Зьміцер Бартосік
Урок Памяці
Не залюбіў я савецкіх вэтэранаў яшчэ са школы. З травеньскіх урокаў Памяці, падчас якіх абчапляныя ўзнагародамі, зласнатварыя пыхлівыя старыя нясьціпла распавядалі нам пра свае подзьвігі — штогод усё больш фантастычныя. Мы, дзеці, адчувалі няшчырасьць.
Аднак ёсьць сярод вэтэранаў іншыя людзі. Людзі, якія ніколі без дай прычыны не гаварылі пра сваё геройства. Такі мой сусед Аляксей Пятровіч – мілы чалавек, вясёлы гаварун, сталы чытач “НН” і слухач “Свабоды”, які штодня робіць ля нашага пад’езду “эўропу” (то ўслончыкі пафарбуе, то пасадзіць нешта). Травеньскай раніцай я ўпершыню ў жыцьці пабачыў яго з ордэнскімі планкамі на пінжаку. «Нямеччыну браў», — адказаў на мой зьдзіўлены погляд Пятровіч і запрапанаваў пайсьці на сход у Палац Рэспублікі. Ня столькі паслухаць нашага фюрэра, колькі паглядзець інтэр’еры. Я з ахвотаю пагадзіўся.
Як ні дзіўна, мой бел-чырвона-белы значак не перашкодзіў мне прайсьці праз кантроль. Сівыя франтавікі таксама глядзелі на яго хутчэй з павагаю. Блукаючы па гіганцкіх мармуровых фае, сусед Пятровіч пачаў згадваць тыя пераможныя дні, калі баяліся ня немцаў, а СМЕРШаўцаў, калі мірнае насельніцтва сьпешна ўцякала са сваіх дамоў, каб не замінаць вызваліцелям іх рабаваць, і калі, як ніколі, панавала сапраўдная радасьць і гонар за сваё сёньня й, вядома, сьветлае заўтра.
Маё месца было ў амфітэатры. Побач са мною сеў клясычны вэтэран. Мэдалі, нібы дасьпехі, укрывалі ягоныя грудзі, сівыя пышныя бакенбарды выдавалі ў ім найменей палкоўніка, а суворы погляд з-пад калматых броваў красамоўна сьведчыў пра ого-го які камандзірскі голас. Я дастаў апошнюю «НН». Як толькі яна не закурэла пад ягоным позіркам!
«Президент Республики Беларусь Александр Григорьевич Лукашенко», — ўрачыста абвесьцілі з дынамікаў. Вялізная заля, нібы па камандзе, устала. А я для сябе вырашыў яшчэ па дарозе: устаю толькі падчас Хвіліны маўчаньня. Мой сусед-вэтэран быў памкнуўся ўзьняцца перад Лукашэнкам разам з усімі, але, стрэльнуўшы вачыма ў мой бок, застаўся сядзець. Яшчэ сіплы голас не прамовіў: «Садзіцесь пажалуста таварышчы» — а паміж намі ўжо ўсталяваўся нейкі цёплы кантакт. Як ад руканьня з паважаным табою чалавекам.
Той, хто выйшаў на сцэну, гаварыў доўга й нецікава. Ён бічаваў і праклінаў усялякіх гразных атшчапенцаў, насьледнікаў цех гітлераўскіх халуёў ды іхных заакіянскіх хазяеў. Гразіўся даць адпор, кляўся, што ў нас Югаславіі ня будзе, і абяцаў «правесьці ваенныя учэнія на граніцэ сь Літвой».
Я слухаў і думаў: як яму бракуе вайны ці хоць якой вайсковай пагрозы! Жыць ён ня можа без мабілізацыяў і нябачных франтоў. Мне было па-чалавечаму шкада гэтага палкаводца, на якога ніхто ня хоча нападаць, армія якога ваюе зь непаўналетнімі дзяўчаткамі ды адзінокімі палітыкамі. Хоць сам усяму сьвету вайну абвяшчай...
Я вельмі ўдзячны суседу-франтавіку, што пабыў на тым сходзе. Ён дапамог мне адчуць сорам за сябе й за свае непрыгожыя думкі пра людзей, якія паўстагодзьдзя таму прагналі адсюль вайну. Дай Бог ім здароўя. І каб не было вайны. Як бы каму гэтага ні хацелася.