лісты ў рэдакцыю

Зрабі прэзыдэнта

галоўны дэвіз перадвыбарнае кампаніі
“Маладога Фронту”

 

Беларусь, 2001 год. Ты сядзіш і чытаеш газэту — вельмі хочацца ведаць, калі, нарэшце, у краіне скончыцца гэты калхоз. Дастала. На пытаньне “Хто вінаваты?” можна не адказваць: усе ведаюць, хто. А пытацца “Што рабіць?” і ўвогуле залішне. Вядома, што: зрабі прэзыдэнта!

Увогуле, зрабіць прэзыдэнта пад сілу толькі ўсяму маладому фронту — 1,5-мільённаму пакаленьню выбарцаў 18—30 гадоў. Толькі мабілізаваная адзіным фронтам моладзь зможа супрацьстаяць рэжыму, даць ад 20 да 30% галасоў за дэмакратычнага кандыдата па ўсёй краіне і адстаяць перамогу на плошчах.

Калі ты ўзяўся рабіць прэзыдэнта — пачынай з самога сябе. У хвіліны размоваў, раздачаў, сустрэчаў ты сам мусіш быць ягоным вобразам. Ты мусіш мець гэткую ж разважлівасьць і стрыманасьць, такую ж спакойную сілу, якую табе хацелася б бачыць у лідэра Беларусі. Ты мусіш усьміхацца, адкрыта глядзець у вочы і любіць усіх гэтых людзей — толькі тады твае простыя словы будуць пераварочваць душы. Зьбяры ўсё самае лепшае, што ў цябе ёсьць, — з гэтага можна зрабіць прэзыдэнта.

Ты можаш зрабіць прэзыдэнта, зьбіраючы подпісы за дэмакратычнага кандыдата. Табе будуць адчыняцца дзьверы кватэраў, тайны маленькіх замкнёных сьветаў, чалавечыя лёсы і сэрцы; ты на ўласныя вочы пабачыш народ — ужо тады, калі мноства твараў пачнуць зьлівацца ў вобраз сярэдняга выбарцы. Ты будзеш бачыць, як растае атупелая безнадзейнасьць, сыходзіць няпэўнасьць, боязь і злосьць, як новы прэзыдэнт за колькі хвілінаў робіцца добрым сябрам сям’і і асабістым знаёмым тваіх суразмоўцаў.

Ты можаш зрабіць прэзыдэнта, стаўшы на выбарах назіральнікам. У дзень галасаваньня, з самае раніцы, ты разам з калегамі будзеш сачыць за наведнікамі ды скрынямі. Пад тваім пільным позіркам камісія проста ня здолее анічога “схімічыць”. Азарт захопіць, калі надыдзе час падліку — ты адным зь першых убачыш, хто ж прэзыдэнт, тут, у навакольных кварталах.

Ты можаш зрабіць прэзыдэнта з паўслова ў сяброўскай размове за півам; у тралейбусе, зьлёту схапіўшы чыю-небудзь сацыяльную рэпліку і выклаўшы тэму па поўнай праграме; на працы, пасьля хвілінкі прыцэлу, фугаснай водпаведзьдзю ў абрыдлую радыёкропку. Ты можаш зрабіць прэзыдэнта, набіўшы ўсе вакольныя паштовыя скрыні ўлёткавай агітацыяй ці буклетамі, сустрэць яго залпам надпісаў і трафарэтаў на сьценах бліжэйшых дамоў альбо разграміць плякатны партрэт дыктатара бранябойнай налепкай, бахнутай проста ў лоб.

“Зрабі прэзыдэнта”. Выгаворвайце “р”! Мы ня мусім яго “забіць”. Нам трэба зрабіць яго — з шыкам, бляскам і сьмехам, дружна й эфэктна.

Зрабіць рэжым там, дзе ён не чакае, не пасьпявае, дзе ён слабы. У сфэры інтэлекту, у часе — мы маладыя, сталеем, а ён старэе! Суцэльны малады фронт у чатах і аськах. Дасьціпныя налепкі, што б’юць напавал. Шоў з выбуховым эфэктам сьмеху. Кампутаровыя тэхналёгіі апрацоўкі мільённых базаў зьвестак. Раптоўныя налёты й віртуальныя дывэрсіі на ўсіх паверхах грувасткае, заіржавелае саўковае матрыцы.

Мы мусім зрабіць рэжым і там, дзе ён упэўнены ў сваёй сіле. Размова зь міліцыянтам, які афармляе на цябе пратакол, з канвойным, які вязе цябе на Акрэсьціна, з чыноўнікам, які не дае дазволу, — гэта падрыў фундамэнтальных апораў рэжыму.

Зрэшты, галоўнае — не тэхналёгія. Трэба перамагчы гэты рэжым у духу. Адказаць на іхны страх нашай воляй. Ісьці скрозь іхную нянавісьць і захапляць душы любоўю. Супрацьпаставіць хлусьні адкрытую праўду, а рабству — прагу свабоды. Бог дасьць нам перамогу, калі мы самі будзем гатовыя да яе.

Ты здольны зрабіць такога прэзыдэнта, які табе трэба: нармалёвага, бяз хамства й псыхапатыі, файнага гаспадарніка, а не дырэктара дабітага саўгасу, прыстойнага суразмоўцу, а не скандаліста: моцнага мужыка, што ўмее трымаць удар і ня кідаецца ў гістэрыку. Свайго, дамашняга, спакойнага й годнага. Прэзыдэнта, які не забівае, не крадзе, ня блудзіць і ня хлусіць. Не бязроднага “праваслаўнага атэіста”, а чалавека, які адчувае родную зямлю пад нагамі й Бога па-над сабой.

Зрабіць прэзыдэнта... Цяпер ты верыш, што гэта магчыма? Але, як кажа Біблія, — што такое вера бязь дзеяў?

Пачынай проста зараз. У гэтую весну ты дакладна можаш зрабіць штосьці вельмі важнае — для сябе, сваіх блізкіх і сваёй краіны. Ты можаш дапамагчы!

Зрабі прэзыдэнта!

Павал Севярынец,

Акрэсьціна, 7-9 красавіка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0