Бібліятэка

 

Ганько, Навіцкі і Абрамава

Лявон Юрэвіч. Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. Менск: Энцыкляпэдыкс (бібліятэка часопісу “Беларускі Гістарычны Агляд”), 2001.

 

Якіх толькі сабак ня вешала на СБМ савецкая гістарыяграфія! Плён яе працы жывы да сёньня. Таму “Народная газэта” ў 2000 г. дазволіла сабе назваць сяброў СБМ “эсбэмуямі” (хлопцаў) і “эсбэмуёвінамі” (дзяўчат). “Гісторыкі савецкай школы” таксама працягваюць традыцыі шальмаваньня “фашысцкіх прыхвасьняў” – у такім духу напісаная, напрыклад, новая кніга выкладчыка менскага пэдінстытуту Аляксандра Кавалені “Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі”.

Важкі адказ на гэткае шальмаваньне – кніга Лявона Юрэвіча.

Ягоныя “Вырваныя бачыны” – спроба ліквідаваць белыя плямы гісторыі апошняй вайны. Кніга складаецца з успамінаў Міколы Ганька, Валера Навіцкага і лістоў Надзеі Абрамавай.

Ганько згадвае ня толькі пра асабісты ўдзел у СБМ і сваё пазьнейшае жыцьцё на эміграцыі, але й пра роднага брата, кіраўніка СБМ Міхася Ганька. Сьлед Міхася, лічылася дагэтуль, губляўся ў траўні 1945 г. пад Прагай. Цяпер мы ведаем, што ён нелегальна перабраўся ў Беларусь і недзе да 1947 г. партызаніў супраць савецкай улады.

Вялікую цікавасьць выклікаюць лісты Надзеі Абрамавай, кіраўнічкі СБМ сярод дзяўчат. У 1950—70-х г. яна была супрацоўніцай мюнхэнскага Інстытуту па вывучэньні СССР, дзе займалася пытаньнямі перасьледу царквы ў Савецкім Саюзе. Лісты доктаркі Абрамавай глыбока асабістыя, у іх нічога не гаворыцца пра СБМ, але яны дапамагаюць адчуць унутраны сьвет гэтай жанчыны. Лісты надзвычай чульлівыя і поўныя смутку з-за страты прыёмнай дачкі Тамары (яна ўзяла яе ў вайну; Тамара, магчыма, была жыдоўкаю). Цікава, што Абрамава, зусім як большасьць цяперашніх “апазыцыйных палітыкаў”, была расейскамоўнаю, і, відаць, гэтаксама як яны, апартуністычнаю нацыяналісткаю.

Кніга не закрые ўсіх белых плямаў, але пэўная колькасьць вырваных бачынаў усё ж вернутая Лявонам Юрэвічам у Кнігу Гісторыі.

Ю.Л.


Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Г.Чарказян. Чаргаві: Вершы / Пер. з курдзк. і прадм. Р.Барадуліна; Маст. К.Камал. – Менск: ЛМФ «Нёман», 2001. – 160 с.: іл. – Наклад 1000 ас. ISBN 985-6555-06-Х

“Чаргаві” па-курдзку – чатыры крокі. «Курды, вогнепаклоньнікі й небалюбы, ступіўшы чатыры крокі ў гарах, пасьпявалі ў думках ажывіць і ўзважыць усё сваё зямное бытаваньне. Ганад у сваіх чаргаві з мудрасьцю візаві», - піша ў прадмове Рыгор Барадулін.

У.Лукша. Случчына: мінулае й сучаснасьць: Да 885-годзьдзя заснаваньня гораду Слуцку / Укл. В.Відлогі. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 32 с. – Наклад 500 ас. ISBN 985-6638-20-8

У кніжцы сабраныя замалёўкі гістарычных мясьцінаў, вуліц, пляцаў, будынкаў Слуцку, выкананыя мастаком У.Лукшам. Выявы суправаджаюць вершы беларускіх паэтаў.

Вялейскі краязнаўчы зборнік: Матэрыялы краязнаўчай навуковай канфэрэнцыі «Вялейшчына – погляд у мінулае й сучаснасьць» (27 траўня 1999 г.) / Скл. В.Коласава. – Менск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 68 с.: іл. – Наклад 400 ас. ISBN 985-6638-23-2

Сярод апублікаваных у кнізе спавешчаньняў навуковае канфэрэнцыі найцікавейшыя: Л.Дучыц «Старажытны касьцюм Вялейшчыны», Э.Зайкоўскага «Сьляды язычніцкіх вераваньняў на Вялейшчыне», А.Зайцава «Гістарычныя камяні Вялейшчыны», С.Зубовіч «Тамаш Зан – барацьбіт і краязнаўца», В.Коласавай «Н.Сілівановіч і Я.Альпяровіч – мастакі Вялейшчыны». Кнігу можна набыць у Вялейскім краязнаўчым музэі.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0