Алесь Чобат, ілжэпрарок

Былі й да Алеся Чобата сьветлыя галовы ў нашай краіне, але тыя ня здолелі пакласьці ў падмурак сьвятой справы перасьледу беларусаў плянамернай пасьлядоўнай канцэпцыі, бо хацелі ўсенароднай любові.

 

А сп.Чобату ўсенародная-ўсекалгасная любоў не патрэбная. Яму хопіць сваёй нянавісьці — мала што ён Эвангельле цытуе. Алесь Чобат ня проста разважае й робіць прагнозы, ён спрачаецца зь невядомымі нам асабістымі крыўдзіцелямі. Адсюль эмацыйнасьць і суб’ектыўнасьць шмат якіх ягоных высноваў, якія й спарадзілі гэткі рэзананс. Бо, па вялікім рахунку, Чобат не распавёў нам нічога такога, пра што б мы не чыталі ў прэсе альбо не назіралі ў жыцьці.

Гэта ня значыць, што аўтар ва ўсім мае рацыю. Па-першае, Чобат занадта схільны да абагульненьня. Па-другое, ён абірае безабаронныя групы людзей, што вельмі паказальна. Каго хаця б раз у жыцьці ня крыўдзілі настаўнікі? Ня гэтак паглядзелі, не тады выклікалі, ня тое спыталі. А выкладчыкі? Што з таго, што мы толькі за два месяцы да ўступных іспытаў пачалі вучыцца? Яны ўсе хабарнікі й розныя там брудныя рэпэтытары. (Заўважце, Алесь Чобат не ўважае за хабарнікаў дактароў і прадстаўнікоў уладных структураў.) Па-трэцяе, мне здаецца, што Алесь Чобат жыве ў жахлівым атачэньні несумленных людзей. Альбо ў пекле свайго ўнутранага сьвету. І чацьвертае — аўтар цьвёрда ведае, што ён усё ведае й што праўда на ягоным баку.

Толькі праз сваю крыўду на настаўнікаў, выкладчыкаў, беларусаў, вяскоўцаў і “жанчын ад 17 да 84” Алесь Чобат з зайдроснай рэгулярнасьцю вылівае памыі не на цемрашалаў, што насамрэч губяць краіну, а на тых чытачоў “НН”, якія ёсьць беларусамі. А яшчэ — на чыстых людзей, што дбаюць пра сваю справу й сваю краіну й воляй лёсу ёсьць настаўнікамі, выкладчыкамі й г.д. Дарэчы, калі Алесь Аркуш зьвяртае ўвагу сп.Чобата на прыватныя, лякальныя ініцыятывы, той дае зразумець, што яго гэта не абыходзіць. Мэта Алеся Чобата — звычайнае паляваньне на ведзьмаў, дзе неістотная асабістая роля таго ці іншага чалавека альбо пазытыўная дзейнасьць і якасьць пэўнага слою людзей.

Аўтара захапляе цкаваньне, “замоўленае” ці ўзгадаванае на прыватнай глебе азлобленасьці на сьвет. Алесь Чобат — –прадукт савецкай таталітарнай сыстэмы й апэлюе ён да ўласьцівасьцяў, выпрацаваных дзесяцігодзьдзямі прыгнёту асобы. Пошук крайняга, перасьлед іншадумцаў, асьветнікаў, імкненьне “рабаваць нарабаванае”, паклёп і да т.п. — спрадвечныя заганы цемрашалаў. І вось ужо некаторых чытачоў “НН” працінае: “А, дык гэна яны вінаватыя ва ўсім!” “Яны” тут на выбар можна замяніць настаўнікамі, калгасьнікамі, хабарнікамі, беларусамі, а яшчэ жыдамі, масонамі, кулакамі, усялякімі “гнілымі праслойкамі”, “ворагамі народу”, нацыяналістамі, жанчынамі й г.д.

Можна запярэчыць, што Алесь Чобат папросту выказвае свой пункт гледжаньня. Але пытаньне ў тым, наколькі чалавеканенавісьніцтва, пагарда да свайго народу, абвяржэньне маральнасьці інтэлігенцыі стасуецца з поглядамі дадзенай газэты? Дый сам сп.Чобат неяк дзіўна ставіцца да крытыкі. Маўляў, ня трэба мне тут вашых эмоцыяў...

Што ж тычыцца яшчэ аднаго папроку, які Чобат робіць Аркушу, дык ён відавочна неабгрунтаваны. Алесь Аркуш сам кажа, што адраджэнцы на пачатку 90-х “захацелі ўсё адразу”. Такім чынам, згадка сп.Чобата пра “нецярпеньне” ня можа прымацца як паўнавартасны контрааргумэнт — гэта проста псыхалягічны “наезд”, які выкарыстоўваюць у спрэчках людзі, не зацікаўленыя ў дыялёгу.

Дый пра што размаўляць? Для Аркуша народ — “гурт дзяцей”, а для Чобата — быдла, якое час зноў заганяць у траншэі. Народ ня ёсьць быдлам па сваёй сутнасьці, шаноўны сп.Чобат. Ён ператвораны ў быдла. І, у прыватнасьці, намі з Вамі, бо мы зараз вядзем дыскусіі, замест таго, каб яго з гноевай жыжы выцягваць. Паверце, прыватная ініцыятыва й уласны прыклад могуць адыграць значна большую ролю, чым нежыцьцяздольныя заклікі й гарлапайства. Як для Бога важны кожны грэшнік, гэтак і для нас павінен быць важны кожны чалавек, бо ўсе яны маюць роўныя з намі правы. І на дабрабыт, і на культуру, і на цывілізаванасьць, і на нацыянальнае, і на сусьветнае, і г.д. Нянавісьць і плявузганьне, якія размазваюцца зараз проста па некаторых старонках “НН”, не прывядуць ні нас, ні наш народ ні да чаго добрага — ні праз дваццаць гадоў, ні праз сто.

І яшчэ. Ніяк не магу пагадзіцца са сьцьвярджэньнем Зьмітра Віцько, што ППРБ прадстаўляе наш народ. Прыгледзьцеся ўважліва да людзей, якія наўкол Вас, прыгледзьцеся да сябе. Прадстаўнікі нацыі — гэта й Алесь Чобат, і Алесь Аркуш, і Алеся Чунь, і Вы, і Вашыя суседзі. Узгадайце гісторыю. Імёны функцыянэраў, нават адыёзных, забываюцца. У людзкой памяці застаюцца імёны духоўных лідэраў, навукоўцаў, вынаходнікаў, творцаў, асьветнікаў і... сапраўдных злачынцаў. Магчыма, Вас суцешыць тое, што, напрыклад, у адной зь менскіх школ на іспыце па гісторыі вучні назвалі першым прэзыдэнтам РБ Сталыпіна. Расейскія школьнікі зь цяжкасьцю могуць растлумачыць, хто такія Ленін і Сталін, ня кажучы ўжо пра Гітлера. А памяць пра простых сумленных людзей застаецца ў духоўнай чысьціні нашых нашчадкаў, у здаровых генах, у традыцыі (ня блытаць з забабонамі), якую Вы чамусьці гэтак не ўпадабалі. Дарэчы, традыцыя — гэта перадумова здароўя абыватальскага грамадзтва, а Алесь Чобат, наколькі я разумею, піша якраз пра ягоныя хваробы. Так што традыцыйнасьць — не бяда, а адзін з спосабаў ратунку нашага маргінальнага абываталя. Калі ж Вы лічыце сябе не абываталем — калі ласка, парушайце традыцыі й стварайце авангард. Але не забывайцеся, што зь яго й пачынаецца ўсялякая традыцыя. І памятайце: тыраны прыходзяць і сыходзяць, а Шэксьпір застаецца.

Вольга Зубоўская, беларуска й жанчына ад 17 да 84, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0