Воўк зьнявечыў мой лёс

І ў памяці ўваскрасае ўжо не адна шчымлівая, як задаўненая рана, гісторыя чыёйсьці зьнявечанай маладосьці, паламанага чалавечага лёсу.

В.Адамчык (“НН”, “Воўк прагне крыві”)

 

Вось адна зь іх.

Бацька мой, які скончыў царкоўна-прыходзкую школу, добра разьвязваў арытмэтычныя задачкі, што зь цяжкасьцю даваліся мне ў чацьвертай клясе, меў прыгожы каліграфічны почырк і яснае мысьленьне — уся вёска зьвярталася да Язэпа, калі трэ было напісаць якую-кольвечы заяву ці скаргу. Ён рупіўся на сваім уласным шнуры, аж пакуль не загналі ў калгас. Адпакутаваўшы там колькі год за воз пацярухі, ён плюнуў і пайшоў “ірваць карчы” ў мясцовую смалакурню. А перад пачаткам вайны ўладкаваўся лесьніком, меў заробак у сто рублёў і нас, сямёх нашчадкаў. Жытка была ня райская, як і сёньня ў гэткіх сем’ях, калі гаспадар нават і пад сто тысяч зарабляе. За ўсе школьныя гады мае ногі аніводнага разу не пераступілі парогу школьнага буфэту, з булачкамі па 36 капеек, якімі амаль кожны перапынак ласаваліся плешчаніцкія жыдкі, мае аднаклясьнікі.

Запомніўся бацькаў запавет: атрымаць адукацыю.

Сяк-так уладкаванае жыцьцё нашай вялікай сям’і скрышыла ваенная віхура. Немцы з сталінскіх “сініх прарызінаў” пераабулі нас у лыкавыя лапці. Праз два гады партызаны забралі бацьку “ў падводы”, адкуль ён не вярнуўся. Маці засталася з малымі дзецьмі, маючы адзіную надзею на мяне, “старэйшага”. Але і ад апошняй надзеі ўсходнія “старэйшыя браты” неўзабаве вызвалілі няшчасную жанчыну, забраўшы сына ў войска. Ваўкі патрабавалі мяса!

Несупынная муштра і недастатковае харчаваньне за тры гады войска зламалі здароўе, дый вайна скончылася — усё гэта спрыяла вяртаньню дадому. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе, я, як і Вячаслаў Адамчык, памкнуўся ў сталіцу да вялікага мура з шыльдаю “Белорусский государственный университет им. В.И.Ленина”. Тады я абыякава мінуў дзьверы з надпісам “Спецчасть”, шукаючы прыёмнай камісіі. Праз колькі дзён пасьпяхова вытрымаў уступныя іспыты і вярнуўся дадому ўпэўнены, што паступіў. Пры канцы жніўня мне паведамілі, што я “не зачислен в университет ввиду отсутствия вакантных мест”. Разгублены і расчараваны, паехаў у сталіцу шукаць свайго, гарантаванага Сталінскай канстытуцыяй, права на адукацыю, ці, як у нас у вёсцы казалі, “шукаць праўду”. Найперш зьвярнуўся ў Прыёмную камісію, дзе мне пагадзіліся вярнуць дакумэнты і выдаць даведку аб выніках іспытаў. Я прабіўся да дырэктара, доўга даводзіў яму сваю слушнасьць. Ён зьняў слухаўку, а потым сказаў мне, што прыёмная камісія ўжо скончыла сваю працу і дапамагчы ён нічым ня можа. Тады я пайшоў у Міністэрства асьветы. Міністар сп.Мурашка прыняў, выслухаў, зноў жа патэлефанаваў некуды і даў адказ, зьместам падобны да дырэктарскага. Засталося адно: забраць дакумэнты.

За сталом у белым кужальным гарнітуры сядзеў старшыня прыёмнай камісіі — ваўкалак беларускай гісторыі Абэцэдарскі, побач — прывабная жанчына, сакратарка камісіі па прозьвішчы Жаўнерчык. Яна знайшла патрэбную асабовую справу, раскрыла яе, каб аддаць мне дакумэнты, аднак у гэты час ці то старшыня адцягнуў яе ўвагу, а мо яна, адмыслова пакінуўшы тэчку раскрытай, зьвярнулася да яго. Сярод падшытых дакумэнтаў я заўважыў аркуш паперы са школьнага сшытка, на якім алоўкам было напісана, што я маю аж чатырох дзядзькоў у Амэрыцы.

Імгненна згадаўся фатаздымак, які год дзесяць таму паказвала цётка Марыля, бацькава малодшая сястра: трое мужчынаў пры гальштуках, у чорных строях і бліскучых чаравіках. Ніколі б не падумаў, што менавіта праз гэтых людзей скруціцца мой лёс, тым больш, што ў левай кішэні маёй гімнасьцёркі ляжаў білет “прадстаўніка перадавога атраду моладзі гораду і вёскі”. З дакумэнтамі і даведкай я рушыў дахаты. Так скончылася першая спроба атрымаць адукацыю.

Загадчык райана, калека з вайны, быў адзіным, каму я шчыра распавёў пра свае ўнівэрсытэцкія прыгоды. Ён прыняў мяне на працу і параіў паступаць на завочнае аддзяленьне, дзе, як ён казаў, нікога не цікавіць аўтабіяграфія абітурыентаў. Крыху супакоіўшыся, я зноў адаслаў дакумэнты, потым пасьпяхова здаў іспыты, атрымаў навучальны плян з заданьнямі на зімовую сэсію і шчасьлівы вярнуўся на працу. Аднак вучоба была вельмі кароткай. Прыехаўшы на сэсію, прачытаў на дзьвярах гардэробу аб’яву: “Студенту-заочнику Бурдыко П.И. срочно зайти в кабинет №5 “Спецчасть”.

Там мне даходліва патлумачылі, што вучоба — вялікая каштоўнасьць, што ў навуку трэба ісьці з чыстым сумленьнем і крыштальнай біяграфіяй. Менавіта там, у кабінэце з шыльдай “Спецчасть” я атрымаў канчатковы вырак: адукацыя “в свободной и мирной стране” — не для мяне. Дадому вярнуўся зьняважаны і зьнявераны, неяк дапрацаваў да канца вучэбнага году, атрымаў разьлік і вырашыў зьехаць куды далей. Пусьціў пагалоску, што кіруюся ў Ленінград, а дакумэнты адаслаў у Пінскі электратэхнікум сувязі. Атрымаў адказ, што залічаны на аддзяленьне радыёфікацыі. Роўна празь месяц, пакуль мы зьбіралі высокі ўраджай бульбы на пінскіх калгасных палетках, дырэкцыя атрымала чарговы кампрамат на новасьпечанага навучэнца.

На той час я ўжо меў дваццаць пяць год, пяцігадовы працоўны стаж, быў сталым членам прафсаюзу і прафоргам групы. Я быў актывістам — працаваў у прафкаме, удзельнічаў у самадзейнасьці, таму аб’ява аб адкрытым камсамольскім сходзе на тэму “Асабістая справа Бурдыкі П.І.” была сэнсацыйнай і сабрала поўную залю.

Старшыня сходу пачаў прамову з папроку ва ўтойваньні фактаў біяграфіі, а скончыў абвінавачаньнем у шпіёнскай дзейнасьці. Мне прапанавалі распавесьці аўтабіяграфію. Потым выступілі некалькі падрыхтаваных статыстаў, якія заклікалі выключыць мяне з камсамолу і выгнаць з тэхнікуму.

Сход быў бурлівы і неадназначны. Большасьць выступоўцаў спачувалі мне, і ў выніку галасаваньня я быў пакараны толькі суворай вымовай з занясеньнем ва ўліковую картку. А назаўтра дырэктарка тэхнікуму так крычала на сакратара камітэту камсамолу, што было чуваць аж у прыёмным пакоі: “Хто рыхтаваў сход, Вы ці Бурдыка, чаму не была прынятая пастанова аб выключэньні?!”

Праз колькі дзён зьявілася другая аб’ява аб дадатковым разглядзе маёй асабістай справы. Спартовая заля была поўная, найменшыя навучэнцы віселі на гімнастычнай сьценцы. Кожны выступоўца імкнуўся давесьці, што мне няма месца ў іхных шэрагах. Прыхільнікаў абараніць мяне гэтым разам не знайшлося, бо прэзыдыюм ачольвала сама дырэктарка, Сізова Соф’я Іванаўна.

Падводзячы вынікі, яна падкрэсьліла: “Мы не можем допустить сомнительных людей к нервам страны!”

Я быў канчаткова растаптаны, зьняважаны і зьнявечаны на ўсё жыцьцё. У мяне адабралі апошнюю надзею.

Добра памятаю той вечар. Калі я выйшаў з задушлівай залі, было ўжо цёмна. Я ня ведаў, куды ісьці і што рабіць. Нейкія, відаць, д’ябальскія сілы прывялі мяне на мост церазь Піну.

Чорныя мэталічныя канструкцыі, магутныя, як існы дзяржаўны лад, душылі мяне зьверху і з усіх бакоў, а ўнізе — цёмнай віруючай масай, як магутная злая вужака, гатовая імгненна заглынуць чалавека, плыла ў акіян стыхія прыроды. Цяпер, праз гады, згадваючы мінулае, часам думаю — што зьберагло тады маё напалову не зрэалізаванае жыцьцё? Ці то інстынкт самазахаваньня, ці то Бог паслаў мне Анёла-ахоўніка, які празь дзесяцігодзьдзі сацыялістычных пакутаў дапамог дажыць да скону цемрашальскага ладу, бо гісторыя спраўджвае біблейскую ісьціну: “Дабро перамагае Зло”.

Напрыканцы прыдадуцца словы аднаго з герояў Лынькова, які, паміраючы, казаў: “Эх, позна, позна, і так рана, рана...”

Павал Бурдыка, Полацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0