Вінцэсь Мудроў

Героі прамінулай эпохі

 

Колькі сябе памятаю, у гэтай краіне заўсёды нешта забаранялі і зь нечым змагаліся.

Змагаліся з саксафаністамі і фармалістамі, з стылягамі і вайсманістамі, зь міні-спадніцамі і сіяністамі, з ансамблем Веаtles і буржуазнымі нацыяналістамі, з царкоўнікамі і абстракцыяністамі, з даўгімі валасамі і экзыстэнцыялістамі, з шабашнікамі і абстрактнымі гуманістамі, з дысыдэнтамі і бязроднымі касмапалітамі, з гумовай жуйкай і баптыстамі, з джынсамі, з заходнімі ўплывамі, амэрыканскай ваеншчынай, бонскімі рэваншыстамі, з правымі й “левымі” апартуністамі... Савецкая ідэалягічная інквізыцыя не стамлялася выкрываць зьвярыную сутнасьць, абясшкоджваць, ідэйна абяззбройваць, зрываць маскі, сур’ёзна папярэджваць, рашуча пратэставаць, зьвяртацца да людзей добрай волі, дарэшты выяўляць, гнеўна ганьбіць і, нарэшце, узьнімаць мужныя галасы ў абарону вязьняў імпэрыялістычных катоўняў. І хаця “змагары за мір і сацыяльны прагрэс” траплялі за краты звычайна па “мокрых” справах, тарквэмадам агітпропу гэта не замінала ладзіць з тае нагоды гучныя палітычныя кампаніі.

 

Маноліс Глезас

Маладой генэрацыі імя Маноліса Глезаса мала што кажа, а вось людзі паважнага веку, пачуўшы пра яго, міжволі пасьміхнуцца.

Пры канцы саракавых гадоў гэтае імя не давала спакою прагрэсіўнаму чалавецтву. Яго гукалі вулічныя рэпрадуктары, зумкліва прамаўлялі папяровыя талеркі радыёкропак, ім — з садысцкім захапленьнем — туравалі прамоўцы на шматлікіх мітынгах пратэсту, мянуючы Маноліса Глезаса сымбалем змагарнай Элады.

Цёплай травеньскай ноччу 1941 г. васямнаццацігадовы Маноліс разам зь сябрам узьлез на Акропаль і, скінуўшы адтуль фашыстоўскі штандар, узьняў над Атэнамі бела-блакітны сьцяг свабоднай Грэцыі. Неўзабаве “атэнскага Мірона” арыштавалі, потым адпусьцілі, потым зноў арыштавалі; ён зьбег з-пад арышту, яго злавілі, ён зноў уцёк і, каб не трапляць на вочы фашыстам, падаўся ў горы, да партызанаў. Увосень 1944 г., калі ангельскія войскі выбілі немцаў з Атэнаў, партызанскае войска сышло з гор, і ягоныя ачольнікі, пераважна камуністы, паспрабавалі захапіць уладу ў краіне. На той час Маноліс Глезас ужо рэдагаваў газэту “Рызаспастыс”, орган грэцкае кампартыі, і знаходзіўся ў самым эпіцэнтры палітычнай барацьбы, якая хутка перарасла ва ўзброены канфлікт. Камуністы, не атрымаўшы народнай падтрымкі, ізноў падаліся ў горы й разгарнулі партызанскую вайну, ахвярамі якой сталіся тысячы грэкаў.

Наагул, пра дзейнасьць Дэмакратычнай арміі — так называлі грэцкія сталіністы свае “незаконныя ўзброеныя фармаваньні” — і дагэтуль вобмаль згадак у папулярнай і навуковай літаратуры. Трохгадовая грамадзянская вайна ў Грэцыі дарэшты выкінутая з гісторыі, а яна цікавая хаця б тым, што ў ёй бралі актыўны ўдзел савецкія вайскоўцы.

Колькі год таму аўтар гэтых нататак пераглядаў хатні архіў аднаго вэтэрана. Мяне зацікавіў адзін фатаздымак, на якім гаспадар — тады яшчэ малады чалавек — сфатаграфаваны на тле антычных руінаў.

“Гэта ў Грэцыі”, — незадаволена буркнуў вэтэран, а калі я пачаў пытацца, як ён туды патрапіў, яшчэ больш незадаволена прабурчэў, што даваў сакрэтную падпіску і пра сваю “грэцкую камандзіроўку” нічога ня скажа. Паведаміў толькі, што асабіста бачыў тагачаснага генэральнага сакратара КПГ Захарыядыса, чые партрэты віселі ў кожнай партызанскай зямлянцы.

Вернемся, аднак, у 1948 г., калі Маноліс Глезас патрапіў “у лапы марыянэтак ангельска-амэрыканскага імпэрыялізму”.

Пасада галоўнага рэдактара галоўнай камуністычнай газэты вымагала паказальнага суду і жорсткага выраку. Так яно і сталася. Знайшліся сьведкі, якія паказалі, што Глезас асабіста ўдзельнічаў у забойствах, і вайсковы суд вынес яму сьмяротны прысуд, прычым двойчы — у чэрвені 48-га і лютым 49-га.

Ініцыяванае ў Крамлі цунамі “народнага абурэньня” пракацілася па Савецкім Саюзе й па краінах “народнай дэмакратыі”. Крамлёўскія верхаводы, што трымалі ў турмах і канцлягерах мільёны сваіх грамадзянаў, разгарнулі кампанію ў абарону асуджанага грэцкага камуніста. Паўсюдна адбываліся мітынгі, зьбіраліся подпісы за вызваленьне Глезаса, сябры паэтыцкага цэху Саюзу пісьменьнікаў услаўлялі нязломнага барацьбіта ў рыфмаваных тэкстах, і імя ягонае неўзабаве ўвайшло ў народны фальклёр.

Мой бацька, афіцэр савецкага войска, распавядаў, як у 1952 г. судзілі — судом афіцэрскай годнасьці — аднаго апівуду. Калі яму пачалі дакараць і пагражаць звальненьнем у запас, той шморгнуў носам і плаксівым голасам выдаў: “Ну што вы да мяне прычапіліся, як да Маноліса Глезаса?!”

Кампанія падтрымкі мела плён — “марыянэткі імпэрыялізму” ўрэшце зьмянілі сьмяротнае пакараньне на дзесяць год адседкі, а ў 1954 г. вызвалілі вязьня па амністыі.

Праз чатыры гады Маноліс Глезас ізноў трапіў за краты — гэтым разам за “садзейнічаньне шпегаўству”, — крамлёўскія ўлады паспрабавалі арганізаваць чародную хвалю “народнага гневу”, але само прозьвішча вязьня выклікала ў народа алергію, і кампанія атрымалася даволі млявай. Дый палітычныя прыярытэты зьмяніліся: арэна змаганьня зь міжнародным імпэрыялізмам перамясьцілася ў Афрыку.

 

Патрыс Лумумба

Пачатак 60-х прайшоў пад знакам “антыкаляніяльнай барацьбы” народаў Афрыкі. Мастакі-афармляльнікі тае пары, поруч з выявай першага савецкага спадарожніка, малявалі грыбулістых мурынаў, што рвуць цяжкія ланцугі-кайданы. Адно такое кайдана-разрыўнае пано вісела на Полацкім кірмашы, і я, сямігадовы падшыванец, кожны раз з захапленьнем глядзеў на мурына, тузаў бацьку за рукаво і пытаўся: “А гэта хто? Патрыс Лулумба?” — “Лумумба, — папраўляў бацька і ці то жартам, ці то ўсур’ёз дадаваў, — дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху”.

Як і ў выпадку з Манолісам Глезасам, крамлёўская прапаганда шмат зрабіла дзеля “раскруткі” камэрцыйнага дырэктара піўной кампаніі “Браконга” Патрыса Лумумбы, які воляй лёсу аж цэлыя два месяцы прэм’ерыў у трапічным Конга, пакуль 2 сьнежня 1960 г. ня быў захоплены ў палон “лёкаямі бэльгійскіх калянізатараў і міжнароднай рэакцыі”.

Паланеньне палымянага барацьбіта за свабоду Афрыкі — калі даваць веры тадышнім СМІ — болем і абурэньнем, якім не было мяжы, адгукнулася ў сэрцах савецкіх людзей. Аднак пры гэтым апошнія не маглі дабраць да розуму, дзе тое Конга, хто там з кім ваюе і навошта бэльгійскім калянізатарам трэба заломваць рукі “кіраўніку кангалескага ўраду”. Дый само прозьвішча афрыканскага правадыра пісалі з памылкаю. Праглядаючы неяк старыя газэты, я бачыў фатаздымак мітынгу, удзельнікі якога трымалі плякат: “Рукі прэч ад Патрыса Лулумбы!” Так што праблемы ў гэтым пляне мелі ня толькі сямігадовыя падшыванцы.

Пасьля таго, як Лумумбу забілі і, магчыма, зьелі правадыры варожага племені, савецкі народ роспачна, але з прыхаванай палёгкай, уздыхнуў і горача вітаў рашэньне ўладаў надаць маскоўскаму ўнівэрсытэту Дружбы народаў імя ахвяры канібалізму. Імем Патрыса Лумумбы ахрысьцілі таксама вуліцы гарадоў ды мястэчак, але год дзесяць таму нязручнае для славянскага языка афрыканскае прозьвішча прыбралі з шыльдаў, надаўшы вуліцам імёны землякоў, што загінулі ў Аўганістане.

Хуліан Грымаў

Праз пару гадоў Краіну Саветаў скаланула чарговая пратэстацыйная ліхаманка. Гэтым разам пратэставалі супраць арышту іспанскімі ўладамі палымянага камуніста Хуліана Грымаў.

У маладосьці Грымаў змагаўся на баку рэспубліканцаў, потым жыў на эміграцыі, а ў 57-м вярнуўся ў Гішпанію, каб узяць удзел у барацьбе з дыктатурай Франка. На радзіме палымяны камуніст некага “замачыў”, яго схапілі на гарачым і аддалі пад суд вайсковага трыбуналу. Суд вынес Хуліану сьмяротнае пакараньне, і савецкі народ, у асобе функцыянэраў аддзелу агітацыі і прапаганды ЦК КПСС, запатрабаваў адмены ганебнага выраку. Тут як ніколі дарэчы прыдалася Пасіянарыя — старшыня кампартыі Гішпаніі Далорэс Ібаруры, якая жыла ў Маскве. Раней шасьцідзесяцігадовая змагарка, на пару з Хведарам Пятровым (сябрам партыі з 1896 г.), кемарыла ў прэзыдыюмах партыйных зьездаў, а тут мусіла схамянуцца, выступіць на мітынгу.

Кампанія ў абарону Хуліана Грымаў была марнай: у красавіку 1963 г. франкісты выканалі сьмяротны прысуд, і на палымянага камуніста адразу ж забыліся. У памяць аб ім засталася толькі паштовая марка ды грубаваты выраз у народным фальклёры. Яшчэ й сёньня, ляснуўшы па стале косткай даміно, сёй-той з гульцоў задаволена крэкне і з аптымізмам выдыхне: “Х...я нам Грымаў!”

 

Анджэла Дэвіс

Пры канцы 60-х, калі ў Маскве й Піцеры пашырыўся дысыдэнцкі рух, узьнікла патрэба ізноў затлуміць мазгі савецкаму абываталю.

Паспрабавалі дабівацца вызваленьня другога сакратара Парагвайскай кампартыі Майданы, але той сядзеў з 1958 г., і на яго забылася нават родная жонка. Згадалі ў друку яшчэ двух-трох крымінальнікаў, але сур’ёзную кампанію вакол іхных імёнаў разгортваць не выпадала. І вось, пачуўшы 13 кастрычніка 1970 г. паведамленьне пра арышт 26-гадовай выкладчыцы філязофіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Анджэлы Дэвіс, цэкоўскія прапагандысты прашапталі: “Ecce homo!”

Матэрыял для палітычнай кампаніі быў ідэальны — камуністка, мурынка, барацьбіт супроць расавай сэгрэгацыі і, нарэшце, проста прыгажуня, з кучмой кучарава-дрымучых валасоў на галаве.

Тою парою ў Амэрыцы лютавалі тэрарысты радыкальнай партыі “Чорныя пантэры”. Магістар філязофіі, як высьветліла ФБР, была зь імі зьвязаная, і калі “Чорная пантэра” чарговым разам некага задзерла, Анджэлу Дэвіс абвінавацілі ў суўдзеле ў злачынстве. Цэкоўскіх прапагандыстаў, зразумела, усе гэтыя закалоты не цікавілі: яны а priori абвясьцілі Анджэлу Дэвіс ахвярай паліцэйскага рэжыму і гучна бомкнулі ў прапагандысцкія званы.

Па ўсёй краіне не сьціхалі мітынгі, ствараліся камітэты падтрымкі, прымаліся гучныя адозвы, там-сям нават зьбіралі грошы на карысьць вязьняў амэрыканскіх турмаў. Мітынгоўцы ў выкрывальніцкім запале часьцяком перабіралі меру, заяўляючы, што Анджэла Дэвіс зазнае страшныя катаваньні. Насамрэч яна сядзела ў камфортных умовах і дамагалася ад турэмнай адміністрацыі ўсталяваньня ў камэры каляровага тэлевізара. У Беларусі каляровыя тэлевізары тады мелі толькі партбосы, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і дырэктары ўнівэрмагаў.

Мне й самому давялося браць удзел у мітынгу cалідарнасьці зь цемнаскурай змагаркай. Адбыўся ён у наваполацкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №2.

Пэўнага дня нас, вучняў, зьнялі з заняткаў і сшыхтавалі на школьным калідоры. Арганізатар выхаваўчай працы, якога, з-за доўгай шыі, мы называлі Гусаком, стаў апавядаць пра злачынствы вашынгтонскай адміністрацыі і, хвалюючыся, называў ахвяру расавай сэгрэгацыі ня Дэвіс, а Дэвас. Мяне з той прычыны разьбіраў нястрымны сьмех, дый сябар, што стаяў за сьпінаю, тыцкаў мне пальцамі пад драбы. Калі прамоўца голасна выгукнуў: “Свабоду Анджэле Дэвас!” — я, ратуючыся ад козыту, падскочыў і гучна зарагатаў. Мяне й “казытуна” Сашку Мікуліча зь мітынгу выгналі, яшчэ два мае сябрукі сышлі за кампанію. Пачалі разыходзіцца і астатнія: падумалі, што мітынг скончыўся, ды іх спыніў Гусакоў вокліч: “Стойце! Куды вы?!”

Пасьля “акцыі салідарнасьці” мяне выклікаў дырэктар і, надаўшы голасу лагодны тэмбар, запытаў: “Скажы шчыра, Мудроў... Ты сапраўды падтрымліваеш амэрыканскіх цемрашалаў і таму сарваў важнае палітычнае мерапрыемства, ці ўсё ж у тваёй душы кволіцца хоць нейкая спагада да гэтай мужнай жанчыны?”

У душы маёй нічога ня кволілася. Я ўжо быў дарослым чалавекам і ведаў: у Краіне Саветаў сядзяць па турмах сотні такіх Анджэлаў, і іхны лёс анікога ў сьвеце не цікавіць.

Анджэлу Дэвіс выпусьцілі зь вязьніцы ў лютым 1972 г. пад грашовы заклад у 102,5 тысяч даляраў, а яшчэ праз тры месяцы суд прызнаў яе невінаватай.

 

Луіс Карвалан

У верасьні наступнага году ў Чылі да ўлады прыйшла ваенная хунта, што глыбока занепакоіла ўсіх сумленных людзей плянэты. Пішу без іроніі, бо ваеншчына пры ўладзе — зьява й насамрэч паранармальная.

І ўжо на наступны дзень пасьля путчу распачаўся прапагандысцкі маратон, удзельнікі якога цэлых тры гады душыліся сьлязьмі, аплакваючы лёс дэмакратыі ў далёкай краіне. Яскравым сымбалем той дэмакратыі быў генэральны сакратар кампартыі Чылі таварыш Луіс Карвалан, які, зь міласьці хунтароў, трапіў за калючы дрот.

Карваланам простаму люду ня толькі затлумілі галовы, але й ад’елі вантробы. Пра чылійскага пакутніка пісалі газэты і часопісы, прозьвішча гэтае пэрманэнтна гучала ў тэленавінах, а размаітыя акцыі салідарнасьці “зь верным сынам чылійскага народу” сталіся неад’емным элемэнтам палітычнага краявіду.

Асабліва адбіліся ў памяці выпускі кіначасопісу “Навіны дня”. За галоўныя навіны іхныя стваральнікі ўважалі візыты за мяжу Л.І.Брэжнева ды мітынгі працоўных у абарону Луіса Карвалана.

Кінадакумэнтальна-мітынговыя дзеі разгортваліся ў вытворчых цэхах (часьцей ад астатніх паказвалі мітынгі на маскоўскім заводзе “Серп і молат”), і першым на моўніцу запускалі ці то брыгадзіра наладчыкаў, ці то проста фрэзэроўшчыка з зоркай Героя сацыялістычнай працы на спэцоўцы. Потым выступаў сакратар парткаму, за ім вэтэран вайны і, нарэшце, высокія скляпеньні скаланала бойкая камсамолачка. Прамоўцы казалі па-пісанаму, паралельна гучаў чылійскі гурт “Вэнсэрэмас” і роблена-суворы голас дыктаркі Ганны Шацілавай: “Увесь савецкі народ... з трывогай і надзеяй...”.

Невядома, колькі б яшчэ кілямэтраў стужкі змарнавалі кінэматаграфісты, і колькі б яшчэ дасьціпных прымавак ды показак распавёў пра свайго куміра савецкі народ, ды нечакана Луіса Карвалана адпусьцілі на волю. Паводле афіцыйнай вэрсіі, здарылася гэта ў выніку “шырокага руху міжнароднай салідарнасьці”, але насамрэч усё было значна прасьцей: чылійскага камуніста Карвалана абмянялі на расейскага антыкамуніста Букоўскага.

23 сьнежня 1976 г. былы вязень чылійскай хунты сустрэўся ў Крамлі з Л.І.Брэжневым, і кадры той сустрэчы безьліч разоў круцілі па тэлебачаньні. Леанід Ільіч паўстаў перад лядашчым чылійцам — выбачайце за таўталёгію — у паставе сібірскага мядзьведзя-бадзягі, кароткае імгненьне вырашаў — як спраўней засмактаць калегу і, схапіўшы Луіса ў ахапак, засмактаў у зьбялелыя вусны. Пазіраючы на такія жарсьці, многія тэлегледачы, асабліва старэйшага пакаленьня, пусьцілі сьлязіну, але былі і такія, што плюнулі й незласьліва мацюкнуліся. У іхных вачох усе гэтыя гэсы холы, роднэі арысмэндзі, луісы карваланы ды іншыя “лідэры камуністычных і рабочых партыяў“ былі звычайнымі халяўшчыкамі, што разам зь Леанідам Ільічом сядзелі на карку савецкай рабочай клясы й калгаснага сялянства.

А propos: калі праз паўтара дзесяцігодзьдзі Масква спыніла фінансавую падтрымку “братніх кампартыяў”, яны вомігам разваліліся, і іхныя былыя лідэры вымушаныя былі шукаць нейкую іншую халяву.

Тут бы і спыніцца, паставіць тлустую кропку, але ўсьведамляючы, што па той бок Атлянтыкі вось ужо чвэрць стагодзьдзя сядзіць у вязьніцы апошні “герой” колішніх ідэалягічных баталіяў, папоўнім нашыя нататкі яшчэ адным прозьвішчам.

 

Леанард Пэлт’ер

У пляне палітычнай раскруткі Леанарду Пэлт’еру не пашанцавала: ён патрапіў у “цень” Луіса Карвалана. Дый ідэалягічны “мотарэсурс” і энтузіязм народных масаў былі на той час амаль вычарпаныя. Вядома ж, імя гэтага актывіста Амэрыканскага Індзейскага Руху (АІР) безьліч разоў прагучала па радыё і тэлебачаньні, палітаглядальнікі, кшталту прафэсара Зорына, зьбілі языкі, апавядаючы пра гаротны лёс амэрыканскіх індзейцаў і прадажнасьць заакіянскай фэміды, былі выдадзеныя каляровыя плякаты з партрэтам Пэлт’ера, камітэты камсамолу зьбіралі подпісы за яго вызваленьне, але гэтая кампанія па сваёй гучнасьці значна саступала ўсім папярэднім.

26 ліпеня 1975 г. у індзейскай рэзэрвацыі Пайн Рыдж разьвіталіся з жыцьцём два агенты ФБР. Абодва яны былі цяжка параненыя ў перастрэлцы, а потым дабітыя кантрольнымі стрэламі ва ўпор. Адказнасьць за забойства ўсклалі на актывістаў Амэрыканскага Індзейскага Руху Боба Рабіда, Дына Батлера й Леанарда Пэлт’ера. Праз пэўны час Боба і Дына арыштавалі, судзілі й апраўдалі. А вось іхны сябрук Леанард зьбег у Канаду, але праз пару месяцаў быў выдадзены ўладам Злучаных Штатаў.

Суд ня меў яскравых доказаў, што эфбээраўцаў забіваў Пэлт’ер, апроч таго, падчас судовага працэсу, выявіліся факты незаконных дзеяньняў з боку ФБР і парушэньняў правоў індзейцаў. Аднак журы прысяжных прызнала Пэлт’ера вінаватым, і ён атрымаў два пажыцьцёвыя тэрміны зьняволеньня.

Адразу ж пасьля абвяшчэньня прысуду ў рэзэрвацыях пачаліся хваляваньні, ля Белага дому зьявіліся людзі з партрэтамі засуджанага, Аmnesty International прызнаў актывіста АІРу палітычным вязьнем, а савецкая прапаганда, у сваю чаргу, назвала Пэлт’ера палымяным барацьбітом за правы амэрыканскіх індзейцаў.

Мінула колькі год, прозьвішча барацьбіта выпетрылася зь людзкой памяці, і я асабіста згадаў яго выпадкова, калі ехаў цягніком па бязьмежных прасторах Цюменскай Поўначы.

У лютым 85-га мы з паэтам Алехнам Мінкіным убіліся ў “бічавоз” Сургут—Наябрск, на адным з прыпынкаў выйшлі ў тамбур і там убачылі тубыльца. Апрануты ў ліхенькую маліцу, хант ехаў з хлопчыкам і, як мы зразумелі, пабойваўся заходзіць у вагоннае нутро.

— Мы іх сюды не пускаем — сьмярдзяць, — п’янавата патлумачыў праваднік, запраўляючы вугалем і без таго гарачую печку.

Вось тады я і ўявіў сябе — на кароткае імгненьне — Леанардам Пэлт’ерам. Мне захацелася выкінуць зь цягніка і гэтага падпітага правадніка, і нашых суседзяў па купэ, што пілі гарэлку ад самага Сургуту, і ўсіх гэтых “пакарыцеляў Поўначы”, якія спляжылі тайгу, атруцілі рэкі і амаль што зьвялі са сьвету тутэйшы люд.

На пачатку гэтага году — пасьля таго, як Пэлт’ер падаў на імя прэзыдэнта ЗША пэтыцыю аб памілаваньні — пра яго зноў загаварылі, а ў амэрыканскіх гарадах прайшло некалькі дэманстрацыяў. Аднак гэтым разам на вуліцы выйшлі ня толькі Пэлт’еравы прыхільнікі, але й супрацоўнікі ФБР, якія пратэставалі супраць магчымага памілаваньня. Што ж... tempora mutantur. Часіны мяняюцца — і мы мяняемся разам зь імі, і — рана ці позна — нешта зьменіцца і ў жыцьці 56-гадовага Леанарда Пэлт’ера.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0