Чэхі скардзяцца ў суд,
туркі — у генштаб

Агляд падзеяў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе

На пачатку тыдня сабралася міжнародная кантактавая група ў справах былой Югаславіі. Міністры замежных справаў ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Італіі і Расеі абвясьцілі, што пытаньне выдачы Мілошавіча не тэрміновае, асудзілі дзеяньні харвацкіх нацыяналістаў у Босьніі-Герцагавіне, падтрымалі тэрытарыяльную цэласнасьць Македоніі, заявілі, што будучыя выбары ў Косаве – гэта ня выбары нейкай косаўскай улады. І не ўхвалілі імкненьня Чарнагорыі выйсьці зь Югаславіі.

Сэрбскія ўлады з разуменьнем ставяцца да права чарнагорцаў на самавызначэньне. Прэм’ер-міністар Сэрбіі З.Джынджыч абвясьціў, што “жыхары Чарнагорыі павінны самі вызначыцца, у якой дзяржаве яны хочуць жыць”.

Былы баўгарскі цар Сімяон ІІ мае добрыя шанцы перамагчы на парлямэнцкіх выбарах 17 чэрвеня. Сёньняшні правацэнтрысцкі ўрад Івана Костава за час сваёй дзейнасьці ўзмацніў сувязі з NATO (хаўрус ужо атрымаў дазвол на неабмежаваны доступ да тэрыторыі краіны), распачаў перамовы з Эўразьвязам (з аўторка баўгары могуць бязь візаў езьдзіць у краіны Шэнгенскага пагадненьня), правёў шэраг рэформаў. Баўгарыя з аптымізмам глядзіць у будучыню.

У 1943 г. шасьцігадовы Сімяон пасьля сьмерці свайго бацькі Барыса ІІІ фармальна ўжо кіраваў краінай, пакуль у 1946 г. усю царскую сям’ю ня выгналі з краіны камуністы. На чужыне (у Гішпаніі) цар зрабіўся ўдалым прадпрымальнікам. Зноў наведаць былыя ўладаньні атрымалася толькі ў 1996 г. З тае пары кожнае ягонае зьяўленьне ў Баўгарыі віталі натоўпы людзей, хаця вяртаньня да манархіі хочуць хіба лічаныя адсоткі баўгараў. Дый Сімяон не зьбіраецца аднаўляць яе, затое абяцае працягваць эканамічныя рэформы (у выніку якіх жыцьцё людзей паспалітых палепшыцца, са словаў цара, ужо праз 800 дзён) і будзе змагацца за “новую этыку ў палітыцы”, то бок, прымусіць палітыкаў дзейнічаць сумленнымі спосабамі.

Аднак ня ўсе вітаюць былога цара са сьлязьмі замілаваньня. Супраць выступае віцэ-прэзыдэнт Баўгарыі Тодар Кавалджыеў. “Дынастыя Кобург-Гота і кампартыя – гэта два найбольшыя ліхі для Баўгарыі ў ХХ ст.”, — цьвердзіць партыя Баўгарскага Земляробчага Народнага Саюзу. На іхную думку, цар уяўляе сабой небясьпеку для дэмакратыі, а ягоная дынастыя заўжды вызначалася цёмнымі справамі і дэспатычнымі схільнасьцямі.

Чэскі Камітэт у справах расьсьледаваньня злачынстваў камунізму перадаў у адзін з раённых судоў Прагі дакумэнты па справе перасьледу дысыдэнтаў у рамках акцыі “Asanace”. Яна была скіраваная супраць “унутраных ворагаў дзяржавы”, найперш тых, хто падпісаў Хартыю-77. Да суду будуць прыцягненыя пяць актыўных арганізатараў і выканаўцаў акцыі, у тым ліку й тагачасны міністар унутраных справаў Ярамір Обзіна.

Дзясяткі тысячаў турэцкіх гандляроў цягам тыдня выходзілі на вуліцы сваіх местаў, патрабуючы адстаўкі прэм’ера краіны Бюлента Эджэвіта, які ніяк ня можа даць рады эканамічнаму крызысу. Маніфэстанты блякавалі шляхі, што вядуць да сталіцы, ды біліся з паліцыяй. Крыза выбухнула ў лютым, калі прэм’ер Эджэвіт павадзіўся з прэзыдэнтам Сэзэрам, які абвінаваціў некалькі міністраў у карупцыі. Сваркі палітыкаў падарвалі давер да ўраду з боку МВФ. Замежныя інвэстары пачалі згортваць свае ўкладаньні ў турэцкую эканоміку. Урад адмовіўся ад фіксаванага курсу нацыянальнай валюты, рэзка пайшла ўгору інфляцыя, што сталася прычынай шэрагу банкруцтваў і грамадзкае незадаволенасьці. А тут яшчэ й цэны на паліва ўзьняліся.

Эджэвіт абвясьціў, што ўрад у адстаўку ня пойдзе, каб да эканамічнае крызы не дадаць яшчэ й урадавай. А кабінэт Эджэвіта яшчэ лічыўся першым за доўгія гады стабільным урадам Турэччыны...

Улады забаранілі далейшыя дэманстрацыі й пасьпяшаліся абвінаваціць у спробах абвастрыць сытуацыю лявацкія ды ісламскія групоўкі. Спэцыфічнасьць турэцкае сытуацыі ў тым, што за апошнія паўстагодзьдзя армія ўжо чатыры разы брала ўладу ў свае рукі пры ўскладненьнях палітычнае абстаноўкі, таму некаторыя бізнэсоўцы скардзяцца на ўрад наўпрост у Генэральны штаб.

З-за абясцэньваньня турэцкае валюты цэны многіх тавараў на беларускіх базарах могуць зьменшыцца.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0