Міхась Тычына

Толькі ў вайну вярнуўся мужык

эсэ

Нядаўна праведаў вёску – пацягнула да родных мясьцінаў, да могілак, дзе пахаваныя мае родныя і блізкія. І быў засмучаны, убачыўшы на месцы колішняй Анюцінай хаты разбураную печ, кучы сьмецьця, гнілыя дошкі. Гадоў дваццаць пасьля сьмерці бабулі Анюты у ейнай хаце ніхто ня жыў. З тутэйшых калгасьнікаў ахвотных купіць яе не знайшлося, а гарадзкія дачнікі мелі лепшы выбар, балазе ў вёсцы за апошнія гады спусьцела аж шэсьць хат. Урэшце калгас перадаў бярвеньне ад Анюцінай хаты адзінокай бабулі ў суседнюю вёску — на рамонт хлява.

Зашчымела ў маёй душы ад сузіраньня гэтай спусьцелай сядзібы – зь ёю зьвязаныя ўспаміны далёкага маленства, згадкі пра сям’ю, што жыла тут.

Да калектывізацыі Аляксандар і Анюта Заброцкія былі звычайнымі сялянамі-сераднякамі – як і большасьць вяскоўцаў. Трымалі два кані, дзьве каровы, мелі восем гектараў ворнай зямлі, шэсьць – сенажаці, гумно. Залічыць іх у “кулакі” мог толькі вар’ят, тым болей што Заброцкія не адмаўляліся ўступаць у калгас. Але камбедчыкам і сельсавецкім актывістам муляла вочы новая прасторная хата Заброцкіх: адна палова, з трыма вокнамі ад вуліцы, лічылася сьвятліцай, другая, празь сенцы, летнікам – там стаялі куфар, кубел, дзежкі для збожжа. Калгасная галота аж трэслася, гледзячы на такі “харом”. І Заброцкія трапілі ў сьпіс на раскулачваньне, дзе было сем сем’яў – траціна ўсёй вёскі! Аляксандар Заброцкі параіўся з жонкай і, не чакаючы выправы на Поўнач, зьехаў у Асіповічы да сваяка. Сьпярша хаваўся ў яго, а калі хваля раскулачваньня аціхла, уладкаваўся на працу і нават зрэдку, сваяком, перадаваў жонцы сякія-такія грошы. Вывозіць яе з малымі дзецьмі (старэйшаму Янку ішоў пяты гадок, маленькай Нюры – другі) на высылку ўлады не наважыліся, але і ў калгас не прынялі, хоць Анюта прасілася. Яе выселілі з большай паловы хаты ў “летнік”, а ў рэквізаванай сьвятліцы дазволілі часова пасяліцца маім бабулі й дзядулю з дарослым нежанатым сынам. (Пасьля таго як улады вывезьлі за Котлас сям’ю бабулінага роднага брата Андрэя Жаўрыда, нашыя вырашылі пераехаць сюды зь вёскі Хацінава). Пакуль дзядуля з сынам будавалі хату на спусьцелым братавым дварышчы, сям’я жыла ў Анюты. І мяне маці выпраўляла на лета да дзеда, бо, застаўшыся бяз мужа (бацьку пасадзілі на два гады за невыкананьне цьвёрдазаданьня) зь пяцьцю дзецьмі, займела мноства клопату. Я ў бабулі быў за сьвінога ды авечага пастушка. У Анюцінай хаце, якую калгас выкарыстоўваў пад клюб, упершыню ў жыцьці ўбачыў кіно – прывезьлі са Слуцку “Чапаева”. Два мужчыны па чарзе круцілі дынама, якое давала ток для апарату. Паглядзець на цуд сышлася ўся вёска, дзеці сядзелі на падлозе, але Анюціных хлопчыкаў сярод іх не было.

Толькі ў 1938 г. Анюту прынялі ў калгас і вярнулі ўсю хату. Памятаю, як маці наша казала, што Анюта “трохжыльная” – не было ёй роўні ні на жніве, ні на сенажаці — на любой працы, куды раніцай, пабразгаўшы ў акно, клікаў брыгадзір. Анюта трымала карову. Каб пракарміць яе ўзімку, ноччу хадзіла з посьцілкай ажно ў іншы калгас, да стагоў, скубла сена і, сагнуўшыся ў тры пагібелі пад цяжкой ношкай, вярталася дамоў.

Толькі ў вайну, калі з Асіповіч вярнуўся мужык, Анюта зажыла па-людзку, бо за адзінаццаць гадоў адсутнасьці ейны Аляксандар ня страціў працавітасьці й не расьпіўся, як іншыя. Ціхі, негаваркі ў мужчынскіх вулічных гамонках, добразычлівы да суседзяў, ён быў гэткім увасабленьнем сялянскай пакорлівасьці і цярпеньня.

Дажылі Заброцкія да глыбокай старасьці, так і ня здолеўшы за гады катаржнай калгаснай працы пабудаваць сабе новую хату. Зьехалі зь вёскі іх дзеці – як і ва ўсіх вяскоўцаў.

…Зь сямі высланых за Котлас сем’яў вярнуліся дахаты толькі сем чалавек. Астатнія высяленцы або паўміралі з голаду і хваробаў, або загінулі на вайне. З тых сямёх жывуць яшчэ дзьве бабулі – адной 74 гады, другой – 80. Апошнія сьведкі жудаснай пары.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0