Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

Харваты Босьніі й Герцагавіны спрабуюць утварыць асобную дзяржаву. Харвацкія жаўнеры масава ўцякаюць з басьнійскага войска. Забурэньні сярод басьнійськіх харватаў зьвязаныя з выключэньнем са складу новага ўраду найбольшае партыі Мусульманска-Харвацкай Фэдэрацыі — Харвацкага Дэмакратычнага Зьвязу. Радыкальныя настроі басьнійскіх харватаў выклікалі непакой у NATO і ЗША. Міратворцы з СФОРу пачалі пераносіць зброю з казармаў басьнійскага войска ў свае.

На выбарах у Чарнагорыі кааліцыя незалежнікаў прэзыдэнта Джуканавіча “Перамога дзеля Чарнагорыі” атрымала 42% галасоў і мінімальную бальшыню ў Скупшчыне, прасэрбскія сілы, зьяднаныя ў кааліцыю “Разам зь Югаславіяй”, набралі 41%. Перамога Джуканавіча можа азначаць канец Югаславіі — ён абяцаў, што найпазьней 13 ліпеня (нацыянальнае сьвята) Чарнагорыя стане незалежнай. Больш за палову жыхароў гэтае невялікае краіны (насельніцтва 650 тыс. чалавек — і яшчэ каля мільёну чарнагорцаў жыве ў Сэрбіі) падтрымліваюць ідэю незалежнасьці. Гэта найперш моладзь, інтэлігенцыя, бізнэсмэны. У парлямэнт трапіў таксама незалежніцкія Лібэральны Хаўрус (7,65%) і дэлегаты ад мусульманскай і альбанскай мяншыняў — так што рэфэрэндум аб выхадзе з Югаславіі усё ж, відаць, адбудзецца.

Нямецкая марка ўжо замяніла ў Чарнагорыі няўстойлівы югаслаўскі дынар.

Разам з Чарнагорыяй Сэрбія страціць выхад да мора, празь якое паступае большая частка імпарту, у тым ліку нафта. Гледзячы на Чарнагорыю, паўночная правінцыя Ваяводзіна зьбіраецца пачаць зь Бялградам перамовы аб сваім будучым статусе.

Брусэль перамаўляецца з Прагай, каб тая пагадзілася на сямігадовыя абмежаваньні для працы чэскіх грамадзянаў на тэрыторыі “першапачатковай пятнаццаткі” Эўразьвязу. У якасьці кампэнсацыі прапануецца на дзесяць год забараніць заможным эўрапейцам набываць у Чэхіі зямлю й нерухомасьць, бо гэта можа моцна павялічыць кошты на іх. Бо ў Чэхіі пашыраюцца антынямецкія пачуцьці. Адтуль пасьля вайны былі выгнаныя ажно 3 мільёны немцаў — ану як вернуцца?

Пасьля адмены 10 красавіка Даніяй і Бэльгіяй візаў для грамадзянаў Славаччыны рэзка ўзрасла колькасьць славацкіх цыганоў, што спрабуюць атрымаць у тых краёх прытулак. Яны імкнуцца ў Брусэль цэлымі рэйсавымі аўтобусамі — на мінулым тыдні з Братыславы ўцякло каля сотні цыганоў. Славакі турбуюцца, што Данія й Бэльгія зноў увядуць візы. А з Вугоршчыны цыганы бягуць у Францыю, дзе ім усё часьцей і часьцей надаюць статус палітуцекачоў. Будапэшт кажа, што ніхто цыганоў не перасьледуе, проста тыя квапяцца на ўцякацкія грошы.

Некаторыя славацкія й вугорскія палітыкі лічаць, што гэткія ўцёкі ладзіць расейская выведка. Вугорская газэта «Nepszava» піша, нібыта расейскія шпегі далі францускім камуністам грошы на ўтрыманьне ўцекачоў, якія ствараюць адмоўны вобраз Сярэдняе Эўропы. Кіраўнік славацкага МЗС зазначыў, што “існуюць краіны, якім недаспадобы, што. краіны Сярэдняй Эўропы мерацца ўвайсьці ў Эўразьвяз”.

Украінскі парлямэнт у чацьвер будзе вырашаць, выказваць вотум недаверу ўраду Віктара Юшчанкі ці не. За адстаўку выступаюць камуністы і алігархі. Юшчанку закідаюць крайні лібэралізм, пляны прыватызацыі зямлі, залішне цесныя стасункі з МВФ і арыентацыю на Захад. Кампанія супраць Юшчанкі праводзіцца на грошы расейскіх фінансава-прамысловых групаў. В.Юшчанка назваў пастанову “ганебнай” і нагадаў, што ў мінулым годзе ўпершыню з часоў аднаўленьня незалежнасьці эканоміка краіны пайшла ўгору. Паводле апытаньняў грамадзкае думкі, Юшчанка — адзін з самых папулярных украінскіх палітыкаў, але ў Вярхоўнай Радзе яго не падтрымліваюць і сто дэпутатаў.

У знак пратэсту супраць спробаў зьняць Юшчанку колькі львоўскіх студэнтаў абвесьціла галадоўку перад Вярхоўнай Радай, а львоўскія вучэльні мае ахапіць штрайк. Праз пару дзён у Страсбургу будуць вырашаць, ці выключаць Украіну за парушэньне правоў чалавека з Рады Эўропы.

Амэрыканскія сэнатары зьвярнуліся да прэзыдэнта Буша ў справе другой хвалі пашырэньня NATO на Ўсход у 2002 г. Ідзецца аб прыняцьці ў хаўрус Славеніі, Славаччыны і адной з балтыйскіх дзяржаваў. Праўда, генсак NATO Робэртсан кажа, што ў бліжэйшы час пашырэньня можна не чакаць, бо яшчэ многа працы зь нядаўна прынятымі Польшчай, Вугоршчынай і Чэхіяй.

Група палітыкаў з Усходняй Эўропы пазаўчора зьвінаваціла Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, які дапамагае краінам Эўропы праводзіць эканамічныя рэформы, у дыскрымінацыйнай моўнай палітыцы. Згодна з новымі правіламі, у дакумэнтацыі банку зараз можна будзе выкарыстоўваць толькі ангельскую мову. Прадстаўнікі 20 краінаў падпісалі мэмарандум пратэсту супраць новае нормы, што зьмяншае сфэры ўжытку нацыянальных моваў. “Мы ня бачым падставы, чаму народы Ўсходняй Эўропы пазбаўляюцца права чытаць на роднай мове”, — заявіла прадстаўніца Латвіі Альда Озала.

У той самы дзень ЭБРР заявіў, што, магчыма, Беларусь будзе выключаная з арганізацыі, але не за моўныя справы, а за адсутнасьць эканамічных рэформаў.

Язапат Змысла


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0