Агляд сярэднеэўрапейскіх падзеяў

Немцы клічуць імігрантаў,   а чэхі — гоняць

Нямецкі ўрад зьбіраецца лібэралізаваць іміграцыйнае заканадаўства краіны. Рыхтуецца адпаведны закон. Да гэтых зьменаў падштурхоўвае брак высокакваліфікаваных працаўнікоў і нізкі ўзровень нараджальнасьці ў Нямеччыне. Да рэформаў змушае і плянаванае пашырэньне Эўразьвязу. Неўзабаве, праўдападобна, Нямеччына атрымае іміграцыйнае заканадаўства, заснаванае на сыстэме квотаў, абумоўленых канкрэтным становішчам у тым ці іншым сэктары рынку працы. Дасяньня асноўную масу імігрантаў у Нямеччыне складалі нізкакваліфікаваныя туркі і югаславы. Цяпер патрэбныя адмыслоўцы. І хаця ў Нямеччыне мільёны беспрацоўных, а 9% насельніцтва ўжо цяпер складаюць іншаземцы, урад Шродэра гатовы запрашаць новых замежнікаў. Адзінай умовай будзе, відаць, веданьне нямецкай мовы.

Чэхія таксама мяняе закон аб наданьні прытулку. Гаворка ідзе пра скарачэньне тэрміну разгляду заяваў і спыненьне злоўжываньня гэтай працэдурай. Да гэтага чэскую ўладу штурхае нечуваны наплыў “палітычных уцекачоў” з усходу, найперш з Украіны. Разьвілася ўжо цэлая індустрыя. Безьліч фірмаў і прыватных кансультантаў за памяркоўную плату дапамагаюць знайсьці дзіркі ў чэскіх законах і правільна аформіць дакумэнты, каб скарыстаць зь “перасьледу на бацькаўшчыне”.

Людзі асабліва ахвотна бягуць у Чэхію, бо ў гэтай краіне падчас разгляду справы аб наданьні прытулку яны маюць права працаваць. І нават калі ў прытулку адмовяць, дык галоўная мэта — падзарабіць — на гэты час ужо звычайна дасягнутая.

Новы законапраект прадугледжвае варыянты, пры якіх просьбіту будуць адмаўляць адразу. Першае чытаньне ў парлямэнце законапраект ужо прайшоў.

У Баўгарыі віруе перадвыбарная кампанія. Асноўных сілаў — тры: правацэнтрысцкі хаўрус, які цяпер пры ўладзе, сацыялістычная апазыцыя і “трэцяя сіла” Сімяона ІІ. Манархістаў падтрымлівае больш за траціну выбаршчыкаў. Сацыялісты і дэмакраты пакуль маюць удвая меншы рэйтынг.

Сяргей Рак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0