Беларусь праз 100 гадоў

Лёгкія і ныркі

Чалавецтва падобнае да рака, бо ў гістарычным часе яно рухаецца задам наперад, то бок углядацца можа толькі ў мінулае, а будучыню адчувае хіба што азадкам.

Прадказаньні і прагнозы - толькі праекцыя сучасных жаданьняў, віртуальная спроба «зачапіцца» за далёкую будучыню і «забіць» там сабе месца. Ніхто ня мог у канцы ХІХ ст. прадбачыць крах камунізму, выбух Чарнобылю або росквіт Інтэрнэту. Гэтак і сёньняшнія нашыя фантазіі вельмі далёкія ад рэаліяў ХХІІ ст. Аднак гульня ў прадказаньні - адна з самых займальных чалавечых забавак. Грэшны і я - спакусіўся на прынаду.

Такім чынам, пачатак ХХІІ ст. Людзі на Беларусі яшчэ ёсьць, і ня толькі за Гомляй. Праўда, абарыгенаў няшмат, больш афрабеларусаў і каўказабеларусаў, што запаланілі постіндустрыйныя «джунглі». Тутэйшыя ж аўтахтоны зноў вярнуліся ў лясы і балоты, якіх значна паболела пасьля рэалізацыі міжнароднай праграмы «Беларусь - лёгкія й ныркі Эўропы». Праца ў іх ня дужа складаная і вельмі «беларуская» - захоўваць хмызьнякі нечапанымі, а балаты — непраходнымі. Па праекце гэта добра аплочваецца сусьветным банкам. Новыя лясныя беларусы - самая заможная, кампутарызаваная і здаровая частка грамадзтва, пазбаўленая «мышынай валтузьні» й хваробаў гораду. Беларуская мова - мова літаратуры, адукацыі і афіцыйных зносінаў. У побыце больш распаўсюджаная беларуска-ангельская трасянка зь вялікім дамешкам расейскай «фені». У школе, акрамя інфарматыкі і традыцыйнай беларускай культуры, вывучаюць гісторыю рэклямы і псыхалёгіі ды асновы навуковага экалягізму. Пасьля паразы ў апошняй трохтыднёвай «вайне» за кантроль над рэсурсамі кампаніі «Эўрамэдыя» ў школах зноў уведзены курс маладога хакера. Адначасова прызыўны век у беларускую Вірт-Армію зьнізіўся да 14 гадоў, а тэрмін службы павялічыўся да 2000 гадзінаў этэрнага часу. Галоўны экспартны прадукт краіны - найноўшыя экалягічныя тэхналёгіі і вада. Асаблівым попытам на сусьветным рынку карыстаюцца «Брагінская лячэбная» і «Чырвоная Нароўля» — за ўнікальны набор стымулюючых прыродных мікраэлемэнтаў.

Са зьнікненьнем неабходнасьці фізычных перамяшчэньняў зьнізіўся рэйтынг транспартных карпарацыяў, якія традыцыйна апекаваліся Беларусяй у ХХІ ст. Аэракасьмічны турыстычны бум канца ХХІ ст. быў прыпынены мараторыем Сусьветнай Экалягічнай Рады зь беларускай ініцыятывы, бо рэзкае пагаршэньне стану атмасфэры магло выклікаць дэградацыю лясоў і новую экалягічную катастрофу.

Беларусы застаюцца зацятымі кансэрватарамі, якія трымаюцца бліжэй да балатоў, лясоў і асноваў народнай дэмакратыі. А ў вольны час, ігнаруючы навамодныя забаўкі, аддаюць перавагу старым добрым кампутарным гульням і рытуальнаму вырошчваньню бульбы на запаветных «Шасьці Сотках».

Васіль Аўраменка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0