Краіна-спэкулянт

У Менску адбылася Міжнародная выстава ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі Milex-2001.

 

На выставу купляць і прадаваць вайсковую тэхніку прыехалі прадстаўнічыя дэлегацыі Расеі, Лібіі, Арабскіх Эміратаў, Паўночнай Карэі, Ірану, Сырыі. У менскім выстаўным комплексе можна было знайсьці практычна ўсё, што вырабляецца вайсковага ў Беларусі. А таксама пазнаёміцца зь фірмовымі беларускімі прапановамі, якія датычаць ня столькі вытворчасьці новых узбраеньняў, колькі мадэрнізацыі старых. Выстава мае стаць рэгулярнай і паралельнай зь іншым прэстыжным паказам — IDEX у Абу-Дабі.

Сярод узораў мадэрнізаванай прадукцыі — новы прыцэл “Рубеж” кампаніі “Пеленг”, які мае выкарыстоўвацца пры мадэрнізацыі БМП-2 (што вырабляюцца ў Расеі, у Кургане) і танкаў (таксама расейскай вытворчасьці), іншая оптыка БелОМА (гэтаксама прыстасаваная пад расейскія ўзбраеньні), новыя ўзоры пілятажных прыбораў барысаўскага заводу “Экран” і прадукцыі заводу колавых цягачоў зь Менску (і першы, і другі працуюць у складзе расейска-беларускіх фінансава-прамысловых групаў “Аэракасьмічнае абсталяваньне” і “Абарончыя сыстэмы”). Сярод зусім новых распрацовак — танк-разьведчык “Сталкер-2Т” пры вытворчасьці якога выкарыстоўваюцца тэхналёгіі кшталту тых, што для амэрыканскага самалёта “Стэлз” (танк вырабляе прыватнае прадпрыемства “Мінатор-сэрвіс”), а таксама перасоўныя пункты кіраваньня войскамі аўтарства аб’яднаньня “Агат”. Узялі ўдзел у выставе і аб’яднаньне “Інтэграл”, “Амкадор” і МАЗ.

Беларускі вайскова-прамысловы комплекс, аслаблены крахам савецкай імпэрыі і колішніх рынкаў збыту, ачуняў. Прадпрыемствы знайшлі іншых спажыўцоў, менш патрабавальных, або іншыя спосабы збыту, часта ў абход міжнародных нормаў ці на рынках краінаў, адрынутых міжнароднай супольнасьцю, а таксама карумпаваных кліентаў. Апошняе выявілася на прыкладзе пэруанскага і ўгандыйскага скандалаў. Прычым відавочна, што гэтыя апэрацыі не былі адзінымі. Не адзін фухіморы сярод карумпаваных дыктатараў трэцяга сьвету.

Інтарэсы беларускіх прадпрыемстваў цесна спляліся з расейскімі. Гаворка ідзе ня толькі пра вытворцаў, што аднавілі старыя і стварылі новыя тэхналягічныя ланцужкі. Найперш — пра гандляроў-пасярэднікаў.

Уявім сабе, што Расея ня можа прадаць танкі Марока, бо рызыкуе страціць важны для сябе альжырскі рынак (альжырцы фактычна ваююць з мараканцамі ў Заходняй Сахары). Тады тыя самыя танкі, мадэрнізаваныя ў Барысаве, прадаюцца ў Афрыку празь беларускую паўдзяржаўную (а фактычна, прыватна-лукашэнкаўска-шэйманаўскую) фірму. Рэжым сакрэтнасьці, што пануе ў Беларусі, дапамагае да апошняга захаваць гэта ў таямніцы ня толькі для Альжыру, але й для канкуруючых расейскіх кантораў і тых расейскіх спэцслужбаў, якія гэтымі кампаніямі-канкурэнтамі апякуюцца (чытай: фінансуюцца).

Лукашэнка ўсе сем гадоў быў выразьнікам інтарэсаў (фактычна — стаўленікам) ня столькі нават вайскова-прамысловага комплексу, прадстаўленага на апошняй выставе, хоць і яго таксама, колькі гэтых міжнародных спэкулянтаў. Яны зрабілі зь Беларусі дзяржаву-пасярэдніка і дзяржаву-ізгоя. Лукашэнка ўсе гады свайго кіраваньня старанна гуляў на карысьць гэтага ВПК, падладжваў пад ягоныя патрэбы палітыку “інтэграцыі з Расеяй” і пад яго выбіраў для краіны замежных партнэраў Беларусі. Падтрымка “вытворцаў сьмерці” і спэкулянтаў ёю — зарука самаўпэўненасьці “партыі ўлады” перад выбарамі. Драма Беларусі ў тым, што гэтых людзей звычайна не спыняе нішто — на крыві пабудаваны сам іхны бізнэс. Выклік часу для беларусаў — разарваць гэтыя ланцужкі, што намёртва прывязваюць нас да Расеі.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0