Што з моваю, хлопцы?

 

Каб не палітычнае адценьне...

— Часопіс «Кур’ер» — прыгожае выданьне, якое прыемна ўзяць у рукі й чытаць. Аднак нашаніўскаму чытачу не стае ў ім беларускай мовы. Вы думаеце, што, калі зрабіць яго хаця б напалову беларускамоўным, ён згубіць сваіх чытачоў ці павялічыць наклад?

Ігар Гермянчук, рэдактар часопісу “Кур’ер”: Частка аўдыторыі наракае, што замала беларускамоўных тэкстаў. Іншыя кажуць: як добра, што па-беларуску няшмат. Нейкім чынам мусіш выбіраць балянс. Такія ўмовы дыктуюць рынак, чытач і рэклямадаўца. Напрыклад, у нас ёсьць некалькі рэклямадаўцаў, якія просяць ставіць іх рэклямныя модулі на расейскамоўныя тэксты. Яны сыходзяць з таго, што расейскамоўны тэкст, незалежна ад яго прафэсійнай якасьці, прачытаецца шырэй.

А зь іншага боку — праблема якасьці беларускамоўных тэкстаў. Я б з задавальненьнем друкаваў якасныя аналітычныя артыкулы па-беларуску. Аднак у нас на мэдыйным рынку сярод журналістаў ёсьць толькі пара аналітыкаў, якія могуць якасна, зразумела, даступна, чытэльна пісаць па-беларуску.

У свой час я выдаваў газэту «Свабода» цалкам на беларускай мове, і нават «тарашкевіцай». І наклад сягаў дзясяткаў тысячаў. Газэта мела й папулярнасьць, і чыталася. Гэта быў пачатак 90-х, калі атмасфэра ў грамадзтве ў дачыненьні да беларускай мовы была добразычлівая. Усе лічылі гэта прагрэсіўным. Пасьля рэфэрэндуму 1995 г. рэзка зьмянілася стаўленьне да беларускай мовы ў грамадзтве.

— А ці не дапускаеце Вы думкі пра вяртаньне тых шчасных часоў? Мо мы прыдумалі, што немагчымае іх вяртаньне?

— Такое рэзкае вяртаньне, якое адбылося пасьля краху камунізму й распаду СССР на працягу літаральна году-двух, зараз наўрад ці магчымае. Думаю, што гэта будзе адбывацца больш паступовым шляхам. Многае будзе залежаць ад тых, хто піша й выдае па-беларуску, ад якасьці беларускамоўных прадуктаў. Якасны беларускамоўны прадукт будзе папулярызаваць беларускую мову значна эфэктыўней, чым сотні тэкстаў у яе абарону.

— Вы друкуеце ў часопісе каляровую рэкляму на добрай паперы. Швайцарскія гадзіньнікі і г.д. Не спрабавалі пераканаць рэклямадаўцаў, што беларускі тэкст у такім шыкоўным аздабленьні будзе выгадна вылучацца сярод аналягічных падобных рэклямаў?

— Пераконваць не спрабавалі. Мяркуючы па нашых назіраньнях, калі б выданьне было цалкам беларускамоўнае, то наўрад ці б яны згадзіліся даваць рэкляму. У іх ёсьць свае стэрэатыпы. Яны ня хочуць пазыцыянаваць на рынку зь беларускамоўнымі слоганамі. Яны лічаць, што тут можа быць нейкае палітычнае адценьне.

 

 

Умоўная будучыня

— Якой Вам бачыцца будучыня беларускай мовы?

Аляксандар Уліцёнак, галоўны рэдактар “Свободных Новостей”: Справа ў лёсе нашай дзяржаўнасьці. Калі Беларусь захавае сваю незалежнасьць, яна здолее ўвайсьці ў эўрапейскі дом па першым часе нават расейскамоўнай. Расейскамоўная Беларусь у эўрапейскім супольным доме — гэтая карціна бачыцца мне рэальнай. Калі гэта будзе рэальная незалежнасьць, справа пойдзе такім чынам, што ўрэшце беларуская мова будзе набіраць абароты, і мы атрымаем сытуацыю, зусім не падобную да сёньняшняй. У беларушчыны ёсьць будучыня пры ўмове незалежнасьці нашай краіны.

 

 

Мова пераменаў

— На старонках абсалютна непалітычнай, несур’ёзнай, «весьма мінской» газэты «Отдыхай» дагэтуль не заўважаў нашай мовы, але там сталі зьяўляцца вялікія й зьмястоўныя інтэрвію зь дзеячамі беларускай культуры — Валянцінам Тарасам ці Артурам Вольскім, напрыклад. Вы сустрэлі мяне радасным паведамленьнем, што «гатовыя нават дапусьціць беларускую мову ў нашае выданьне, і што неўзабаве выйдзе вялікае інтэрвію з Рыгорам Барадуліным». Гаворачы пра зьяўленьне беларускай мовы на старонках «Отдыхай», Вы кажаце «нават». Гэта што, анамалія? Беларускамоўнасьць супярэчыць Вашаму бачаньню камэрцыйнага посьпеху?

Кацярына Высоцкая: Так, хочам мы таго ці не, але безумоўна камэрцыйны посьпех выданьню можа прынесьці расейская мова. Расейскія выданьні, “АиФ”, “Комсомолка” й г.д., займаюць першыя радкі ў рэйтынгах папулярнасьці ў Беларусі. Тым ня менш, я ўпэўненая, што на мясцовым рынку немагчыма й непатрэбна змагацца з расейскімі выданьнямі. Іх век кароткі не кароткі, але вызначаны. Да нейкага моманту яны будуць тут дамінаваць. Аднак надыдзе момант, калі ў краіне адбудуцца перамены — і беларускамоўныя выданьні паднімуцца. Мы ня хочам упусьціць гэты момант, ня хочам застацца ў эшалёне з гэтымі расейскамоўнымі выданьнямі. Таму мы пачынаем частковае ўвядзеньне беларускай мовы.

Гутарыў Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0