Банальнае зло

У нас часта наракаюць, што “Беларусі ня ведаюць у сьвеце”. Маўляў, “прыехалі мы ў Гішпанію, падарылі матрошкі, дасталі гарэлку, выпілі, кажам: “мы зь Беларусі”, а гішпанцы цьвердзяць сваё: “О, Русья”, і ніякія гісторыка-палітычныя даведкі не дапамагаюць”. Гэткае зацятае нежаданьне заўважаць нашу самабытнасьць бязьмерна раніць нашага чалавека. Як так? Чаму нас прымаюць за гэтых расейцаў?

Анатоля Клешчука ніхто нідзе й ніколі не прымаў за фатографа з “Русьі”. Тыпажы ня тыя, пэйзажы? Іншыя краявіды, іншыя твары? Але кожны скажа: не, пацаны, гэта не Разань, не Масква і не Хахлама.

У Клешчука нейкі прыродна беларускі погляд на сьвет. У рэдакцыі “НН” — сотні і тысячы Анатолевых здымкаў з новых і старых калекцыяў. Мяне заўсёды зьдзіўляла, чаму Нямеччына ці Ўкраіна на ягоных здымках выходзяць такія бясколерныя і безаблічныя. Усё, што не беларускае, яму папросту нецікавае. Не касмапалітычны і не ўнівэрсальны ён фатограф. Адно гэта робіць ягоную фатаграфію крайне цікавай.

У якім кантэксьце працуе Кляшчук, прынцыпова газэтны, а не салённы фатограф? Большасьць ягоных сучасьнікаў усё жыцьцё старанна ўнікала беларускай рэальнасьці, рэтушавала або размазвала яе. Нехта працуе ў жанры істэрну. Хтосьці — сьцёбу, і гэта надзвычай модна апошнім часам. Так, сярод апошніх здымкаў, зьмешчаных на Інтэрнэт-сайце найбуйнейшай беларускай фатаслужбы — фонду IREX-Promedia, былі выстаўленыя “Вымпэл з савецкай сымболікай у кабіне грузавіка”, “Мэханізатар Віктар Шамко выпраўляе дробную паломку сеялкі, калгас «Вузьдзенскі» (12 здымкаў), “На звалцы ў прыгарадзе Койданава спальваюць пацярпелы ў часе нядаўняга пажару на тутэйшым ільнозаводзе і непрыдатны для далейшага выкарыстаньня лён. Разам зь ім гарыць многа недапілкаў драўніны з тутэйшай піларамы”, “Сьвяточны стол”, “Кучынскі, дырэктар Дэпартамэнту па гуманітарнай дапамозе, адказвае на пытаньні журналістаў у часе прэс-канфэрэнцыі «Маючае адбыцца ўступленьне ў сілу Дэкрэту «Пра некаторыя меры па ўдасканаленьні парадку атрыманьня й выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі», “Паджылыя кабеты выбіраюць на базары прахаладжальныя напоі”, “Савецкая сымболіка на сьцяне старога дому, Вузда”, “Падсьнежнікі” , “Група выхаванцаў дзіцячага садка на прагулцы каля гарадзкога базару”, “Ярмошын выступае з дакладам на Парлямэнцкіх слуханьнях па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”...

Усе гэтыя і іншыя падобныя “дні касманаўтыкі” мала цікавяць Клешчука. Ён аддае перавагу фэрмэрам перад неахайна апранутымі калгаснымі мэханізатарамі, беларускай сымболіцы перад савецкай, а шпацыру паўз касьцёл — перад прагулкай ля базару. Адно гэта робіць ягоныя працы ўкрай прыемнымі для беларускага вока.

Да Клешчуковых рук літаральна ліпне Беларусь і ўсё беларускае. Сфатаграфуе дзеда недзе ў Кліўлэндзе, і дзед гатовы са спакойным сэрцам памерці, пабачыўшы такое фота. Хоць Клешчуковы старыя шчэ “ўсіх нас перажывуць”. Кляшчук любіць здымаць старых, але без нэкрафіліі. На першым ягоным здымку, які быў надрукаваны ў 1983 г. у часопісе “Беларусь” (фотамастак быў тады дзесяціклясьнікам), стары корміць галубоў на акне. Кляшчук любіць фатаграфаваць і дзяцей, унікаючы як брутальнасьці ўзору Салі Ман, так і саладжавасьці. Ён падабае здымаць дзяўчатаў, і ягоныя жаночыя здымкі не нясуць на сабе адбітку імпатэнцыі. Любіў ён здымаць і палітыку, пакуль тая была беларускай і жывой — недзе да 1996 г. Пасьля рэзка перастаў. Відаць, нецікава.

Калі ўзяць найбольш яркіх беларускіх творцаў, Клешчуковых сучасьнікаў, дык ягоная творчасьць мусіць падабацца Валерку Булгакаву і не падабацца Адаму Глёбусу (хоць менавіта ўсюдыісны Глёбус надрукаваў першы здымак Клешчука ў часопісе “Беларусь”). Калі браць клясыкаў, яна мусіла б спадабацца Бакача і Караткевічу і, мабыць, не спадабалася б Леанарда і Багдановічу.

Астэнічная “Чарнобыльская малітва” Сьвятланы Алексіевіч зрабіла Беларусі ў сьвеце страшную антырэкляму. Каб я быў нашай уладай, я б ладзіў у кожнай краіне, дзе выходзіць гэтая кніжка, выставы здымкаў Клешчука. Алексіевіцкі Чарнобыль — гэта мэтафізычнае, ірацыянальнае зло, зь якім немагчыма змагацца. Гэта “о, Русья”. Гэта краіна, на якой лепей проста паставіць крыж.

Клешчукоў Чарнобыль — банальнае зло. Ліха, зь якім можна змагацца і якое можна перамагаць. У баналізацыі і рацыяналізацыі зла — веліч Клешчуковага розуму. Бяда на ягоных здымках таксама бывае невыноснай для сузіраньня — як дзеці Чарнобылю, хворыя на рак, але яна ў любым разе сувымерная чалавеку. Рабіць Бога вінаватым у чарнобыльскай трагедыі — блюзьнерства, кажа сваімі здымкамі Кляшчук. І гэтая ісьціна, выказаная ў здымках, — фантастычнае ацьверазеньне для нашых мазгоў.

Алексіевіцкая Беларусь натуральна глядзіцца ў каталёгу няшчасных лёсаў, усё ў ёй прапашчае. Клешчуковыя дзеці Чарнобылю адчайна трымаюцца за жыцьцё, іхныя бацькі адчайна змагаюцца за сваіх дзяцей, беларусы — за Беларусь, цыганы — за цыганства, калхозьнікі — за сваю годнасьць. Нічога тут не прападае, нават радыяцыя, усё зь нечага бярэцца і нечым застаецца. Гэта краіна, у якой ёсьць дзе жыць і зь якой варта працаваць.

“О, Русья” — гэта, калі разабрацца, арыенталісцкі стэрэатып “расейскага”, “шырокае расейскае душы”, “умом Россию не понять”, “эх, тройка, птица-тройка”, “матка, водка!” і “самавар, славянскі чай”. Стэрэатып, прыдуманы на Захадзе і творча перапрацаваны, траўматычна прыўлашчаны расейскім мысьленьнем. “Мы такія, якімі вы хацелі б нас бачыць”. Толькі вызваліўшыся ад гэтага аўтастэрэатыпу, Расея ператворыцца ў сучасную заходнюю цывілізацыю. Толькі стварыўшы пазытыўны вобраз “о, Беларус”, мы займеем будучыню.

На Клешчуковы здымкі ніхто нідзе ня кажа “о, Русья” найперш таму, што Кляшчук страшна пазытыўна глядзіць на сьвет, цэніць чалавека і ягоную ўласнасьць, якая робіць чалавека чалавекам. Клешчука нельга не любіць ужо за адно тое, што канца сьвету на ягоных здымках не прадбачыцца.

Каб я быў нашай уладай, я б за адно тое даў Клешчуку дзяржаўную прэмію і гелікоптэр для лягчэйшага перамяшчэньня па краіне.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0