Сяргей Паўлоўскі

Матывацыі самагубцы

 

Заўважная ў Менску тэндэнцыя апошняга часу — апазыцыйныя акцыі па-расейску. Газэты, улёткі, налепкі, надпісы на платах... Там, дзе раней гаспадарыла беларушчына, цяпер нейк натужна і вінавата, быццам сябе саромеючыся, праяўляецца мова Пушкіна. Зьява ўсё больш прыкметная і адчувальная не ў кантэксьце палітыкі, а ў кантэксьце этыкі і эстэтыкі, нават літаратуры. Я спрабую ўявіць сябе на месцы менскага падпольшчыка, які ноччу фарбаю выводзіць на сьцяне рытарычнае пытаньне па-расейску: «Где Гончар?» Здымак гэтага графіці надрукавала ўся дэмакратычная прэса. І вось мае пачуцьці — чаго ў іх болей? Страху перад мянтамі, якія запратораць на пяць сутак у разьмеркавальнік, ці тае вусьцішы, якую адчувае хворы, калі перастае слухацца рука, ці таго азарту грэшніка, што спакусіўся на нешта недазволенае і сьвятое? Далібог, гэты клубок пачуцьцяў варты пяра Дастаеўскага — мне жыва бачыцца такі фрагмэнт у ягоным рамане «Бесы». Дазволю сабе меркаваньне, што на глебе сёньняшняга нашага грамадзкага жыцьця мусіла б нараджацца менавіта такая літаратура.

Першай ахвярай сёлетніх перадвыбарных жарсьцяў становіцца беларуская мова.

Гісторыя праблемы адносна непрацяглая і ўся адбылася на нашых вачох. З пачаткам перастройкі беларуская дэмакратыя выйшла на сьвет з напаўпадпольных, маладзёвых і культурніцкіх беларускіх суполак. Як тады казалі — зь нефармалаў. Менавіта мова стала першым апазнавальным атрыбутам дэмакратыі. Яна, мова, дарэчы, і цяпер — адназначны палітычны лякмус. На мове гавораць змагары за Беларусь. На мове гаворыць апазыцыя. Некалі яны былі неаддзельныя. Аднак сытуацыя пачала мяняцца.

За гэтыя 10—15 гадоў зьмянілася пакаленьне, над дэмакратамі фатальна навіс знак бясплённасьці іхных высілкаў. Вулічныя змаганьні, улёткі ды налепкі — усё міналася, а нейкага якаснага зруху ў грамадзтве так і не наставала. Тады ўзьнікла пытаньне — а можа плёну няма таму, што дэмакратыя гаворыць з народам «на розных мовах»?

Хто хутчэй, хто даўжэй, але — абруселі. Аднак вынікі мінулых гадоў паказалі, што і апошняя ахвяра плёну не дае. Не растуць наклады абруселых газэт, дый графіці на платах, шчыра кажучы, не выклікаюць даверу. Быццам гэта не мясцовая арганізацыя «Зубр», а даўнія сябры беларускай дэмакратыі, маскоўскія антыфашысты, пасьпяшаліся на дапамогу. Бо хто б гэта ў нас скандаваў «незавісімость»?

Натуральна, мэханізм моўных працэсаў нашмат складанейшы, чым простая зьмена знакаў. Як паказалі вынікі апошняга перапісу, беларусы не гавораць на мове Лермантава і Пушкіна. Паводле вобразнага выразу Адама Глёбуса, гаворачы па-расейску, у душы яны гавораць па-беларуску.

Верагодна, існуе і простая формула гэткага моўнага канфлікту. Мова гаворкі і мова пісьма — гэта дзьве зусім розныя мовы. Гэта вельмі добра ведаюць супрацоўнікі беларускіх газэт, якія працуюць з рэдакцыйнай поштай.

Цяпер беларуская мова выглядае апошняй ахвярай беларускай дэмакратыі. Дакладней, пазбаўленьне ад беларушчыны здаецца большасьці беларускіх апазыцыянэраў апошняй надзеяй на перамогу. Я ўжываю гэткія словы, бо надта часта цяпер чую іх у менскіх палітызаваных асяродках. Там усе жывуць да часу ікс, да прэзыдэнцкіх выбараў, і нават не варожаць пра тое, што будзе пасьля. У такім кантэксьце адмаўленьне ад беларушчыны нагадвае мне паводзіны самагубцы. Бо кожнаму зразумела, што пасьля выбараў якраз беларушчына, беларуская мова і застанецца. І пасьля выбараў, і пасьля апазыцыі.

Мова — гэта не катэгорыя палітычнае тактыкі. Яе тэрмін не вымяраецца месяцам і годам. Яна — прадстаўніца сьвету вечнага, нашмат мудрэйшага за самага мудрага сярод нас, жывых, і яна, як прынцып, пры любых тваіх праліках і хібах, пры любых зьменах вонкавае сытуацыі, заўсёды вынесе, выцягне, выратуе цябе — ня сёньня, дык заўтра. Адзінае, чаго яна патрабуе — гэта вернасьці сабе. Беларуская дэмакратыя безь беларускай мовы можа праіснаваць да часу ікс, калі ці пан ці прапаў. Дэмакратыя з мовай мае шанцы на доўгае жыцьцё і перамогу. Але ня мае шанцу прапасьці.

Некалі Ўладзімер Дубоўка любіў паўтараць такую фразу: «Нам няма чаго губляць, акрамя расейскай мовы». Пасьля гэтая фраза фігуравала ў ягонай крымінальнай справе як злачынства, за якое ён на доўгія гады быў высланы ў сібірскія каменяломні. Ягоная фраза зразумелая і сёньня. Сэнс яе не прапаў. Што да палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў нашым грамадзтве, дык тут іншы прынцып: нам няма чаго губляць, апроч беларушчыны. Лёгіку тых дэмакратаў, якія выракліся беларускай мовы, мне цяжка зразумець. Чалавеку, што зьбіраецца жыць, ніколі да канца не зразумець матывацыі самагубцы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0