А гляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

Абрадавіч зашмат кахаў, сэрбы зашмат ненавідзелі

Летакі польскае кампаніі “Lot” неўзабаве могуць страціць права прызямляцца ў нью-ёрскіх аэрапортах. Амэрыканскія жыды вымагаюць ад польскага ўраду кампэнсацыяў за страчаную імі ў часе вайны маёмасьць. Пытаньне тое даўняе — польскі бок абяцаў яго неяк вырашыць, а сам цішком спрабаваў дамовіцца, каб амэрыканскі суд адхіліў габрэйскі пазоў. Але, здаецца, у судзе прайграюць. Калі Польшча адмовіцца плаціць, жыды пагражаюць запатрабаваць канфіскацыі польскай маёмасьці ў Амэрыцы.

 

Палякі спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці жаўнераў Украінскае Паўстанцкае Арміі, што зьнішчалі польскае цывільнае насельніцтва падчас польска-ўкраінскае вайны 1942—44 г. Сабраўшы больш за 450 сьведчаньняў відавочцаў, польскі Інстытут Нацыянальнае Памяці перадае адпаведныя факты ў суд. Сьведчаньні пра злачынствы шукаюць і іншыя фінансаваныя дзяржавай і прыватнымі фундатарамі арганізацыі – “Кarta”, Рада аховы мясьцінаў барацьбы й пакутніцтва. Фактаў знойдзена столькі, што, на думку польскіх юрыстаў, ёсьць падстава для ўзбуджэньня крымінальных справаў.

Адказаць на гэта з Кіева могуць адпаведным абвінавачваньнем на адрас палякаў з Арміі Краёвай, што таксама нішчылі ўкраінскія вёскі. Пра АКоўскія ж злачынствы на беларускай Беласточчыне шмат пішуць беластоцкія беларускія выданьні.

 

Кіраўнікі 10 дзяржаваў нашага рэгіёну, што мерацца ўвайсьці ў NАТО, сустрэліся ў Браціславе. Сваю падтрымку ўдзельнікам сходу выказаў прэзыдэнт Буш. Мяркуецца, што першымі ў NАТО ўвойдуць найбольш падрыхтаваныя для гэтага Славенія й Славаччына. Славаччына ўмацуе ўсходнюю сьцяну блёку і злучыць Вугоршчыну з астатнімі краінамі хаўрусу. Сяньняшні ўрад М.Дзурынды, з ініцыятывы якога і адбылася сустрэча, праводзіць энэргічную палітыку збліжэньня з NАТО, але, відаць, не перажыве чарговых выбараў. Ягоныя апанэнты-папулісты таксама пранатаўскія.

 

Не сябруюць з суседзямі басьнійскія сэрбы. У сваёй сталіцы Баня-Луцы яны сарвалі цырымонію пачатку рэканструкцыі старадаўняй мячэці, зруйнаванай у часе вайны. Гэта самы сур’ёзны выбух гвалту ад часу сканчэньня баёў у 1995 г. Кіраўнікі Сэрбскай рэспублікі ў Босьніі ўсяляк працівіліся аднаўленьню храма пасярод места, прапануючы перанесьці яго на ўскраіну. Не пасьпеў прадстаўнік ААН пачаць сваю прамову на цырымоніі, як сэрбы прарвалі паліцэйскі кардон і закідалі басурманаў камянямі, яйкамі, гранатамі са сьлезацечным газам ды спалілі аўтобусы й машыны, якімі прыехалі госьці.

 

Пераможных югаслаўскіх дэмакратаў напаткаў сэксуальны скандал. Галоўнага тамтэйшага сацыял-дэмакрата віцэ-прэм’ера Вука Абрадавіча абвінавацілі ў нягодных паводзінах у дачыненьні да кабетаў. Абрадавіч (у свой час — наймалодшы генэрал югаслаўскага войска) паводзіўся з падначаленымі кабетамі, як маньяк. Зважаючы на папулярнасьць і высокі аўтарытэт генэрала, ён узначальваў камісію, што разьбірае фінансавыя злоўжываньні колішняга рэжыму. Чапляўся ён як да калег па ўрадзе, гэтак і да аднапартыек.

Абрадавіч апраўдваецца, што яго хочуць дыскрэдытаваць, бо, маўляў, дзейнасьць ягонае камісіі пагражае многім буйным чыноўнікам і бізнэсоўцам.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0