што вы там сто гадоў не былі.

 

За восем месяцаў — столькі часу прайшло пасьля маёй мінулай паездкі ў Кіеў — можа нарадзіцца на сьвет жыцьцяздольны чалавек, цэлы Сусьвет, ня тое, што стомленасьць Менскам.

Ад’езд — нагода пабачыць хвалёны новы менскі вакзал ва ўсёй красе. Не люблю тупых “наваротаў”, хачу звыклага тунэлю. І ўвогуле: мне не да палянэзу Агінскага.

 

Весялосьць другога пляцкартнага вагону нейкая проста экстрэмісцкая. Найадданейшая частка заўзятараў едзе на матч моладзевых зборных. Фанатаў цягне на шчырасьць. “Хто падыме на стадыёне бел-чырвона-белы сьцяг, адразу атрымае ў табло, як увосень у Польшчы!” — абвяшчае старэйшы з фанацкай кампаніі, былы спэцназавец па мянушцы Мэтан.

“А чырвона-зялёны?” — “І чырвона-зялёны. І жоўта-блакітны. Футбол будзе чыстым і па-за палітыкай!” — раве Мэтан. Услых яго ніхто з кампаніі не падтрымлівае. “Байк” (шалік) — любога колеру, а сьцягі — ненавіджу!” — працягвае ён.

Мытнікі неабачліва будзяць фанатаў. Мэтан пасьля пераезду мяжы доўга падбівае ўсіх скандаваць “Лука — мудак!” Да ранку вагон слухае спрэчкі, хто калі на якой хвіліне забіў ва ўсіх матчах усіх чэмпіянатаў апошніх гадоў дваццаці. Уперамежку зь “перамацьцю”. Сьвята набывае карнавальны імпэт пасьля Чарнігава: гапатная частка вагону трасе кожнага другога за плячо, запрашаючы на новую пляшку.

За два дні футболу ў Кіеве адбыліся дзьве буйныя бойкі каляфутбольных адмарозкаў. З аналягічнымі прадстаўнікамі ўкраінскага боку я пазнаёмілася 8 месяцаў таму: яны лаялі Кучму, жахаліся Лукашэнкі й казалі, што ў Беларусі трэба ўвесьці рабства — супраціву ня будзе. Давялося мірнымі падручнымі сродкамі імгненна давесьці адваротнае. Кактэйль з мудрагелістай назвай кшталту “СС-300” негвалтоўна сьцякаў з галавы ворага. Пераблытаўшы назву напою, фанаты цяпер перадавалі мне прывітаньне як “той беларускай тэрарыстцы”.

Менская й кіеўская каляфутбольная гапата аднолькава вяшчае пра апалітычнасьць і адначасна не ўспрымае кіраўнікоў сваіх дзяржаваў. Розьніца ў ступені назапашанай унутранай агрэсіі. У “простага беларуса” яе больш, чым у гэткага ж сярэдняга “простага ўкраінца”. Прынамсі, я пакуль ня чула, каб тыя мэтаскіравана шукалі нагоды “мачыць” сваіх жа — тым больш у рэдкіх шэрагах сваіх сярод не сваіх, у сытуацыі, што вымагае хоць часовай салідарнасьці.

 

* * *

Лаючы ў думках фанатаў і злую долю, кандыбаючы да сяброў на каву, раптам прачынаюся. Ня памятаю гэткага вэрхалу на кіеўскім вакзале. Не адчуваю, што кудысьці зьехала зь Менску.

Ого! Што за манера ў нашых прэзыдэнтаў капаць равы, гарадзіць платы, грукаць камянямі, раўсьці бульдозэрамі — проста сярод прывакзальных плошчаў? Паназіраўшы колькі хвілінаў глябальную рэканструкцыю чыгуначнага вакзалу, лаўлю сябе на дзіўнай задаволенасьці. Не, не дагоніць Кучма Лукашэнкі — калі не па тэрміне будоўлі, дык па лукашэнкаўскай пампэзнасьці выніку. Куды тут уціснуць гэткі кілямэтар мармуру!

Праз паўдня, сыходзячы па Інстытуцкай на Майдан Незалежнасьці, замест фантанаў зноў бачу панараму з бульдозэрамі й плякатамі. Вось табе й месца тусовак апазыцыі. Поўны аблом. Ну проста плошча Якуба Коласа...

Цікава, а дзе ў іх тут свой “Бангалор”?

 

* * *

— Халера яго ведае, што ў нас тут адбываецца! Я ўвогуле не ўкраінец, не беларус, я... — Саша хітра прыжмурваецца, разьліваючы каву, — маскаль і грамадзянін Расеі.

Былы савецкі разьведчык, а цяпер падстаўлены начальствам украінскі бомж, Саша служыў у тым жа “гарачым пункце”, што й былы савецкі спэцназавец, а цяпер футбольны хуліган Мэтан. Нават на адным прарасейскім баку. Цяпер ён ня б’ецца на кіеўскіх вуліцах, а дапамагае правай апазыцыі раздаваць антыкучмаўскія ўлёткі. З-за сьцяны чуваць мяўчаньне Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна — вялізнага чорнага ката, падабранага дзесьці нашай супольнай сяброўкай.

Саша ўпэўнены, што ягоныя дакумэнты скралі расейскія спэцслужбы не без дапамогі ўкраінскіх уладаў. Гэта вельмі доўгая гісторыя, але яна дае Сашу права адпаведна ўспрымаць абодвух прэзыдэнтаў.

 

* * *

...А няма ў іхным Кіеве ніякага “Бангалору”! Да рэзэрвацыяў справа не дайшла. Пакуль.

Вось яны, сьцяжкі-значкі-касэты айчыннай музыкі. Каля плоту побач з будоўляй! І зусім не дзеля апазыцыйных акцыяў абгароджаны плотам Майдан. У жніўні будзе “10-та річниця Незалежності”, і ўлады рамантуюць да гэтае даты ўсё, што могуць.

Некаторым маім сябрам-украінцам не падабаецца праект будучага манумэнту Незалежнасьці: “Голая баба трымае ўгары вянок”. Ня бачыўшы, не магу параўноўваць ні са статуяй Свабоды, ні з мальтыйскай Indipendenza. Але 10-я ўгодкі незалежнасьці сёлета сьвяткавацьмуць усе краіны экс-СССР. Толькі Беларусь адзначыцца чарговай прадказальнай прамовай ППРБ і парай тысячаў сьвядомых дэманстрантаў.

— Яку річницю сьвяткавацьме Беларусь? Афіцыйна вашай Незалежнасьці колькі гадоў — 46? — пытаюцца калегі з “України Молодой”.

Доўга тлумачу пра 25 сакавіка, 27 ліпеня і дзень вызваленьня Менску. Калегі зьдзіўляюцца, заблытваюцца й просяць выкласьці, што, як і хто за што, у пісьмовым выглядзе. А Беларусь праз тыдзень зьдзіўлена даведваецца з афіцыёзу, што мы сьвяткуем саюз з Расеяй, якому насамрэч не стагодзьдзі, а толькі 5 гадоў.

 

* * *

— Я табе раскажу, што ў нас тут адбываецца. Гэтыя прыдуркі хочуць скінуць Кучму, і правільна ён іх паразганяў. А я... — колішні заўсёднік камэраў на менскай вуліцы Акрэсьціна ўсьміхаецца, — цяпер на іншым баку барыкадаў.

Павал упэўнены, што Кучму падставіла ЦРУ. Падсунула свайго шпіёна, інакш чаго яго хавае на нейкай натаўскай вайсковай базе. Амэрыка з Расеяй дзеляць сьвет, Украіна мусіць стаць сатэлітам Масквы, Кучму прымушаюць прасіць у Пуціна дапамогі...

Чалавек некалі абвясьціў сябе “лідэрам менскай суполкі ЎНСО”, якой не існавала ў прыродзе. Цяпер той жа чалавек выказвае задаволенасьць, што 15 лідэраў рэальных абласных суполак той жа ЎНСО сядзяць у СІЗА. У некаторых зь іх — чэрапна-мазгавыя траўмы, а Руслана Зайчанку з Чаркасаў увогуле арыштавалі пасьля дзьвюх апэрацыяў, проста з больнічнае койкі...

— А што там у нас дома, ці знайшліся гэтыя прыдуркі? — пытаецца Павал.

Я “не ўрубаюся”. Ён удакладняе: “Ну, Ганчар, хто там яшчэ?” Ён гаворыць пра зьніклых словамі Зімоўскага. Ён выказвае надзею, што Лукашэнка пераможа на выбарах, і за новы тэрмін ягонага цараваньня былы менскі сацыял-дэмакрат пасьпее стварыць уласную партыю.

Ну, ясна, бяз Паўла Карназыцкага, былога лідэра Маладой Грамады, беларусам дыктатуры ніяк і ніколі не перамагчы!

— А ўсё-ткі мяне ў Менску падставілі. Не вярнуся, пакуль не адчыняць гэбэшных архіваў, ня ўбачаць, што я ня быў стукачом... Ды не хадзі ты на мітынг ля помніка Шаўчэнку! У Менску табе ціха-мірна, дык тут улезьці куды карціць!

— А ты што, ужо аддаеш загады на разгон украінскай апазыцыі? Не? Ну дык паехалі са мной на Дзень Волі ў мірны Менск.

 

* * *

Ня буду доўга пісаць пра падзеі 9 сакавіка, але гэта было не зусім тое, што ўяўлялася пасьля БТ альбо ОРТ. Урэшце ня мае маральнага права асуджаць “экстрэмізм” апазыцыі той, хто сам хоць раз кідаўся (хоць і няўдала) камянямі. Зрэшты, суседзі ў чымсьці мелі рацыю: лепей было б — тухлымі яйкамі.

 

* * *

Кучма зьехаў у “кароткатэрміновы адпачынак” пасьля 9 сакавіка і ажно да футболу 24-га. Кіраўнік МУС Юры Краўчанка то зьняты, то ўжо не, то выводзіць да парлямэнту 20 тысячаў міліцыянтаў. Тыя стаяць і патрабуюць падвышэньня заробку... Міністар ня зьняты. Потым тыя ж хістаньні — з арыштамі й вызваленьнямі Юліі Цімашэнкі. Экс-віцэ-прэм’ерка — украінскі варыянт нашага Чыгіра. Толькі яшчэ круцейшы: мае ўласную партыю “Бацькаўшчына” й шанец аб’яднаць апазыцыю. У яе таксама паўсям’і сядзіць...

24 сакавіка апазыцыя праводзіць шэсьце “Шлях жалобы” ў памяць другіх угодкаў гібелі Вячаслава Чарнавола, якога лічыць забітым спэцслужбамі. Наперадзе шэсьця нясуць партрэты Чарнавола й Георгія Гангадзэ. Транспарант побач папярэджвае, што “наступным можаш быць ты”. Чырвоных сьцягоў у калёне няма, правыя партыі болей ня ходзяць на дэманстрацыі з камуністамі, як раней — лічаць іхную “барацьбу з рэжымам Кучмы” дэмагогіяй.

Няма на вуліцах і ніводнага міліцыянта з мэгафонамі. (У нас у адсутнасьць кіраўніка дзяржавы ў сталіцы ўсё звычайна не суцішваецца, а абвастраецца.) Калі я знаходжу праз гадзіну пасьля шэсьця групу ахоўнікаў парадку й пытаюся іхнай думкі пра фінал акцыі, адказваюць бесклапотна: “Ды мы за імі не сачылі! Толькі на працу прыйшлі. Кучму — геть? Ну, геть, а нам що?”

Апоўначы мы з прыяцелем ідзем па цэнтры Кіева. Народу перад выходнымі амаль гэтак жа шмат, як было ўдзень. У падземным пераходзе побач з будоўляю Майдану — шумна, гулка, сьвяточна. Народ п’е напоі й слухае тры канцэрты вулічных музыкаў у розных калідорах пераходу, разьдзеленых кавярнямі, адкрытымі і ўначы. Вось, здаецца, тусоўка на наш густ: украінскамоўны рок з жывым гукам. Але я не магу слухаць. Бязь ветру я вось-вось адрублюся, засну і ўпаду. Хутка будзе двое сутак бяз сну. Лепей ісьці пехам па прахалодзе, інакш з гэтага мэтра мяне прыйдзецца вынесьці. І мы ідзем...

— Што такое? — зь цікаўнасьцю пытаецца сябар, калі я рэзка спыняюся і змаўкаю на паўслове.

Праз сэкунду аслупяненьня на прыступ нашага рогату азіраюцца людзі на вуліцы: нэонавае “Познякижилбуд” — гэта шыльда будаўнічага прадпрыемства мікрараёну Пазьнякі, самае дынамічнае новабудоўлі Кіева.

 

* * *

А па прыезьдзе быў наш Дзень Волі. Апазыцыю зноў пазаганялі ў загоны ачапленьня, потым яна чамусьці думала, што йдзе шэсьцем сама... пад канвоем і прызначаным ня ёю маршрутам. Сто крокаў улева — і палова ўжо ўцякае ў парк. Дзе “больш за сто арганізатараў”, каб паставіць умовы Навумаву? Дзе аматары гандысцкіх мэтадаў непадпарадкаваньня, каб заклікаць сотні людзей сесьці на зямлю вакол аўтобусаў з захопленымі дзяўчатамі? Добра, няма негвалтоўнай Гразновай ці арганізатара Вячоркі. Дзе радыкалы, каб адбівацца, хвалёная дружына БНФ?..

Людзі далі сябе засадзіць у турму толькі за “сто крокаў улева” і таптаньне на месцы. І гэтыя вечныя ахвяры рэжыму ўсур’ёз маюць намер замяніць уладу ў краіне?!

Мы можам не падтрымліваць украінскай (як і любой іншай ня нашай) апазыцыі, тым больш, калі тая падаецца няздольнай перамагчы. А якога ражна падтрымліваем апазыцыю беларускую? Пачакайце, хай пакажа, на што здатная яна. Ня трэба фанатызму. Галоўны герой Дня Волі — міністар Навумаў. Гучыць сьмешна.

І на халеру, атрымліваецца, я зьехала з Кіева на дзень раней?

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0