ПОШТА РЭДАКЦЫІ

 

Водгукі

Гэта вам ня джынджыкаў страляць

Пішу з нагоды ліста Невядомага Жаўнера зь Нью-Ёрку пра “дэмакратыю ўпырхлікаў”.

 

З галоўнай думкай згодны цалкам. Надышоў час зразумець, што ў краіне адбываецца. Мяне, простага выбаршчыка, цікавіць цэлы жмут пытаньняў. Мяне цікавяць словы і справы тых людзей і арганізацый, што набіваюцца да мяне ў “свае”. Прайшло ўжо сем гадоў, а што зрабілі тыя, за каго я павінен ісьці галасаваць? Якія перамогі яны атрымалі, чаго навучыліся самі і навучылі іншых, колькі грошай зарабілі сваімі рукамі, што зрабілі карыснага для мяне, для маёй радзіны, для вёскі Навасёлкі, для якой-небудзь Шаркаўшчыны, для Менску, нарэшце?

Жаўнер піша пра 500 арганізацыяў. У кожнай зь іх ад 10 да 100 чалавек. Калі б кожны зь іх штомесяц на працягу 7 гадоў даваў па 10 даляраў на супольную справу, дык колькі грошай было б сёньня для “адзінага кандыдата”? І я хачу даць, і той дзядзька з Аўстраліі дасьць. Толькі каму даваць і навошта? Якога ражна мне галасаваць за гэных вяпласаў і ківайлаў, што ня здолелі нават паміж сабою дамовіцца? Неяк зайшоў я ў крамку, што гандлюе сатэлітарнымі прыладамі, і там, у сьпісе праграмаў, прачытаў, што ёсьць ажно два курдзкія каналы. У іх нават краіны сваёй няма, яны раскіданыя па ўсім Блізкім Усходзе, супроць іх ідзе сапраўдная вайна, а яны маюць сатэлітарную тэлевізію. Бо людзі як могуць працуюць дзеля сваёй краіны — хто ў гарах са зброяй, хто ў Эўропе за прылаўкам. Гэта Вам, панове, ня джынджыкаў страляць і ня конікаў з гаўна ляпіць.

Калі б усю моладзь, што таўклі на “мерапрыемствах” і “акцыях”, 7 гадоў вучыць за мяжой — во была б каманда для “адзінага кандыдата”! Можна, зразумела, паклікаць “новых дэмакратаў” — во будуць красьці, бляха! Можна пакрыўдзіцца і сказаць, што гэта можна рабіць і сёньня, ажно не, сёньня страшна, вядома ж — дыктатура. А тады будзе дэмакратыя, тут барацьбіты і пагуляюць... Дык на халеру мне ісьці на гэтыя выбары, панове? Адкажыце, калі ласка.

А.Х., Навасёлкі

 

Тыдзень сяброўства?

Прачытаў я неяк у “НН” артыкул “Два лісты сяброўства”. Так ён мяне ўразіў, ажно сьлёзы на вачох выступілі.

І вырашыў я падзяліцца добрымі ўражаньнямі зь іншымі людзьмі, як і прасілі ў лісьце: каб больш дабрыні было на сьвеце. Сябры мае прачыталі гэтую “НН” (сам ім прапанаваў), таму вырашыў я перакласьці ліст у расейскую мову і даслаць незнаёмым людзям па электронных адрасах, якіх у Сеціве можна знайсьці колькі хочаш. Адправіў.

На наступны дзень заходжу ў сваю электронную скрыню, праглядаю пошту і бачу ўжо адказы. У адным было, што няправільны адрас, і мой ліст не дайшоў; у другім прасілі пераслаць ліст на іншы адрас, бо ўладальнік зьмяніўся; а вось у трэцім... Я павінен падаць тэкст цалкам, каб вы зразумелі, што я адчуў. Аддаўшы часьцінку сваёй душы, даслаўшы ліст з самымі добрымі намерамі, я атрымліваю: “Иди ты на х...!” Ува мне аж страсянулася нешта. Ніяк я ня мог чакаць такога! Адразу прыйшлі думкі пра тое, што ўсе людзі — апошнія цынічныя гады й г.д. Сталі ўзьнікаць пляны помсты: адказаць яму брыдка й брутальна, заваліць гэты адрас усялякай лухтой, знайсьці гэтага чалавека й штосьці яму зрабіць...

Але я вырашыў застацца сабою. Пакінуў ягоны тэкст, а ніжэй дапісаў: “Вялікі дзякуй. Барані цябе Божа. Будзь шчасьлівы!” — і адправіў.

Наступным днём зазірнуўшы ў сваю электронную скрыню, ізноў убачыў ліст ад таго самага чалавека. У ім было: “Спасибо. Удачи!”

Вось такая гісторыйка пра нізкасьць і велікадушнасьць чалавечую. Сапраўды неспазнавальная Душа, і ўсё ў ёй разам — і Дабро, і Зло.

Вітаўт Пісарык, Менск


Жаўнеру

Калі ты — Невядомы Жаўнер, дык павінен спачываць на Пляцы Перамогі пад мармурам і вечным агнём.

А калі табе хочацца даць якуюсьці параду тутэйшаму люду, тады ўжо лепш падпісацца, хто ты такі ёсьць. Каб бачылі людзі, што раіць ім чалавек, да якога карысна прыслухацца. Чалавек, які не аднаго разу арганізоўваў ды браў удзел у мерапрыемствах апазыцыі, які неаднойчы трапляў у кіпцюры “ўнутраных” ды іншых гэткіх органаў, чалавек, які многае перадумаў, начуючы на Акрэсьціна, які не адзін плот аздобіў надпісам “Жыве Беларусь!”, не адну школку ці суседа падпісаў на незалежнае выданьне, не адну тысячу штрафу заплаціў з уласнае кішэні. І які толькі часова апынуўся ў Нью-Ёрку здароўе паправіць. А так райцаў багата зараз усякіх, асабліва за Бугам.

Не сакрэт, што з тых пяці тысячаў, што выходзяць на вуліцы 25 сакавіка, 26 красавіка й г.д., мала людзей сапраўды гатовых кінуцца на амбразуру, не трымаючы ў гэты час у галаве Прагі, Нью-Ёрку ці Варшавы. Але ж адсотак такіх людзей непараўнальна вышэйшы, чымся сярод тых пяці тысячаў, што адседжваюцца ў гэты час па сваіх кватэрах. І гэта ўжо пазытыў.

А вера... Вера — яна альбо ёсьць, альбо яе няма, і мацавацца яна павінна не артыкуламі ў “НН”.

Вячка Васілёнак, Менск

 

Тут быў парк

Барбарская “рэстаўрацыя” Лошыцкага парку

Лошыцкі парк — адзін з маіх любімых куткоў дзяцінства. Ён заўсёды ўражваў мяне сваёй амаль некранутай прыродай побач з цэнтрам вялікага гораду, сваімі маляўнічымі краявідамі. Апошнім часам у СМІ зьявіліся паведамленьні, што ў парку пачалася рэстаўрацыя, у выніку якой ён атрымае гістарычны выгляд, стане яшчэ ўтульнейшым і прыгажэйшым. Як толькі пачаліся сонечныя веснавыя дні, я прыйшоў у парк, паглядзець, што зьмянілася. Убачанае пакідае сапраўды незабыўнае ўражаньне.

З боку Серабранкі адкрыўся “цудоўны” краявід на паўразбураны плот трансфарматарнай падстанцыі. У парку — неверагодная колькасьць вялікіх і малых пянькоў. Над шмат якімі таўкуцца мушкі, а гэта сьведчыць аб тым, што цячэ сок, значыць, дрэва было жывое і здаровае. Куды падзеліся сьпілаваныя дрэвы, шукаць ня трэба, бо паўсюдна бачныя вялікія выпаліны. Раней у парку было шмат розных відаў дрэваў і хмызоў, зараз засталіся толькі яблыні. Парк зрабіўся панурым і аднастайным.

Цэнтральную частку парку расчысьцілі ад дрэваў да такой ступені, што можна бачыць аўтамашыны на суседніх магістралях, цягнікі на далёкай чыгункавай лініі і ліхтары на вуліцы Асаналіева. А калісьці тут была ўтульная палянка, на якой не адчувалася ні ветру, ні гарадзкога шуму.

Магчыма, я не разумею сучаснай эстэтыкі і перадавых мэтадаў рэстаўрацыі, але чамусьці мне больш падабаўся былы парк — зь цішынёй, птушынымі сьпевамі і сьціплымі беларускімі расьлінамі, а не цяперашні — адкрыты пылу й гарадзкому шуму і зь бясконцымі плямамі выпаленай зямлі.

Андрусь Сяркоў, Менск

 

Мільён паўлітровак

У Івацэвіцкім раёне за мінулы год прадалі каля мільёну бутэлек гарэлкі на 30 тыс. жыхароў, і гэта без уліку “чарніла” ды самагонкі. Вось вам і здаровы лад жыцьця, спарткомплексы і лядовыя палацы. Улады папросту спойваюць народ, каб і надалей захаваць сваю ўладу. Але, трэба сказаць, што гэта выходзіць і з псыхалягічнай слабасьці, няўпэўненасьці чалавека.

Вячаслаў Куцко, Целяханы

 

Супрацьстаяньне нацыяналістаў і лібэралаў

Пасьля працяглай апрацоўкі часткі юных сяброў і прыхільнікаў Беларускай Партыі Свабоды спэцслужбамі і “лібэральнай “Хартыяй” частка юнакоў сышла з арганізацыі.

 

Адышлі — і Бог зь імі. Але вось тутака і пачынаецца самае галоўнае. Разумеючы, што БПС ня можа зарэгістравацца пры цяперашнім рэжыме, “Хартыя” рэкамэндуе хлапцам-адкольнікам пагуляць у PR. Ужо і раней у Беларусі абвяшчаліся групы “сапраўднага БПС”.

У беларускай апазыцыі склаліся дзьве ідэалёгіі і дзьве палярныя сілы: лібэральна-намэнклятурная і нацыянальна-вызвольная. У лягеры памяркоўнікаў запраўляе шэры монстар — “Хартыя”, цьмяная структура вялікіх фінансавых магчымасьцяў.

Як ставіцца да арганізацыі, што спрычынілася да расколу БНФ, адколу часткі людзей ад БПС, якая сёньня вядзе кампанію супраць “Маладога Фронту”?! Шэфства “Хартыі” над рэвізіяністамі, што адышлі ад БПС, працягваецца.

Сёньня з падманутых маладых людзей робяць пудзіла, кідаючы іх у разнастайныя скрайнасьці і авантуры. Па задуме закулісных дзядзькаў, гэткім чынам будзе падарваны давер да БПС і ейнага прадстаўніка С.Высоцкага.

Але, сяброве-PR’нікі, ёсьць прынятая ва ўсім сьвеце норма — права інтэлектуальнай уласнасьці. Беларуская Партыя Свабоды сапраўды больш нагадвае рух, чым легальную партыю. Хто абвесьціў ды ўсе гэтыя гады ствараў арганізацыю?! Урэшце, сама “Хартыя” — гэткая ж незарэгістраваная структура, і да яе можа быць ужыты такі ж PR. Аднак ці варта да падобнага апускацца ў гэткі час?

Аб гэтым таксама сьлед задумацца “палітычным камбінатарам”. І ўжо зусім брыдка дзейнічаць дробнымі абразамі ў прыватных абвестках, прыкрываючыся бедалагамі-юнакамі. Калі гэтак “памяркоўныя лібэралы” будуць канкураваць з нацыяналістамі, дык дарога ім будзе, куды і цяперашняй уладзе.

Сяргей Высоцкі, БПС

 

Падзяка дабрадзеям

Шчыра ўдзячная за падпіску на “НН”, што зь перарывам на сакавік нечакана стала зноў ісьці мне ў красавіку.

 

Сапраўдны падарунак да Вялікадня ад нейкага дабрадзея. Падзяка яму са старонак улюбёнай газэты, а таксама віншаваньне з Уваскрасеньнем Хрыстовым ды пажаданьне, каб быў здаровы, меў посьпех у справах, і каб гаманец яго не пусьцеў для розных дабрачынных акцыяў!

Мне 46 год, па прафэсіі бібліятэкарка. Маю чацьвёра дзяцей (і гэта нягледзячы на вышэйшую адукацыю!) — трох сыноў і дачку. Старэйшы сын працуе журналістам у газэце “Вячэрні Гомель” і, хоць журналісцкай адукацыі ня мае, справы ідуць няблага, друкуецца ў кожным нумары, і ў іншыя газэты дасылае свае артыкулы. У сэнсе ўласнага заробку цьвёрда стаіць на нагах, мае і ўтрымлівае сям’ю. Астатнія ж сыны і дачка яшчэ школьнікі-падлеткі ды (няшчасная мая галава!) да таго ж усе спартоўцы. Дадому прыходзяць са зьвярыным апэтытам. Добра яшчэ, што дваіх на працягу тыдня корміць вучэльня алімпійскага рэзэрву, дзе яны вучацца на аддзяленьні сучаснага пяцібор’я. Муж працуе майстрам на “Гомсельмашы”, але, хоць зарабляе няблага, наяўных грошай заўсёды не хапае. Хітрая сыстэма дзейнічае: адміністрацыя заводу (ці нехта вышэйшы) вырашыла, што пад аванс будучага заробку можна даведкі рабочым выдаваць. І па гэтых даведках у некалькіх крамах без гатоўкі можна набываць нейкія прадукты. Калі ж рэшткі заробку і дадуць наяўнымі грашыма, заплаціш за кватэру і ўсе камунальныя паслугі — ды зноў чакаеш палучкі ці авансу. А ў бібліятэкара заробак каля сарака тысячаў. І хоць аддаюць гэтыя грошы своечасова, але на што іх хопіць ды як надоўга?..

Цяпер для ўсіх час нялёгкі, і шмат людзей пакутуюць значна больш. Але надакучыла ўжо гэтая барацьба за выжываньне, хочацца пажыць па-людзку. І ня толькі ў сэнсе матэрыяльнага дабрабыту, але марыцца іншым разам і пра незалежны беларускі нацыянальны тэлеканал або хоць некалькі гадзінаў недзяржаўнага “Радыё Рацыя”, што рэклямуеце вы ў “НН” (як ня маем у кватэры нічога, акрамя рэпрадуктара афіцыйнай брахалаўкі, дык што карысьці глядзець на рэклямкі — “аб’ектыўна пра рэальнае”?).

Таму сапраўды “НН” — газэта маёй душы. А прачытаўшы нумар сама, перадаю яго яшчэ ў другія рукі. На жаль, мае сямейнікі ня вельмі прыхільна ставяцца да тарашкевіцы, таму выпісваю яшчэ “Рабочы” (яна вельмі танная, 140 рублёў на месяц — гэта без дастаўкі, бо распаўсюджвае супрацоўнік навучальнай установы, дзе я працую). Дарэчы, неяк я наважылася даслаць туды свой верш, і яго нават надрукавалі, праўда, трохі зьмяніўшы. Дасылаю яшчэ некалькі прыватных абвестак, ну як удасца зацікавіць любімай газэтай тых, каго віншую?

Яшчэ раз дзякую за падпіску. Жывеце лепей!

Л.Казімірава, Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0