Водгукі

 

Трактар ні пры чым

16 красавіка набыў “НН”. Увечары ў інтэрнаце стаў яе праглядаць. І раптам у артыкуле “Трактар не заўважыў розьніцы” сустракаю знаёмыя імёны: мой родны калгас імя Суворава, старшыня Алег Валадзько.

 

Чытаю далей. Авохці мне! Валадзько супэрмэн, нямецкую мову вывучыў, на Захадзе партнэраў знайшоў, вырашае паліўныя праблемы ў калгасе з дапамогай навуковага наватарства. Гэты аптымістычны артыкул выклікаў у мяне адно горкую ўсьмешку. Каму вы паверылі? “Віцебскаму кур’еру”? А вы хоць высьветлілі, пад чыю дудку скача гэты кур’ер, чаму яму выгадна хваліць беларускія калгасы і іх старшыняў?.. Добра, калі б на гэтым усё і скончылася. Дык не! Адкрываю “НН” ад 2 траўня і ў артыкуле “Работа над памылкамі” ізноў знаходжу панэгірык А.Валадзьку: “За такімі людзьмі будучае, і мы павінны падтрымліваць і вучыцца ў іх”. Мовай ядравай фізікі, пайшла ланцуговая рэакцыя.

Наш старшыня сапраўды вялікі экспэрымэнтатар. Аднойчы ён загадаў засеяць калгасныя палі пшаніцай. Неістотна, што самае месца для пшаніцы — цёплая Ўкраіна, што тэмпэратура ў Віцебскай вобласьці звычайна градусы на два ніжэйшая, чым ва ўсёй Беларусі, і вэгетатыўны пэрыяд, адпаведна, таксама карацейшы, і што глеба ў калгасе імя Суворава збольшага гліністая. Усё гэта бздуры. Калі старшыня сказаў, што вырасьце — значыць, вырасьце, а як, гэта яе, пшаніцы, праблемы.

У той год сапраўды вырасла — надвор’е паспрыяла. Ураджай атрымаўся неблагі, адпаведна — і прыбытак. У старшыні вочы й загарэліся — а што, як яшчэ раз атрымаецца? Але на наступны год усталявалася звычайнае для паўночнай Беларусі надвор’е, і сабраў наш старшыня хіба толькі вялікі ўраджай пшанічнай саломы. А празь нейкі час у калгасе імя Суворава тое, што пасеялі, ня проста ня вырасла, але нават не ўзышло. Але Валадзько не засмуціўся і з энтузіязмам пастанавіў: “Сеем рапс”. І палі, дзе нічога не ўзышло, хуценька нашпігавалі рапсам. Паўстала праблема, а што з гэтым рапсам рабіць? Вось тут і пачалася тая цудоўная гісторыя, пра якую раструбіў “Віцебскі кур’ер”. Праўда, ад тае пары я рапсу болей на палёх ня бачыў. Дый самі калгасьнікі пра гэты рапс ведаюць вельмі цьмяна, а калі ведаюць добра, дык гавораць з іроніяй.

Увогуле, жаданьне выбіцца зьявілася ў старшыні шчэ ў “саўковыя” часы. Аднак тады было лягчэй. Дзяржаўных грошай не бракавала, і Валадзько дзейнічаў. Пабудаваў вялікія і прыгожыя школу, больніцу, танцзалю і хату сабе. Але тут разваліўся “савок”, і крыніца грошай пачала хутка зьнікаць. Нічога не засталося, як прасіць дапамогі ў “капіталістаў”. Так зьявіліся ў калгасе нямецкая тэхніка і міні-завод па апрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Вось толькі калгас па ўсіх паказьніках апускаецца ўсё ніжэй і ніжэй, і людзям з кожным годам цяжэй жыць. Відаць, нешта трэба мяняць: ці то нямецкія трактары, ці то калгасную сыстэму...

І прыканцы хачу ўзрадаваць апалягетаў нашага старшыні і падражніць новых беларусаў. Што, думаеце, калі ходзіце ў малінавых пінжаках і езьдзіце на джыпах, дык крутыя? Вось наш Валадзько сабе стравусаў набыў. Усе ахвотныя могуць прыехаць паглядзець на беларускую экзотыку, што бегае па старшынёвым двары. Толькі не палохайце стравусаў, бо двор заасфальтаваны, і птушкам балюча будзе.

Шчэ колькі словаў пра Алеся Чобата і ягоных крытыкаў.

Кастусь Травень абвяргае Чобата. Маўляў, нацыя пачынаецца не з багацьця, а з ідэі, і наводзіць добрыя аргумэнты, абвергнуць якія можна толькі яшчэ больш агульнымі і глябальнымі заканамернасьцямі.

Вазьміце нацыянальную ідэю і багацьце ў кантэксьце любой краіны і прасачыце, што зьявілася раней. Напрыклад, у Нямеччыне з багацьця нарадзілася ня проста нацыянальная ідэя, а ўвогуле нацызм.

Рэвалюцыя 1848—49 г. упершыню аб’яднала Нямеччыну менавіта эканамічна. Прадпрымальнікам таго часу не хацелася плаціць мытныя падаткі на межах дзясяткаў княстваў. А нацыянальнай ідэяй тады ў Нямеччыне і ня пахла. Аднак калі бюргер з Шлэзьвіг-Гальштэйна ашчаджаныя грошы ўклаў у справу ў Баварыі (Нямеччына ж сталася адзінай эканамічнай зонай) ды пабачыў, што там людзі гэткія самыя, як ён, то падумаў: “Яны гавораць той самай мовай, што і я, значыць, такія самыя, як я, жывуць ад Баварыі да Шлезьвіга!”. Вось гэта і ёсьць першыя зародкі нацыянальнай ідэі. Але прашу адзначыць, што паехаў гэты гальштынец у Баварыю зусім ня дзеля таго, каб убачыць баварцаў і прасякнуцца нацыянальнай ідэяй. А найперш яму трэба было правярнуць гандлёвае пагадненьне і банальна ўзбагаціцца. А гэта нацыянальная ідэя, якая прывяла да аб’яднаньня Нямеччыны ў 1871 г. і дзьвюх сусьветных войнаў, — усяго толькі прадукт банальнага імкненьня ўзбагаціцца.

Калі нацыянальная ідэя ўжо ўзьнікла, дык зьнішчыць яе вельмі складана. Дзякуючы ёй немцы двойчы ўздымаліся з каленяў пасьля сусьветных войнаў і цяпер верхаводзяць у Эўропе.

У беларусаў ідэя яшчэ не народжаная, таму нам зараз трэба рабіць тое, што немцы рабілі паўтара стагодзьдзі таму: банальна ўзбагачацца. Праўда, мы жывем цяпер не ў Нямеччыне ХІХ ст., таму час і месца могуць унесьці карэктывы ў працэс стварэньня нацыянальнай ідэі.

Увогуле артыкул Травеня неблагі: аўтар папросту стварыў сваю вэрсію, без абвінавачаньняў у чыйсьці бок. Пра Вольгу Зубоўскую тое самае сказаць нельга: яна, не прапаноўваючы альтэрнатывы, папросту вінаваціць Чобата, што ён такі ды гэтакі. Мы ж дарослыя людзі, навошта плявацца па-дзіцячы...

Вось, напрыклад, я згодны з Вольгай Зубоўскай, што наш народ быў ператвораны ў быдла. Аднак зрабілі яго такім ня мы з вамі, як сьцьвярджае яна. На мой погляд, у гэтым збольшага вінаватая Расея. Гітлераўцы ў часе другой сусьветнай вайны, маючы танкі, самалёты, пушкі і кулямёты, зьнішчылі траціну насельніцтва Беларусі. Расейскія ж войскі, атрымаўшы ў сярэдзіне XVII ст. загад вызваліць “рускае” насельніцтва ВКЛ ад прыгнёту палякаў-каталікоў, выбілі палову беларусаў. І без усякіх там гестапа і канцлягераў, аднымі толькі шабелькамі ды прымітыўнымі стрэльбамі.

Калі людзям пра гэта распавядаеш — ня вераць, а адзін знаёмы нават сказаў, што калі б меў аўтамат, дык забіў бы мяне на месцы! (Гэта што да “прыватнай ініцыятывы”, якую раіць праяўляць Вольга Зубоўская, каб “выцягваць наш народ з навознай жыжы”).

Найстрашнейшым было тое, што расейцы зьнішчылі беларускія гарады, калыску нацыянальнай ідэі. Аднавіцца ў ранейшым аб’ёме яны здолелі толькі пры канцы XVIII — пачатку XIX ст...

На пачатку XVIII ст. Пётра І пасварыўся з Карлам ХІІ і высьвятляць адносіны вырашыў ізноў на нашай тэрыторыі. У часе гэтай вайны загінула яшчэ траціна насельніцтва.

Скарыстаўшыся нашым кволым становішчам, у культурную атаку кінуліся палякі...

У канцы XVIII ст. Расея падгрэбла пад сябе ўжо амаль паўсталую на ногі Беларусь — і пра нацыю можна было сьмела забыцца на доўгія 200 год. Таму ў ХІХ ст., калі нацыі вылупліваліся адна за адной, мы былі глухім задворкам Расейскай імпэрыі. Якое там нацыя, калі глядзіш, каб ногі не працягнуць.

Вось, нарэшце, мы атрымалі шанец. Аднак нашыя людзі настолькі прызвычаіліся да бізуна, да “саўка”, што любы заклік да зьменаў нараджае ў іх страшэнную алергію. Менавіта таму я лічу згубленым амаль усё старэйшае пакаленьне. Я згодны з А.Чобатам, што няма розьніцы, ці 40 год чалавеку, ці 60. Яны свайго не аддадуць. Таму трэба ўсе намаганьні кінуць на моладзь. Яе трэба тэрмінова ратаваць. Ратаваць ад небясьпечных бацькоў, якія маюць жудасны сьветагляд.

Вадзім Шышко, Менск

 

Васько, Хвясько і атаман Боўсун

Прачытаў артыкул «Кара для казакаў». І хачу Вам вось што распавесьці.

 

Ёсьць у Веткаўскім раёне вёска Казацкія Баўсуны. Знаходзіцца яна на мяжы з Браншчынай. Узьніклі Баўсуны прыкладна ў 1649 г., калі была падпісаная Збораўская мірная дамова, і частка беларускіх земляў адышла да Ўкраіны. Быў створаны Старадубскі полк, а мяжу Расеі з Рэччу Паспалітай маскоўцы засялілі казакамі. Згодна зь легендай, Баўсуны заснавалі казакі Васько, Хвясько і атаман Боўсун. Гэта былі мае продкі. І яны мелі жонак. Інакш адкуль узяўся я і мае сваякі?

Зразумела, што гэта ня мае ніякіх адносінаў да артыкулу сп.Харэўскага. А тут яшчэ літаральна сёньня натрапіў у Інтэрнэце на кніжку «150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі» і там прачытаў, што, маўляў, казацтва — чужая для Беларусі зьява. Зьява мо й чужая, толькі ня выкінеш яе з нашае гісторыі. І аднавяскоўцаў маіх ня выкінеш, якія ёсьць беларусамі з казацкімі каранямі. Гісторыя Беларусі ня чорна-белая. У ёй нашмат больш колераў. Памятайце аб гэтым.

Уладзімер Васькоў, Тула

 

Чаму згубілі месца пад сонцам?

Пішу з нагоды Вашае старонкі ў №20 пад агульнай назвай “Пасаджэньне на кол-ІІ”.

Ёсьць у беларускай думцы схільнасьць рамантызаваць ВКЛ, ствараць нацыянальны міт (слова гэтае — часты госьць) і ўзьнімаць з дапамогай гэткага міту нацыянальную сьвядомасьць, умацоўваць нацыянальную ідэю. Аднак, панове, міт — гэта хлусьня, мана, байка. Дык што? “Сьветлую будучыню” будаваць на падмурку хлусьні? Падаецца мне, што ня міты нам сёньня патрэбныя, нават самыя прывабныя, а горкая голая праўда.

У чым жа гістарычная праўда? О! Гэта вельмі цяжкая рэч — дабіцца гістарычнай праўды. Тут часам падзеі мінулага году незразумелыя і даюць магчымасьць займацца рознага кшталту інсынуацыямі, а што казаць пра мінулыя стагодзьдзі; што ні гісторык — дык свая інтэрпрэтацыя.

Самае галоўнае пытаньне такое: “Калі ў нас раней усё было так добра, дык чаму сёньня так блага?”

Раней гісторыя БССР пачыналася гэтак: да саветаў тут было абы-што. Пасьля гэтага чалавеку адразу рабілася ясна, чаму і пры саветах тут таксама абы-што. Калі раней фігня, дык і цяпер фігня.

Потым падача гісторыі зьмянілася. Раней, маўляў, быў “залаты век”, а потым клясычная трагедыя. Богі пазайздросьцілі героям і наслалі на іх няўмольна злы рок. Зараз пытаньні. Чаму дзяржава, што пазьбегнула татарскае інвазіі і, па чутках, далёка не слабая, добраахвотна (!) пайшла на страту ўласнай незалежнасьці, заключыўшы унію хай з блізкаю, але чужой дзяржаваю (Польшчай)? Чаму краіна, што дабілася гістарычнай перамогі (Грунвальд), не пайшла на захад і потым асудзіла сябе на стагодзьдзі нямецкага ціску? Чаму дзяржава — значна мацнейшая за расейскія землі — не ўмацавалася на ўсходзе, стварыўшы перадумовы для будучых расейскіх навалаў? Чаму свая эліта давяла краіну да ганебных падзелаў і, як вынік, жудасных выпрабаваньняў ХХ ст.? Чаму мы, грозна ваяўнічыя і здольныя, ня сталі такімі ж, як Францыя, Англія, Нямеччына ці Расея? Куды падзеліся тыя багацьці, матэрыяльныя і духоўныя? Прапілі, праелі і прагулялі іх? Хто? Тыя 85% быдла-халопаў ці 15% высакародных ваяроў? Як адбылося, што цэлы народ плюнуў на сваю нацыянальную веру і адцураўся яе? Учора ўніяты, сёньня праваслаўныя, заўтра калгасы будуем...

Што нам дала перамога Сабескага пад Венай? Выйсьце да Міжземнага мора? Не. Вызваленьне Сьвятой Сафіі? Не. Можа, хоць Крым? Пачакайце Хрушчова! Дзе пагубілі мы волю да перамогі? Сыстэма не разьвіваецца, пачынаецца рэгрэс. Гэта шчасьце, што да гэтай пары існуе хоць сабе фармальна незалежная дзяржава.

Можа, лепш правесьці жорсткі аналіз таго, што было, пазьбягаючы мітаў і ілюзій? Хто ведаў пра ЗША пяць стагодзьдзяў таму? А тыя Вэнэцыя і Генуя, што былі тады магутнымі, дзе яны цяпер? Хто сумняваўся ў магутнасьці Англіі век таму, а сёньня яна высокаразьвіты, але пратэктарат тых жа Штатаў. Хто ведае, што будзе праз 100 гадоў, — Эўрапейская Экалягічная Ідылія ці Жудасны Кітайскі Каляніялізм? Хто ня мае патэнцыі да экспансіі, таго душаць, як захочуць. Гэта крыж любога этнасу і сацыяльнай структуры, і ня трэба разумець гэта ў вульгарным мілітарным сэнсе, бо тычыцца такі стан і культуры, і навукі, і гэтак далей. Датычыць гэта і нашае краіны.

Трэба рваць зубамі сваё месца пад сонцам, а не калоць сабе салодкі дурман мітаў. Бог дае чалавеку магчымасьці, а рэалізуе магчымасьці сам чалавек. Тройчы ў вядомай байцы пасылаў юдзею Ўладар човен, і тройчы адмовіўся гэты бядак ад яго, верачы, што Той яму дапаможа. І загінуў. А калі ў раі пачаў выказвацца, дык што пачуў у адказ?..

А.Х., Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0