Ваяж на поўдзень

Футбольным заўзятарам, якія ўпарта ня хочуць размалёўвацца ў зялёна-чырвоныя колеры, а прагнуць хварэць за сваіх з нацыянальным сьцягам, не пазайздросьціш. Зборная Беларусі вунь як пачала гуляць, але толькі паспрабуй дастаць на стадыёне бел-чырвона-белы — футбол скончыцца ў пастарунку. Вось і застаецца беларускім фанатам ехаць на выезды з камандай за мяжу.

 

Выехалі мы ўшасьцёх зь Менску ў Кіеў увечары ў чацьвер. Плянавалі дабрацца да Гомеля, а далей — на “сабаках”, г.зн. на электрычках. Аднак праваднік нашага абшчакоўскага вагону, атрымаўшы з чалавека па мільёнчыку, ласкава дазволіў нам застацца аж да Нежына (гораду, слаўнага сваімі гурочкамі, куды ўцёк ад царскіх спэцслужбаў паўстанец Францішак Багушэвіч), адкуль да Кіева — дзьве гадзіны на электрычцы.

Украіна стрэла веснавымі разьлівамі рэк і расповедамі бабулькі-ўкраінкі пра тое, як гнаць “сэм” безь зьмеевіка. Украінскі кантралёр у электрычцы, выслухаўшы нашую байку пра “не пасьпелі памяняць грошы”, прабурчэў нешта кшталту «дома трэба сядзець» сабе пад нос ды паслухаўся бабці, якая стала на нашую абарону. Тым часам па вагонах адзін за адным сноўдалі гандляры, прадаючы літаральна ўсё: ад абутку, насовак ды ёршыкаў для мыцьця посуду да ліманаду, піва і брэндзі.

Білетаў на гульні мы, натуральна, ня мелі, але і ў касах стадыёну нам нічога не прадалі. Аказалася, нашая слаўная Фэдэрацыя футболу нават не папярэдзіла ўкраінцаў пра тое, які сэктар будзе беларускім. Мы ламануліся ў Фэдэрацыю футболу Ўкраіны ды толькі там прабілі запаветныя квіткі па 30 грывень (5,5 даляра).

Вылезшы з мэтра на Хрышчаціку, мы амаль адразу ж убачылі пару машынаў хуткай дапамогі. Высьветлілася, што за колькі хвілінаў да гэтага адбылася першая ўкраінска-беларуская бойка.

Беларускі сэктар на «Дынама» падчас моладзевай гульні налічваў блізу 150 чалавек, на другой трыбуне сядзела яшчэ адна купка нашых выключна зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Аднак хлопцы нечакана прадулі 0:1. Пасьля гульні міліцыянты доўга не выпускалі беларусаў са стадыёну, аж пакуль на ім не пагасла сьвятло. Тады беларусаў — каб унікнуць боек — расьпіхалі па аўтобусах ды павезьлі па іхных прыстанках. Нас шасьцёх адканваявалі на мэтры пад аховай міліцыі. Калі праходзілі па Хрышчаціку, колькі дзясяткаў п’янаватых ужо гапароў ды фанатаў ламануліся-ткі на нас, аднак міліцыя адбіла іхны наскок.

Палазіўшы на наступны дзень ля шырачэзнага Дняпра, што раскідваецца некалькімі рукавамі, паназіраўшы ў Кіева-Пячэрскай Лаўры за папамі ў лякавых туфлях на джыпе «Мэрсэдэс», папіўшы выдатнага піва «Оболонь», мы вярнуліся ў свае апартамэнты. Міліцыянты абяцалі забраць нас на гульню на аўтобусе, каб нашую слаўную шасьцёрку ня грохнулі на падыходах да «Алімпійскага». Міліцыя слова стрымала, ды за пару гадзінаў да пачатку гульні мы ўжо сядзелі на двух’ярусным стадыёне, што зьмяшчае за 80 тыс. чалавек (удвая болей за менскі). Падыходзілі беларусы з разьбітымі галовамі ды заклеенымі фэйсамі, распавядалі пра крывавыя “мачылавы” ў цэнтры Кіева ды пра ўкраінца, які застанецца інвалідам празь пералом тазавых костак. Паступова запаўняўся стадыён, на беларускім сэктары было ўжо пад тысячу заўзятараў...

Ад 70-тысячнай украінскай тарсыды я чакаў большага. А яны толькі ў другім тайме здолелі пусьціць па стадыёне хвалю, амаль нічога разам не скандавалі, а толькі гулі ды малацілі па сьпінках сядзеньняў (грукат, праўда, стаяў будзь здароў). Праўда, перад матчам украінцы зладзілі сапраўдны барабанны пэрформанс ды разгарнулі жоўта-блакітны сьцяг мэтраў 50 даўжынёй.

На нашым сэктары бальшыня хварэла пад бел-чырвона-белымі колерамі. Парадавала, што беларусы зь беларусамі больш ня біліся, як гэта было паўгоду таму ў Лодзі, хаця “гапата” і спрабавала “залупацца”.

Гульня скончылася. Пачаў згасаць настрой, пакідаючы ў душы толькі падсьвядомае супакаеньне нулявым вынікам. Мы глядзелі на агні вечаровага Кіева і адчувалі сваю іншароднасьць у гэтым патрывожаным трохмільённым вульлі, дзе ледзь ня кожны другі марыў даць табе ў рыла... Хацелася дадому...

У Беларусь мы вярнуліся, яшчэ ня сеўшы ў спэццягнік. Ласкавыя беларусы ў асобе кіраўнікоў турдэлегацыяў ды начальніка цягніка заламілі такія цэны (19 мільёнаў за чалавека), што ашаламілі сотню фанаў, якія папросту такіх грошай ня мелі, але мелі спадзеў, што “свае забяруць”. Спадзеў быў марны... Пасьля даўгіх перамоваў з удзелам украінскай міліцыі цана апусьцілася да 10 даляраў, ды пэўная частка фанаў уціснулася. Але некалькі дзясяткаў беларусаў былі пакінутыя сваімі ж землякамі ноччу ў варожым горадзе, хоць толькі ў нашым вагоне было з тузін вольных месцаў.

Богусь Заўзятар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0