водгукі

Пра БССР і фундамэнталістаў

Ваша газэта адзіная, якую я чытаю рэгулярна. З апошніх матэрыялаў моцна ўразілі артыкулы Алеся Чобата, асабліва першы зь іх, пра БССР. Вялікі яму дзякуй! Гады са тры я чакаў, пакуль пра гэта хто-небудзь напіша. На жаль, ня ўсе чытачы газэты аказаліся падрыхтаванымі да такіх высноваў. Напрыклад, спн.Алеся Чунь зь Менску. Беларусь сёньня – вясковая, традыцыйная, і, як гэта ні горка, сапраўдным яе прадстаўніком зьяўляецца ППРБ, а ня мы з вамі, шаноўная спн.Алеся. І спатрэбіцца яшчэ адно-два пакаленьні, каб беларусы сталі нацыяй, а ня “тлумам”.

Дарэчы, хацелася б крыху падправіць сп.Чобата. Тэрмінам, якімі ён карыстаецца, існуюць навуковыя адпаведнікі: “клан кланаў” – гэта “народнасьць” (тып этнічнай супольнасьці, які папярэднічае нацыі). Беларусы – народнасьць, якой падаравалі дзяржаўнасьць.

Вельмі добра, што “НН” надае столькі ўвагі падзеям у сьвеце. Але інтэрпрэтацыя падзеяў мяне часам раздражняе. Выклікае зьдзіўленьне падтрымка ісламскага фундамэнталізму. Трэба адрозьніваць чачэнскі нацыяналізм і чачэнскі вахабізм. Чачэнскія нацыяналісты выйгралі першую вайну з Расеяй і адваявалі незалежнасьць Радзімы, а вахабіты фактычна прайгралі другую вайну. Вахабіты дзейнічаюць на руку Расеі, бо дыскрэдытуюць ідэю чачэнскай незалежнасьці. Расея тактычна правільна зрабіла, што скарыстала правакацыйнае ўварваньне басаеўцаў у Дагестан і выбухі ў Маскве (ФСБ тут ні пры чым – паглядзіце, што робяць ірляндзкія, басконскія, курдзкія і інш. тэрарысты). Басаева ня могуць злавіць, бо ён патрэбны як правакатар.

Цяпер пра артыкул Сяргея Радштэйна “Яны ня любяць Мікі-Маўса”. Я таксама не люблю маскультуры. Але ж талібы ўвогуле паталягічна ненавідзяць любую чужую культуру. Іх дзеяньні – звычайная сярэднявечная рэакцыя, якую большасьць азіяцкіх краінаў ужо перажылі. Гэта выклік мадэрнізацыі і вэстэрнізацыі, які нічога прагрэсіўнага не нясе. Сьвет ужо даўно разьвіваецца як узаемазьвязаная сыстэма.

Аўтар скажае этнічны склад насельніцтва Аўганістану. Пуштуны складаюць ня 60—65%, а 55%, астатнія – гэта таджыкі (20%), узбэкі (9%), хазарэйцы (1 млн.), чараймакі, нурыстанцы і інш. народы. І ЎСЕ яны ваююць супраць талібаў. А С.Радштэйн хоча ўсё паказаць як канфлікт “прыгнечаных” пуштунаў і “прарасейскіх” таджыкаў. Чамусьці аўтар ня кажа пра этнічныя чысткі сярод хазарэйцаў-шыітаў у ваколіцах Баміяну, што вядуцца талібамі.

Незразумелыя і прэтэнзіі аўганцаў на Балуджыстан. Балуджы, што са зброяй у руках змагаюцца супраць іранскага і пакістанскага панаваньня, менш за ўсё хочуць трапіць пад новае ярмо.

А чытач хоча аб’ектыўнасьці.

Зьміцер Віцько, Аталезь


Сёньня цяжка больш-менш дакладна вызначыць ня тое што нацыянальны склад, але й колькасьць насельніцтва Аўганістану, бо за гады вайны краіну пакінулі сотні тысячаў уцекачоў. Толькі ў Іране іх каля двух мільёнаў. Аўганістан да сяньня ў многім застаецца краінай плямёнаў, але палітыку вызначалі ў асноўным дзьве сілы – таджыкі й пуштуны, а не якія нурыстанцы. Каб лепш зразумець ксэнафобію не-пуштунаў, прывяду гісторыю, якую распавёў мне сябар, былы вучань Кабульскага ўнівэрсытэту. Студэнты-таджыкі бразгалі каменьчыкамі ў бутэльках, крычучы яму: “Вось яна, ваша пуштунская мова”. Але гэта прыватнасьці.

Што да ісламскіх фундамэнталістаў, дык Вы няслушна інтэрпрэтуеце нашы падыходы. Ацэньваючы любыя, нават далёкія падзеі, мы пільнуемся выключна агульначалавечых каштоўнасьцяў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Кажучы бяз гэтых штампаў, спрабуем глядзець на ўсё вачыма нармальнага беларуса ды ціха разьбірацца, што чалавечае, а што брыдкае. Прэса і тэлебачаньне, нават беларускамоўныя, дый нават нацыяналістычныя, з маленства прывучаюць нас ацэньваць падзеі ў сьвеце з гледзішча іхнай адпаведнасьці інтарэсам Расеі. Гэтак атрымліваецца, бо з расейскіх крыніцаў, расейскай моваю прыходзіць у Беларусь большасьць інфармацыі пра міжнародныя падзеі. А расейцы — нацыя з імпэрскімі прагненьнямі ды незьлічонымі ўнутранымі праблемамі. Пад іх яны і прыстасоўваюць сваё бачаньне.

Пытаньне ня ў тым, нашым натуральным хаўрусьнікам зьяўляецца антырасейскі да пары Талібан ці прарасейскі зь нядаўняй пары Ахмад Шаг Масуд, Басаеў ці Кадыраў. Гэта не стаіць на парадку дня. Але відавочна, што і чачэнская вайна, і аўганская вайна зь Менску бачацца ня гэтак, як з Масквы. Сувязь між тэрактамі ў Маскве і дагестанскімі вахабітамі — таксама. Што да фундамэнталізму, адно хачу адцеміць, што бальшыня грамадзтва на пасавецкай прасторы належыць да “ПАКАЛЕНЬНЯ ГУЛАГу”, а ў сяньняшняй Расеі нараджаецца і расьце наступнае “ПАКАЛЕНЬНЕ ЧАРНАКОЗАВА і САМАШАК”. Зь ім расьце і фундамэнталізм.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0