Вольга Бабкова

Стары Менск

Паводле матэрыялаў рукапісных судовых актавых кніг менскага гродзкага суду за 1600—40 гады

“Стары Менск блукае па цемры архіўнай паперы...”

Л.Дранько-Майсюк

“Вуліца Дамініканаў,
Габрайская вуліца,
Ганчарны завулак...
Дзе тут затойваецца жыцьцё?
Дзе тут затойваецца сьмерць?”

Алесь Разанаў

 

 Мінулым можна ганарыцца, мінулае можна ненавідзець, мінулым можна трызьніць... Мінулае — навокал. Яно – ня толькі рэшткі бруку і сылюэты помнікаў. Гэта нашыя твары і рухі, нашыя галасы і нават маўчаньне. Мінулае адбіваецца ў кожным нованароджаным, якога чакае тое ж, што мелі ўсе ягоныя папярэднікі: маленства, юнацтва, сталасьць і сьмерць... Гэтага парадку не скрануць зь месца Новаму Часу і Новаму Чалавеку.

Набліжаючыся ўпершыню да гораду па лясных ці палявых дарогах, вандроўнік чуйна ўслухоўваўся ў навакольле. Ці не памыліўся ён часам? Ці не абмінуў места? Але хутчэй бяжыць конік, чуючы подых жытла, круціць хвастом рудая хорціца, якая таксама прадчувае набліжэньне прыгодаў. Зьмяняецца паветра. Цягне дымком, блізкай вадой. Нарэшце, вецер даносіць гук царкоўнага звона. Са стромкага пагорка адкрываецца доўгачаканы краявід. Гукі і пахі ўцелясьняюцца ў дамкі і прысады, камяніцы й бажніцы. Дарога, чым бліжэй да места, робіцца ўсё больш утаптанай, спрэс раскрэсьленай сьлядамі ног і калёсаў. І вось, нарэшце, трапляюцца першыя людзі...

У горад лепш прыяжджаць засьветла, каб не наторкнуцца на вострыя калочкі кабылінаў1, якімі ўначы перагароджваюць вуліцы й подступ да брамаў, ня збочыць у якую лужыну ці не спаткацца зь іншым якім невядомым ліхам. Бо ноччу — цёмна, вусьцішна. Удзень прасьцей, асабліва ў такім месцы, як Менск. Узыдзі на якое ўзвышша, найлепш Высокае места, дзе ратуша, дый абгледзься – пэўна не заблукаеш. Менскі краявід: рэчкі ў далінах і стары замак ў засені земляных валоў, рынкавы пляц, татарскі канец зь мячэцьцю на абалоні. Сапраўды канец. Зьлева — дамкі, сады, агароды ды дарога на Ракаў. Справа — Траецкая гара. Бачная адсюль і Пярэспа.

Горад, аточаны з усіх бакоў лесам з плешкамі зялёных пагоркаў. Горад, у які прыпаўзаюць вужакі, дзе ў мокрадзь пахне грыбамі, дзе чуваць лясныя рыкі.

Затое на Высокім месьце ногі цьвёрда стаяць на бруку. Тут няма рызыкі зваліцца ў якую яму або спатыкнуцца на глыжак. Тут іншы спазор і іншы рух. Зазьвіняць званы, склікаючы на малітву, і разаб’ецца натоўп на шматлікія ручаіны. Пацякуць яны “па вуліцах, для людзей парубленых”, кожная ў свой бок: ва ўніяцкую Казьмы і Дзям’яна, у касьцёл на Траецкую гару, у эвангелісцкі Збор, што ў бок Койданава, у праваслаўную царкву апосталаў Пятра і Паўла на Нямігу. Пасьля пакажа сонца ў небе ды гадзіньнік на ратушы пэўны час, і засьпяшаюцца жыхары па сваіх патрэбах. Хто на рынкі і ў крамы, хто ў замкавую канцылярыю, хто ў цэх, хто ў аптэку ці на млын...

 

Менскі аптэкар

Дваццаць гадоў менскім аптэкарам быў каралеўскі зямянін2 Матыс Чаховіч. Калі б разам са сваёй рахункавай кнігай вёў ён хроніку менскіх падзеяў, сьведкам якіх быў, пакінуў бы па сабе неўміручую памяць. Колькі месьцічаў прайшло празь яго, кожны са сваім болем, сваёй гісторыяй. Ведала яго ўсё места, бо за такі час шмат хто зьвяртаўся да яго неаднаразова.

Улетку 1600 г. уначы аптэкар разам са сваёй сям’ёй перажыў страшэнны спалох – на ягоны дом напалі злодзеі з пулгакамі, ручніцамі й сагайдакамі. Павыбіваўшы “абалоны” і “яго самаго мала не пастрэліўшы”, яны ледзь не ўварваліся ў сьвятліцу. У тую ноч шмат хто пацярпеў у горадзе і шмат хто страціў. Дарэчы, дом аптэкара складаўся зь дзьвюх сьвятліцаў, павеці “па другой старане” і піўніцы пад камораю. На той час аптэкар пасьпеў пахаваць сваю першую жонку, ад якой меў дзьвюх дачок, і ажаніцца яшчэ раз. Але заможным так і ня стаў, бо ў 1600 г. вымушаны быў прадаць свой дом за трыццаць коп грошай злотніку Людвігу Бальцаровічу. Дый у тэстамэнце3, пісаным праз 20 гадоў, усё яшчэ называе сваю маёмасьць “убогай”.

Пры канцы зімы 1620 г. стары аптэкар Матыс Чаховіч памёр. Пахавалі яго, паводле ягонага пажаданьня, каля Менскага касьцёлу, поруч зь першай жонкай Раінай Рындзянкай. Складаючы тэстамэнт, Чаховіч запісаў, між іншым, што мае “надзею пэўную” на тое, што ягонае цела “на суд страшнага суду цалкам нескажонае ўстане”. Маёмасьць сваю ён падзяліў паміж шматлікімі сваякамі так дбайна, як, мусіць, важыў мазі ды адсыпаў парашкі сваім кліентам. Жонцы — грошы, “спрат дамовы” ды каб лыжку срэбную выкупіць не забылася. Дачцэ Настасьсі і зяцю Яну Ганецкаму — фальварак Затычын. Дачцэ Марухне і Яну Андрыеўскаму — “дом у месьце Менскам лежачы з аптэкаю са ўсім будавеньнем і прыналежнасьцю”, а таксама вала, ручніцу ды скрыню дубовую. Не забыўся дзед і пра ўнукаў: Ганьне — 10 коп грошай на дагляд, Настасьсі — кубак срэбраны, ліхтар масянжовы, круцыфікс4 і вазок. Унуку ж Ярашу дасталіся дылея5 лазуровая зь вялікімі гузікамі ды макавы жупан... Разышліся з касьцёлу асірацелыя сямейнікі, сьнег неўзабаве прысыпаў сьляды...

 

Менскія адрасы

Невядома, дзе быў дом аптэкара, але, відаць, блізка Новага Рынку (месьціўся ў раёне сёньняшняга пляцу Волі), бо чалавек ён быў патрэбны. Тут жа, у Новым месьце, ля сядзібы Людвіга Залатара ў 1600 г. быў, як сьведчаць дакумэнты, дом яшчэ аднаго “аптыкара” Паўла Міхайловіча, а ў 1618-м — залатара Івана Амазікавіча. “У рынку новым, проціў ратуша” жыў земскі судзьдзя Грыгорый Макаровіч. Побач стаяў дом краўца Івана Макранскага, у якім гасподаю стаяў (то бок часова арандаваў жытло) сын менскага старосты Ўладыслаў Станкевіч. У доме, што меў назву “Дзеравянчын”, жыў служэбнік князя Фёдара Друцкага-Горскага Венцлаў Макранскі з Марушай Грамычанкай, а “Макаравічаўскі” дом земскі судзьдзя Марцін Валадковіч падараваў у 1622 г. сваёй жонцы Дароце Дарагастайскай. Ён стаяў таксама насупраць ратушы, па суседзтве з домам Івана Злотніка. “Панкратаўскі” дом быў ля шпіталю, “Ясінскі” — паблізу Замка. Двор “Міклушоўскі” стаяў на вуліцы “міма Збора ку Койданаву ідучай”... Дом менскага злотніка Станіслава стаяў таксама ў Замку, насупраць Прачысьценскай царквы (знаходзілася ў замку), побач зь сядзібай Юр’я Бальвера.

Бурмістар Іван Бабурка з сынамі Раманам, Макарам і Васкам жыў на “вулачцы” проці Сьвіслачы, непадалёк касьцёлу. “Славотнаму” бурмістру вінныя былі грошы віленскія браты Мамонічы – купец Багдан і скарбнік ВКЛ Лукаш. Іван Бабурка меў краму ў Менску і, пэўна, быў заможным чалавекам.

На “валоках Полацкіх”, будучай Валоцкай вуліцы (пачатак сёньняшняй вул.Інтэрнацыянальнай), жылі мяшчане Кузьма Пішчалка, жонка пінскага падстолія Грыгор’я Тарлецкага Галена Бачанка ды Фёдар Заляцелы – відаць, той самы, пра якога згадвае Сыракомля (“Менск”, 1857). Ён нібыта сьмяяўся з Жыгімонта ІІІ Вазы, выхваляючыся перад каралеўскім сакратаром Гальяшом Марахоўскім: маўляў, я за пару чырвоных залатых што хочаш у караля выпрашу. Меў, мусіць, на ўвазе каралеўскія ахоўныя граматы, што баранілі ягоную маёмасьць ад менскага ўраду. Тут жа на “валоках” набыла дом у Якуба Раманскага і Багданы Кішчанкі ваяводзіная вендзежская Сафія Служчына. Гасподу для віленскага купца здаваў у сваім доме Ісак Багушэвіч Шышка. Ягоныя продкі, як піша Сыракомля, мелі ўласны пляц ля Койданаўскай брамы. Там у сярэдзіне ХVII ст. Лукаш Богуш Шышка пабудаваў шпіталь. На Юр’еўскай вуліцы (ад пр-ту Ф.Скарыны да Інтэрнацыянальнай) ля Сьвіслачы жылі князь Яраш Іванавіч Жыжэмскі, паны Кулі, Ян Шчарбіцкі, войскі6 Іван Быкоўскі. Вялікая Юр’еўская вуліца згадваецца ў сувязі зь зямянінам Аляксандрам Кулем. Гаспода Івана Мысьліўца знаходзілася насупраць царквы Сьвятога Юр’я. На Зборавай вуліцы жыў земскі пісар Стэфан Гладкі, на Зборавым пляцы – зборавы падданы Федар Паповіч. Камяніцу ў Менску меў зямянін Яраш Ваўчок, які, ідучы “на жаўнерства” супроць Масковіі, пакінуў яе на апеку сястры Гэстэр і швагра Яна Кемеша.

Дамы месьцічаў складаліся зь некалькіх жылых памяшканьняў — сьвятліцаў, а таксама каморы і клеці. Сьвятліца на першым паверсе звалася “нізкая, вялікая”, на другім — “сьвятліца на гары”, або “сталовая”, “пакаёвая”. У сенцах магла захоўвацца зброя, у сьвірне – вопратка, посуд і кнігі. У сьвятліцах стаялі кахляныя печы, сталы, шафы, лавы, ложкі, шкатулы акаваныя (накшталт куфра) са шматлікімі рэчамі.

На Траецкай гары, дзе цяпер Менская Опэра, жыў лентвойт7 (а пазьней бурмістар8) Андрэй Масьленка. У ягонай гасподзе быў забіты ў 1600-м фурман шляхціца Эпімаха Бухавецкага. Масьленка меў права, як купец, вывозіць попел са Сьвіслацкай пушчы да прыстані Мікалаеўшчына. Быў і іншы Масьленка — Даніэль, райца9 і таксама пасьля бурмістар. Яму княжна Эва Саламярэцкая мусіла “ў дзень Грамніц, сьвята рымскага” аддаць пазыку — мёд, кароў, парсюкоў, жыта, пшаніцу, ячмень ды авёс. Яшчэ адзін Масьленка — Васіль – пісар, слуга менскага мытнага дазорцы Аляксандра Каленскага, зьбіраў “мыта старое” ад тавараў купецкіх у Менску. Менавіта гэты Масьленка адмовіўся вярнуць мытны статут, пячатку і скрынку з грашыма, калі канцлер Леў Сапега вырашыў аддаць ягоную пасаду іншаму. Масьленка ўпарціўся: “Я пану канцлеру не служу і лісту яго ня слухаю, на ваш арышт ня дбаю і таго арышту вашага не прыймую”. Месца было, відаць, хлебнае.

На Траецкай гары тылам да Сьвіслачы стаялі два дамы князя Аляксандра Крошынскага. Побач — хаты ягоных рамесьнікаў-мяшчанаў, якім князь, да абурэньня магістрату, забараняў плаціць падаткі на карысьць гораду. Непадалёк дзьве мяшчанкі, Сафія і Ганна, трымалі арэндаю дом у Станіслава Ляшчынскага ды здавалі ў ім пакоі “на паўроку”. Пастаяльцы трапляліся розныя. Служэбніка Яраша Рэзана гаспадыні напэўна запомнілі надоўга. Паўгоду новы жыхар жыў у пазыку, еў гаспадарскія стравы, піў піва і “мёд кіслы”, прымаў у гасподзе “гасьцей розных асобаў”, а пасьля, не заплаціўшы, цішком зьехаў у іншую гасподу, да плябанскага войта Марціна. А па начах вяртаўся да былых гаспадыняў дый страляў з ручніц, “выстрашываючы” з дому зьляканых кабетаў.

Наводдаль ад дамоў і халупаў Траецкай гары, месьціліся Увазьнясенскі манастыр ды касьцёл з плябаніяй ды ставам. Пры канцы ХVI ст. арандатарам манастыра быў продак Фёдара Дастаеўскага — Стэфан. Манастырскае жыцьцё павольна рухалася ў сваім рытме, супадаючы з рытмамі места. Гэтак, у прытворы царквы Ўзьнясеньня Хрыстова манастырскія падданыя Якуб Раціборскі, Даніла Марціновіч і Амбражэй Кажамяка прысягалі, што не рабавалі Івана Татурчыча, цівуна князя Крыштафа Радзівіла. Таямнічы рабунак адбыўся на Манастырскай вуліцы, непадалёк царквы. Пацярпелы пазбыўся грошай і адзеньня: свайго і чужога, пазычанага ў пісара. Пасьля прысягі княскі цівун прыгадаў, што быў у той вечар “апілы” і што падданыя айца Пайсея ня ёсьць “прычынцамі” ягонае бяды.

Крыху пазьней манастырскаму ўрадніку Стэфану Пятроўскаму давялося разьбірацца з сынам менскага кушнера Васілём Яўхімовічам. Хлопец падстрэліў дзьвюх кабылаў прылепаўскіх сялянаў, якія на загад мітрапаліта Руцкага прыехалі да Ўзьнясенскага манастыра. Васіль ня стаў чакаць пакараньня, зьбег “з манастыра ў поле да лесу”.

На Траецкай гары былі цэхі краўцоў і шабельнікаў, і між рамесьнікамі раз-пораз здараліся бойкі. Аднаго разу на мосьце ля Траецкай гары шабельнік Ян Дындзюк зьбіў Войтка Брэскага, вучня шабельніка Якуба Ясіловіча, высьвятляючы такім чынам свае прафэсійныя праблемы.

Увогуле, Менск рэдка калі заставаўся сам-насам, спакойна жыў сваім нутраным жыцьцём. Тры разы на год тут адбываліся “рокі” — чатырохтыднёвыя паседжаньні земскага суду: у студзені, пасьля Вадохрышча; улетку, пасьля Сёмухі; у верасьні, пасьля сьвятога Міхала. “Рочкі” — паседжаньні гарадзкога суду, пачыналіся зь першага дня кожнага месяца і адбываліся два тыдні. Доўга цягнуліся і кадэнцыі10 Галоўнага Літоўскага Трыбуналу, на якія з усіх ваяводзтваў зьяжджалася безьліч людзей. Шматлікія пасольствы бясконца сноўдалі паміж Варшавай і Масквой, спыняючыся ў Менску. Апроч таго, сюды заяждждала процьма “гасьцей”-купцоў. Зьяўляліся і “лясныя людзі” — жаўнеры, якія бязмэтна швэндаліся па навакольлі пасьля любой гучнай вайсковай кампаніі. Таму гасподы ў менскіх дварах заўсёды былі заселеныя, і мелася патрэба ў новых.

 

Жыды

На Нямізе жылі жыды... Унізе — на Нямізе. Адзін зь іх, Езаф Давыдавіч Гафтар, быў слугой Лява Сапегі і меў уласны дом на Нямізе. Там ён прымаў іншага слугу канцлера, “пераеждчага жыда” з Магілёва Самуэля Іляшэвіча. Калі ў Менску адбываліся чарговыя рочкі і горад запруджвалі “госьці”, слугі аднаго з такіх прыбышоў, Яна Трацэўскага, напалі на Гафтараў дом. Жыды кінуліся ўцякаць да недалёкага замку, але на мосьце перад брамай іх спынілі і зьбілі. З дому зьніклі два срэбныя кубкі, “каторыя важылі чатыры грыўны срэбра”, а ў госьця скралі “фасцыкул спраў і лістоў пана Лява Сапегі”, а таксама шаблю, “ладоўніцу”11 і “пішталет”. Зьнік таксама Іляшэвічаў жоўты каўпак, падшыты лісой.

Але на гэтым справа зь няміскімі жыдамі ня скончылася. Ян Трацэўскі, які ўсё яшчэ стаяў гасподаю ў мешчаніна Васіля Чаргановіча на Нямізе, абвінаваціў іх у спробе рытуальнага забойства хлопчыка. Нібыта, рабілі яны гэта на той самай вуліцы, ды яшчэ паклікаўшы “на помач многа жыдоў”. Калі Ляву Сапегу была ўласьцівая талеранцыя, дык шляхціц Ян Трацэўскі сьвята верыў у “паганства народу жыдоўскага, каторы непрыяцелем ёсьць народу хрэсьціянскаму”. Менскі суд апраўдаў жыдоў і забараніў Яну Трацэўскаму зьвяртацца з апэляцыяй да Галоўнага Трыбуналу.

Гэткія гісторыі найчасьцей здараліся тады, калі ў Менску адбываліся судовыя рокі і рочкі і горад поўніўся чужаніцамі, бальшыня якіх не зважала на гарадзкія законы, адно сваволіла й гультаявала.

На Нямізе стаялі ня толькі драўляныя дамы, але і камяніцы. Адну такую камяніцу менскі жыд Юда Якубовіч прадаў у 30-х гадах ХVІІ ст. Ільлю Гершонавічу і Залману Якубовічу за 5 тысячаў злотых. Тэрыторыя вакол Замку была ня дужа зручная для жытла. Яна то затаплялася вадой, то дамы на ёй разбуралі ў абаронных мэтах. Адзін такі кавалак зямлі менскі староста і ваявода Пётра Тышкевіч падараваў жыду Марку Яхімовічу, вызваліўшы яго на дзесяць год ад усіх гарадзкіх павіннасьцяў, з адной толькі ўмовай: пабудаваць на тым самым пляцы дом. А пасьля плаціць па 12 грошай літоўскіх на Замак.

 

Татары

З даўніх часоў на прыбалатках за Менскім замкам жылі татары. Ураджаі ў іхных садах і гародах былі на зьдзіўленьне і зайздрасьць тутэйшаму люду. Водгалас гэтага давялося пачуць пры канцы ХХ ст. ад карэннага менчука. Дзядзька распавядаў, што ягоныя дзяды не любілі татараў з тае толькі нагоды, што цыбуля на татарскіх гародах была ўдвая-ўтрая буйнейшая, чым у беларусаў. Татары асвоіліся ў новай дзяржаве, падпарадкоўваліся статутам, служылі ў войску, ведалі дзяржаўную мову, але мелі і свой “ закон татарскі”, і свае імёны — Ждан, Айдар, Ахмет, Мустафа, Абдула, Куромша, Зюгра, Гірка, Фатма, Шчасны, Мамай, Зелюха. Тутэйшая кабета, пабраўшыся шлюбам з татарынам, зьмяняла імя. Так, Югашка зрабілася Нетай... А малну зь мячэці Абрагіма Юсуфавіча тутэйшы люд зваў “папом духоўным татарскім”. Інакш звалася адзеньне й хатняе начыньне. Сярод апісаньняў звыклых упрыгожаньняў — “жабінца”12, “туркуса”13, рубіна ды дыямэнту – у менскіх актах сустракаецца апісаньне татарскага “перстня абручкі ў сярэдзіне баволій рог”.

Татары, як і іншыя месьцічы, рабіліся “героямі” розных здарэньняў. Гэтак, менскія жыхары Ісуп Палелеевіч з сынам Раманам пакрыўдзілі саму бурмістравую з другой “белай галавой” Настасьсяй Лахаўнай. Тыя вярталіся “да дамоў сваіх” ад “прыяцеля”. Было яшчэ толькі “за гадзіну перад вечарам”, і напэўна галава круцілася ад водару травеньскіх садоў, а сэрца было перапоўненае водгукамі сяброўскай бяседы. Зьнянацку ззаду падскочыў “тыранска, здрадзецкім спосабам” малады татарын Раман — “бесурманін”, ды “дабыўшы шаблю” параніў адну з кабетаў у руку.

Татары называлі сябе князямі і шляхціцамі “ўчцівымі”, служылі магнатам і заможнай шляхце, але і самі мелі (у абыход закону) на ўслужэньні шляхту і заваяваных “спосабам жаўнерскім” чужаземнікаў. Так, у рэестры зрабаванай ў татараў маёмасьці была запісаная чэлядніца маскоўка Феня Пекла.

 

Замак

У брацкай царкве Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла на той час служыў сьвятар Васіль Манеўскі, на цьвінтары царквы хавалі месьцічаў. Так, з тэстамэнту жонкі Мацея Завішы княжны Паланэі Пашкоўскай вядома пра ейнае жаданьне быць пахаванай у гэтай царкве. Праўда, на пачатку ХVII ст. не было спакойна пад дахам бажніцы. Яе неаднойчы рабавалі да голых сьценаў, цягнучы царкоўнае начыньне па мастках церазь Нямігу, апанаваныя сваёй праўдай гарадзкія мужы-ўніяты (сярод рабаўнікоў значыліся і члены менскага магістрату). Рабілася гэта ня з мэтай асабістага ўзбагачэньня, а, хутчэй, каб дапячы праваслаўным.

Ад царквы рукой падаць да Старога рынку, да крамак, да замкавага маста і брамы. Рынак — “мейсца звыклае” ў горадзе. Тут таўклася штодня бальшыня месьцічаў і сялянаў з блізкіх вёсак ды фальваркаў. Тут можна было злавіць падданага-ўцекача, тут, апроч звычайнай куплі-продажу, “купляліся” і “прадаваліся” гарачыя навіны і абвяшчаліся “людзям многім” каралеўскія граматы. Возны14 прыбіваў копіі каралеўскіх граматаў ці баніцыйных лістоў15 “ля варот крамных на рынку”, “на браме менскага замку”, “у ратушы”, “у касьцёле”, “у зборы эвангелісцкім”. Паступова Стары Рынак саступіў свой статус Новаму, але яшчэ доўга быў месцам сустрэчаў — аж пакуль не заняпаў Замак. Але пакуль яшчэ Замак заставаўся цэнтральнай часткай гораду. Там разьмяшчаліся замкавы суд і храмы, вязьніца, дамы ваяводы, старосты, а таксама мяшчанаў і рамесьнікаў. У 1600 г. у Замку жыў ваявода Крыштаф Служка. У ягоным доме месьцілася канцылярыя гродзкага суду з усімі кнігамі і справамі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Захоўвалася ўсё гэта ў вялікіх дубовых скрынях і замыкалася, напэўна, адмысловымі ключамі. Памёр ваявода ў 1617 г., але пахаваны быў ня ў Менску, а ў касьцёле, у маёнтку Новы двор. Ягонымі наступнікамі былі ваявода Мікалай Сапега, старосты Мікалай Зяновіч, Пётр Тышкевіч, Крыштаф Завіша... У замкавую канцылярыю беглі са скаргамі пакрыўджаныя мяшчане ды зямяне, адносілі рэляцыі возныя, казалі прысягі сьведкі. Тут чакалі сваіх даўжнікоў для разьліку. Пісар рыпеў пяром, перапісваючы ў актавыя кнігі квіты і цыдулы, тэстамэнты і лісты. Пісары былі самымі адукаванымі людзьмі ў судзе, у адрозьненьне, напрыклад, ад возных, якія маглі дазволіць сабе, у абыход Статуту, заставацца непісьменнымі. Менскімі судовымі пісарамі былі тады Стэфан Гладкі, што жыў на вул. Зборавай (праходзіла па пляцы Волі, на пачатку вул.Рэвалюцыйнай), Станіслаў Унучка, Геліяш Гурын, Іван Драбышэўскі, а таксама пісар менскай каморы Васіль Масьленка.

Замак быў аточаны з усіх бакоў земляным валам і апаясаны ровам з вадой. Каб патрапіць за сьцены, трэ было прайсьці мост і браму, дзе на варце заўсёды стаяў “замкавы стораж”. Па гэтай дарозе “зь места Новага да Замку” і наадварот “з Замку да места” прайшло безьліч ног, сьціраючы скуранымі поршнямі, ботамі дый “трэвікамі”16 драўляны насьціл Замкавай вуліцы. У кастрычніку 1616 г. тут пабываў сын Васіля Цяпінскага — Тобіяш, каб замірыцца зь зямянінам Юр’ем Драбышэўскім, якому ўчыніў нейкую крыўду ўнук Васіля Цяпінскага — Ян.

Колькі разоў сьцены канцылярыі і вушы прысутных чулі словы прысягі, прамоўленыя перад судовым урадам рознымі асобамі — “Я, Стэфан Лойка, возны, прысягаю пану Богу ўсёмагушчаму, у Тройцы адзінаму... На чым, есьлі справядліве прысягаю, пане Божа, мне памажы, а есьлі несправядліве прысягаю, Божа, мяне забі”.

Але дарэмна ўяўляць “судовую сьвятліцу” месцам, дзе заўсёды панаваў закон і справядлівасьць. На самым пачатку лета 1600 г. дзіўнае відовішча назіралі, задраўшы галовы, наведнікі Нізкага рынку: па замкавым мосьце з усіх ног беглі лентвойт, бурмістры, райцы і лаўнікі, а па замкавых валах уцякалі менскія мяшчане Іван Чэргановіч і Багдан Філіповіч, абодва ў аксамітных “капелюшах”. А за імі з голымі мячамі беглі невядомыя. Урэшце абодва ўцекачы далі нырца: “... у раку Сьвіслач паўцякалі і мала не патанулі”. Так скончылася спрэчка ў “ізьбе судовай” між менскімі мяшчанамі і зямянамі Наваградзкага павету, якія, пасьля “слоў ушчыплівых”, перайшлі да дзеяньняў.

Аднаго разу ўчыніў дэбош у менскай канцылярыі сам земскі судзьдзя Пётра Зяновіч, сустрэўшы там Міхаіла Ваўка, сына свайго крыўдзіцеля – Фёдара Ваўка. “...Нет ведама для якое прычыны звазьніўшыся на яго, словы неучцівымі... лаяў і сарамоціў, як яму ўпадабала”, а пасьля паабяцаў помсьціць і “карбачом”17 неўзабаве правучыць...

Часам нязгодная з рашэньнямі суду шляхта, “будучы гневам парушана”, пачынала “фукаць і лаяць”, і справа магла дайсьці да “палічак” і нават крыві.

Апроч судовых сьвятліц ды ізбы, была ў Замку яшчэ “ізба чорная, дзе вязьні сядзяць”, а пры ёй “сторажы, што вязьні сьцерагуць”. У дакумэнтах згадваюцца тры менскія вязьніцы: у Замку, на Ратушы, у “Дубоўцы”. У “турме замкавай” сядзелі людзі рознага стану — “свавольнікі”, “злодзеі прылічныя”, “крывапрысяжцы”, “фальшэры”, “мужабойцы”. Вязеньне магло быць “цяжкае і строгае”, калі вязьня закоўвалі (“адным ланцугом жалезным за шыю, а другім па сярэдзіне” ), а магло быць і лягчэйшым. Тэрмін – ад 6 тыдняў да паўгоду. Прыгадваюцца “вязеньне земляное”, “у вежы на дне”, “у лёхах вежы”. Натуральна, у Менску быў кат “містр туташні”, які вінаватых “браў на муку” і страчваў. Гэта магла быць шыбеніца, “чвертаваньне”, “сцяцьце на горла”, “узьбіцьце на кол” — апошнія за цяжкія забойствы.

Траплялі ў вязьніцу і выпадковыя асобы. Гэтак давялося правесьці ноч “у акрутным вязеньню” Яну Лібаровічу, які заехаў у Менск, каб набыць “золата, срэбра, шат, каберцаў і іншых патрэбаў” на ўласнае вясельле. Бядак меў пры сабе ажно 200 коп грошай. Упрыгожаньні й срэбны посуд ён вырашыў набываць у менскага залатара Івана Амазікавіча і спыніўся гасподаю ў ягоным доме на рынку. Стаміўшыся ад прадшлюбнай мітусьні, Ян вярнуўся ў гасподу “праве пад час палудневы, а гадзіне дванаццатай”, павесіў шаблю з пулгакам на сьцяну і рухнуў на ложак. Прачнуўся бяз грошай, бяз шапкі, бяз пояса з машною. Учыніўшы гвалт гаспадару, апынуўся ў замкавай вязьніцы...

...А два мешчаніны прыцягнулі ў вязьніцу зьляканага жыда Марка Перутовіча. Ідучы на рынак, ён быў “улапены”, “шарпаны” “на зел жывот стану жыдоўскага” і ўрэшце абрабаваны. А ўсяго толькі нёс ён туды сваю “работу едвабную” — гузікі і пятліцы. Ці гэта быў пабытовы антысэмітызм, ці жыд насамрэч парушыў нейкую са шматлікіх забаронаў, якімі на той час абмяжоўвалася камэрцыйная дзейнасьць – цяжка сказаць. Аднак факт застаецца фактам.

У пераліку бедаў, якія маглі напаткаць людзей у тыя часы — “агонь, паветрые моравае, голад, спусташэньне, ушкаджэньне” — першым згадвалася “нішчэньне ад жаўнера”. Перамога войскаў каралевіча Ўладыслава над Масквой і перамір’е мала зьмянілі тутэйшае жыцьцё. “Бой, луп, грабеж” цярпела насельніцтва ад жаўнераў, якія, паспытаўшы “маскальскай” крыві, вярталіся “з граніц маскоўскіх, ня маючы на чом і а чом служыць, бавячы час нямалы ў Воршы бяз службы..., ходзячы па лясох, хто пешшу, хто на конях...”. Менавіта такія “лясныя людзі” часта рабіліся найманымі забойцамі. На іхным сумленьні — “тыранскае і няслыханае мардзерства і забойства” менскага судзьдзі земскага Грыгорыя Макаровіча, што адбылося ў красавіку 1618 г. у маёнтку Хатаевічы, непадалёк Менску. Казалі, што судзьдзя сам выйшаў да гвалтаўнікоў, трымаючы ў рукох шкатулу з грашыма й облігамі на даўгі, молячы аб літасьці. На гэта яны адказалі, маўляў, пішы хутчэй свой тэстамэнт, хоць стары судзьдзя даўно ўжо паклапаціўся пра гэта, і тэстамэнт таксама ляжаў у шкатуле сярод грошай і каштоўных папераў...

Праца гарадзкіх ураднікаў, якія разьбіралі справы месьцічаў, саджалі і вызвалялі зь вязьніцаў, аглядалі ахвяраў, была нялёгкай і напружанай. Здаралася, што судзьдзя, пісар, староста, возныя ды сьведкі, прачакаўшы ўвесь дзень якога даўжніка, “зь месца судовага, па гадзіне няшпорнай18 з замку проч адыходзілі”. У горадзе было ўжо цёмна і ціха, калі праз замкавую браму па мосьце паўз млын цягнулася дахаты працэсія судовых мужоў, асьвятляючы сабе дарогу хто ліхтаром, хто лучынай.

 

Новае места
(Верхні горад)

Ізноў узьнімемся ўгару, на Верхні горад. Падняўшыся зь нізіны на гару, горад нібы зрабіў значны крок у бок Эўропы. На Новым месьце — Новы, ці Высокі рынак. Сюды паступова пераносіцца менскі гандаль. Тут паўстае новы гарадзкі цэнтар, сымбалем якога сталася ратуша. Менавіта яна замяняе Замак у якасьці цэнтру гарадзкога жыцьця пры канцы ХVI ст. У 1600 г. пра ратушу пішуць як пра “новазбудаваную”, якая паўстала, відаць, на месцы старой, ХV ст. Новая ратуша ўпрыгожвала горад і сталася ягонай яскравай дамінантай. Вежу ратушы ўпрыгожваў гадзіньнік, які даглядаў “зэгармістр” Мікіта, а таксама звон. У сярэдзіне будынку — “ізьбе ратушы” — была вялікая сьвятліца са сталом і лавамі, а таксама вязьніца. Свае дамы месьцічы, што жылі на Новым рынку, апісвалі згодна з месцазнаходжаньнем ратушы — “проціў ратуша”, “каля ратуша”.

Тут засядаў “урад места Менскага права майдэборскага” на чале з войтам, бурмістрам, райцамі, лаўнікамі19 ды “паспольствам мяшчанамі”. Тут вырашаліся гарадзкія патрэбы, выносіліся прысуды паводле “абетніцы сумненьня свайго”, а таксама паводле “добрага цнатлівага слова купецкага”. Будынак даглядалі ратушныя слугі і ахоўвалі вартаўнікі. Ратуша рэдка калі была замкнёная, у ёй заўжды віравала жыцьцё. Аднойчы возны прынёс пазоў самому пану войту Грыгор’ю Тарлецкаму. На войта скардзіўся мешчанін Аніска Мятліч. У свой час ён даў Тарлецкаму на адно лета свой гарод... “для сеяньня рэчаў овашчавых”, а цяпер ня можа вярнуць уласнасьць. Зрэшты, войту хапала справаў. У “дзень судовы суботні” ён чыніў справядлівасьць “кожнаму ўкрыўджанаму”. У 1600 г. пакрыўджанымі апынуліся ўсе менскія мяшчане, калі новаабраны бурмістар Санко Філіповіч, замест працы на карысьць гораду, зьехаў “з гандлямі” прэч зь Менску. Калі ж возны знаходзіў дзьверы ратушы замкнутымі, ён уторкваў у іх свае паперы і ўголас паведамляў пра тое ратушнай варце і тым, хто быў побач на пляцы. Часам возны прыходзіў да ратушы не адзін, а са слугой магната ці замкавым прадстаўніком, каб вызваліць якую-колечы асобу, што не падлягала суду менскага магістрату. Але не заўсёды ўдавалася вырваць вінаватага з рук разьюшаных мяшчанаў. Гэтак быў скараны на горла “на рынку” насупраць ратушы гвалтаўнік Ян Байкоўскі, слуга князя Фёдара Друцкага-Горскага, злоўлены на гарачым учынку на Траецкай гары. Колькі ні прасілі возны і прадстаўнік князя аддаць зьбітага мяшчанамі і зьвязанага “паўрозамі20” вязьня на княскі суд, мяшчане, “скінуўшыся, нас ад яго адціснуўшы”, перадалі гвалтаўніка кату, не дазволіўшы яму нават сустрэцца з капланам, “...абы з сумненьнем сваім справіцца мог...”.

Відавочна, ня ўсе цешыліся магчымасьцямі гарадзкога самакіраваньня. Найбольш выразна сваю непрыхільнасьць да магістрату і ягонага сымбалю — ратушы – выказвалі заежджыя магнаты са сваімі слугамі ды памагатымі. Яны чынілі крыўды ўсяму месту. У абыход закону хадзілі па горадзе з ручніцамі, пулгакамі, лукамі, разьбівалі па ўсіх вуліцах кабыліны, стралялі ў дамы і мардавалі ягоных жыхароў, — “хлеб на рынку бяручы і ўсякую жыўнасьць у крамах, у рамесьнікаў — работу гвалтам”. Пацярпела ад такіх наездаў і ратуша. Сымбаль гарадзкога самакіраваньня раздражняў звыклых да шляхецкай вольніцы вяльможных паноў, што прыяжджалі ў Менск папіць ды пагуляць падчас рокаў і рочак. “Паваяваць” з ратушай уначы любіў віцебскі падваяводзіч Самуэль Пац. Ягоная кампанія кідала ў вокны камяні, страляла з ручніцаў па гадзіньніку, з лука “пад галку”, секла дзьверы і драўляныя бэлькі. Зранку возны, абыходзячы аскепкі бітага шкла, зьбіраў кулі і стрэлы пасьля начнога бою з ратушай. (Міжволі ўзьнікае храналягічная аналёгія: 1600 г. Гішпанія. Дон Кіхот. Ветракі. Змаганьне.)

 

(Разбураная царскімі ўладамі ў 1857 г. ратуша ўсё адно спрычынілася да патрэбаў свайго гораду. З жалезнай бляхі, зьнятай з даху, вырабілі 1483 асабовыя шыльды на дамы гараджанаў. Камяні пайшлі на брукаваньне вуліц і пляцаў, дрэва — для мастоў і альтанкі над крыніцай у Гарадзкім садзе... Разбуралі будынак арыштанты менскага турэмнага замку.)

Другой ахвярай начнога нападу прыхадняў Самуэля Паца сталася Казьма-Дзям’янаўская царква (месьцілася паміж Сьвята-Духавым саборам і вул.Багдановіча) з брацкім шпітальным домам на цьвінтары і школка “для навукі дзяцінае”. Апошняя стаяла між Новым і Старым рынкамі на вулачцы Казьмадзям’янаўскай, у 20-х гадох ХХ ст. пераназванай — sic! — у вуліцу Дзям’яна Беднага (цяпер не існуе). Ранкам брацкія шпітальныя старосты Захар Дземідовіч і Астап Паўловіч паказвалі вознаму “знакі гвалтоўнага найсьця”: брама вялікая і “хфортка”, дзьверы і вушакі сенечныя і сьвятлічныя шаблямі або кордамі21 пасечаныя. Сталы, лавы, услонцы і вушакі аконныя ў сьвятліцы таксама парубаныя. Паказвалі нават “канец шаблі”, што злодзеі паламалі, б’ючы па дрэве, а таксама разьбіты масянжовы ліхтар пасярод сьвятліцы. Параненыя былі й самі старосты, а таксама сьвятар Пятніцкай царквы Яўціх Васілевіч, які трапіўся ў брацкім доме. Яго двойчы ўдарылі па твары і скралі аксамітную шапку. Забраліся нягоднікі і ў піўніцу. Пазьбівалі замкі і зашчапы, пілі мёд, піва, гарэлку, а рэшту “параспушчалі”. А яшчэ раней, “на зьмярканьні”, спаткаўшы каля дому Паўла Скаршэўскага “немца” Міхаэля Путыка, які камораю тут мешкаў (арандаваў памяшканьне) і вяртаўся дадому ад злотніка Людвіга Залатара, спынілі яго і замардавалі.

Ня могучы больш трываць такога зьдзеку і крыўды, калі “места Менскае нішчаць і пустошаць, як у зямлі непрыяцельскай”, месьцічы вырашылі згуртавацца, каб затрымаць “зрушыцеляў спакою паспалітага” і перадаць як лёзных людзей22 да суду. Але злодзеі кінуліся ўцякаць за раку Сьвіслач “зь места новага да места старога”, маючы намер перабрацца на Траецкую гару. Двое зь іх патанулі ў Сьвіслачы, астатнія ўцяклі з гораду на конях.

На Новым Месьце знаходзіўся эвангелісцкі Збор, ад якога вуліца і пляц атрымалі адпаведныя назвы — Зборавыя. Контрарэфармацыя яшчэ не пачалася, і сярод прыхаджанаў збору было шмат вядомых у Менску людзей. Такіх, як земскія судзьдзі Грыгор Макаровіч і Марцін Валадковіч, староста рэчыцкі князь Яраш Жыжэмскі. Апошні яшчэ пры жыцьці ахвяраваў менскаму збору свой уласны дом на вуліцы Юр’еўскай “зь міласьці сваёй хрысьціянскае”. Дом стаяў тылам да Сьвіслачы поруч з домам войскага менскага Івана Быкоўскага і меў таксама пляц з будаваньнем, агароды, грунт і сенажаці. Але “за спусташэньнем” прыбытку збору не прыносіў. Тады зборавы дазорца Ян Цадроўскі і казнадзей Ян Тамашэвіч прадалі дом Жыжэмскага земскаму судзьдзю Марціну Валадкевічу за 80 коп грошай і, “не прыўлашчаючы таго сабе, што хвале Божай належала і належыць”, перадалі грошы на зборавыя патрэбы. (Відаць, Ян Цадроўскі быў надзейны чалавек, менавіта ён (а можа, ягоны сын?) у 1656 г. адстойваў правы менскай шляхты перад маскоўскім царом Аляксеем Міхайлавічам. Прычынай сталіся свавольствы Юр’я Арсеньева, прызначанага менскім ваяводам.)

Варта спыніцца... За вокнамі Менск узору 2001 г., на стале — спрэсаваная ў тоўстыя рукапісныя кнігі гісторыя Менску 1600—1640 г. З кожнай старонкі — голас. Часам ціхі, часам вельмі гучны. Ёсьць нябясьпека памыліцца, пэўная спакуса стварыць “горад-макет”. Разьмясьціць яго на стале і перасоўваць па ягоных уяўных вулках васковых чалавечкаў і коней, карэты і калёсы, захінаючы ўласным ценем горад ад Замку да Новага места. Нашая зьверхнасьць у гэтым выпадку зыходзіць з таго, што мы ведаем: наперадзе ў горада яшчэ столькі ўсяго будзе! Але хто ведае, што чакае нас, што ў нас наперадзе? Хто будзе пільна ўглядацца на макет гораду нашага часу, захінаючы яго сваім ценем і перастаўляючы нерухомыя фігуркі паводле свайго разуменьня...

Аўтарка дзякуе спадару Ўладзімеру Дзянісаву за каштоўныя парады падчас напісаньня артыкулу.


1 Кабыліна — драўлянае прыстасаваньне-загародка на 4 апорах і бервяно, якім перагароджвалі ноччу ў сярэднявечным горадзе вуліцы і подступы да брамаў для кантролю за перамяшчэньнем людзей.

2 Зямянін — шляхціц, які валодаў зямлёй.

3 Тэстамэнт – запавет, завяшчаньне.

4 Круцыфікс — крыж з распяцьцем.

5 Дылея — верхняя вопратка.

6 Войскі — службовая асоба ў ВКЛ. У час войнаў наглядаў за парадкам у павеце і апекаваўся тымі, хто застаўся ў маёнтках.

7 Лентвойт — службовая асоба ў ВКЛ, намесьнік войта ў гарадох, якія атрымалі магдэбурскае права.

8 Бурмістар — выбарная асоба, якая ўзначальвала мясцовае самакіраваньне ў сярэднявечных гарадох, дзе дзейнічала магдэбурскае права.

9 Райца — выбраны або прызначаны ад багатых гараджанаў чалец рады магістрату.

10 Кадэнцыі – пэўны тэрмін, на працягу якога адбываліся судовыя паседжаньні.

11 Ладоўніца — падсумак, патранташ.

12 Жабінец — каштоўны камень жоўтага колеру, выкарыстоўваўся як амулет супроць атруты.

13 Туркус — біруза.

14 Возны — магістрацкая пасада, спалучаў функцыі сьледчага й судовага выканаўцы.

15 Баніцыйны ліст — каралеўская грамата аб выгнаньні пэўных асобаў за ўчыненыя зладзействы.

16 Трэвік — чаравік.

17 Карбач — пуга, зробленая з валовай скуры ці сухажыльля.

18 Гадзіна няшпорная — час вечаровай малітвы.

19 Лаўнік — чалец магістрату ў гарадох з магдэбурскім правам. Уваходзіў у склад войта-лаўніцкага суду, які разглядаў крымінальныя справы.

20 Паўрозы – вяроўкі, путы.

21 Корд – кароткі меч

22 Лёзныя людзі – асобы бяз пэўнага месца жыхарства й вызначаных заняткаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0