Алесь Чобат

Асаблівасьці нацыянальнага алькагалізму

 

Надыходзіць лета — час адпачынку і рэфлексіі. Трэба адзін раз за год падумаць і паразважаць. Пра вечнае, пра жыцьцё і сьмерць — як мы жыцьцё марнуем і зь якой хваробай паміраем. А паміраем мы ўсё часьцей і часьцей ад банальнага алькагалізму. І ў Менску разам з “Чарнобыльскім шляхам” час праводзіць “Гарэлачны шлях”.

На алькагалізм — як на рак! — хварэюць усе без вынятку: бедныя і багатыя, разумныя і дурныя, гаспадарныя і абадранцы. Пачынаецца ён звычайна ў сябе дома, прыблізна ў веку... пяці гадоў.

У вёсцы гэта, як правіла, дакопкі бульбы, а ў сталіцы і другіх культурных цэнтрах нейкая ўрачыстая нагода: цётка Маня прыехала, суседзі ў госьці прыйшлі etc. І вось пяцігадовы Саша сядзіць за адным сталом з дарослымі, і яму наліваюць чарку. Няважна, сок там альбо ліманад — важная чарка. Бо не з гарэлкі алькагалізм пачынаецца, але з чаркі. І менавіта за супольным урачыстым сталом. сярод сваіх родных і блізкіх, якія ўсім хочуць толькі дабра...

Далей — болей. Гадоў у дзесяць (ці ў восем!) адзначаецца “юбілей” Сашы (ці ягонага аднаклясьніка). І шаноўная мама налівае дзецям... па кропельцы лёгкага сухога віна. Ноччу Саша пачынае рыгаць, ікаць, плакаць, хрыпець, раскідвацца, захлынацца — адным словам, спаць неспакойна. Мама Сашы кляне той салат “аліўе” з пазаўчорашняй каўбасой, але ў галаву ёй не прыходзіць кропелька сухога віна. Заўважым, ізноў былі “адны свае”, ізноў усе хацелі толькі дабра...

Між тым Саша расьце. Гадоў з дванаццаці-чатырнаццаці пачынаюцца розныя школьныя вечары-дыскатэкі. Там ужо пляшку па коле Саша з прыяцелямі пускае самастойна. Што праўда, не зусім. Бо капейчыну дае... тая ж мама. Пры гэтым разам з капейчынай дае вельмі характэрную для нашага нацыянальнага характару інструкцыю:

— Сынку, ты ж будзь як чалавек! Ты пі, толькі не напівайся...

Пасьля такога блаславеньня лёс Сашы вырашаны. Алькагалізм, хранічны алькагалізм, безнадзейны алькагалізм. Калі хочаце — беларускі алькагалізм.

Маме ў галаву ня прыйдзе сказаць: “Сынок, ты ня пі зусім! Няхай другія хоць захлынаюцца, няхай зь цябе сьмяюцца... Прыйдзе час, і ты зь іх пасьмяешся. А яны заплачуць...”.

Сказаць сыну “ня пі!” беларуская мама здольная толькі ў адным з блюзаў Шалкевіча.

Сказаць сыну “ня пі зусім” беларуская мама ня можа. Тады (на яе думку) сына будуць дражніць, ня браць у кампанію, западозраць у ім хворага, слабака, гліста, хлюпіка etc. А гэта адаб’ецца ня толькі на сыне, але... на “аўтарытэце” ўсяго сямейства. У гэтым смак беларускага жыцьця: маеш быць “як чалавек”, маеш быць “як усе”, маеш абавязак піць, бо іначай трапляеш у “слабакі”, “хлюпікі” і ўвогуле вырадкі, ня людзі. Але ня маеш напівацца! Бо тады трапляеш... у тыя самыя “слабакі”, “хлюпікі” і ўвогуле вырадкі. Такім чынам, беларуская калектыўная папойка — гэта своеасаблівы натуральны адбор “па Дарвіну”. Праз выпіўку беларусы адсейваюць “слабакоў” ад “мужыкоў”, “чужых” ад “сваіх” — мае быць як у людзей, мае быць “аднакава”, мае быць “роўнасьць у чарцы”. Нашы папіюхі і зьвязаная зь імі “беларуская гасьціннасьць” гэта... дэтэктар на літражы. Такі “дэтэктар” тым добры, што заўсёды кагосьці “выкрые”: адзін чалавек лёгка пераносіць алькаголь, а другі — цяжка, адзін важыць 65 кг, а другі — 120 кг, адзін мае прыроджаныя захворваньні, а другі – не etc. Алькаголь як сродак калектыўнага выкрыцьця “слабакоў” і “хлюпікаў” добры тым, што ён дзейнічае хутка і безадмоўна. Гэта дазваляе вельмі лёгка людзей падзяліць на тых, хто сьпіўся і хто ня сьпіўся. Глыбока памылковае меркаваньне, што калектыў заклапочаны тым, каб у ім былі “адны свае”. Наадварот! Калектыў заклапочаны тым, каб там не было “чужых”... Наймацнейшыя калектывы ў сьвеце — скажам, “спэцслужбы” — ільвіную долю сіл і сродкаў выдаюць не на барацьбу з ворагам, але на праверку і пераправерку сваіх супрацоўнікаў. З гэтага пункту гледжаньня сучасная беларуская нацыя нагадвае... нейкую 10-мільённую спэцслужбу...

Між тым, Саша скончыў школу, паступіў у вышэйшую вучэльню і трапіў у інтэрнат... А там — усе ад такіх самых мамаў, якія інструктавалі сыноў “пі, але не напівайся!”. Таму далей усё працягваецца натуральна... Тым болей, што ролю матак-інструктарак з другога-трэцяга курсу бяруць на сябе дзяўчаты. Цяпер яны навучаюць “пі, але не напівайся!” Каму трэба, каб “яе хлопец” у лужыне ляжаў, альбо... зусім ня піў, быў “слабаком і хлюпікам”?!

Нарэшце, вышэйшая адукацыя сканчаецца дыплёмам, шлюбам з Маняй і разьмеркаваньнем. І пачынаюцца “шэрыя дні”: праца, інтэрнат (цяпер ужо фабрычны), праца. Але шэрыя яны... толькі ў савецкіх размовах. Пры больш уважлівым разглядзе нават на інжынэрскія заробкі жыць можна — што праўда. бедна, але ж лёгка і весела. Давайце палічым “гадавую норму” нармалёвага і непітушчага Сашы.

Новы Год (новы і стары), Каляды і Вялікдзень (праваслаўныя і каталіцкія), 23 лютага, 8 сакавіка, Дзень Волі, 1 і 9 траўня, “акцябарскія празьнікі”, дні нараджэньня (Сашы, Мані, татаў, мамаў, братоў і сёстраў з абодвух бакоў), авансы і заробкі, прэміі за год і за чатыры кварталы, розныя выпадковыя сьвяты ў розных сяброў і сябровак, складчына на службе (прычыны гл. вышэй), тыя ж дакопкі бульбы і гасьцяваньні розных сваякоў і знаёмых... У аднаго дзівака, майго колішняга супрацоўніка з фабрычнага КБ, такіх абавязковых выпівак атрымалася за календарны год сто дваццаць сем. З разьліку паўлітра гарэлкі за раз выходзіць 63,5 л за год. Шэсьць з пловай вёдраў. Пяць літраў на месяц ці дзьве зь лішкам пляшкі на тыдзень... Любы нарколяг узнае такога “непітушчага” за алькаголіка. Гэта пры тым, што па-за вышэйназваным “непітушчы” сапраўды не выпівае “проста так” альбо “за кампанію” — толькі па справе: рамонт, блат, “падзяка” etc.

 

Працяг у наступным нумары.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0