Чамадан, Масква... а потым?

Чатыры кандыдаты ў прэзыдэнты з антылукашэнкаўскага альянсу пабывалі зь візытам у Маскве. У адміністрацыі Пуціна іх прынялі. У аддзеле ўнутранай палітыкі.

 

Пяты, Ганчарык, не паехаў, паслаў замест сябе прэс-сакратара. Неафіцыйныя сустрэчы з расейскімі палітыкамі і ўплывовымі дзеячамі беларускага паходжаньня ў Маскве значылі нашмат болей, чым афіцыйная частка ваяжу.

У адрозьненьне ад 1994 г., сёлета пытаньні палітычныя, а тым больш замежнапалітычныя, мала цікавяць беларускіх выбарцаў, перасычаных ідэалягічнымі баталіямі апошняй семігодкі. Як дабіцца большай пабытовай бясьпекі, павышэньня якасьці жыцьця, лячэньня ў больніцах, навучаньня ў школах, лягчэйшага перамяшчэньня па Эўропе і Расеі – вось ключавыя пытаньні сёлетняй кампаніі. Хто прапануе ясныя, прывабныя і рэалістычныя рэцэпты — той і выйграе. Пакуль прапануе адзін Лукашэнка. Ягоныя рэцэпты старыя, а сацыяльная база — галота. Ніхто зь пяцёркі яснае праграмы не прадставіў, усё больш лёзунгі, а таму яны пакуль карыстаюцца толькі падтрымкай палітызаванай часткі выбарцаў. А пра інтэграцыю, славянскае адзінства (як і сувэрэнітэт і рэформы) усім абрыдла слухаць. Наеліся, годзе...

Таму і пункт пра разьвіцьцё саюзу з Расеяй стаіць толькі пры канцы супольнай праграмы “пяцёркі сьмелых”, таму Лукашэнка ўзмацніў незалежніцкую рыторыку, у выніку чаго іх перадвыбарныя плятформы ў замежнапалітычнай частцы сталі амаль аднолькавыя.

Пасьля выбараў – хто б іх ні выйграў – Расею хутчэй за ўсё чакае пахаладаньне ў стасунках зь Менскам. Беларусь зоймецца далейшым і больш адкрытым умацаваньнем дзяржаўнага сувэрэнітэту, наколькі будзе дазваляць фінансавы стан краіны.

За першыя 10 гадоў незалежнасьці ў Беларусі стварылася жорсткая сыстэма ўлады, але ня ўзьнікла асобнае інфармацыйнае прасторы. Менавіта на яе фармаваньне могуць быць скіраваныя высілкі беларускае дзяржавы ў першым дзесяцігодзьдзі новага веку. Ня менш важная і задача структурных рэформаў эканомікі ды прыватызацыі прамысловасьці. Як і ў пытаньні асноўных накірункаў замежнае палітыкі, у разуменьні гэтага згаджаецца ўся беларуская палітычная эліта.

Без вырашэньня гэтых праблемаў немагчыма вырвацца з прыніжальнай залежнасьці ад Расеі, якая стрымлівае разьвіцьцё Беларусі. Вырашэньне вымагае гіганцкіх замежных інвэстыцыяў. Лукашэнку, які скампрамэтаваў сябе і трапіў у міжнародную ізаляцыю, знайсьці такія сродкі і атрымаць заходнія крэдыты цяжэй, чым кожнаму новаму прэзыдэнту. Значыць, Лукашэнка будзе больш залежны ад Масквы, чым хто-кольвек. Таму, па ўсім відаць, Крэмль будзе працягваць сваю ранейшую стратэгію, якая заключаецца ў спрыяньні расколам беларускай апазыцыі.

Візыты альянтаў у Маскву патрэбныя, але сытуацыі не мяняюць. Гэта рытуальныя акты, бязь іх не абысьціся, ды толькі Масква сваё слова сказала, і даўно. І з чаго б гэта ёй яго мяняць? Нашмат больш, чым ад Масквы, вынік выбараў залежыць ад Вашынгтону (які ў мінулыя гады фактычна маўчаў) і незалежнага беларускага грамадзтва. Калі ЗША праявяць палітычную волю, а беларускае грамадзтва гвалтам змусіць “пяцёрку” вылучыць адзінага кандыдата, тады ў выбараў зьявіцца інтрыга, а ў Маскве пачнуць прыглядацца і да беларускай апазыцыі.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0