Пад судом непадсудныя

Ніводная ўлада ня любіць, калі яе судзяць. Расейская ўлада ўвогуле звыклася быць непадсуднаю. Але адказваць за злачынствы ў Чачэніі прыйдзецца

 

На думку расейскага ваеннага чынавенства, за бамбардаваньні Чачэніі можна атрымліваць мэдалі ды новыя зорачкі на пагоны. З пункту гледжаньня расейскага заканадаўства, за тое самае можна сесьці ў турму на немалы тэрмін. Бамбардаваньні падпадаюць пад дзеяньне артыкулу 167 КК РФ (“наўмыснае зьнішчэньне (ці пашкоджаньне) чужое маёмасьці”) ды артыкулу 105 (“наўмыснае забойства 2-х ці болей асобаў агульнанебясьпечным чынам”).

Першым падаў у суд на расейскае Міністэрства абароны Абдула Хамзаеў. Гэты дасьведчаны адвакат вінаваціць дзяржаву ў тым, што падчас бамбардаваньняў Урус-Мартану 19 верасьня 2000 г. было разбурана 40 дамоў (у тым ліку ягоны), забітыя 6, параненыя 15 жыхароў, — і патрабуе поўнае кампэнсацыі.

Мінабароны магло б пазьбегнуць скандалу, заявіўшы, што дамы разбураныя “дзеля скрайняй неабходнасьці” ды сплаціўшы тую кампэнсацыю, але яно вырашыла зрабіць выгляд, што бамбардаваньняў не было ўвогуле. Бомбы кідалі, маўляў, не бліжэй за 2—3 кілямэтры ад населеных пунктаў, а выпадкова ў горад яны трапіць не маглі дзякуючы “сыстэмам выведкі”. Аргумэнты проста сьмеху вартыя — давесьці, што расейцы бамбардавалі горад, можна элемэнтарна: усе ягоныя жыхары — сьведкі гэтага. Калі й сапраўды быў загад бамбіць “акуратна”, дык судзіць трэба пілётаў, якія кідалі бомбы на горад са свайго жаданьня. Калі ж такога загаду не было, дык Мінабароны падманвае сьледзтва — новы пазоў гарантаваны.

Зрэшты, ня будзе дзівам, калі суд вырашыць, што Мінабароны не разбурала Урус-Мартану. Як палкоўнік Буданаў не гвалтаваў ды не забіваў 18-гадовай Эльзы Кунгаевай. Аргумэнты буданаўскае абароны гэткія ж нікчэмныя, як і ва Ўрус-Мартанаўскім працэсе. І ўсё ж ня выключана, што Хамзаеву давядзецца шукаць праўды толькі ў эўрапейскім судзе, у Страсбургу.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0