Вэрнан Д’юк, пры нараджэньні Ўладзімер Дукельскі.

На станцыі Параф’янава

Калі ў музычных даведніках згадваецца пра паходжаньне аўтара музыкі да папулярных брадвэйскіх мюзыклаў 30‑х, то з пазнакаю: «Нарадзіўся ў Расеі». Стваральнік аўтарытэтнага расейскага інтэрнэт‑праекту «Стагодзьдзе перакладу» Яўген Віткоўскі называе месцам нараджэньня Д’юка горад Пскоў. Між тым, кампазытар нарадзіўся на беларускай зямлі, у пасёлку Параф’янава, за два кілямэтры ад аднаго з самых старых мястэчак Докшыччыны, якое ад пачатку звалася Парфенава (першая згадка — 1435).

Краязнаўца Кастусь Шыталь апавядае, што гэтае мястэчка ў ХІХ ст. было цэнтрам воласьці. У 1902 годзе за два кілямэтры ад Парфенава прайшла Балагое‑Сядлецкая чыгунка, у сувязі з чым там зьявілася паравознае дэпо, а таксама чыгуначная станцыя, якая займела назву «Параф’янава». Пры станцыі ў гэты час і ўзьнік пасёлак, дзе ў сям’і чыгуначнага інжынэра нарадзіўся Ўладзімер Дукельскі.

«Згадак пра ягоную сям’ю амаль не захавалася, ёсьць толькі невялікі артыкул у «Памяці» Докшыцкага раёну», — кажа К.Шыталь. Краязнаўца дадае, што да 1939 г. у гэтым пасёлку жыло шмат габрэяў, а сярод іх — бацька яшчэ аднаго вядомага амэрыканца — Сэма Гэйдэнсана, кангрэсмэна, які быў аўтарам шматлікіх законапраектаў, датычных Беларусі.

Музыка да фільму з Рэйганам

На адным месцы сям’я Дукельскіх не сядзела. Толькі за першыя 15 год жыцьця Ўладзімера яны зьмянілі некалькі гарадоў. Прыхільнасьць да сур’ёзнай музыкі ў хлопца выявілася, калі жылі ў Кіеве — 15‑гадовым ён паступіў у кансэрваторыю, але яго сям’я ізноў змушана пераехала. Цяпер у Канстантынопаль. Там Дукельскі займаецца самастойна і на пачатку 20‑х піша свае першыя музычныя творы.

У 1921‑м сям’я прымае рашэньне эміграваць у ЗША. Там і пачалося ўзыходжаньне Дукельскага, які з парады Джорджа Гэршвіна ўзяў «чыста амэрыканскі» псэўданім. Цяпер ён стаў называцца Вэрнанам Д’юкам.

Пад гэтым імем ён стварае поп‑песенькі, яго музыка гучыць у брадвэйскіх мюзыклах «Ziegfeld Follies», «Cabin in the Sky».

У адным зь фільмаў, да якога напісаў музыку Д’юк, — «She Is Working Her Way Through College» («Яна хоча атрымаць адукацыю ў каледжы») зьняўся Рональд Рэйган — будучы прэзыдэнт ЗША.

Пад сваім сапраўдным прозьвішчам Дукельскі працуе ў сур’ёзнай музыцы — піша на вершы Мандэльштама, Апалінэра, стварае Скрыпічны і Віялянчэльны канцэрты.

Кампазытар падкрэсьліваў, што ня мае дачыненьня да т.зв. «белай эміграцыі» — тых, хто выехаў з Расеі, Беларусі, Украіны падчас падзеяў 1917—21. Ён быў у добрых адносінах зь Сяргеем Пракоф’евым, той паклапаціўся, і пасьля вайны Дукельскі атрымаў афіцыйнае запрашэньне вярнуцца ў СССР. Але ўзважыў усё і не паехаў, у адрозьненьне ад шматлікіх іншых эмігрантаў. Няцяжка ўявіць, што яго чакала ў Маскве.

Канец жыцьця на «Свабодзе»

У 50‑х Дукельскі адыходзіць ад галівудзкіх спраў. Працуе на расейскай службе радыё «Свабода». У архівах захаваліся ягоныя рэпартажы з цыклю «Расейцы за мяжой» і цыкль праграмаў пра амэрыканскія музычныя камэдыі.

У 60‑х, ужо хворы на рак, ён актыўна піша вершы і перакладае антычных паэтаў на расейскую. Яго сэрца спынілася падчас апэрацыі на рак у каліфарнійскай Санта‑Моніцы 19 студзеня 1969 году.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0